Вы тут

Рэгістрацыя на ЦТ пачнецца 2 мая


Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне ў гэтым годзе стартуе 2 мая і завершыцца 1 чэрвеня. Аб гэтым паведаміў сёння начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА.


У Беларусі ўступная кампанія 2021 года істотна не зменіцца. «Фактычна прыёмная кампанія пачнецца зусім хутка, стартам можна назваць пачатак рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне — 2 мая, — расказаў Сяргей Каспяровіч. — Рэгістрацыя завершыцца 1 чэрвеня. Прайсці яе можна ў адной з устаноў адукацыі, якія вызначаны пунктамі рэгістрацыі. Як правіла, гэта і пункты правядзення ЦТ. Магу сказаць, што рэгістрацыя для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні, калі абітурыент па ўважлівай прычыне не змог прайсці яго ў асноўныя дні, будзе праходзіць з 2 чэрвеня па 9 чэрвеня».

Пры рэгістрацыі падаецца заява на адной з дзяржаўных моў — беларускай або рускай. Зрабіць гэта можна ў пісьмовай форме асабіста, а можна і падаць заяўку праз электронную форму на сайце РІКВ. Пасля аплаты за прыём і афармленне дакументаў абітурыенту абавязкова трэба падысці ў прапанаваны пункт рэгістрацыі і асабіста забраць пропуск (або пропускі) на ЦТ па выбраных прадметах — не пазней за 1 чэрвеня.

ЦТ пачынаецца 16 чэрвеня з беларускай мовы. Далей 18 і 19 чэрвеня — тэсты па рускай мове, 21-га — па грамадазнаўстве, 23 і 24 чэрвеня — па матэматыцы. Астатнія прадметы — біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія, сусветная гісторыя — стартуюць з 26 чэрвеня і праходзяць праз дзень.

Па два дні адводзіцца на рускую мову і матэматыку, каб выканаць санітарна-эпідэмічны рэжым — як правіла, жадаючых здаць ЦТ па гэтых прадметах больш за ўсё. Ва ўсіх пунктах ЦТ запланавана дастатковая колькасць месцаў для абітурыентаў. Павялічваецца колькасць аўдыторый для правядзення ЦТ, забяспечаны і іншыя меры бяспекі. Абітурыентам рэкамендавана мець ахоўныя маскі.

Усяго будзе працаваць 41 пункт рэгістрацыі на ЦТ: у Брэсцкай вобласці гэта 4 ВНУ, у Віцебскай — 3 ВНУ і адзін каледж, Гомельскай — 5 ВНУ і каледж, Гродзенскай — 2 ВНУ і 2 каледжы, Мінскай — 3 каледжы, Магілёўскай — 4 ВНУ і 3 каледжы, у Мінску — 13 ВНУ. Пунктамі рэгістрацыі на ЦТ у рэзервовыя дні і яго правядзення выбраны 6 устаноў: БДУ, Беларуска-расійскі ўніверсітэт у Магілёве, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.Сухога, Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Я.Купалы.

Прыём дакументаў на ўзроўні вышэйшай адукацыі стартуе з 20 ліпеня, на бюджэт ён прадоўжыцца да 26 ліпеня, на платную форму — 9 жніўня. Унутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ па асобных спецыяльнасцях (спартыўныя, творчыя, інтэграваныя) — з 27 ліпеня па 4 жніўня. Адпаведна залічэнне будзе праводзіцца на бюджэт 5 жніўня, на платную форму — 11 жніўня.

На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўступная кампанія пройдзе з 20 ліпеня па 18 жніўня. Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі — з 20 ліпеня па 3 жніўня (за кошт сродкаў бюджэту), з 20 ліпеня па 14 жніўня (на платнай аснове). Тыя, хто будзе здаваць уступныя іспыты (з 4 па 8 жніўня), павінны падаць дакументы да 3 жніўня. Залічэнне адпаведна на бюджэт — па 10 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.

На базе 11 класаў прыём дакументаў за кошт сродкаў бюджэту будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня: на бюджэт — па 12 жніўня, на платнай аснове — па 17 жніўня. Для тых, хто здае іспыты (з 13 па 17 жніўня), — па 12 жніўня. Залічэнне на бюджэт — па 16 жніўня, на платную форму — па 18 жніўня.

На ўзроўні прафтэхадукацыі прыём пачынаецца з 15 чэрвеня і завяршаецца 25 жніўня. Прыём дакументаў — па 20 жніўня, па 25 жніўня — залічэнне. Унутраныя уступныя іспыты праводзяцца па 24 жніўня.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

У Беларусі адпрацавала 65 % атракцыёнаў (160 штук), а многія працуюць і звыш 30 гадоў.

Эканоміка

Як выбраць кватэру на другасным рынку

Як выбраць кватэру на другасным рынку

За апошнія некалькі месяцаў рынак другаснага жылля прыкметна ажывіўся. 

Грамадства

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

У краіне на 11 % знізілася агульная колькасць зваротаў грамадзян, звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў. 

Грамадства

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

Працягваецца навуковае даследаванне ДНК-вакцыны супраць раку ў рамках беларуска-амерыканскага праекта.