Вы тут

Кітайскі студэнт пераклаў «Дзікае паляванне караля Стаха»


Творчасць класіка беларускай літаратуры Уладзіміра КАРАТКЕВІЧА (1930 — 1984) добра вядомая не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. І адбылося гэта дзякуючы, зразумела, перакладам яго твораў на іншыя мовы народаў свету. Працягваецца гэтая практыка і ў 2021 годзе.


Новае імя сярод перакладчыкаў неўміручых твораў Уладзіміра Караткевіча — кітайскі студэнт Сунь ФАНЬЦІ, які вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А некаторы час назад навучаўся ў адной з мінскіх школ. Спадар Сунь Фаньці пераклаў на кітайскую мову «Дзікае паляванне караля Стаха». Зробленая праца мае ўжо рэцэнзіі кітайскіх пісьменнікаў і прыхільна ўспрынята некаторымі прадстаўнікамі лінгвістычнай і літаратурнай супольнасці Паднябеснай, якія азнаёміліся з рукапісам перакладу. Кітайскае пераўвасабленне захапляльнага твора беларускага класіка перададзена да разгляду адносна выдання асобнай кнігай у Выдавецкі дом «Звязда», дзе, відавочна, і пабачыць свет. Магчыма, да рэалізацыі праекта спрычыніцца і кітайскі бок — і ў частцы падрыхтоўкі кнігі да друку і ў частцы яе распаўсюджвання.

Дарэчы, пераклад «Дзікага палявання караля Стаха» — не першы зварот Сунь Фаньці як перакладчыка да беларускай літаратуры. Малады творца пераклаў на кітайскую мову казку У. Караткевіча «Чортаў скарб», а таксама творы беларускіх пісьменніц Людмілы Рублеўскай, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Гэтыя пераклады надрукаваны ў часопісе «Беларусь» (штомесячнік выходзіць на беларускай, англійскай і кітайскай мовах).

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.