Калі вам на сэрцы цяжка стане,
Адбярэ вам немач рэшту сіл,
Не сумуйце, дзеткі... — Бабка ўстала.
— Дам вам на дарогу дзівасіл.
Так калісьці пісаў у сваім вершы паэт Піліп Пестрак, згадваючы лекавую расліну, якую продкі надзялялі незвычайнай моцай. А памятаеце верш Максіма Багдановіча:
Скарына, доктар лекарскіх навук,
у доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.
Яны спрыяюць! Час! З рухавых рук
Скарыны п'е адвар пан земскі пісар хворы?
Не проста нечаканы вобраз першадрукара і асветніка ў якасці практыкуючага доктара, але і рэаліі тагачаснай медыцыны. Сапраўды, доктар у шаснаццатым стагоддзі мусіў быць і алхімікам, і астролагам, і лекі даваць у адпаведнасці са становішчам зорак. А кліент Скарыны, пан пісар земскі, сочыць за сваім здароўем паводле бляску смарагду ў сваім пярсцёнку...
Экзатычна? Магчыма, праз паўтысячы гадоў гэтак жа будуць глядзець на некаторыя цяперашнія сродкі і спосабы лячэння...
Сёння, у перыяд сусветнай пандэміі, вельмі важна прыслухоўвацца да парад лекараў, у тым ліку датычна рэцэптаў народнай медыцыны. Бо ў сеціве якіх толькі дзіўных панацэй не прапануюць ад віруснай інфекцыі! Ад цытрыны і соды да супу з зялёнай фасолі. І далёка не ўсе рэцэпты бясшкодныя! Героі твораў беларускіх пісьменнікаў таксама нярэдка траплялі ў складаныя сітуацыі, калі даводзілася ратавацца народнымі сродкамі. Давайце ўспомнім гэтыя рэцэпты і ацэнім іх з пункту гледжання сучаснай медыцыны з дапамогай вядучага спецыяліста арганізацыйна-фармацэўтычнага аддзела РУП «Белфармацыя», старшыні клуба гісторыі фармацыі Валянціны Сасонкінай.
1. Цеста з плесняй
У рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» правадыр сялянскага бунту Карчак цяжка паранены. Пачалася гангрэна — «антонаў агонь». Ратуюць яго на млыне сяляне з дапамогай знахаркі Марты. Як?
«...грубыя рукі дасталі аднекуль жменю шараватай з прозеленню вязкай масы і пачалі раскладаць па ране. Корчак адчуў прыемны халадок.
— Падзякуй свайму богу: тры тыдні не пяклі... Лета, праснакамі абыходзімся, — сказала Марта. — Гэта плесня, што ў дзежцы на рошчыне вырастае, калі не пякуць хлеба.
— Ведаю,— сказаў Корчак. — Здымеш, а ніжэй добрая.
— Ну вось,— сказала Марта. — Калі ёсць божая воля — ачуняеш».
Ці валодала цеста з цвіллю гаючай сілай, альбо гэта фантазія пісьменніка?
Валянціна Сасонкіна: Гэта не фантазія пісьменніка. Цеста з цвіллю (ляпёшка) — адна са старадаўніх лекавых формаў. Цвіль — гэта грыб, плесневыя грыбы ўтвараюць шмат антыбіётыкаў. Першы з іх — пеніцылін з шырокім процімікробным дзеяннем, выкарыстоўваўся для лячэння цяжкіх захворванняў, у тым ліку гангрэны.
2. Шабельнік балотны
Эліза Ажэшка, класік польскай літаратуры, жыла на беларускай зямлі, апісвала ўбачаныя тут сюжэты. І вельмі цікавілася траўніцтвам. У эсэ 1888 года «Людзі і кветкі над Нёманам» яна апісвае сустрэчу з траўніцай Марысяй Карасёвай. Калісьці свёкар прымусіў Марысю падтрымліваць плячыма гружаны воз, кабета падарвалася. Ды так, што не магла хадзіць. Вырашыла ратаваць сябе сама — выпаўзла на луг, нарвала невядомых траў і стала эксперыментаваць, пакуль не знайшла тую, што дапамагла. Патлумачыла Марыся гаючасць расліны тым, што яе лісце нагадвае разгорнутую даланю — а менавіта так ва ўяўленні траўніцы выглядае і жаночы орган.
«Гэтую расліну яна назвала парушэнец-мацічнік». Паколькі Эліза Ажэшка прыводзіць лацінскі назоў ‘comarum palustre’, можна зразумець, што гаворка пра шабельнік балотны.
Валянціна Сасонкіна: Сапраўды, лісце шабельніка балотнага раней выкарыстоўвалася для лячэння гінекалагічных захворванняў. Але часцей за ўсё і ў мінулыя часы, і цяпер прымяняецца карэнішча з шабельніка балотнага для падтрымання функцый апорна-рухальнага апарату. Зараз у асартыменце аптэк маецца шабельнік у таблетках і ў выглядзе гарбаты ў якасці біялагічнай дабаўкі да ежы, а таксама ў выглядзе касметычнага геля-бальзаму для цела.
