Вы тут

Рэктар БДУ Андрэй Кароль: Наша місія — выхоўваць нацыянальную эліту


2021 год для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта юбілейны: у кастрычніку ён адзначыць сваё стагоддзе. Рашэннем ЮНЕСКА святкаванне гэтай падзеі было ўключана ў Каляндар памятных дат на 2020—2021 гады.


30 кастрычніка мінулага года адлік часу да юбілею быў дадзены праз націск сімвалічнай кнопкі, а на афіцыйным сайце БДУ з'явіўся таймер, які адлічвае дні да знакавай даты. У юбілейны год запланавана 100 падзей. Падрыхтоўка да святкавання стагоддзя, адметнасці будучай прыёмнай кампаніі і выклікі часу, якія стаяць перад вышэйшай школай, сталі тэмай размовы журналіста «Звязды» з рэктарам БДУ, доктарам педагагічных навук, прафесарам Андрэем КАРАЛЁМ.

Рэйтынгі — візітная картка

— Андрэй Дзмітрыевіч, 100-годдзе БДУ — адказная дата...

— Гэта знакавая падзея не толькі для нашай універсітэцкай супольнасці, але і для ўсёй нацыянальнай сістэмы адукацыі, таму што БДУ стаў першым і галоўным універсітэтам у Беларусі, з яго пачынаецца гісторыя сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны, фарміраванне навуковых школ і асноў падрыхтоўкі спецыялістаў для розных галін эканомікі. Рэспубліканскі камітэт па святкаванні стагоддзя БДУ ўзначаліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выпускнік гістарычнага факультэта нашага ўніверсітэта Ігар Сергеенка.

Такія ўрачыстыя даты шмат у чым абавязваюць быць адказнымі перад нашымі папярэднікамі — стваральнікамі БДУ і ў цэлым нацыянальнай вышэйшай школы. Таму ўдзячны нашым гісторыкам за іх ідэю і выдавецкі праект «Інтэлектуальная эліта Беларусі. Заснавальнікі беларускай навукі і вышэйшай адукацыі» па ўвекавечанні памяці людзей, якія стаялі каля вытокаў фарміравання ўніверсітэта, яго гісторыі і сучаснасці.

Сёння ўвесь універсітэт рыхтуецца да стагадовага юбілею. У гэты святочны год запланавана сто падзей. У іх правядзенне ўцягнута вялікая колькасць людзей, у тым ліку, вядома, і студэнты (Студэнцкая асамблея, студэнцкія саюзы), якія прапаноўваюць і рэалізоўваюць шмат цікавых ідэй. Актыўна прымаюць удзел у «Марафоне відэавіншаванняў БДУ», ініцыявалі акцыю «100 шпакоўняў — да 100-годдзя БДУ».

Мы арганізоўваем цэлы цыкл мерапрыемстваў, што адлюстроўваюць ролю БДУ ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці.

— Дазвольце вас працытаваць. Вы казалі, што ў аснове будучага развіцця любой ВНУ ляжыць карпаратыўны дух. А як бы вы ацанілі карпаратыўны дух ва ўстанове, якой кіруеце ўжо больш як тры гады? Ці ўдалося вам стварыць эфектыўную каманду?

— Безумоўна, каманда ёсць, хоць я заўсёды вітаю, калі ў коле тых, хто прымае рашэнні, гучыць і меркаванне супраць, калі выказваюцца розныя пазіцыі, бо ў перападзе сэнсаў ёсць магчымасць убачыць новыя кірункі для руху наперад. А ў аднародным асяроддзі драйвер для развіцця адсутнічае. Разам з тым мы ўсе працуем на агульную стратэгію развіцця ўніверсітэта, якая была публічна абмеркавана ў нас на ўсіх узроўнях. Ключавымі для ўстойлівага і дынамічнага развіцця БДУ былі вызначаны наступныя кірункі: павышэнне якасці адукацыі, выбудоўванне кадравай палітыкі з апорай на рэальныя дасягненні ўсіх катэгорый супрацоўнікаў, павелічэнне колькасці прафесарска-выкладчыцкага саставу з вучонымі ступенямі, стварэнне цэласнай сістэмы эфектыўнага ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў, уваходжанне ў адзін працэнт найлепшых універсітэтаў свету, павелічэнне экспарту адукацыйных паслуг і пазабюджэтных даходаў комплексу БДУ, удасканаленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Вызначаны стратэгічныя і тактычныя мэты і задачы па кожным з ключавых для ўніверсітэта кірункаў дзейнасці — адукацыйным, навуковым, выхаваўчым...

