Вы тут

Вялікая размова з кіраўніком Брэсцкай вобласці пра лёс рэгіёну


Так сталася, што сваё першае інтэрв'ю на пасадзе старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка даў «Звяздзе», і гэта невыпадкова: найстарэйшаму ў краіне выданню чытачы заўсёды давяраюць, а аўтарытэтныя суразмоўнікі з задавальненнем абіраюць «Звязду» ў якасці надзейнай пляцоўкі для таго, каб падзяліцца думкамі, меркаваннямі і планамі. І нагода для нашай сённяшняй грунтоўнай размовы на паверхні: на 11 мая прыпадае сто дзён з таго часу, як Юрый Вітольдавіч узначаліў Брэсцкі рэгіён.


Нагадаем, да гэтага прызначэння ён працаваў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Гомельскай вобласці, а яшчэ крыху раней — намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Таму вопыт і прафесійны, і кіраўнічы, і жыццёвы ў суразмоўніка «Звязды» багаты — з гэтага і распачалі нашу размову.

Сельгасвытворчасць

— Юрый Вітольдавіч, за гэты няхай і нядоўгі яшчэ час, што вы на Брэстчыне, што адзначылі б у якасці першых уражанняў?

— Брэсцкі рэгіён — мацнейшы за Гомельскі: тут ёсць падобныя землі, але культура земляробства асаблівая (людзі любяць жыць заможна і працуюць на гэта). Столін, Ляхавічы, Лунінец — гэта прыклады моцных фермерскіх гаспадарак. Калі параўноўваць па колькасці насельніцтва, то розніца паміж Гродзеншчынай і Брэстчынай складае амаль 400 тысяч чалавек. Гамяльчане і брастаўчане амаль падобныя па колькасці насельніцтва, але ў нас шчыльнасць вышэйшая.

Што датычыцца тэрыторыі, Брэстчына большая за Гродзенскую вобласць на 10 тысяч гектараў, а Гомельская перавышае яе ў два разы. Вядома, істотны ўплыў на Гомельшчыну наклала ўздзеянне радыяцыі: адбылося адсяленне з багацейшых раёнаў, напрыклад, Брагінскага, дзе адны з найлепшых зямель рэгіёна.

Безумоўна, у аснове ўсіх абласцей асноўная ўдзельная вага належыць сельгасвытворчасці. Таму сённяшнія вынікі работы ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве дазваляюць у канчатковым выніку сфарміраваць 14 % валавога рэгіянальнага прадукту.

Што датычыцца прамысловасці, то на Брэстчыне няма такіх прадпрыемстваў, ад якіх напасрэдна залежыць ВРП. Узяць, напрыклад, «Гродна Азот»: няма ў яго паказчыкаў — лічбы рэгіёна зніжаюцца. На Гомельшчыне гэта БМЗ, «Гомсельмаш», хімзавод, Мазырскі НПЗ, шэраг іншых прадпрыемстваў. А тут усе разам фарміруюць валавы рэгіянальны прадукт. Трэба сказаць, што ВРП Брэсцкага рэгіёна ў ВУП краіны максімальна даходзіў да 11 %, Гродзеншчына дае 9—9,8 %, а Гомельшчына — 20 %. То-бок чатыры буйныя заводы апошняй фарміруюць валавую вытворчасць рэгіёна.

— Можа, не надта карэктна параўноўваць Гродзенскі і Брэсцкі рэгіёны, але па-суседску заўсёды існуюць канкурэнцыя і здаровае саперніцтва...

— Яшчэ калі я працаваў на Гродзеншчыне ў якасці генеральнага дырэктара «Гроднамясамалпрама», у мяне быў калега (ён цяпер на пенсіі) — Канстанцін Свірыд. Гэта былі два мясамалпрамы, на якіх раўнялася ўся краіна, і мы падкрэслівалі: тэхнічна
пераўзбройваліся першыя і спаборнічалі па прынцыпе «роўны сярод роўнага». Тады адбылося першае непасрэднае знаёмства з Брэстчынай. Я не хачу сказаць, што раней часта бываў у Брэсце, пяць-шэсць разоў, мабыць. Безумоўна, наведваў нашу святыню — Брэсцкую крэпасць.

