Вы тут

«Ад шчырага сэрца Міколу Арочку…» Аўтографы на кнігах з асабістай бібліятэкі паэта


Апошнія дваццаць тры гады жыцця доктар філалагічных навук, беларускі паэт і літаратуразнавец Мікола Арочка (1930—2013) пражыў у роднай вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне. Там яго і правялі ў апошні шлях вяскоўцы на мясцовы пагост — да сыноў, лёс якіх быў трагічны і кароткі.


У вясковай хаце засталіся на стале недапісаныя вершы і паэмы Міколы Арочкі, а на кніжных паліцах сумуюць сёння без свайго гаспадара дзясяткі кніг, многія з якіх падараваны пісьменнікамі з аўтографамі і пажаданнямі. Жонка паэта Марыя Іванаўна Арочка дазволіла мне пазнаёміцца з бібліятэкай літаратара, а таксама ўзяць у сваю асабістую бібліятэку тыя выданні, якія мяне зацікавяць. Некалькі гадзін я сядзеў каля кніг. Даставаў з паліц то адну, то другую… Усе яны нагадвалі мне пра таленавітага літаратара-земляка, якога ведаў і з якім сябраваў шмат гадоў. Пераглядаючы кнігі, адразу прыгадаў выдатны верш Міколы Арочкі «Мая бібліятэка» са зборніка «Колас на ржышчы».

Мірна спіць мая бібліятэка,

Толькі гэта вонкавы спакой.

Там, пад вокладкамі, страсці веку І мяне уцягваюць у бой.

Часам, прахапіўшыся спрасоння,

Я да кніг цягнуся, да радкоў:

Чую — сэрца грукае і сёння

Ў гулкім рытме — цоканне падкоў.

Пазнаю па вобліках паэтаў,

Іх усмешкі з сумам папалам.

Колькі іх тут песень недапетых

І нялёгка абарваных драм!

Словы, як мячы цяжкіх стагоддзяў,

Бразгаюць з пабоішчаў-арэн.

Са старонак песняры сыходзяць,

Як жывыя, скідваючы тлен…

Вашы мары, сённяшнюю яву

Раздзяляю я з прыязню ўваччу…

Мусіць, завару яшчэ я кавы —

З крэўнымі сваімі пасяджу.

З «крэўнымі сваімі» Мікола Арочка ўжо не пасядзіць, бо яго бібліятэка «мірна спіць», як і ён сам. Толькі дзясяткі аўтографаў на кнігах, якія падарылі беларускія літаратары Міколу Арочку, нагадваюць пра яго як асобу, як чалавека, як літаратара. З вялікай колькасці аўтографаў на кнігах, падораных літаратару, я ўзяў тыя, якія прыцягнулі ўвагу, зацікавілі. Яны адкрылі перада мной вялікі, найцікавейшы свет чалавечых узаемаадносін, любові да роднай літаратуры, мовы, Бацькаўшчыны.

Найбольш кніг з аўтографамі ў асабістай бібліятэцы Міколы Арочкі ад слонімскіх літаратараў. Алег Лойка (1931—2008) на аўтарэфераце «Максім Багдановіч і праблемы развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя» (Мн., 1969) напісаў: «Дарагому Міколу Арочку, каб не затрымліваўся ў дарозе. Трымаймася, браце, пакуль малады, крылаты вецер Слонімшчыны з намі. Пакуль жа мы ёсць самі, ён — з намі. Твой Алег. У красавіку 1969 г.».

У аўтографе на сваім зборніку вершаў «Каб не плакалі кані» (Мн., 1967) Алег Лойка зноў нагадвае Міколу Арочку пра зямляцтва: «Дарагому Міколу Арочку. З-над Бяздоннага возера гэтыя матывы, нашага з табой, браце, возера. На дружбу, на ўсё найлепшае. Твой Алег. Кастрычнік, 1967 г.»

