Вы тут

Аляксандру Каршакевічу — 65 гадоў!


«Лепшы гандбаліст у свеце», «уладар пляцоўкі», «унікальны талент» — для гэтага гульца журналісты ніколі не шкадавалі кампліментаў. Нават той, хто нарадзіўся пазней за перамогі вялікага Мінскага СКА другой паловы 1980-х, абавязкова чуў пра гульню Аляксандра Каршакевіча. А яго вынаходства — кідок з «падкруткай», дзякуючы якому ён мог закідваць мячы ў вароты суперніка практычна з нулявога кута, увайшло ў гісторыю гандбола. Запатэнтаваць бы, каб ведалі, хто гэта прыдумаў. Але і без патэнтаў усе цудоўна ведаюць, хто такі Аляксандр Каршакевіч. Сёння алімпійскаму чэмпіёну спаўняецца 65! 


Спартыўную кар’еру ён мог бы зрабіць і ў футболе. Эдуард Малафееў, неаднойчы запрашаў таленавітага гульца ў Мінскае «Дынама». Але як сцвярджае Аляксандр Уладзіміравіч, футбол ён любіць і паважае, але не да такой ступені, каб дзеля яго сыходзіць з гандболу, якому належыць яго сэрца. 

Вялікага спартсмена Аляксандра Каршакевіча зрабіў вялікі трэнер Спартак Мірановіч. Яны цудоўна разумелі адзін аднаго. Аляксандр Каршакевіч ніколі не баяўся вялікіх нагрузак, якімі славіцца методыка Мірановіча, і працаваў сумленна. «У снежні 1979 гады я лёг на аперацыю, лячылі плячо. Урачы сказалі паўгода ўвогуле не трэніравацца. Я прыйшоў у залу, прысеў на лаўку. Ад Спартака Пятровіча прыляцела пытанне: „Саша, ты на алімпіяду жадаеш паехаць?“. Ну хто ж не жадае на алімпіяду. „Рука баліць, але ногі то цэлыя, ідзі бегай, рука потым падцягнецца“, — кажа мне Спартак Пятровіч. У ліпені 1980-го я ўжо гуляў на Алімпіядзе. Для сучасных спартсменаў гэта нерэальна», — адзначае чэмпіён. 

Менавіта Аляксандр Каршакевіч першы сярод беларускіх гандбалістаў увайшоў у склад зборнай Савецкага саюза. Ён жа першы з беларускіх гандбалістаў заваяваў алімпійскі медаль. Праўда, гісторыя гэта крыху сумная. На Алімпійскіх гульнях 1980-га года ў Маскве ў фінале гандбольнага турніру зборная СССР сустрэлася з камандай ГДР. Удзельнікам ключавога эпізоду ў гэтым матчы стаў Аляксандр Каршакевіч. Лёс алімпійскага золата вырашаўся ў авертайме, дзе беларускі гулец, на жаль, не змог зраўняць лік і перавесці гульню ў дадатковы час. Алімпійскімі чэмпіёнамі 1980 года сталі немцы, якія перамаглі з лікам 23:22.

«Прагучала сірэна. Я сышоў у іншую залу, спрабаваў асэнсаваць тое, што адбылося. Пасля матчу хлопцы чакалі мяне з допінг-кантролю, я доўга не мог здаць аналіз. Прыйшоў, сеў на задняе сядзенне ў аўтобусе і расплакаўся, малады ж. Выдатныя людзі Міша Ішчанка і Саша Анпілогаў далі мне сяброўскі падзатыльнік, сказалі, што срэбра алімпіяды ў 21 год — гэта вельмі добра, а золата ў мяне наперадзе. Яны мяне ў прытомнасць прывялі. Я да іх слоў прыслухаўся і паабяцаў сабе, што ўсё роўна буду алімпійскім чэмпіёнам. Хлопцы мяне супакоілі. Але ў Мінск мне вяртацца было сорамна. Былі нейкія дзіцячыя думкі, што на мяне пальцам будуць паказваць, што я не забіў. Уся краіна глядзела хатнюю алімпіяду, а тут я так „вызначыўся“. Валодзя Краўцоў запрасіў мяне да сябе пагасціць, аднавіцца. Я тры дні ў яго і прабыў. А бацькі ў Мінску кожны цягнік з Масквы сустракалі, дадому то я так і не патэлефанаваў», — успамінае Аляксандр Уладзіміравіч. 

Аляксандр Каршакевіч моцна пакутаваў пасля паражэння адзін раз (ва ўсякім разе, пра гэта дакладна вядома). Сапернікі Мінскага СКА былі ў падобным становішчы значна часцей. І лідарам каманды, ад якой пакутвалі гранды, быў менавіта Аляксандр Каршакевіч. І свой сакрэт ён не хавае: «Спартсмены павінны вытрымліваць нагрузкі. Без нагрузак ніводны від спорту не можа існаваць. Вынікі такіх складаных трэніровак бачылі ўсе балельшчыкі, якія на матчы СКА набівалі поўныя залы. Бачылі гэта і сапернікі. Мы часцяком гулялі з югаслаўскай камандай «Црвена Зорка». Яны нам расказвалі, што, калі на лёсаванні траплялася СКА-Мінск, іх агульная думка была — «Зноў СКА, зноў мы прайгралі». 

Дзякуючы такому падыходу, Аляксандр Каршакевіч выканаў дадзенае сабе абяцанне — у 1988 годзе на Алімпйскіх гульнях у Сеўле зборная Савецкага Саюза стала чэмпіёнамі. Затым былі кантракты з замежнымі клубамі, праца на пасадзе галоўнага трэнера жаночай зборнай. У жыцці Аляксандра Каршакевіча было шмат чаго. Нязменнай заставалася любоў да гандбола. «Гэта роднае, гэта жыве ў сэрцы. І нікуды не сыдзе», — дзеліцца Аляксандр Уладзіміравіч. І няхай сёння на матчы ён прыходзіць толькі як глядач, яго сэрца заўсёды на пляцоўцы. 

«Нагрузкі, падзенні — бясследна нічога не праходзіць. Але я ніколі не шкадаваў, што спорт так паўплываў на маё здароўе. Пахрамваю сёння, так. Але ў цэлым усё нармальна. У аднаго з нашых маладых гульцоў я неяк спытаўся пра нагрузкі. У адказ пачуў: „Потым кульгаць так, як вы я не хачу“. Я спытаў, чаму ён у спорт прыйшоў. Трэба не думаць, што будзе праз некалькі гадоў, трэба працаваць тут і зараз. Раней казалі, што спорт здароўе дае. Ага, добрае здароўе. Але, паўтаруся, я ні пра што не шкадую. Так было патрэбна». 

А як патрэбна, каб у нашым спорце было як мага больш такіх спартсменаў, як Аляксандр Каршакевіч.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.