Прадумваючы план развіцця ВНУ, мы рабілі ўпор на эканамічную выгаду ад рэалізацыі мэт. У першую чаргу за кошт змен у кадравай палітыцы. Быў зроблены акцэнт на абнаўленне і амаладжэнне кіруючага саставу, сувязь матэрыяльнага стымулявання супрацоўнікаў з іх прадукцыйнасцю працы. Галоўнае — за кошт ажыццёўленых мер нам удалося павялічыць прадукцыйнасць працы, якая мае свае эканамічныя разлікі. Яна ўпершыню перавысіла адзінку. Адсюль рост нашых даходаў, заробкаў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Мы плануем, што БДУ сустрэне свой юбілей з абноўленымі вучэбнымі карпусамі. У вырашэнні гэтага пытання мы ўдзячны за фінансавую падтрымку Міністэрству адукацыі, Савету Міністраў. Яны ідуць нам насустрач, бо бачаць нашы асабістыя ўкладанні ў абнаўленне матэрыяльнай базы.

Дарэчы, ужо праведзены капітальны рамонт інтэрната № 10, Навукова-даследчага інстытута ядзерных праблем, актыўна вядуцца работы па рэканструкцыі другой чаргі галоўнага корпуса па праспекце Незалежнасці, якую мы плануем завяршыць да юбілею. Будуць яшчэ трэцяя і чацвёртая. Цалкам спадзяёмся завяршыць будаўнічыя работы на гэтым аб'екце да 2024 года. Другая чарга плюс рэканструкцыя ўніверсітэцкага дворыка будуць каштаваць прыблізна 35 мільёнаў рублёў, а агульны кошт рэканструкцыі галоўнага корпуса — прыблізна 80-100 мільёнаў.

У плане на гэты год таксама капітальны рамонт знакавага будынка нумар адзін на Чырвонаармейскай вуліцы, які замацаваны цяпер за гістарычным факультэтам. У першыя гады існавання ў ім размяшчалася кіраўніцтва БДУ, некаторы час там жыў і працаваў першы рэктар Уладзімір Пічэта. Гэта яшчэ 12 мільёнаў рублёў. У Шчомысліцы, дзе на трох факультэтах навучаецца 5,5 тысячы студэнтаў, збіраемся пабудаваць спартыўны комплекс. Таксама плануем абнавіць будынак Інстытута прыкладных фізічных праблем. Самы праблемны інтэрнат там мы ўжо адрамантавалі. У планах — пабудаваць яшчэ адзін студэнцкі інтэрнат. Пад свае патрэбы мы набылі яшчэ два вучэбныя карпусы. У адзін з іх на час рэканструкцыі пераедзе гістарычны факультэт.

Акцыя «Выбіраем студатрад!» праходзіць у БДУ.

Адным з першых мерапрыемстваў па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы БДУ стала рэканструкцыя ўнікальнага ўніверсітэцкага Музея землязнаўства на геаграфічным факультэце, якую мы завяршылі летась. Музей набыў сучасны выгляд і сучаснае абсталяванне. На яго плошчах размясціліся дэманстрацыйная і вучэбна-метадычная залы. Выкладчыкі факультэта могуць праводзіць там цяпер практычныя і лабараторныя работы са студэнтамі. Акрамя таго, на базе музея створана гемалагічная лабараторыя, якая дазваляе праводзіць работы па вызначэнні мінералаў. Пасля рэканструкцыі выставачны фонд музея павялічыўся з сямі да дзесяці тысяч узораў.

У цэлым на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ў мінулым годзе выдаткавана на 38 працэнтаў больш сродкаў, уключаючы бюджэтнае фінансаванне, у параўнанні з 2019 годам.

