Вы тут

Няхай і далей беражэ і радуе нас «Берагіня»


Сёлетні год для акцябрскай «Берагіні», якая мае адзінаццаты парадкавы нумар, асаблівы. Найперш тым, што адзін з яе ўдзельнікаў адзначае 25-гадовы юбілей. Я маю на ўвазе заслужаны аматарскі мастацкі калектыў «Берагіня» з вёскі Мётча Барысаўскага раёна. Стварыў і нязменна кіруе ім, як і адборам, і заключным этапам усяго фестывалю, таксама сёлетні юбіляр Мікола Аляксеевіч Козенка. Юбілей сёлета і ў нязменнай нядаўняй клапатлівіцы аб годным правядзенні заключных мерапрыемстваў рэспубліканскага фестывалю «Берагіня» ў Акцябрскім Святланы Анатолеўны Беразоўскай.


Дзякаваць Богу, у сённяшняй беларускай культуры маецца нямала знакавых падзей, якія набылі сваю заслужана багатую і цікавую гісторыю, сталі пазнавальнымі прыкметамі нашай краіны. Справядліва і заслужана. Але нават сярод іх я выдзеліў бы адну, найбольш пазнавальную і карысную. Карысную як для дня сённяшнага, так і для нашага культурнага заўтра. Для будучыні таму, што яна, гэтая падзея, адрасавана і моладзі, нават самаму юнаму пакаленню беларусаў. Яна абуджае ў іх тыя нязводныя пачуцці і памкненні, якія даюць пэўную і моцную надзею: не, не здрабнее беларуская культура, не вычарпаецца, не перасохне яе крынічная бруістасць, калі так настойліва і пастаянна будуць далучацца ўсё новыя і новыя прыхільнікі.

Вядома ж, я маю на ўвазе непаўторную, надзвычай цікавую і захапляльную для мяне асабіста «Берагіню». Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва — так гэтае свята называецца афіцыйна. І што для мяне асабліва важна — тут кожнае слова на сваім месцы, са сваім невычэрпным зместам. Выкінь хоць адно, і сэнс мерапрыемства — не надта справядлівае слова ў дачыненні да «Берагіні» — будзе няпоўны, неадэкватны, нясутнасны. Але я дадаў бы да гэтых азначэнняў і яшчэ адно — міжнародны, бо гэта таксама праўдзівая праўда.

Давайце зразумеем, што рэспубліканскі азначае яго высокі і паўнацэнны статус, які забяспечваецца шырокім удзелам многіх і многіх прыхільнікаў харэаграфічнага мастацтва, як навічкоў, так і традыцыйных носьбітаў.

Давайце ўсвядомім, што фестываль спалучае ў сабе і шматфарбнасць на месцах, падчас адбору на рэспубліканскі ўзровень, і надзвычайную захопленасць, і майстэрства на заключным этапе. Фестываль — гэта ж вам не шараговае свята, а калі свята — то і адносіны да яго ўзвышаныя і святочныя.

Ну, а ў фальклорнай напоўненасці акурат тая адметнасць, якая акрамя ўсяго сведчыць і аб пераемнасці, вабнасці і неўміручасці традыцый, таго, што нязводна жыло і жыве ў людскім хаўрусе. Фальклорная скіраванасць далучае фестываль да незабыўных акцый, якія аберагаюць і прымнажаюць тыя даўнія традыцыі, з якімі вырасла не адно пакаленне творча адораных і проста неабыякавых беларусаў.

Тое ж самае можа даказаць і яшчэ адно слова з гэтай кагорты — мастацтва. Так, высокае і блізкае нам мастацтва, якое годна і ахвотна пераймае маладое пакаленне.

Усё гэта разам сведчыць: «Берагіня» жыла, жыве і, спадзяюся, будзе жыць. Як я казаў не раз, «Берагіня» не загіне, калі да яе захаваюцца паважлівыя і неабыякавыя, не дзяжурныя адносіны ва ўсіх зацікаўленых: ад арганізатараў да ўдзельнікаў. І тыя і тыя хочуць, могуць і ўмеюць зрабіць «Берагіню» сапраўдным святам фальклорнага мастацтва, харэаграфічнага майстэрства. Дзякуй усім за такі шчыры і патрэбны нам клопат.

