Вы тут

Рэктар БДМУ Рубніковіч: Набор на бюджэтную форму сёлета павялічым


Сёлета 100-гадовы юбілей адсвяткуе адна з вядучых ВНУ краіны — Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Ён прайшоў вялікі шлях — з моманту адкрыцця медыцынскага факультэта Белдзяржуніверсітэта, першымі выпускнікамі якога, дарэчы, стаў усяго 21 урач, да сённяшняга дня, калі на працоўныя месцы паедуць амаль 800 маладых спецыялістаў. Тысячы яго выпускнікоў працуюць цяпер, бадай, ва ўсіх установах аховы здароўя нашай краіны, а таксама і за яе межамі. З вядомым беларускім навукоўцам, рэктарам БДМУ, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Сяргеем Рубніковічам мы паразмаўлялі пра надзённыя праблемы ўніверсітэта і яго студэнтаў, будучыя планы і тое, чым універсітэт ганарыцца.


— Сяргей Пятровіч, сёлета ва ўстановы аховы здароўя прыйдзе каля 2600 маладых спецыялістаў. Колькі сярод іх выпускнікоў БДМУ?

— 16 сакавіка гэтага года ў нашым універсітэце прайшло размеркаванне. На ўсіх факультэтах у ім, дарэчы, традыцыйна ўдзельнічаў міністр аховы здароўя. Усе нашы сёлетнія выпускнікі, а іх 791, прайшлі размеркаванне, у тым ліку 360 — з лячэбнага факультэта, 165 —
з педыятрычнага, 104 — са стаматалагічнага, 78 — з медыка-прафілактычнага і 79 — з фармацэўтычнага.

Чатыры выпускнікі факультэта замежных навучэнцаў таксама пажадалі атрымаць першае месца працы, бо маюць намер застацца ў Беларусі. Па выніках размеркавання накіраванні на працоўныя месцы і ў інтэрнатуру атрымалі 730 выпускнікоў, у тым ліку 588 з іх навучаліся за кошт бюджэту і 142 — на платнай аснове. Даведкі аб самастойным працаўладкаванні пажадалі атрымаць 56 выпускнікоў, якія вучыліся на платнай аснове.

Трэба адзначыць, што ўсе выпускнікі бюджэтнай формы атрымалі накіраванні на першае месца працы і ў інтэрнатуру, ні адзін з іх не застаўся незапатрабаваным. Усім выпускнікам платнай формы навучання, якія пажадалі, таксама былі прапанаваны месцы для
працаўладкавання.

— Куды ў асноўным размяркоўвалі сёлета будучых урачоў: у раённыя бальніцы і сельскую мясцовасць ці ў гарады? Ці ёсць шанцы ў выпускніка застацца ў сталіцы і трапіць у бальніцу ці нават РНПЦ? Ці ўсе выпускнікі даязджаюць да месцаў размеркавання?

— У размеркаванні ўдзельнічалі ўсе рэгіянальныя прадстаўнікі лячэбных устаноў — абласных цэнтраў (дыстанцыйна) і Мінска, у тым ліку і спецыялісты нашых РНПЦ. Размяркоўваліся выпускнікі згодна з рэйтынгавай бальнай шкалой. Пачалі з самых паспяховых студэнтаў бюджэтнай формы навучання, у тым ліку прэзідэнцкіх стыпендыятаў, што ўнесены ў банк адоранай моладзі.

У асноўным выпускнікі размяркоўваліся ў амбулаторна-паліклінічнае звяно па сваіх спецыялізацыях, бо ў стацыянарах не так шмат месцаў, на якія могуць узяць без адпаведнага досведу, як правіла, гэта толькі прыёмныя аддзяленні. У Мінск размеркавалася 32 % студэнтаў. На другім месцы — установы аховы здароўя Мінскай вобласці (26 %), на трэцім месцы — Брэсцкая вобласць (амаль 10 %). На Магілёўшчыну размеркавана 7,9 %. Астатнія рэгіёны забяспечваюцца пераважна выпускнікамі сваіх медуніверсітэтаў. Тым не менш у Гомельскую вобласць накіравана 6 % выпускнікоў, у Віцебскую і Гродзенскую — па 4,6 %.

У некаторыя РНПЦ, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, у арганізацыі, якія падначалены іншым міністэрствам і ведамствам, прыбудуць 60 нашых выпускнікоў (8,2 %), у тым ліку пяцёра накіраваны на кафедры ўніверсітэта.