Сёння грошы трэба ўмець зарабляць. Перспектыўным бачыцца наш удзел у міжнародных рэйтынгах. Зараз БДУ прысутнічае ў 12 глабальных, агульнасусветных і ў сямі прадметных рэйтынгах. Пазіцыі ўніверсітэта ў рэйтынгах — гэта імідж для краіны, замежныя студэнты і інвестыцыі ў навуку. Уваходжанне БДУ ў адзін працэнт найлепшых універсітэтаў свету, паводле рэйтынгу QS, дзе ён займае зараз 317 месца з амаль 30 тысяч існуючых ВНУ, для нас вельмі сур'ёзнае дасягненне і адначасова эканоміка БДУ. Дарэчы, гэтым разам мы абагналі ўсе польскія ВНУ ў рэйтынгу, а ён адзін з самых аўтарытэтных у свеце. Упершыню мы ўвайшлі ў групу ВНУ 201-300 Шанхайскага прадметнага рэйтынгу па фізіцы і па цяперашні час застаёмся ў ім адзінай з беларускіх ВНУ. Разам з THE гэтыя рэйтынгі ўваходзіць у «вялікую тройку» самых аўтарытэтных сусветных рэйтынгаў. Яны ацэньваюць дзейнасць першай тысячы ўніверсітэтаў. Прысутнасць у дадзеным «шорт-лісце» з'яўляецца паказчыкам прызнання ў сусветнай адукацыйнай прасторы і робіць ВНУ прывабнай для замежных грамадзян. Штогод іх колькасць у нас павялічваецца, і на бягучы момант перавышае 4 тысячы чалавек.

Пасля мадэрнізацыі Музей землязнаўства БДУ набыў сучасны выгляд.

Для ўзмацнення сваёй канкурэнтаздольнасці сярод замежнікаў распрацоўваем адукацыйныя праграмы на англійскай мове. За апошнія чатыры гады мы амаль у шэсць разоў павялічылі іх колькасць. У 2016/2017 навучальным годзе было ўсяго тры праграмы ў магістратуры і адна — на першай ступені. Сёння ва ўніверсітэце ўжо 23 праграмы на англійскай мове: 18 на другой ступені і 5 — на першай. За гэтым стаіць велізарная праца нашых супрацоўнікаў, вынікам якой стала павелічэнне колькасці замежнікаў у БДУ, і, упэўнены, пакладзены добры зачын на будучыню.

Дарэчы, перагляд кадравай палітыкі значна паўплываў і на навуковыя паказчыкі. У нас праводзіцца конкурс на атрыманне гранта рэктара для падрыхтоўкі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Мы распрацавалі сістэму стымулявання публікацыйнай актыўнасці навукоўцаў. Напрыклад, у 2020 годзе ў міжнародных часопісах базы Scopus іх прадстаўленасць павялічылася амаль на 4 працэнта. Гэта яшчэ адкрыты паказчык, а канчатковы вынік будзе зразумелы да сярэдзіны бягучага года. І гэтыя даныя для нас вельмі важныя, бо з імі цесна звязаны рост нашых пазіцый у сусветных рэйтынгах.

Праца на апярэджанне

— Калі гартаеш стужку навін БДУ, часта сустракаеш словы «першы», «адзіны», «упершыню», «унікальны»: унікальная ўстаноўка для атрымання графену, унікальны комплекс для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, унікальны сродак для раслін, першы клуб перакладчыкаў кітайскай мовы... Быць эксклюзіўнымі ва ўсім — гэта ваша крэда?

— Думаю, не будзе перабольшаннем, калі я скажу, што БДУ — не проста флагман айчыннай вышэйшай школы, а нацыянальны брэнд, універсітэт са стагадовымі традыцыямі, сур'ёзнымі навуковымі школамі. І ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, адразу пасля стварэння, і сёння яго місія не змянілася. Мы не проста рыхтуем высокакваліфікаваныя кадры для эканомікі, а выхоўваем нацыянальную эліту для культурнай, інтэлектуальнай і навуковай сфер. Адсочваем сусветныя трэнды і «дыктуем моду» іншым нашым універсітэтам.

