Вы тут

«На аснове новай Канстытуцыі мы павінны прыйсці да ідэальна прадуманай вертыкалі ўлады»


Прэзідэнт праводзіць нараду па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады.


Тэматыку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка назваў адным з самых адчувальных блокаў пытанняў для любой краіны — які тычыцца сістэмы ўзаемаадносін паміж органамі дзяржаўнай улады з пункту гледжання паўнамоцтваў.

«На пачатковым этапе станаўлення і развіцця нашай краіны мы былі вымушаныя замкнуць вырашэнне вялізнага пласта пытанняў на Прэзідэнце. Гэта было зроблена для таго, каб навесці парадак у працы з бюджэтам, зберагчы дзяржаўную маёмасць, нетры, — усё тое, што належыць і будзе належыць, я спадзяюся, беларускаму народу. Не дапусціць алігархіі, абвальнай прыватызацыі і расслаення грамадства, выбудаваць ключавыя інстытуты ўлады», — патлумачыў кіраўнік краіны.

Наконт гэтага было шмат розных поглядаў, нагадаў ён.

«На гэта я заўсёды казаў: як змаглі, так зрабілі. Пасля нас зробяць лепей, калі будуць валодаць гэтым вопытам. Але галоўнае — дзякуючы гэтаму мы здолелі сканцэнтраваць усіх яе (дзяржавы — «Зв.») прадстаўнікоў на правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі на ўсіх узроўнях. Трэба было краіну ствараць. А каб нешта стварыць, неабходна было ўсё аб’яднаць, зрабіць адзіным. Толькі так можна было нешта тады зрабіць», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

 

Ён працягнуў, што сёння ў рэспубліцы наладжана сістэма кантролю, адрэгуляваныя механізмы эфектыўнай працы з фінансамі, а рашэнні, прынятыя на верхніх узроўнях улады, бездакорна даводзяцца да кожнага выканаўцы.

Прэзідэнт заўважыў: на нарадзе ў панядзелак з сілавым блокам канстатавалі, што выканаўчая дысцыпліна крыху кульгае і, мабыць, прысутныя на бягучай сустрэчы сумняваюцца ў існаванні поўнага аднадумства ў апараце кіравання на розных узроўнях.

«Хапае і ў апараце кіравання, асабліва да апошніх падзей, некаторых (мы іх ведаем), якія сядзелі і з-пад плінтуса паглядвалі, як дзень волі пройдзе, восеньскае ці вясенняе наступленне працоўных і іншае. Потым зразумелі — улада выстаяла. Не, улада выстаяла і будзе стаяць — мы захавалі дзяржаву і будзем яе далей узмацняць. Хто хоча працаваць, вылазьце з-пад плінтуса і пачынайце працаваць», — дадаў кіраўнік краіны.

Змены, што наспелі

Па словах кіраўніка краіны, чвэрць стагоддзя — немалы этап развіцця, тым больш для такой маладой дзяржавы, як наша. Таму Прэзідэнт нагадаў: прыйшоў час яшчэ раз паглядзець на тое, якія рашэнні і на якім узроўні павінны прымацца.

«З’явіліся некаторыя асобы, якія традыцыйна (гэта іх права) вельмі пякуцца наконт паўнамоцтваў Прэзідэнта. Пра гэта даўно сказана. Яшчэ падчас Паслання парламенту і беларускаму народу я адзначаў, што мы рыхтуем новую Канстытуцыю. Гэта ж было тры гады таму, калі мною было пастаўлена пытанне пра новую Канстытуцыю. Я казаў на перадапошнім звароце да народа і парламенту, што было падрыхтавана два варыянты Канстытуцыі. Але маё патрабаванне было адно — усе змены ў Канстытуцыю павінны быць персаніфікаваныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго словаў, да двух варыянтаў змен амаль не назбіралася, бо аўтары разумелі — за прапановы неабходна будзе несці адказнасць. Так і члены Канстытуцыйнай камісіі, створанай зараз, будуць персанальна адказваць за прапановы, якія ўнясуць.