— Якія крокі зроблены першымі ў новым статусе, якія рашэнні прыняты?

— Як вядзецца, найперш трэба пазнаёміцца з рэгіёнам. Каб на свае вочы ўбачыць, чым і як жыве той ці іншы раён, я актыўна выязджаю на прадпрыемствы, знаёмлюся з кіраўнікамі, гутару з прадстаўнікамі працоўных калектываў. Гэта дае магчымасць скласці ўласнае ўражанне аб стане спраў — аператыўна, аб'ектыўна, не па справаздачах на паперы, а непасрэдна на месцы. Вынікі такога знаёмства могуць паслужыць і высновай для прыняцця кадравых рашэнняў.

— Яшчэ адно пытанне наконт першых уражанняў: што б вы адзначылі, акрамя культуры земляробства?

— У Брэсце вылучаецца гістарычная частка горада, якая мае вельмі выразныя архітэктурныя рысы ў сувязі з тым, што тут дзейнічае галіновая ВНУ — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт — дзе ў свой час культывавалася своеасаблівая горадабудаўнічая палітыка, ёсць шмат напрацовак у гэтым кірунку. А сёння Брэст па плошчы — другі пасля Мінска горад у краіне, хоць па шчыльнасці ён падобны на Гродна і Віцебск, але з-за балот і падзелу ракой горадабудаўнічая палітыка склалася такім чынам, што горад дастаткова вялікі. Адсюль адпаведная інфраструктура і выдаткі на яе ўтрыманне. Пабудаваная да тысячагоддзя Брэста развязка таксама адыграла вялікую ролю: тут больш шырокія дарогі (горад праектаваўся такім чынам, каб разводзіць цэнтральную частку), шмат гістарычных мясцін.

Акрамя таго, горад стаіць на самай граніцы, і трэба разумець, што тут развітая свабодная эканамічная зона — адна з самых моцных у краіне. Сёння СЭЗ «Брэст» займае практычна 20 % у аб'ёмах прамысловай вытворчасці вобласці і дае каля 30 % экспарту.

Улада — на сувязі

— Наколькі я ведаю, праведзены ўжо некалькі прыёмаў грамадзян, прамая лінія. Што паказала зваротная сувязь, якія праблемы, пытанні падымаюць людзі?

— Так, жыхары вобласці маюць магчымасць быць пачутымі і атрымаць тлумачэнні па пытаннях, у тым ліку тых, якія на мясцовым узроўні вырашыць не атрымалася.

Асабістыя прыёмы грамадзян я праводжу з лютага. Таксама практыкую дыстанцыйныя асабістыя прыёмы. У сакавіку мною была праведзена прамая тэлефонная лінія. Такія формы работы дапамагаюць аператыўна вырашаць пытанні, што хвалююць жыхароў вобласці. Спектр праблем вельмі разнастайны. Дамінуюць, аднак, жыллёва-камунальныя, у тым ліку тэмы функцыянавання лазняў, рамонту дарог, добраўпарадкавання населеных пунктаў, жыллёвыя пытанні, а таксама, на жаль, зямельныя спрэчкі паміж суседзямі.

Асабліва хачу падкрэсліць, што са зваротамі грамадзян выканаўчай уладзе вельмі важна навучыцца працаваць на апярэджанне. Часта на асабістыя прыёмы грамадзян людзі звяртаюцца з разуменнем таго, што іх пытанне не можа быць вырашана тут і адразу, але яны хочуць знайсці падтрымку ці атрымаць параду, куды і як ім рухацца далей. Акрамя таго, яны разлічваюць на ўдзел у вырашэнні сваёй праблемы не толькі мясцовай улады. Таму я імкнуся выслухаць чалавека, дэталёва разабрацца ў сітуацыі.