Напрыканцы года ў нас запланаваны запуск ужо другога нанаспадарожніка БДУ, а першы ў сістэме адукацыі Беларусі ўніверсітэцкі нанаспадарожнік быў паспяхова запушчаны ў кастрычніку 2018 года, і да гэтага часу ён паспяхова функцыянуе на калязямной арбіце. Пры ўдзеле міжнароднай супольнасці радыёаматараў з яго борта атрымана ўжо больш як 150 тысяч інфармацыйных пакетаў тэлеметрычных даных, якія змяшчаюць вынікі космафізічных эксперыментаў. Упершыню ў Беларусі быў рэалізаваны поўны цыкл зборкі, адладкі, выпрабаванняў, запуску і эксплуатацыі касмічнага апарата.

У гэтым годзе сваё стагоддзе адзначыць і Фундаментальная біблітэка БДУ. Менавіта на яе базе ў 1926 годзе была створана Беларуская дзяржаўная, а цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Дарэчы, электронная бібліятэка БДУ мае статус першай у Еўропе і з'яўляецца трэцяй у свеце. У цяперашні час у яе архіве ўтрымліваецца больш як 180 тысяч публікацый навукоўцаў і выкладчыкаў універсітэта. Лідзіруючыя пазіцыі рэпазіторыя БДУ сталі вынікам паслядоўнай падтрымкі ва ўніверсітэце мадэлі адкрытай навукі.

— Нядаўна ў БДУ анансавалі адкрыццё новых для нашай краіны спецыяльнасцей. Працуеце на перспектыву або на гэтых спецыялістаў ужо сёння ёсць попыт з боку работадаўцаў?

— Сапраўды, з наступнага навучальнага года на эканамічным факультэце ў нас адкрываецца спецыяльнасць «Эканамічная бяспека», а на гістарычным — «Рэгіёназнаўства». Спецыялістаў такога профілю да апошняга часу ў беларускіх ВНУ не рыхтавалі. Новыя спецыяльнасці арыентаваны на міждысцыплінарнасць.

Адкрыццё першай стала вынікам інтэграцыі найлепшых айчынных праграм па эканоміцы, праве, інфармацыйных тэхналогіях у сферы бяспекі, а падрыхтоўка па другой дазволіць студэнтам авалодаць комплекснымі ведамі аб палітычных, эканамічных, сацыяльных, экалагічных, канфесійных, этнічных і культурных адметнасцях пэўнага рэгіёна, краіны або групы дзяржаў.

Мы мяркуем, што ўніверсітэт павінен не проста задавальняць патрэбы заказчыкаў кадраў, але і зазіраць далёка наперад. БДУ — гэта фабрыка думкі, мы абапіраемся на глыбокую аналітыку, працуем у тым ліку і на апярэджанне. У нас ёсць праекты, які знаходзяцца зараз у стадыі зацвярджэння: хочам адкрыць спецыяльнасць, дзе прававыя дысцыпліны спалучаліся б з ІТ-кампанентам. Мы гатовы падысці да адкрыцця спецыяльнасцяў, якія будуць запатрабаваныя нават не заўтра-паслязаўтра, а гадоў на дзесяць наперад можам зазіраць…

Выкладчыкі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі могуць праводзіць у музеі практычныя і лабараторныя работы са студэнтамі.

— У недалёкай будучыні сістэма адбору ў ВНУ можа змяніцца, і абітурыентам давядзецца здаваць у тым ліку і вусныя экзамены. Як, на ваш погляд, учарашнія школьнікі гатовыя да такога выпрабавання? Што, акрамя набору ведаў, якое правярае ЦТ, вы правяралі б падчас асабістай гутаркі з прэтэндэнтамі на студэнцкі білет?