«Тым хто забыў, нагадваю. Не Расія, не кіраўніцтва Расіі (як зараз заведзена ў Расіі падкідваць гэтыя ідэі) прымушаюць Лукашэнку Канстытуцыю перарабляць. Мы гэтым займаемся даўно і падышлі да таго, што гэтыя змены павінны быць. Таму што Лукашэнка не вечны. Мы не ведаем, хто будзе наступным і які будзе дыктатар і аўтарытарны кіраўнік, мы таксама не ведаем. Таму гэта першая, найважнейшая прычына, па якой нам прыйшлося звярнуцца да Канстытуцыі», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён мяркуе: для пераразмеркавання паўнамоцтваў няма неабходнасці змяняць галоўны закон краіны, але яго ўсё-такі зменяць.

«Зараз зноў пачнуць казаць, што Лукашэнка час цягне і не хоча змяняць гэту Канстытуцыю. Лухта поўная, — папярэдзіў кіраўнік краіны. — Грамадства нечага хоча ў плане змен Канстытуцыі. Будзе, і будзе абсалютна сумленна. Але да таго, як зрабіць змены ў Канстытуцыю, я таксама заяўляў, што мы пераразмяркуем паўнамоцтвы. Каб усе не думалі, што ўсё сканцэнтравана ў руках Прэзідэнта і ён прымае ўсе рашэнні».

Па яго словах, у кіраўніка краіны застануцца паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэнне.

«Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут Прэзідэнт, ён будзе кіраўніком краіны з моцнымі паўнамоцтвамі. Калі мы растворым паўнамоцтвы Прэзідэнта, будучага, не мяне гэта тычыцца, краіне не бываць. Яна знікне. Калі вы гэтага не разумееце, я за прамежак свайго жыцця прэзідэнцкага, які застаўся, вам усім персанальна гэта патлумачу. Таму для пераразмеркавання паўнамоцтваў, нават вялікіх, Канстытуцыю мяняць не трэба», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Эвалюцыйны працэс

Прэзідэнт нагадаў, што ў мінулым годзе даручаў вывучыць магчымасць пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж рознымі органамі і галінамі ўлады і ўзмацнення іх адказнасці. Саветам Міністраў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, парламентарыямі падрыхтаваны пакет прапаноў, якія могуць пашырыць сферу дзейнасці ўрада і іншых дзяржаўных органаў.

«Я іх уважліва вывучыў. І мая першая прапанова — не трэба імгненна ўсё прымаць. Гэта павінен быць эвалюцыйны працэс, — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. — Але да ўнясення праекта Канстытуцыі новай на рэферэндум мы павінны гэты працэс скончыць. То бок на працягу гэтага года трэба канчаткова вызначыцца, якія паўнамоцтвы будуць у Прэзідэнта, ва ўрада, парламента, губернатара і ніжэй».

Як дадаў Аляксандр Лукашэнка, частка рашэнняў сапраўды наспела. Ён прызнаўся, што многія рашэнні падпісвае нават не гледзячы, бо гэты дакумент ідзе да Прэзідэнта праз шматлікія «фільтры» спецыялістаў. Яны і выносяць канчатковы дакумент для падпісання.

«І гэтыя людзі, якіх я ведаю, у якіх мыш не праскочыць. Гэта яшчэ адзін фільтр да Прэзідэнта», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што зараз пэўныя рашэнні няма неабходнасці цягнуць на ўзровень кіраўніка краіны.

«Урад разумее, як неабходна прымаць рашэнні. Гэта ўсё аформлена заканадаўча, таму ёсць па асобных паўнамоцтвах падставы і неабходнасць пакінуць гэта на ўзроўні ўрада. Па іншых прапановах, я ўпэўнены, што размываць паўнамоцтвы кіраўніка краіны мы не будзем. Падкрэсліваю: размова не ідзе пра Лукашэнку, а перад усім — аб будучыні. І гэта датычыцца ў першую чаргу тых сфер, дзе вырашаюцца найважнейшыя пытанні для любога жыхара, суб'екта гаспадарання і дзяржавы ў цэлым. Больш за тое, часта яны носяць незваротны характар», — канстатуе Прэзідэнт.

