Вы тут

Заслужаная артыстка Алена Шведава ў красавіку адзначыла юбілей


Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Шведава ў красавіку адзначыла юбілей, а таксама трыццацігоддзе творчай дзейнасці на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. «Пацеркавым сапрана» называюць яе голас, які дзівіць слухачоў, калі яна віртуозна і лёгка выконвае оперныя партыі і знакамітага «Салаўя» Аляб’ева. У рэпертуары спявачкі і арыя Плавы Лагуны з фільма «Пяты элемент», а таксама папулярная музычная тэма з тэлесерыяла «Кухня», выкананая вельмі высокім жаночым голасам. 


Я пачынала як народная выканаўца і спявала нізкім голасам, пераймаючы Людмілу Зыкіну. У музычнай школе не вучылася, але займалася вакалам у Палацы прафсаюзаў у спявачкі, якая стаяла каля вытокаў беларускай оперы Доры Захараўны Кроз. Яна была выпускніцай Мінскай опернай студыі ў 1930-х разам з Ларысай Александроўскай. Дора Захараўна валодала бліскучым каларатурным сапрана, але вельмі рана перастала спяваць. Яе муж быў дырыжорам, падчас вайны яго расстралялі фашысты проста перад будынкам тэатра оперы і балета. Калі я пачала займацца ў Доры Захараўны, яна была ўжо ў досыць сталым узросце, але паспяхова кіравала студыяй сольных спеваў. 

— Вашым педагогам у кансерваторыі была яшчэ адна легенда — Тамара Ніжнікава… 

Калі я прыйшла на праслухоўванне да Тамары Мікалаеўны, праспявала для яе і «пад Зыкіну», і раманс Антаніды з оперы «Іван Сусанін» Глінкі. Педагог праверыла дыяпазон майго голасу, а я вельмі старалася і спявала так высока, як да гэтага ніколі нават не спрабавала. Ёй усё спадабалася, але мне споўнілася толькі 17 гадоў, і нават на падрыхтоўчае аддзяленне кансерваторыі паступаць было рана. Давялося год недзе працаваць, таму ўладкавалася лабаранткай у інстытут генетыкі. Паколькі была непаўналетняй, мяне адпускалі раней, і я бегла папрысутнічаць на занятках у Тамары Мікалаеўны. Часам, можа, дзесьці раз на месяц, яна брала мяне распявацца. Я была шчаслівая, што педагог знаходзіла для мяне час, бо ў Тамары Мікалаеўны клас быў вялікі, студэнты вельмі моцныя.

А праз год я паступіла да яе на падрыхтоўчае аддзяленне, куды набіралі толькі трох чалавек, а потым — на першы курс кансерваторыі.

Тамара Ніжнікава бліскучая спявачка, цудоўны педагог. Ужо будучы салісткай, я прыходзіла да яе па дапамогу, параду, у яе таксама было каларатурнае сапрана, яна спявала ў свой час тыя ж партыі, што і я. Ніжнікава вучылася ў Марыі Уладзіміравай, сястры Валерыі Барсавай, і ў яе была сапраўдная італьянская школа. Я вельмі ўдзячная Тамары Мікалаеўне за ўрокі. Спяваю ўжо шмат гадоў, і ў мяне няма ні ваганняў у голасе, ні праблем з верхам. Гэта сведчыць аб тым, што была добрая школа. Дарэчы, Тамара Мікалаеўна вучыла не толькі каларатуры — у яе займаліся нават тэнары. 

— Голас, які называецца «каларатурнае сапрана», выпрацоўваецца ці гэта дадзена ад нараджэння? 

Гэта, вядома, прырода. Каларатурнае сапрана павінна валодаць рухомасцю голасу, браць мі-бемоль трэцяй актавы і г. д.

Каларатуры сустракаюцца досыць рэдка, таму і спектакляў на такія галасы ставіцца не вельмі шмат. Я не заспела многія пастаноўкі ў беларускім Вялікім, у якіх спявала Тамара Ніжнікава, напрыклад «Руслан і Людміла» ды «Іван Сусанін» Глінкі або, скажам, «Залаты пеўнік» Рымскага-Корсакава, дзе Шамаханская царыца спявае каларатурным сапрана. Але затое ў рэпертуары практычна кожнага тэатра ёсць «Севільскі цырульнік» і «Чароўная флейта».

— Калі і як вы прыйшлі ў беларускі Вялікі тэатр? 

Да 1990-х трапіць у тэатр было вельмі цяжка, бо існавала Усесаюзнае размеркаванне і, адпаведна, вялікі конкурс. У Мінск прыязджалі працаваць таленавітыя спевакі з розных гарадоў СССР. Але менавіта таму ўзровень салістаў, музыкантаў, іх майстэрства былі вельмі высокія. Калі я скончыла кансерваторыю, мяне запрашалі ў тэатр музкамедыі і ў філармонію. Выбрала другое і прапрацавала ў канцэртна-лекцыйным аддзеле два гады. Аддзел складаўся з некалькіх канцэртных брыгад па пяць-шэсць чалавек: спевакі, выканаўцы на якім-небудзь інструменце, канцэртмайстар і музыказнаўца. Мы гастралявалі па краіне і атрымлівалі, дарэчы, нядрэнныя грошы ў той час, паколькі канцэртаў было шмат: часам па 4-5 на дзень. Раніцай пачыналі ў якім-небудзь дэпо, працягвалі ў санаторыі-прафілакторыі, а вечарам выступалі ў сельскім Доме культуры.