У 1968 годзе Алег Лойка выдаў кнігу «Сустрэчы з днём сённяшнім». У ёй аўтар распавядаў пра найлепшыя творы беларускай паэзіі, напісаныя паэтамі розных пакаленняў, пра новыя імёны ў ёй і пра заканамернасці яе развіцця. Адну з кніг ён падпісаў Міколу Арочку: «Дарагому Міколу Арочку са словамі дружбы, душэўнай блізкасці. Твой Алег. 15.12.1968».

Зямляк Арочкі Уладзімір Сакалоўскі (1930—2013) на сваёй кнізе «Пара станаўлення» (Мн., 1986) — пра вопыт параўнальнага вывучэння беларускай і некаторых класічных замежных літаратур — пакінуў аўтограф у вершаваных радках: «Дарагому сябру і земляку Мікалаю Мікалаевічу Арочку. Цяжкі твой шлях, які суровы лёс! Ты крыж збаўлення цярпліва нёс. Ахопленыя зайздрасцю яны ці зналі? Якое сэрца на той пласе крыжавалі… Ты ж адплаціў ім шчодрасцю і дабратою, радкі запоўніўшы сваёю плоццю і крывёю. 12.12.86 г. Уладзімір Сакалоўскі».

Старэйшы сябра і зямляк Міколы Арочкі паэт Анатоль Іверс (1912—1999) пакінуў аўтографы на дзвюх сваіх паэтычных кнігах. На тытульным лісце зборніка «Жыву ў бацькоўскім краі» (Мн., 1982) паэт напісаў: «Міколу Арочку — майму найлепшаму земляку на добры ўспамін і шчасце. Анатоль Іверс. 11.10.83». А на зборнічку «Прыдарожныя сосны» (Слонім, 1995) пажадаў: «Дарагі Мікола! Хай табе і тваім родным будзе добра. Анатоль Іверс.16 сакавіка 1995 г.».

Кандыдат філалагічных навук, паэт Іван Чыгрын (1931—2006) сваю кнігу «Крокі: проза “Узвышша”» (Мн., 1989) падпісаў Міколу Арочку коратка: «Міколу Арочку па-сяброўску, па-зямляцку. Аўтар. 22.10.1989».

Аляксандр Талерчык, які напісаў і выдаў гісторыка-краязнаўчы нарыс пра родную вёску Парэчча Слонімскага раёна і пра беларускага нацыянальнага героя, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830—1831 гадоў супраць Расійскай імперыі  Міхала Валовіча (1806—1833), на сваёй кнізе «Парэчча» (Гродна, 2002) напісаў: «Шаноўнаму Міколу Арочку з павагай да тваёй творчай і патрыятычнай дзейнасці. Ад аўтара ў дзень народзін Міхала Валовіча 18.06.2002 г. Аляксандр Талерчык».

Яшчэ адзін зямляк, Уладзімір Кароткі, на ўласным творы «Творчы шлях Мялеція Сматрыцкага» (Мн., 1987) зычыў: «Дарагому Мікалаю Мікалаевічу Арочку — майму земляку, добраму і шчыраму чалавеку, з пажаданнем новых, цікавых паэтычных і навуковых кніг. З удзячнасцю Ул. Кароткі. 16.01.87».

Міколу Арочку лічылі земляком і Мікола Грынчык, і Янка Брыль. У бібліятэцы захаваліся і іх кнігі з аўтографамі. «Дарагому Міколу Арочку, земляку і сябру з сардэчнымі пачуццямі і пажаданнем далейшых, яшчэ большых і большых творчых поспехаў — аўтар. 8.4.1969. Мінск», — такі аўтограф пакінуў Мікола Грынчык (1923—1999) на сваім даследаванні «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі» (Мн., 1969). А Янка Брыль (1917—2006) на кнізе апавяданняў, замалёвак і нарысаў «Працяг размовы» (Мн.,1962) напісаў: «Міколу Арочку — земляку і паэту. Янка Брыль. 31.8.62».