Асабістыя прыёмы, прамыя тэлефонныя лініі даюць магчымасць зразумець, дзе і што трэба падкарэкціраваць. Невырашальных пытанняў не бывае, аднак часам відавочнай становіцца неабходнасць удасканалення заканадаўства ці арганізацыйнай работы.

На 22 мая запланавана правядзенне другой прамой тэлефоннай лініі. Буду рады адказаць на пытанні.

«Прышчэпкурабіць трэба, я і сам вакцынаваўся»

— Цяпер на першым плане па вядомых прычынах стаіць пытанне аховы здароўя. Якія ўрокі пандэміі ўжо засвоеныя: перааснашчэнне медыцынскіх устаноў, набыццё КТ, іншай апаратуры?

— Для барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй у вобласці, як і ў краіне, прыняты ўсе намаганні, скіраваныя на мінімізацыю распаўсюджвання захворвання. Мы шмат чаму навучыліся і шмат што зрабілі.

Самыя важныя крокі датычацца дыягностыкі. З красавіка 2020 года ПЛР-даследаванні пачала праводзіць лабараторыя вірусалагічных даследаванняў і дыягностыкі ВІЧ/СНІД Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У далейшым для забеспячэння неабходных аб'ёмаў правядзення ПЛР-дыягностыкі, акрамя лабараторый цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, былі прыцягнуты аблветлабараторыя, лабараторыя лангітудынальных даследаванняў Палесскага ўніверсітэта, а таксама лабараторыі Брэсцкага скурвендыспансера, Брэсцкай і Пінскай станцый пералівання крыві. Работа лабараторый арганізоўвалася ў дзве змены, а пры неабходнасці — і кругласутачна.

Для арганізацыі ПЛР-лабараторыі ў Пінскім занальным цэнтры, дааснашчэння лабараторый у Брэсцкім і Баранавіцкім цэнтрах аблвыканкамам у 2020 годзе былі выдаткаваны сродкі на набыццё абсталявання ў памеры 268 тысяч рублёў. Былі набыты тры ампліфікатары, столькі ж ламінарных боксаў, 10 цэнтрыфуг.

Быў закуплены шэраг адзінак адмысловага абсталявання і за спонсарскія сродкі, у тым ліку Брэсцкаму абласному цэнтру была пастаўлена аўтаматычная станцыя для выдзялення нуклеінавых кіслот, что дазволіла павялічыць прапускную магутнасць лабараторыі.

Таксама была праведзена работа па ўзмацненні санітарна-каранціннага кантролю ў пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу. На працягу 2020 года і ў цяперашні час рух ажыццяўляецца ў пунктах пропуску «Брэст», «Казловічы», «Макраны» і «Махро». За гэты перыяд у пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы ажыццявілі санітарна-каранцінны кантроль у адносінах да амаль 1,3 мільёна чалавек.

Для ажыццяўлення цеплавізійнага кантролю былі набыты як стацыянарныя цеплавізары, так і безкантактавыя тэрмометры. Таксама прыняты захады па ўдасканаленні эфектыўнасці і якасці санітарнай апрацоўкі памяшканняў і транспартных сродкаў. Былі набыты амаль 90 генератараў халоднага туману.

Сёння ў вобласці, як і ў цэлым па краіне, працягваецца кампанія па вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі. На Брэстчыну вакцына паступае партыямі — усяго мы атрымалі вакцыны для вакцынацыі звыш 41 тысячы чалавек. На канец красавіка першым кампанентам было прышчэплена больш за 38 тысяч чалавек (93 % ад колькасці атрыманай вакцыны; 2,9 % ад колькасці насельніцтва). У цэлым стаіць задача прышчапіць не менш як 60 % насельніцтва вобласці. Я, дарэчы, днямі таксама прайшоў вакцынацыю.