Аднойчы мне патэлефанавалі з тэатра і прапанавалі праспяваць Царыцу Ночы ў «Чароўнай флейце» Моцарта. Трэба было кагосьці замяніць. Я марыла трапіць у тэатр, партыю ведала. Выдатная пастаноўка, сапраўды казачная — адно задавальненне. Я пагадзілася, а потым усю ноч не спала: мяне калаціла ад хвалявання. Раніцай была сцэнічная рэпетыцыя, мне паказалі, адкуль я выходжу і што раблю на сцэне. Запрошаны дырыжор з Літвы Юозас Домаркас, добры, мяккі чалавек, вельмі дапамагаў, падбадзёрваў.

Я праспявала, усё атрымалася, але пасля гэтага ў тэатр мяне яшчэ не ўзялі, а прапанавалі папрацаваць над пастаноўкай «Казкі Гофмана» Афенбаха. Гэты спектакль вяла легендарны дырыжор Таццяна Міхайлаўна Каламійцава. Я павінна была спяваць механічную ляльку Алімпію такім «шкляным» гукам без вібрата ваганняў голасу, якія вельмі складана стрымаць. Яна дамагалася, каб гук быў роўны, механічны. Вельмі худая, заўсёды з папяросай, Таццяна Міхайлаўна размаўляла басам, і я спачатку яе баялася. А потым палюбіла, яна была выдатным чалавекам і музыкантам.

Пасля «Казак Гофмана» мяне прынялі на службу ў тэатр. Гэта быў 1991 год. Першым маім спектаклем у якасці салісткі беларускага Вялікага была опера «Чароўная флейта». 

— Ці мае ваша сям’я адносіны да музыкі, тэатра? 

Мае бацькі людзі ваенныя, франтавікі. Тата палкоўнік, прайшоў усю вайну, чатыры разы паранены. Мама ўсё жыццё працавала ў штабе акругі. 9 Мая маё любімае свята. Раней у нас заўсёды збіраліся госці, і я з задавальненнем спявала ваенныя песні, якія вельмі люблю і лічу класікай.

Мама шмат дапамагала мне з выхаваннем сына, фактычна сама выгадавала яго, бо ў мяне было шмат гастрольных паездак, выступленняў. Яна нарадзілася ў знакамітай вёсцы Барадзіно. Памятаю, што агароды выходзілі якраз на Барадзінскае поле, і мы дзецьмі не раз бачылі, як мясцовыя жыхары знаходзілі сапраўдную карцеч. Барадзінская поле велізарная тэрыторыя, там вельмі шмат помнікаў: і французскіх, і рускіх.

Мой прадзед па татавай лініі быў святаром у Магілёве, яго рэпрэсіравалі ў 1937 годзе. У 1970-х гадах Сінод даслаў нам паперу аб яго рэабілітацыі. Прадзед даў дзецям вельмі добрае выхаванне. Яго дачка, мая бабуля, скончыла Бястужаўскія курсы. Я яе памятаю: вельмі інтэлігентны чалавек, заўсёды спакойная, добрая, ніколі ні пра кога не сказала дрэннага слова. Запомнілася, як у дзяцінстве яна мяне вучыла французскім дзеясловам.

А муж у мяне ваенны медык. Скончыў ваенна-медыцынскую акадэмію ў Пецярбургу. Хоць да музыкі дачыненне мае, бо вучыўся ў музычнай школе пры беларускай кансерваторыі па класе баяна, але навучанне не працягнуў. Ён вельмі добры доктар. Мы з ім разам ужо амаль 30 гадоў. 

— Вы казалі пра ваенныя песні. Як думаеце, чаму яны так бяруць за душу? Чым чапляюць іх выканаўцы? 

Яны спявалі душой. Гэтыя цудоўныя спевакі прайшлі вайну, усе нягоды. Яны былі на перадавой і ведалі, пра што спяваюць. Я люблю Марка Бернеса і не магу яго песні слухаць без слёз. Ці, напрыклад, Клаўдзія Шульжэнка у яе няма ніводнага пустога гуку. Мне вельмі падабалася Мая Крысталінская: яе культура выканання, мелодыі, тэксты выдатныя. Песні Ігара Лучанка, Юрыя Семянякі мы любім і спяваем да гэтага часу.

— У вашым рэпертуары — партыі Разіны і Фані ў операх «Севільскі цырульнік» і «Шлюбны вэксаль» Расіні, Оскара і Джыльды ў операх «Баль-маскарад» і «Рыгалета» Вердзі, Царыцы ночы ў «Чароўнай флейце» Моцарта, Мюзеты ў «Багеме» Пучыні  і больш за дзясятак іншых роляў. Ці ёсць сярод іх любімыя і наадварот? Ці існуюць цікавыя гісторыі, звязаныя з вашымі ролямі? 