Перш за ўсё ён мае на ўвазе зямельныя адносіны — пытанні распараджэння зямлёй як найкаштоўнейшым актывам краіны. Тут яго жалезнае патрабаванне: на землі сельгаспрызначэння або ляснога фонду прэтэндаваць можна толькі па асобным рашэнні Прэзідэнта.

«Гэта не значыць, што Прэзідэнт „бабахнуў“ і прыняў рашэнне. Вы ведаеце, як яно прымаецца. Яны пачынаюць з мясцовых органаў улады выспяваць і праходзяць прама да Прэзідэнта. Але без подпісу Прэзідэнта такія дакументы не маюць моцы. Такія паўнамоцтвы павінны быць у кіраўніка краіны. Тым больш, як мне дакладваюць, у рэгіёнах ёсць тысячы ўчасткаў, якія незапатрабаваныя. А тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, наогул могуць атрымліваць іх бясплатна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў аб сваім нядаўнім рашэнні: права вырашаць лёс пустуючых дамоў з зямельнымі ўчасткамі на вёсцы дадзена райвыканкамам.

«Але пад Мінскам, абласнымі цэнтрамі, паблізу вадаёмаў, запаведных месцаў зямля застанецца пад жорсткім кантролем. Вы ведаеце чаму! Гэта агульная спадчына. Мы не можам ператварыцца, як у суседняй краіне. Глядзіш на возера побач з буйным горадам, простаму чалавеку туды не падысці, бо платы выбудавалі амаль у ваду і арганізавалі прычалы для сваіх „пасудзін“. Гэта не годна. Мы гэтага пазбеглі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт рэзюмаваў, што зямельныя і лясныя пытанні перадаваць з-пад кантролю Прэзідэнта іншым органам улады нельга.

«Магчыма яны ўвойдуць і ў Канстытуцыю. Канечне, не як паўнамоцтвы, а як зямельныя адносіны, адносіны людзей да зямельных угоддзяў, неяк у больш агульным выглядзе. Канстытуцыя не дапускае канкрэтызацыі. Канстытуцыя — асноўны закон, які фармулюе найбольш агульныя паняцці і кірункі дзейнасці. Потым заканадаўства будзе ўсё гэта канкрэтызаваць», — удакладніў кіраўнік краіны.

Разам з тым, калі трэба асучасніць дзеючую практыку, за кошт укаранення лічбавых тэхналогій спрасціць адміністраванне, то Прэзідэнт гатовы разглядаць такія прапановы.

«Па іншых момантах мы дэталёва абмяркуем кожны блок пытанняў і заслухаем абгрунтаванні для прыняцця канчатковых рашэнняў. Некаторыя рашэнні я ўжо прыняў. Пазбавіўся сваіх паўнамоцтваў, якімі я займаўся неяк фармальна, аддаў на ўзровень урада, бо там рашэнні гэтыя вывучаліся і прымаліся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прайсці па кожным пункце

Прэзідэнт даў наказ: пераразмеркаванне паўнамоцтваў адбываецца не часта, таму трэба ўзважыць усе «за» і «супраць» па кожным пункце, за аснову неабходна браць непахісныя прыярытэты — камфорт і дабрабыт насельніцтва. Прэзідэнт загадаў уважліва ставіцца да разгляду перадачы кожнага паўнамоцтва.