Вядома ж, асаблівая мая падзяка нязменнаму матору і ўмельцу, няўрымсліваму шукальніку і творцу Міколу Аляксеевічу Козенку. Гэта яго непасрэдная заслуга, праява яго даравітасці і неабыякавасці, што фестываль так доўга жыве і паўтараецца ўжо не ў адным маладым пакаленні.

Не магу таксама не згадаць і не аддаць належнае яшчэ аднаму зацікаўленаму і неабыякаваму да «Берагіні» чалавеку, намаганнямі якога фестываль у Акцябрскім стаў такім, якім стаў. Я маю на ўвазе нястомную і творча апантаную Святлану Анатолеўну Беразоўскую. Яна годна дапаўняла такую ж нястомнасць і апантанасць Міколы Аляксеевіча. Дзякуючы ім фестываль стаў і рэспубліканскім, і фальклорным, і мастацкім. І яшчэ — змястоўным, захапляльным, патрэбным. Міжнародным таксама, бо ў ім не раз бралі ўдзел замежныя майстры харэаграфічнага мастацтва.

Калі згадзіцца, што Козенка навучае традыцыйнаму побытаваму танцу як дарослых, так і дзяцей, то Беразоўская годна спрыяла рэальнай праяве гэтага майстэрства падчас заключнай часткі фестывалю, які многія гады ўпрыгожвае багатую на свае традыцыі Рудабелку — зямлю Акцябрскага раёна. І няспынна, нястомна распаўсюджваецца па блізкіх і далёкіх ад яго мясцінах — вельмі хацелася б, каб ні на кропельку не змізарнелі і не зменшыліся гэтыя абсягі.

Гэтаксама, як свае падыходы да такой акцыі своеасаблівым чынам правярае і даказвае іх карысць Мікола Аляксеевіч з родным яму гуртом «Берагіня» з вёскі Мётча Барысаўскага раёна. Дарэчы, сёлета надзвычай значная падзея ў жыцці не толькі гэтага калектыву — 25-гадовы юбілей мётчынскай «Берагіні». Заслуга і дасягненне — без перабольшання — Міколы Козенкі. І нездарма яму сёлета ўручылі высокія ўзнагароды не толькі Беларускі фонд культуры, сябрам рады якога ён з'яўляецца, але і многія іншыя ўстановы. За свае 70 гадоў Мікалай Аляксеевіч заслужыў не толькі гэтыя адзнакі. Дарэчы, гэтаксама і юбілейная сёлета Святлана Анатолеўна Беразоўская. І вельмі добра, што ўсё навідавоку, што многія і многія гэта бачаць і цэняць, дзякуюць і падтрымліваюць.

Адно хацелася б пажадаць — каб гэтая падтрымка не знікала і не меншала, што дадавала б да апантанасці Козенкі і неабыякавасці Беразоўскай яшчэ больш карысных і шчырых памкненняў. Бо здаўна вядома: калі мы разам, калі сумесна, то на многае здольныя. А яшчэ ўявіце, якая гэта карысная і практычная школа выхавання моладзі. Таму маё моцнае спадзеўнае жаданне, каб такая ж берагіня альбо берагінька — хоць бы адна — была ў кожным раёне нашай Беларусі. Вось гэта было б самае рэальнае, самае праўдзівае захаванне нашых адметных нацыянальных харэаграфічных традыцый, бо аднаўляць страчанае значна цяжэй, чым захоўваць і зберагаць тое, што жыве.

Дык няхай жа такая жыццёвасць і незнікальнасць будзе і з «Берагіняй» у Акцябрскім, і з «Берагіняй» мётчынскай!

Анатоль БУТЭВІЧ

Прэв’ю: cultur.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.