Я дастаткова аптымістычны чалавек, жыццярадасны. Таму вельмі люблю Разіну. «Севільскі цырульнік» мне дарагі і таму, што былі выдатныя партнёры. У першую чаргу легендарны Віктар Максімавіч Чарнабаеў. Колькі было смешных момантаў! Аднойчы ён заблытаўся ў маім крыналіне, падымаючыся за мной па вузкай лесвіцы на сцэне, але, калі павінен быў спяваць, сяк-так з-пад яго выбраўся. Колькі я потым ад яго выслухала жартачак! Надзвычайны барытон Мікалай Маісеенка ў «Севільскім...» выконваў партыю Бартала. 

Аднойчы «Севільскага...» я спявала з двума пераломамі адна нага на двух шрубах. У гэтым спектаклі асноўная дэкарацыя была ў выглядзе высокай лесвіцы, а я, паколькі маленькага росту, выходзіла на высокіх абцасах і бегала, у адпаведнасці з задумкай рэжысёра, па гэтай лесвічцы туды-сюды. У перапынку, заходзячы ў грымёрку, кульгала і, здымаючы туфлі, адчувала вельмі моцны боль. Але на сцэне падчас спеваў не адчувала болю зусім. Я б назвала гэта наркозам сцэны.

Не раз у «Севільскім цырульніку» з’яўлялася невымоўнае адчуванне шчасця, калі цяжкія месцы пройдзены і я гляджу ў чорнае вока залы і думаю: як бы хацелася падоўжыць гэтае імгненне! Таму што люблю тэатр, спевы, розныя партыі, якія ты прапускаеш праз сябе, і гэтую магчымасць пражыць розныя жыцці. Ні адзін спектакль не паўтараецца, таму што кожны раз галасы спевакоў гучаць і тэмбральна, і фізічна па-рознаму.

З Юрыем Бастрыкавым спявала ў «Рыгалета». Надзвычайны быў выканаўца, барытон, з вельмі прыгожым голасам. І выдатны акцёр. Ён мог часам забыцца тэкст і пачынаў проста варкатаць як бы па-французску ці па-італьянску, але ніхто з гледачоў гэтага не заўважаў, а артыстам было вельмі пацешна.

Царыцу ночы ў «Чароўнай флейце» без замены я спявала гадоў пяць. Гэты спектакль ішоў кожны месяц, а часам і па два разы. Потым быў вельмі цікавы спектакль «Шлюбны вэксаль», які паставіла Сусанна Цырук, цікавы рэжысёр, якая цяпер працуе ў Пецярбургу. 

— Вы выконвалі і сімфарок. Раскажыце, што гэта былі за праекты? 

Я шмат супрацоўнічала з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь. З гэтым калектывам на сцэне Вялікай залы Палаца Рэспублікі спявала не толькі класічныя праграмы, але і сімфарокавую музыку: арыі Царыцы ночы, Джыльды ў рокавам выкладзе. Мне вельмі цікава выконваць такія праграмы.

Калі толькі выйшаў фільм «Пяты элемент» рэжысёра Люка Бесона, я прапанавала Віктару Уладзіміравічу Бабарыкіну, на той момант дырыжору Прэзідэнцкага аркестра, выканаць сваю інтэрпрэтацыю арыі Плавы Лагуны. Першая частка кампазіцыі сцэна вар’яцтва Лючыі дзі Ламермур з аднайменнай оперы, а потым распрацоўка гэтай тэмы ў стылі рок, якая манціравалася ў фільме асобнымі кавалачкамі. Паспрабавала, і ў мяне атрымалася без мантажу. Потым гэтую кампазіцыю з Прэзідэнцкім аркестрам мы выконвалі неаднаразова.

На «Славянскім базары» ў Віцебску на канцэрце «Ад класікі да року» з Пятром Ялфімавым спявалі знакамітую «Барселону» Фрэдзі Мерк’юры. На гэтым жа канцэрце я выканала «Мамба», якую калісьці бліскуча прадстаўляла перуанская оперная дзіва Іма Сумак. Гэтая мелодыя сёння шырока вядома дзякуючы серыялу «Кухня». 

— У якіх праектах вас можна пачуць у найбліжэйшы час? 

У красавіку ў Вялікім тэатры Беларусі ў спектаклі «Карміна Бурана», прысвечаным майму юбілею, выканаю партыю саліруючага сапрана. У маі ў камернай зале тэатра плануецца цікавы праект «Любімыя вальсы», дзе буду спяваць не толькі я, але і Марына Аксёнцава, Ніна Шарубіна і інструментальнае трыа «Глорыя».

Гутарыла Вольга САВІЦКАЯ 

Фота з архіва Вялікага тэатра Беларусі

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: Чароўнае сапрана Алены Шведавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.