«Што хвалюе перш за ўсё? Ці гатовыя тыя, хто хоча дадатковых паўнамоцтваў, да іх рэалізацыі? Бо гэта не толькі дадатковае права аператыўна і гнутка вырашаць пытанні, але і нагрузка, дадатковая адказнасць. Адказнасць — ключавы аспект! Прававыя акты аб перадачы паўнамоцтваў павінны ўтрымліваць выразны адказ на пытанне: хто канкрэтна будзе адказваць за прынятыя рашэнні? Ніякага дваякага тлумачэння тут быць не павінна», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Сярод пытанняў, якія пры вырашэнні будучыні таго ці іншага паўнамоцтва павінны ставіцца, на думку Прэзідэнта, наступныя: ці прадуманы магчымыя рызыкі, ці не здарыцца так, што праз нейкі час у кожным рэгіёне ўсталюецца свая практыка прыняцця рашэнняў і яна будзе адрознівацца?

«Да чаго гэта можа прывесці ў сучасным свеце мы разумеем. Гэта было ў Расіі. Я памятаю маладога Пуціна, калі ён толькі стаў Прэзідэнтам пасля Ельцына, мы абмяркоўвалі гэта пытанне: што ні рэгіён (але ў Расіі гэта апраўдана, бо вялікая краіна) — рознае рашэнне. І каб у кучу сабраць Расію многага каштавала і ці атрымалася ўсё? Нам гэта трэба ці не?» — задаў рытарычныя пытанні Аляксандр Лукашэнка.

Як рэзюмаваў Прэзідэнт, усе рашэнні, што зараз прымуць, павінны быць цесна ўвязаныя з працэсам канстытуцыйнай рэформы і працай адпаведнай камісіі: «На аснове новай Канстытуцыі мы павінны прыйсці да выверанай і ідэальна прадуманай вертыкалі ўлады з абноўленымі паўнамоцтвамі».

Каментарый у тэму:

Пра падрабязнасці сустрэчы паведаміў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Ён расказаў, што па даручэнні кіраўніка краіны ўрад разам з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады, парламентам правёў «інвентарызацыю» ўсіх уласных паўнамоцтваў. Былі вызначаныя сферы, дзе мэтазгодна разглядзець пытанне паніжэння ўзроўню прыняцця рашэння ці пераразмеркавання адказнасці паміж галінамі ўлады.

«Па выніках інвентарызацыі былі выдзелены блокі тых сфер жыцця дзяржавы, дзе такія змены наспелі і мэтазгодныя. Гэта пытанні кадравай палітыкі, архітэктуры і горадабудаўнічай дзейнасці, асобныя пытанні распараджэння дзяржаўнай маёмасцю і гэтак далей. Усе гэтыя прапановы напрацоўваліся на працягу некалькіх месяцаў і сёння былі разгледжаны як тыя кірункі, дзе мы можам рухацца», — падкрэсліў прэм’ер.

Новыя паўнамоцтвы будуць рэалізоўвацца праз змены ў нарматыўна-прававыя акты.

«Асобнага дакумента не будзе. Будзем рухацца эвалюцыйным шляхам, закранаючы вялікую колькасць нарматыўна-прававых актаў, законаў, кодэксаў, указаў Прэзідэнта, пастаноў урада. Па кожнаму асобнаму кірунку, у якім вызначана мэтазгоднасць унясення змяненняў, будуць рыхтавацца асобныя акты, што ўнясуць змены ў дзеючыя», — сказаў Раман Галоўчанка.

Па яго словах, мясцовыя органы падрыхтаваны да дадатковай адказнасці і кіраўнікі аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама пацвердзілі, што гатовыя вырашаць пытанні адносна распараджэння камунальнай маёмасцю, у частцы архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці.

«Рэгуляторыка напрацаваная, маецца адпаведная практыка прыняцця такіх рашэнняў, каб спрасціць працэдуры, рабіць рашэнні больш хуткімі, сціснутымі ў часе. Гэта станоўча адлюструецца на інтарэсах насельніцтва», — дадаў кіраўнік Саўміна.

Ён падкрэсліў, калі ўрад рыхтаваў прапановы, зыходзіў з двух крытэрыяў: «Няма ніякіх надуманых паўнамоцтваў, якія неабходна некаму аддаць, ісці толькі ад жыцця. І другі крытэрый — рашэнні павінны быць выспелымі і пацвярджацца міжнародным вопытам».

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.