— Я асабіста пазітыўна стаўлюся да эвалюцыйнага кроку ў сістэме адбору. ЦТ вырашыла сваю галоўную задачу — магчымасць стаць студэнтам цяпер ёсць ва ўсіх матываваных навучэнцаў, а не толькі ў выпускнікоў гарадскіх школ. З іншага боку, і як рэктар, і як навуковец, які займаецца пытаннямі дыдактыкі з 90-х гадоў, я бачу, што арыентацыя толькі на нейкія шаблонныя рэчы пазбаўляе здольнасці думаць, разважаць і прапаноўваць што-небудзь новае. Таму патрэбны граматны сімбіёз выпрабавальных іспытаў. Увядзенне аднаго вуснага экзамену — гэта кампраміс паміж арыентацыяй на механічнае запамінанне і магчымасцю праявіць сябе перад экзаменатарам. Ты можаш патлумачыць яму сваю думку, сваю логіку, нават калі рашэнне задачы было няправільным. А аб'яднанне выпускных і ўступных экзаменаў дазволіць разгрузіць школьнікаў і псіхалагічна, і фізічна. Цэнтралізаванае тэсціраванне захаваецца, мы ж ад яго не адмаўляемся, але сістэма адбору мадэрнізуецца, і ў выпускніка з'явіцца патрэба не проста карпець над запамінаннем сухіх лічбаў і фактаў, а яшчэ і вучыцца думаць, лагічна разважаць і фармуляваць свае думкі.

Загадчык Музея землязнаўства Валянціна СМАЛЯКОВА праводзіць экскурсію.

Архіважныя кампетэнцыі

— Аўтар сусветнага бестселера «Крэатыўная эканоміка. Як пераўтварыць ідэі ў грошы» прафесар Джон Хокінс сцвярджае, што крэатыўная эканоміка будзе галоўнай формай эканомікі ў ХХІ стагоддзі. Сёння патрабуюцца спецыялісты, якія ў стане вырашаць глабальныя праблемы, што вымагае асаблівай міждысцыплінарнай падрыхтоўкі і фарміравання ўніверсальных кампетэнцый. Рыхтаваць вузкіх спецыялістаў нявыгадна і нават небяспечна. Ці ўлічваюць гэтыя тэндэнцыі ў вядучым універсітэце краіны?

— Цалкам падзяляю меркаванне гэтага аўтара. Свет робіцца ўсё больш узаемазвязаным, камунікатыўным, і сёння ў адзіночку немагчыма нічога зрабіць. Уявіце сабе, што тысячы гадоў людзі былі раз'яднаныя, а літаральна за апошнія некалькі дзесяткаў гадоў было створана больш прарыўных рэчаў, чым за ўсе папярэднія стагоддзі. Многія навуковыя адкрыцці з'яўляюцца сферай калектыўнай дзейнасці. Уменне працаваць у камандзе — архіважны навык XXІ стагоддзя. Менавіта камунікатыўная кампетэнтнасць з'яўляецца ключавой у дасягненні прафесійнага поспеху.

Сусветную эканоміку рухае не нафта, не здабыча прыродных выкапняў, не нават чалавечы, а групавы патэнцыял. Таму нам трэба рыхтаваць спецыяліста, які ўмее слухаць і чуць іншага, гатовага працаваць у камандзе на агульны вынік, прызнаваць справядлівасць кожнай з існуючых мэт і кожнага з меркаванняў, умець дамаўляцца і супрацоўнічаць. Камунікатыўная кампетэнтнасць, эмацыянальны інтэлект, агульнакультурная кампетэнтнасць, уменне ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі розных культур, талерантнасць — над усім гэтым трэба працаваць. У БДУ мы, напрыклад, наладзілі цэлую сістэму крэатыўнай адукацыі, актыўна ўкараняем інавацыйныя методыкі навучання, арыентаванага на творчую самарэалізацыю навучэнцаў і выкладчыкаў. Прывяду толькі некаторыя лічбы: 82 працэнты навучальных праграм першай ступені і 90 працэнтаў — другой — змяшчаюць апісанне інавацыйных метадаў і падыходаў, эўрыстычныя заданні, кейсы, праектныя і творчыя заданні. 6340 навучальных курсаў з крэатыўным кампанентам размешчаны на Адукацыйным партале БДУ (дыстанцыйнае навучанне). Больш як 15 тысяч адкрытых (эўрыстычных) заданняў змяшчае фонд ацэначных сродкаў для правядзення бягучай і выніковай атэстацыі.

Рэгулярна праводзім семінары па фарміраванні эўрыстычных якасцяў педагога, галоўным вынікам якіх стала змяненне падыходаў да навучання, пашырэнне практыкі прымянення інавацыйных метадаў у адукацыйным працэсе. Гэта знаходзіць адлюстраванне пры распрацоўцы новых навучальных праграм.