Не засталіся без увагі і рэгіёны, аддаленыя ад абласных цэнтраў. Мы накіравалі 26 выпускнікоў ва ўстановы аховы здароўя, размешчаныя на тэрыторыях, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. У тым ліку ў 18 раёнаў — Ганцавіцкі, Драгічынскі, Маларыцкі, Гарадоцкі, Мёрскі, Веткаўскі, Кармянскі, Добрушскі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Воранаўскі, Капыльскі, Любанскі, Глускі, Слаўгарадскі і Хоцімскі.

Навыкі студэнты адпрацоўваюць на манекенах-імітатарах пацыента.

Аналіз прыбыцця выпуснікоў за папярэднія гады сведчыць, што працаўладкоўваюцца для праходжання інтэрнатуры амаль усе. Разам з тым штогод ёсць ахвотныя кампенсаваць у рэспубліканскі бюджэт грашовыя сродкі, затрачаныя на іх падрыхтоўку, і не працаваць па размеркаванні. Такая норма таксама прадугледжана заканадаўствам.

— Чым рэгіёны прыцягваюць маладых спецыялістаў?

— Трэба сказаць, што ўсе нашы выпускнікі, якія вучыліся па мэтавых накіраваннях, дзейнічалі згодна з падпісанымі з рэгіёнамі дагаворамі. Усе мэтавыя выпускнікі забяспечваюцца жыллём — арэндным ці інтэрнатам — гэта агаворваецца на месцы з установамі аховы здароўя. Некаторыя выпускнікі пажадалі працаўладкавацца па месцы свайго жыхарства, каб не мець патрэбы ў жыллі. У некаторых раёнах, якія зацікаўлены ў маладых спецыялістах, таксама прапануюць і жыллё, і адпаведныя надбаўкі да зарплаты, якія прадугледжаны нарматыўнымі дакументамі, і ў перспектыве — навучанне для павышэння кваліфікацыі, атрымання катэгорыі і дадатковай спецыялізацыі.

— Апошнім часам шмат кажуць пра практыка-арыентаванасць навучання ў ВНУ. Што робіцца ў гэтым кірунку ў вашым універсітэце?

— Медыцынская адукацыя заўсёды адрознівалася практыка-арыентаванасцю. У цяперашні час усе нашы вучэбныя праграмы таксама пераглядаюцца ў гэтым кірунку. Каля 80 % часу, а па некаторых праграмах і больш, асабліва на старшых курсах, уключаюць нашы практычныя заняткі, і толькі каля 20 % адводзіцца на лекцыйны матэрыял. Усе нашы клінічныя кафедры размешчаны па розных гарадскіх паліклініках, бальніцах, РНПЦ Мінска, дзе студэнты маюць магчымасць адпрацоўваць свае практычныя ўменні. Напрыклад, будучыя стаматолагі адпрацоўваюць навыкі на базе Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі. Дарэчы, сёлета яна будзе трансфармавацца ў нашу ўніверсітэцкую клініку. У пэўны перыяд сваёй гісторыі яна і была клінікай мінскага дзяржаўнага медінстытута. Там больш за 80 % практычнай, лячэбнай, вучэбнай і навуковай работы ажыццяўляюць выкладчыкі нашага стаматалагічнага факультэта. І з трансфармацыяй паліклінікі ва ўніверсітэцкую клініку мы маем пэўныя спадзяванні па ўдасканаленні і развіцці адукацыйнага працэсу. Усе новыя тэхналогіі ў лячэнні, якія з'яўляюцца і якія мы ствараем у краіне, адразу будуць асвойвацца студэнтамі на ўзроўні вучэбнай работы.

У нас ва ўніверсітэце маецца практыка-арыентаваны цэнтр — лабараторыя практычнага навучання БДМУ. Яна аснашчана механічнымі трэнажорамі, а гэта фантомы, муляжы, маніпуляцыйныя трэнажоры, з дапамогай якіх студэнты асвойваюць асобныя практычныя навыкі — ін'екцыі, пункцыі, катэтарызацыі, хірургічнае шво, лапараскапічныя аперацыі. Маюцца і манекены-імітатары пацыента, гэта больш складаныя механічныя паўнароставыя мадэлі чалавека. Яны аснашчаны электроннымі ўстройствамі, якія даюць ацэнку маніпуляцый — пры належным выкананні сардэчна-лёгачнай рэанімацыі ці, скажам, пункцыі падаюць светлавы і гукавы сігнал. Робаты-сімулятары пацыента — вырабы найвышэйшага класа рэалістычнасці, яны маюць складаную электронна-механічную канструкцыю, якая на аснове праграмнага забеспячэння імітуе фізіялагічныя рэакцыі пацыента ў адказ на маніпуляцыі і ўвядзенне медыкаментаў. Для дыягностыкі і лячэння робата-сімулятара выкарыстоўваецца стандартная медыцынская апаратура і медыцынскі інструментарый. У наступным годзе ў нас запланавана будаўніцва новага практыка-арыентаванага сімуляцыйнага цэнтра з яшчэ больш высокімі тэхналогіямі. Гэта 3D-, 4D-тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў выкананні складаных хірургічных аперацый і тэрапеўтычных маніпуляцый.

