Вы тут

22 сакавіка — Дзень памяці ахвяр Хатыні


Штогод 22 сакавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень памяці ахвяр Хатыні. Трагедыя пра жорсткасць і жах Другой сусветнай вайны знайшла і працягвае знаходзіць водгук на рознага фармату мерапрыемствах, у творчасці пісьменнікаў, рэжысёраў... І ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гледачам таксама будуць прапанаваны мастацкі фільм «Ідзі і глядзі» і дакументальны цыкл «Хатынь. Вайна без правіл», у якіх адлюстроўваюцца тыя страшныя падзеі.


Кадр са стужкі «Ідзі і глядзі».

Кінастужка «Ідзі і глядзі» была знята рэжысёрам Элемам Клімавым у жанры ваеннай драмы па сцэнарыі беларускага класіка Алеся Адамовіча. Падзеі разгортваюцца на тэрыторыі Беларусі ў 1943 годзе, а ў цэнтры сюжэта— хлопчык, які становіцца сведкам жахаў нацысцкай карнай акцыі.

Варта адзначыць, што стварэнне фільма далося рэжысёру вельмі няпроста. Запуск карціны ў вытворчасць пачаўся ў 1977 годзе. Ішлі пошукі натуры, была сабрана здымачная група, адбіралі акцёраў, але пачаць здымаць усё ніяк не ўдавалася, хоць з самага пачатку работы над фільмам Клімава падтрымліваў сам Пётр Машэраў. Клімаў адмовіўся адпавядаць патрабаванням і бачанню фільма Дзяржкіно, і карціну зачынілі. Аднак рэжысёр на працягу некалькіх гадоў працягваў змагацца за сваю задуму, і толькі ў 1984 годзе ўдалося зноў распачаць здымачны працэс. Прычым адзінай праўкай, на якую згадзіўся кінамастак, стала назва кінастужкі.

Што да акцёрскага саставу, то першапачаткова галоўнага героя мусіў увасобіць падлетак з Сібіры, але за час «змагання» за фільм хлопец ужо вырас, і пошукі кандыдатуры давялося весці зноў. Прычым рэжысёру хацелася знайсці на гэтую ролю не прафесійнага акцёра, а звычайнага хлапчука. У выніку роля дасталася Аляксандру Краўчанку, які на тыя пробы прыйшоў падтрымаць сябра. Роля дзяўчынкі Глашы дасталася студэнтцы мастацкага вучылішча Вользе Міронавай. Для яе, дарэчы, фільм «Ідзі і глядзі» стаў першым і апошнім вопытам у кіно. Здымкі праходзілі на працягу дзевяці месяцаў у Бярэзінскім запаведніку. І за гэты перыяд рэжысёр ні на дзень не пакідаў месца натурных здымак, каб не страціць сувязі з трагедыяй. І перачытваў кнігу «Я з вогненнай вёскі», што нібы была для яго арыенцірам у тым, як гучна сказаць праўду. Абавязкова паглядзіце, як у яго гэта атрымалася, у панядзелак у вячэрнім эфіры.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Згадаць і памятаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.