3. Ягады чарніц
Празаік Леанід Левановіч стварыў цыкл раманаў-хронік пра беларускую пасляваенную вёску Шчыглы, дзе апісвае родныя мясціны каля ракі Бесядзь. У рамане «Палыновы вецер» сустракаем эпізод:
«Зрэшты, няма чаго Бога гнявіць. Яшчэ ў сорак чацвёртым, пасля ранення пад Рагачовам, пракачаўся ў шпіталі чатыры месяцы, і яго камісавалі па блізарукасці. Бравусаў вярнуўся дамоў, акрыяў, маці лячыла ягадамі, найбольш чарніцамі, і о дзіва, ён схаваў у шуфляду стала акуляры і не даставаў іх амаль сорак гадоў!»
Наколькі сапраўды могуць выправіць зрок ягады чарніц?
Валянціна Сасонкіна: Здаўна плады чарніц выкарыстоўваліся і ў народнай, і навуковай медыцыне для паляпшэння зроку. Архіўныя дакументы і ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны таксама пацвярджаюць шырокае ўжыванне дароў прыроды пры вострым недахопе лекаў. Плады чарніц даўно ўжо не прадаюцца ў аптэках. Карыстаюцца павышаным попытам гатовыя сродкі, якія змяшчаюць у сваім складзе экстракт чарніц.
4. Адвар ваўчкоў
У аповесці Івана Сяркова «Мы — хлопцы жывучыя» апісаны побыт пасляваеннай вёскі, у якой не хапала самых жыццёва неабходных рэчаў. Напрыклад, каросту прыстасаваліся лячыць толам з гарматнага снарада. Юныя героі Іван і яго малодшы брат Грышка, празваны Глыжкам за картавасць, застудзіліся і моцна перхаюць.
«Фельчара ў вёсцы няма, і лячыць нас некаму. Фельчара расстралялі немцы яшчэ ў сорак першым разам з апалчэнцамі. Па шаптуху ісці далёка, ды яна і не пойдзе дарма. І бабка лечыць нас сама.
Калі ў яе адлегла ад сэрца, яна ўнесла з сенцаў поўны прыпол сухіх ваўчкоў, натаптала іх у шчарбаты чыгун і, заліўшы вадою, паставіла ў печ.
Ваўчковы адвар, на думку бабкі, — першы сродак ад кашлю. Ніякія дактары і ніякія фельчары табе так не памогуць, як ваўчковы адвар...
А яно ўжо стаіць на стале і дыміць густой парай, і Глыжку ветліва запрашаюць з печы:
— Злазь, пярхун!
...Глыжка, каб не піць адвару, знаходзіць сто адгаворак: то яму горача, то яму многа, то ў яго ўжо і кашаль прайшоў, то ў яго жывот забалеў. Нічога — ваўчкі і жывату памагаюць. Ад бабкі не адкруцішся. Яна стаіць над душой і сочыць за кожным глытком. Мы моршчымся ад гаркаты, а бабка толькі дзівіцца:
— Што — не соладка?
Каб паддаць нам ахвоты, яна і сама, хоць і не кашляе, выпівае карэц-другі гаркаватага варыва, ды яшчэ і пацмоквае, быццам гэта ёй мёд.
— Піце, піце, не вычварайце — усё як рукой здыме».
Валянціна Сасонкіна: З далёкіх часоў людзі добра ведалі гаючае дзеянне ваўчкоў, па-руску — «череды». У хатніх умовах рыхтавалі настой з травы для лячэння не толькі прастуды, але і рэўматызму, падагры, скураных высыпанняў. А яшчэ гэта эфектыўны лекавы сродак пры дыятэзе, рахіце ў дзяцей.
5. Віно з мёдам і маслам
Ульяніца, гераіня рамана Леаніда Дайнекі «След ваўкалака», дзеянне якога адбываецца ў часы полацкага князя Усяслава Чарадзея, цяжка захварэла. Яна ўпэўнена, што гэта — пакаранне за тое, што без бацькоўскага блаславення выйшла замуж за свайго любімага Белавода. Да Ульяніцы запрасілі шаптух-траўніц.
«Бяззубыя сівыя бабулі распранулі Ульяніцу, пачалі націраць яе сухімі і мокрымі травамі, давалі піць траянку — грэтае віно, змешанае з мёдам, чырвонай глінай і каровіным маслам».
Лячэнне Ульяніцы не дапамагло, але ўсё ж ці ёсць гаючае дзеянне ў апісанай сумесі — «траянкі», альбо гэта выдуманая дэталь?
Валянціна Сасонкіна: Вывучаючы пропісі старадаўніх рэцэптаў лекаў, часта сутыкаешся з тым, з якіх незвычайных яна інгрэдыентаў. Да іх адносіцца і «траянка». Магчыма, пры ўжыванні гэтай сумесі разлічвалі на дзеянне віна ў якасці ўзбуджальнага і ўмацавальнага сродку, чырвонай гліны — як гемастатычнага і вяжучага. Паколькі мёд валодае раздражняльным дзеяннем на запаленую слізістую абалонку горла, у склад дададзена масла (для змякчэння). Што ж датычыцца неэфектыўнасці дзеяння сумесі, на мой погляд, тут або занадта цяжкая форма хваробы Ульяніцы, або не зусім правільна пастаўлены дыягназ.
***
Што ж, як бачыце, у беларускай літаратуры сустракаюцца і сапраўды карысныя парады. Але ж і сама беларуская літаратура, яе найлепшыя творы, з'яўляюцца найлепшымі лекамі для душы, ад гістарычнага бяспамяцтва! Не забывайце іх ужываць!
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?