На закупку медыцынскага абсталявання ў мінулую пяцігодку выдаткавана 68 мільёнаў рублёў. А гэта ні многа, ні мала — 60 аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі і 55 аўтамабіляў медыцынскай дапамогі для арганізацый аховы здароўя вобласці, камп'ютарныя тамографы ў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы, філіяле «Міжраённы анкалагічны дыспансер» Пінскай цэнтральнай паліклінікі, магнітна-рэзанансныя тамографы ў Брэсцкую абласную клінічную бальніцу і гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Трэба сказаць, што асаблівая ўвага аддавалася і рэанімацыйнаму абсталяванню. У прыватнасці, закуплена 139 манітораў пацыентаў, 78 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, 23 наркозна-дыхальныя апараты, 55 УГД-апаратаў.

Летась атрымалі рэнтгенаўскія камп'ютарныя тамографы Кобрынская, Столінская і Бярозаўская цэнтральныя раённыя бальніцы.

— Цікава, а што плануецца ў найбліжэйшы час для далейшага развіцця галіны аховы здароўя рэгіёна?

— Сёння адным з самых эфектыўных інструментаў новага падыходу да вырашэння пытанняў аховы здароўя насельніцтва з'яўляецца дзяржаўны прафілактычны праект «Здаровыя гарады (пасёлкі)». Асноўная мэта праекта — зрабіць здароўе насельніцтва адным з прыярытэтаў гарадской палітыкі. Праект скіраваны на павышэнне фізічнага здароўя, псіхалагічнага камфорту і сацыяльнага дабрабыту людзей, стварэнне спрыяльных умоў.

На адміністрацыйных тэрыторыях Брэсцкай вобласці летась было рэалізавана 19 праектаў з ахопам 70 % насельніцтва рэгіёна.

З улікам аналізу дэмаграфічных, сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, узроўню захваральнасці, якасці жыцця, з максімальным выкарыстаннем патэнцыялу
міжведамаснага ўзаемадзеяння мы разлічваем дасягнуць да 2025 года мэтавых паказчыкаў дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», а таксама выканання задачы «Забеспячэнне здаровага спосабу жыцця і садзейнічанне дабрабыту для ўсіх у любым узросце» ў рамках рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі.

Чаго чакаць ад драйвераў?

— Што першачарговае ў эканоміцы, якія рэзервы трэба задзейнічаць для развіцця бізнесу ў вялікіх гарадах і асабліва ў глыбінцы, як гаварылася на УНС?

— Першачарговая задача — гэта развіццё рэгіёнаў для павышэння іх прывабнасці для жыцця, работы і бізнесу.

Удасканальваць рэгіянальную эканамічную палітыку мэтазгодна за кошт мер, скіраваных на максімальнае развіццё рэгіянальнага патэнцыялу і павышэнне канкурэнтаздольнасці.

Пры гэтым падыход для гарадоў 80 тысяч «плюс» і для рэгіёнаў, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, не можа быць аднолькавы.

Для забеспячэння паскоранага эканамічнага росту гарадоў 80 тысяч «плюс» (у Брэсцкай вобласці гэта Баранавічы і Пінск), якія павінны стать драйверамі эканамічнага росту рэгіёнаў, неабходна павысіць інвестыцыйную актыўнасць, патрэбны далейшая мадэрнізацыя і тэхналагічнае пераўзбраенне асноўных галін эканомікі, фарміраванне эфектыўнай інавацыйнай інфраструктуры, развіццё сістэмы падрыхтоўкі кадраў. У гэтых рэгіёнах разам з развіццём традыцыйных галін неабходнае фарміраванне новых кірункаў прамысловай вытворчасці (у Брэсцкай вобласці, магчыма, на базе стварэння тэкстыльна-прамысловага і машынабудаўнічага вытворчага комплексаў).

Што датычыцца рэгіёнаў, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, то тут падыход павінен быць больш узважаны. У асноўным гэта сельскія раёны, дзе практычна адсутнічаюць буйныя прамысловыя прадпрыемствы, з дастаткова высокай працоўнай міграцыяй насельніцтва, нізкім узроўнем прадпрымальніцкай актыўнасці і кваліфікацыі працоўных рэсурсаў. Для такіх рэгіёнаў неабходна сканцэнтраваць меры дзяржаўнай падтрымкі на максімальным развіцці рэгіянальнага патэнцыялу, у тым ліку за кошт выкарыстання мясцовых сыравінных рэсурсаў, садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва, перакваліфікацыі кадраў.