Функцыянуе таксама міжвузаўскі партал «Метадалогія, змест, практыка крэатыўнай адукацыі», які дазваляе выкладчыкам атрымаць зваротную сувязь па пытаннях інавацый у педагогіцы, змяшчае навукова-метадычныя распрацоўкі навучальных заняткаў па методыцы эўрыстычнага навучання. У 2020 годзе ў БДУ пачаў рэалізоўвацца новы праект «Педагагічная майстэрня анлайн-навучання».

Два гады таму мы запусцілі пілотны праект дадатковай адукацыі — вырашылі даць магчымасць любому студэнту вывучаць вучэбныя дысцыпліны на іншых спецыяльнасцях. Гэта не паралельнае атрыманне другой вышэйшай адукацыі, а новыя ўмовы для пашырэння ведаў і фарміравання ўнікальных кампетэнцый у навучэнца.

Мяркую, што будучыня — за ўніверсітэтамі, дзе будуць рыхтаваць спецыялістаў на падставе метапрадметнага падыходу. Першым крокам для вырашэння гэтага пытання можа стаць магчымасць дадаткова вывучаць дысцыпліны на іншых спецыяльнасцях — адзін з варыянтаў прафілізацыі навучання плюс штуршок пераходзіць да стварэння міждысцыплінарных праграм. Пры іх распрацоўцы павінны ўлічвацца патрабаванні па развіцці ў студэнтаў і магістрантаў крэатыўнасці, крытычнага мыслення, бачання праблемы з розных бакоў, здольнасцяў да калектыўнага вырашэння задач, навыкаў камунікацыі, работы ў праектах, кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі, прадпрымальнасці і мультыкультуралізму. Рыхтаваць студэнтаў вельмі вузка сёння небяспечна. Чым большым наборам ведаў будзе валодаць спецыяліст, тым больш ён будзе запатрабаваны. На стыку разнароднасці заўсёды нараджаюцца новыя сэнсы. Студэнт, які асвойвае дысцыпліны з розных спецыяльнасцяў, пашырае свае пазнавальныя гарызонты і стварае прастору для новых ідэй, праектаў і пошуку рашэнняў.

Адметнасці «дыстанту»

— На працягу апошніх дваццаці гадоў сродкі навучання моцна эвалюцыянавалі. Нядаўна мы ўсе сталі не толькі сведкамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі трансфармацыі адукацыйнага працэсу, вымушанага пераходу на дыстанцыйныя тэхналогіі. Але пандэмія паказала, што далёка не ўсе гатовы выкладаць і навучацца дыстанцыйна. Як удалося не сарваць навучальны працэс у вашым універсітэце?

— Трэці год у нас працуе Адукацыйны партал БДУ. Хачу падкрэсліць, што гэта не назапашвальнік навучальных матэрыялаў, а магутнае інфармацыйна-камунікатыўнае, адукацыйнае асяроддзе. Там штодня праводзіцца каля 1600 заняткаў у рэжыме відэаканферэнцый, вядзецца суправаджэнне звыш 7,6 тысячы дысцыплін, працуе форум «Пытанні-адказы па Moodle». Размешчаны банк творчых, эўрыстычных, даследчых заданняў…

У студэнцкай сталовай

Але дыстанцыйнае навучанне ўсё ж такі не ўласціва чалавечай псіхіцы. Зносіны і камунікацыя — розныя паняцці. Зносіны — больш глыбокае паняцце з эмацыянальным складнікам, які адсутнічае ў камунікацыі. Дарэчы, у заходнім свеце нават у лексіконе няма слова «зносіны» — ёсць толькі «камунікацыя». І вельмі важна, чым мы напоўнім зносіны на адлегласці. Канешне, неабходнасць пераводзіць заняткі ў анлайн сур'ёзна павялічыла нагрузку і на выкладчыкаў, і на студэнтаў. У апошніх ужо няма магчымасці адседзецца за спінамі сваіх аднакурснікаў, спрабуючы не прыцягнуць да сябе ўвагу.