Мікола Арочка і яго жонка Марыя Іванаўна шчыра сябравалі з паэтам Уладзімірам Дубоўкам. Упершыню Арочка наведаў Дубоўку (1900—1976) у Маскве ў лютым 1976 года. З самага ранку да цямна за сталом дубоўкаўскай маскоўскай кватэры ў Новых Чаромушках яны гутарылі пра жыццё, літаратуру, пра тых, хто быў рэпрэсіраваны, хто выжыў, а хто назаўсёды застаўся на Салаўках і ў Сібіры. Мікола Арочка ў Маскве быў праездам, бо як навуковец ехаў у Казань на святочныя мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя нараджэння татарскага паэта Мусы Джаліля. Ён — ці не апошні з беларускіх паэтаў, хто з Дубоўкам сустракаўся ў Маскве за месяц да яго смерці (Уладзіміра Дубоўкі не стала 20 сакавіка 1976 года. — С. Ч.). Седзячы за сталом, Уладзімір Дубоўка падпісаў яму сваю кнігу казак «Залатыя зярняты» (Мн., 1975): «На добры ўспамін, ад шчырага сэрца М. М. Арочку — з сардэчным прывітаннем Ул. Дубоўка. 9.02.76».

У 1960-х гадах жонка Міколы Арочкі працавала ў рэдакцыі літаратурнадраматычных перадач на Беларускім радыё. І калі ў Мінск прыязджаў Уладзімір Дубоўка, яна заўсёды запрашала яго на радыё, дзе ён чытаў свае празаічныя і вершаваныя творы. У 1961 годзе на зборнічку вершаў «Палеская рапсодыя» (Мн., 1961) ён напісаў: «Марыі Іванаўне Арочка з вялікай пашанай, ад шчырага сэрца. Уладзімір Дубоўка. 31.06.61 г.» А ў 1966 годзе Дубоўка падараваў Міколу і Марыі Арочкам двухтомнік «Выбраныя творы ў двух тамах» (Мн., 1965): «Дарагім, сардэчна паважаным Марыйцы і Міколу Арочкам з вялікай пашанай, ад шчырага сэрца. Ул. Дубоўка. 12.05.66».

Шмат гадоў Мікола Арочка сябраваў з доктарам філалагічных навук, членамкарэспандэнтам АН БССР, дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, беларускім літаратуразнаўцам Віктарам Каваленкам (1929—2001). Амаль усе прыжыццёвыя выданні Каваленкі падпісаны Арочку. На тытульным лісце кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Давер» (Мн., 1967) чытаем: «Міколу Арочку — вядомаму беларускаму паэту, які адзін з нямногіх нашых паэтаў захапіўся літаратуразнаўствам і даказаў, што ён самы сапраўдны літаратуразнаўца. З пажаданнем поспехаў. 21.01.1968. Віктар Каваленка». А на сваёй кнізе гуманістычных матываў у беларускай літаратуры «Голас чалавечнасці» (Мн.. 1970) Віктар Каваленка пакінуў такі надпіс: «Міколу Арочку — таленавітаму паэту, літаратару шырокіх творчых магчымасцей, каму паэзія памагае быць выдатным крытыкам. З глыбокай павагай В. Каваленка. 25.09.1970». Кнігу «Прага духоўнасці» (Мн., 1975) Віктар Каваленка падпісаў так: «Міколу Мікалаевічу Арочку, які выдатна нясе галоўную службу ў паэзіі і ў крытыцы. З пажаданнем, каб часцей дзяліўся вопытам. Шчыра — Віктар Каваленка.10.03.1975».