Дзяржава працяглы час і паслядоўна стварае ўмовы для актывізацыі прадпрынімальніцкай ініцыятывы, яна зацікаўлена, каб унёсак гэтага сектара ў развіццё эканомікі дынамічна павялічваўся. Развіццё прадпрымальніцтва з'яўляецца адным з прыярытэтаў эканомікі, спрыяе фарміраванню канкурэнцыі, стварэнню рабочых месцаў, рэалізацыі сацыяльна значных праектаў.

Асноўныя арыенціры па развіцці прадпрымальніцтва вызначаны ў Дзяржаўнай праграме «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021—2025 гады. Праграма накіравана на стымуляванне дзелавой ініцыятывы грамадзян; паляпшэнне дзелавога асяроддзя для росту прадпрымальніцкай актыўнасці; стымуляванне суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да стварэння высокапрадукцыйных, экспартаарыентаваных і інавацыйных арганізацый.

У Брэсцкай вобласці запланаваны аб'ём фінансавання мерапрыемстваў дадзенай праграмы складае 18 мільёнаў рублёў, з іх на дзяржаўную фінансавую падтрымку суб'ектаў малога прадпрымальніцтва будзе накіравана 17,7 мільёна рублёў. Дзяржпадтрымка будзе аказвацца суб'ектам малога
прадпрымальніцтва, якія рэалізоўваюць бізнес-праекты па вытворчасці імпартазамяшчальнай, экспартаарыентаванай і інавацыйнай прадукцыі.

Брэсцкую смакату любяць і купляюць ва ўсім свеце!

— Адна з паспяховых галін Брэстчыны — малочная і мясная прамысловаць, «Савушкін прадукт» вядомы ледзь не ва ўсім свеце, а як эканамічна сябе пачуваюць іншыя прадпрыемствы галіны?

— Малочная і мясаперапрацоўчая галіны вобласці з'яўляюцца лідарамі ў краіне па вытворчасці шмат якіх відаў прадукцыі. Па выніках І квартала доля прадпрыемстваў вобласці ў рэспубліканскім аб'ёме вытворчасці сыроў паўцвёрдых склала 42,0 %, натуральнамалочнай прадукцыі (у пераліку на малако) — 31,7 %, масла — 26,0 %, сухой сыроваткі — 51,2 %, каўбасных вырабаў — 41,3 %, мясных паўфабрыкатаў — 32,3 %, мясных кансерваў — 24,2 %.

І ў малочнай, і ў мясной перапрацоўцы забяспечаны самы высокі ў краіне выпуск таварнай прадукцыі з тоны перапрацаванай сыравіны: адпаведна на 8,3 і 22,7 працэнта вышэйшы за сярэднерэспубліканскі ўзровень.

Глыбокая і комплексная перапрацоўка сыравіны дазваляе не толькі ААТ «Савушкін прадукт», але і іншым прадпрыемствам галіны нарошчваць аб'ёмы вытворчасці прадукцыі, яе рэалізацыі як на ўнутраным, так і на знешнім рынках, а таксама атрымліваць стабільныя фінансавыя вынікі.

За тры месяцы гэтага года ў цэлым вытворчасць асноўных відаў малочнай прадукцыі павялічылася на 4,9 %, мясной — на 8,9 %, рэалізацыя на экспарт — на 2,5 % і 10,6 % адпаведна.

Сёлета «Брэсцкі мясакамбінат» распачаў пастаўку каўбасных вырабаў у Сінгапур, Іарданію, Ганконг. «Белавежскія сыры» адгрузілі пробную партыю масла ў Паўднёвую Афрыканскую Рэспубліку, «Лунінецкі малочны завод» — сухога абястлушчанага малака ў Бангладэш і Лівію, а «Пружанскі малочны камбінат» пачаў пастаўляць сухую сыроватку ў Манголію.