Напрыканцы мінулага года мы сіламі нашага факультэта філасофіі і сацыяльных навук праводзілі даследаванне. Яго ўдзельнікам прапаноўваліся вельмі разнастайныя пытанні накшталт: з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся выкладчыкі і студэнты, што ім давалася прасцей, а што больш складана, і іншыя. Апытанне паказала, што калі маладыя выкладчыкі аддаюць перавагу інтэрактыўным зносінам у відэачатах, то больш сталыя (ва ўзросце шэсцьдзясят плюс) арыентаваны на фундаментальнае давядзенне інфармацыі праз Zoom ці Skype. Але абедзве гэтыя катэгорыі звярталі ўвагу на неабходнасць навукова-метадычнага суправаджэння дыстанцыйнага навучання.

Усе пераканаліся на практыцы, што нельга ў натуральную велічыню перанесці змест, формы і метады вочнага навучання ў «дыстант». Дыстанцыйнаму навучанню патрэбны інавацыйныя тэхналогіі, нацэленыя на камунікацыю і даследаванне, раскрыццё крэатыўных якасцяў студэнта, яго патэнцыялу і таленту. Студэнт павінен не механічна капіраваць «чужую» інфармацыю, а ствараць свой адукацыйны прадукт, не падобны на вынік аднагрупніка.

Заданні павінны быць заснаваны на камунікацыі, а не на трансляцыі інфармацыі. Камунікацыя мае на ўвазе даследчыя метады, адкрытыя эўрыстычныя, творчыя заданні, калі няма загадзя вядомага адказу, які можна знайсці ў інтэрнэце. Студэнт павінен да выніку сам дайсці, а потым яго абараніць. Такі падыход і фарміруе тую самую крэатыўнасць, даследчыя якасці, здольнасці паставіць мэту, спланаваць эксперымент, убачыць яго з розных бакоў, а ІКТ-асяроддзе дазваляе забяспечыць працэс камунікацыі (зваротную сувязь).

Год таму мы пачалі распрацоўку анлайн-майстэрні, у якой выкладчыкі дзеляцца сваім досведам, распрацоўваюць свой кантэнт, курсы і заданні. І той, хто матываваны, можа ўзяць яго на ўзбраенне. На жаль, пакуль нямногія разумеюць, наколькі гэта важна. Ёсць стэрэатыпнае меркаванне, што чым больш сучасныя серверы ўстаноўлены, тым лепш, а гэта, між іншым, проста тэхніка. Яе якасць, безумоўна, — важны аспект, Але куды больш актуальнае напаўненне «дыстанту». Мы аналізавалі вынікі сесіі і пераканаліся, што там, дзе выкладчыкі спрабавалі вочны фармат заняткаў механічна ўціснуць у рамкі «дыстанту», якасць ведаў у студэнтаў пацярпела.

— Андрэй Дзмітрыевіч, на вашу думку, ці зможа дыстанцыйнае навучанне цалкам выцесніць з вышэйшай школы прафесара з крэйдай?

— Механічная трансляцыя ведаў сёння непатрэбна. Вядома, усе цэняць наватарскія падыходы, але наватарства выкладчыка абавязкова павінна быць падмацавана навуковымі даследаваннямі, бо шарлатанства каштуе вельмі дорага. Сёння ўсё больш выкладчыкаў ва ўніверсітэце арыентуюцца на індывідуалізацыю адукацыі, і мая задача як рэктара — стварыць асяроддзе, каб дапамагчы ім. А што датычыцца дыстанцыйнага навучання, то я вельмі спадзяюся, што нам не давядзецца масава выкарыстоўваць гэты фармат навучання. Таму што сапраўдная немагчыма без дыялогу выкладчыка і студэнта сам-насам, без жывых чалавечых зносін.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Толькі факты:

За апошнія пяць гадоў колькасць медалістаў, залічаных у БДУ, павялічылася з 25 да 33 працэнтаў ад іх агульнай колькасці па краіне.

З агульнай колькасці стабальнікаў ЦТ Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт выбраў кожны трэці.

Кожны трэці студэнт з банка даных адоранай моладзі навучаецца сёння ў БДУ.

Кожная пятая кандыдацкая і кожная пятая доктарская дысертацыя ў краіне абараняюцца ў Белдзяржуніверсітэце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. 

Культура

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Трэцяга лістапада — дзень нараджэння класіка.