У 1975 годзе Каваленка выдаў кнігу пра развіццё беларускай літаратуры XIX—XX стагоддзяў «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», якую таксама падараваў слонімскаму літаратару: «Мікалаю Мікалаевічу Арочку — з найлепшымі пажаданнямі і ўдзячнасцю за сур’ёзныя заўвагі па рукапісу гэтай кнігі. З павагай Віктар Каваленка. 11.05.1975». У аўтографе на ўласнай кнізе «Жывое аблічча дзён» (Мн., 1979) яе аўтар шчыра прызнаецца: «Дарагому Міколу Мікалаевічу, у якога даўно вучуся пісаць страсна, вобразна і натхнёна і буду вучыцца далей, хоць сёння таксама дасягнуў у гэтым напрамку. З глыбокай павагай і добрай зайздрасцю В.  Каваленка. 2.08.79 г.». На кнізе «Покліч жыцця» (Мн., 1987) такі аўтограф ад аўтара: «Дарагому Мікалаю Мікалаевічу Арочку — беларускаму паэту і даследчыку буйнага таленту, з пажаданнем ніколі не стамляцца, ідучы сваёй пуцяводнай зоркай. Удзячны В. Каваленка. 30.04.87 г.». Кніга «Веліч праўды» (Мн., 1989) таксама захавалася ў бібліятэцы Міколы Арочкі: «Дарагому Мікалаю Мікалаевічу Арочку — сапраўднаму паэту, сапраўднаму грамадзяніну, сапраўднаму вучонаму, чыя ўвага да мяне лесціць мне і радуе, з самымі найлепшымі пажаданнямі В.  Каваленка. 30.10.89 г.».

У 1972 годзе Віктар Каваленка, Міхась Мушынскі і Алесь Яскевіч выдалі сумесную кнігу «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы». І першы экзэмпляр з аўтографам аўтары прынеслі Міколу Арочку: «Міколу Мікалаевічу Арочку — хадзі, дружа, на падсочку з нязменным поспехам у крытычную, паэтычную і празаічную дзялянку, а пры выпадку і яшчэ ў якую-небудзь. В. Каваленка, М. Мушынскі, А. Яскевіч».

У добрых адносінах М. Арочка заўсёды быў з народным паэтам Беларусі Максімам Танкам (1912—1995). Пра яго слонімскі даследчык напісаў і выдаў у 1984 годзе кнігу «Максім Танк. Жыццё ў паэзіі». Аўтар даследаваў жыццёвы і творчы шлях Максіма Танка, а таксама яго паэтычныя набыткі.

Спыніўся на эстэтычных каштоўнасцях, створаныхна высокім узроўні сучаснай паэтычнай культуры, разгледзеў майстэрства, паэтыку, багацце жанрава-стылёвых пошукаў паэта. Захавалася і некалькі паэтычных зборнікаў Максіма Танка з аўтографамі. На зборніку «Хай будзе святло» (Мн., 1973) народны паэт напісаў: «Дарагому другу Мікалаю Мікалаевічу Арочку з любоўю і найлепшымі пажаданнямі. Максім Танк. Мінск, 7.01.1973». А на кнізе вершаў «Ключ жураўліны» (Мн., 1972) чытаем такія радкі: «Майму цудоўнаму другу Міколу Арочку ад усяго сэрца. Максім Танк. 12.01.1973». На «Дарозе закалыханай жытам» (Мн., 1976) застаўся надпіс: «Дарагому другу Мікалаю Мікалаевічу Арочку — з навагоднімі віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі. Ад усяго сэрца Максім Танк. Мінск. 7.01.1977».

Беларускія паэты Сяргей Дзяргай, Алесь Разанаў, Кастусь Цвірка пакідалі на ўласных кнігах аўтографы для Міколы Арочкі вельмі кароткія, але яркія.

З цікавасцю чытаю надпісы на кнігах Адама Мальдзіса, Серафіма Андраюка, Івана Штэйнера, Уладзіміра Гніламёдава, Міхася Тычыны, Уладзіміра Казберука і іншых літаратуразнаўцаў.

Сярод кніг з бібліятэкі Міколы Арочкі трапіў на вочы і зборнік твораў маладых беларускіх літаратараў «На сонечных сцежках» (Мн., 1953), дзе былі апублікаваны і першыя вершы юнака-паэта са Слонімшчыны. Гэтае выданне ён адразу падарыў сваёй зямлячцы Марыі Кароцьцы, якая да самай смерці будзе яго вернай сяброўкай і жонкай... Малады Мікола Арочка ёй напісаў: «Свае першыя вершы пад вокладкай зборніка даю ў знак сардэчнай павагі і ўдзячнасці свайму першакрытыку Марыі Іванаўне Кароцька. Мікола Арочка. 12 лютага 1954 года. Мінск».

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.