Малочныя заводы і мясакамбінаты па выніках першага квартала забяспечылі прыбытковую работу.

— З папярэдняй цесна звязана тэма экспарту. Якія перспектывы ў гэтым кірунку, што трэба зрабіць, каб гандляваць яшчэ больш паспяхова?

— Вобласць традыцыйна займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па аб'ёмах экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. За 2020 год экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання склаў 1,4 мільярда долараў, ці 25 % ад рэспубліканскага аб'ему, тэмп росту ў параўнанні з папярэднім годам — 103,8 %. Станоўчая дынаміка захавалася і сёлета: за студзень–люты экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання павялічыўся на 2,3 % і склаў 246,2 мільёна долараў, ці 27 % ад рэспубліканскага аб'ему.

Думаю, што і надалей зможам дастойна канкурыраваць на знешнім рынку, для гэтага ёсць усе ўмовы. Нашыя малака- і мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы сертыфікаваны ў адпаведнасці з нацыянальнымі і сусветнымі стандартамі якасці, увесь час вядуць работу па тэхнічным перааснашчэнні вытворчасці і ўкараненні самых сучасных тэхналагічных працэсаў, шмат робяць і для развіцця сваіх сыравінных зон. Усё гэта дазваляе гарантаваць стабільна высокую якасць і бяспеку прадуктаў харчавання.

Для папулярызацыі прадукцыі і дыверсіфікацыі рынкаў збыту прадпрыемствы ўдзельнічаюць у выстаўках, конкурсах, ладзяць дэгустацыі, розныя рэкламныя мерапрыемствы, тым самым прасоўваюць брэнды нашых вытворцаў.

На жаль, з-за пандэміі каранавіруса колькасць выставачна-кірмашовых мерапрыемстваў паменшылася (у 2020 годзе іх адбылося ўсяго восем). І хоць прадпрыемствы маюць уласныя інтэрнэт-сайты, на якіх прысутнічаюць рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы і каталогі прадукцыі, нам неабходна праводзіць выстаўкі, бо яны стымулююць завязванне новых камерцыйных адносін.

Да сямі тысяч кілаграмаў малака на карову

— Брэсцкая вобласць — аграрны рэгіён. Якія асноўныя арыенціры праглядаюцца на работу сельскай гаспадаркі ў бягучай пяцігодцы?

— Сельская гаспадарка — найважнейшы складнік эканомікі вобласці. За 2020 год доля сельскай гаспадаркі ў валавым рэгіянальным прадукце вобласці склала 14,2 %. Гэта, вядома ж, менш за ўнёсак прамысловасці, аднак ад узроўню сельгасвытворчасці (аб'ёмаў і якасці прадукцыі) у значнай ступені залежыць развіццё шэрагу галін, напрыклад, харчовай і камбікормавай.

Кірункі развіцця аграрнай галіны на бягучую пяцігодку абазначаны дзяржаўнай праграмай «Аграрны бізнес» на 2021—2025 гады. Асноўная задача — павысіць эфектыўнасць вытворчасці. Для гэтага патрэбна падняць галіну на больш высокі тэхналагічны ўзровень.

Таму будзем будаваць новыя і рэканструяваць дзеючыя жывёлагадоўчыя аб'екты, планамерна абнаўляць машынна-трактарны парк на ўмовах лізінгу і за ўласныя сродкі сельгасарганізацый.

За кошт удасканалення структуры пасяўной плошчы і ўкаранення новых высокаўраджайных сартоў — нарошчваць вытворчасць раслінаводчай прадукцыі. Для таго, каб мець збалансаваную па пажыўнасці кармавую базу, адзін з асноўных фактараў эфектыўнай жывёлагадоўлі, — паляпшаць відавы састаў траў, насычаць іх бабовымі кампанентамі.

Таксама будзем ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця арганічнай вытворчасці і з улікам зменлівага клімату асвойваць вытворчасць новых відаў прадукцыі.

Пры гэтым асаблівая ўвага будзе аддавацца выкананню тэхналогіі вытворчасці, рацыянальнаму выкарыстанню наяўных матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, таму што выдаткі на вытворчасць павінны акупляцца выручкай, нарошчваць якую будзем за кошт паляпшэння якасці прадукцыі і росту прадукцыйнасці.

У 2025 годзе ў жывёлагадоўлі, дзе вырабляецца асноўная таварная прадукцыя, у сярэднім на карову плануем надойваць не менш за сем тысяч кілаграмаў малака, атрымліваць сярэднясутачнае прыбаўленне буйной рагатай жывёлы ў вазе на вырошчванні і адкорме — 690 грамаў, свіней — 790 грамаў.

Стаўка — на ўнутраны турызм

— І ўсё ж: не хлебам адзіным. У цяперашняй няпростай фінансавай сітуацыі выдзяляюцца грошы на развіццё культуры, адраджэнне гістарычнай спадчыны, напрыклад, пачалася рэканструкцыя капліцы Ажэшкаў у Драгічынскім раёне. Якія яшчэ праекты гэтага кірунку цяпер у рабоце?

— Так, сапраўды, у 2020 годзе распачатыя першачарговыя рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы па захаванні сядзібна-паркавага ансамбля ў аграгарадку Закозель Драгічынскага раёна. Пазалетась распачаты супрацьаварыйныя работы 1-га пускавога комплексу, на працягу мінулага года асвоена больш за 440 тысяч рублёў: адноўлены фасад, скляпенні, чыгуннае ліццё, дах і ўсталявана параізаляцыя. Рэстаўрацыйныя работы плануецца працягнуць сёлета.

Трэба сказаць, што на дадзены момант рэстаўрацыйныя работы вядуцца на пяці знакавых аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны вобласці.

Першачарговай задачай з'яўляецца завяршэнне работ у Косаўскім палацава-паркавым ансамблі і палацавым комплексе ў гарпасёлку Ружаны Пружанскага раёна. Гэтыя аб'екты ўключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму, якая штогод зацвярджаецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Па другой чарзе Косаўскага палацава-паркавага ансамбля будаўнічая гатоўнасць складае 77 %. (Па стане на 1 красавіка, сёлета на аб'ект накіравана 1,1 мільёна рублёў са сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў: выконваюцца рэстаўрацыйныя работы ў памяшканнях першага і другога паверхаў цэнтральнага блока.)

У палацавым комплексе ў гарпасёлку Ружаны гатоўнасць па праектаванні супрацьаварыйных работ, рэстаўрацыі фасадаў і ўзмацненні падмуркаў усходняга корпуса зараз складае 36,74 %. Сродкі, выдзеленыя летась, плануецца выкарыстаць на работы па ўстаноўцы даху, аконных блокаў, дзвюх унутранных апорных сцен, аздабленні фасада. Завяршэнне работ на гэтых аб'ектах плануецца ў 2022 годзе.

Таксама вядуцца работы па кансервацыі капліцы ў аграгарадку Моладава Іванаўскага раёна. Гэта адзіны будынак былога сядзібна-паркавага ансамбля роду Скірмунтаў, што захаваўся. Згаданы род унёс значны ўклад у эканамічнае і сацыяльна-палітычнае развіццё Беларусі.

Зразумела, што неабходна прыкладаць усе намаганні, каб захаваць гістарычную спадчыну як для наступных пакаленняў, так і для гасцей нашага рэгіёна, якіх з-за эпідэміялагічнай сітуацыі, вядома, стала менш. Аднак гэта яшчэ раз паказвае нам перспектыўнасць развіцця такога кірунку, як унутранны турызм. Упэўнены, што Косаўскі палац, напрыклад, можа стаць сапраўднай турыстычнай жамчужынай Брэстчыны. Турыстычны патэнцыял рэгіёна — адзін з самых вялікіх, бо нам ёсць што паказаць.

Вольга АНУФРЫЕВА
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: «Асноўная задача — павысіць эфектыўнасць вытворчасці. Для гэтага патрэбна падняць аграрную галіну на больш высокі тэхналагічны ўзровень».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.