Вядома, сімуляцыйныя методыкі не могуць цалкам замяніць увесь аб'ём практычнай дзейнасці студэнтаў. Але калі летась і сёлета з улікам каранавіруснай інфекцыі некаторыя нашы клінічныя базы зачыняліся на каранцін, гэта было істотнай падмогай.

— Падчас пандэміі многія студэнты і самі працавалі ў паліклініках і стацыянарах...

— Так, летась і сёлета больш за 1300 нашых студэнтаў працавалі ў сістэме аховы здароўя па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. У асноўным гэта студэнты 4-6 курса. Прычым шосты курс лячэбнага факультэта цалкам удзельнічаў у рабоце як падчас вытворчай практыкі, так і ўладкоўваўся самастойна. Усе яны паўнацэнна працавалі: кансультавалі ў кол-цэнтрах, вялі прыём на ўчастках, выязджалі да пацыентаў у складзе кантактных брыгад, працавалі ў чырвоных зонах. Студэнты 5-6 курса медыка-прафілактычнага факультэта рупіліся ў цэнтрах гігіены, многія з іх і цяпер працягваюць. Усіх іх мы ўрачыста адзначылі за дапамогу сістэме аховы здароўя ў складаны час.

— Колькі абітурыентаў плануецца набраць у новым навучальным годзе? Ці будуць змяненні ў правілах прыёму? Ці павялічацца лічбы набору?

— Правілы прыёму застануцца ранейшымі. Плануецца, што сёлета да нас паступяць 970 студэнтаў: 660 на бюджэтныя месцы і 310 — на платнай аснове. Акрамя гэтага, плануем набор каля 400 замежных грамадзян. Такім чынам, усяго да нас паступяць 1370 абітурыентаў. На 40 месцаў сёлета павялічыцца набор на бюджэтную форму. Гэта 20 месцаў на лячэбным факультэце і столькі ж — на медыка-прафілактычным.

У лабараторыі практычнага навучання БДМУ.

— Вышэйшыя навучальныя ўстановы медпрофілю даюць каля 30 % экспарту адукацыйных паслуг. Якая тут доля БДМУ? Колькі замежных студэнтаў навучаецца ва ўніверсітэце? З якіх краін яны прыязджаюць?

— У нас вучыцца каля дзвюх тысяч замежных студэнтаў з 51 краіны свету. Доля экспарту адукацыйных паслуг нашага ўніверсітэта сярод беларускіх медыцынскіх ВНУ складае амаль 43 %. Сярод усіх беларускіх ВНУ — 14,3 %. Гэта сведчыць найперш пра запатрабаванасць нашай медыцынскай адукацыі. У асноўным да нас прыязджаюць грамадзяне Ірана, Індыі, Туркменістана, Лівана, Ізраіля, нямала студэнтаў з Расіі, Шры-Ланкі, Ірака, Азербайджана, Іарданіі. Нядаўна падпісалі новае пагадненне з Ізраілем, яны хочуць павялічыць падрыхтоўку сваіх студэнтаў у БДМУ. У нас ёсць некалькі пілотных эксперыментальных праектаў па чатырохгадовай падрыхтоўцы замежных студэнтаў. Мы акрэдытоўваем іх у амерыканскім агенцтве, і дыпломы, якія яны атрымаюць, будуць пацверджаны аўтаматычна ў іх краінах — Канадзе, Амерыцы, Ізраілі і Вялікабрытаніі. Яны вучацца на радзіме першы-трэці курс, потым на чатыры гады прыязджаюць да нас і завяршаюць адукацыю.

Для замежнікаў навучанне вядзецца на рускай і англійскай мовах на выбар. І з кожным годам лічба мяняецца ў бок павелічэння англамоўнага навучання.

Спектр краін, з якіх да нас едуць студэнты, павялічваецца, цікавасць ёсць. Нават пандэмія каранавіруса не перашкодзіла нам выканаць паказчыкі экспарту. Ёсць, канешне, пытанне з пашырэннем інтэрнатаў. Пакуль мы забяспечваем месцамі ўсіх нашых студэнтаў: і беларусаў, і замежнікаў. Але з улікам таго, што іх становіцца больш, праблема можа з'явіцца. На найбліжэйшы час запланавана будаўніцтва новага інтэрната на 500 месцаў для нашых студэнтаў у студэнцкай вёсцы.

— Ці ёсць міжнародныя адукацыйныя праграмы і куды ездзяць навучацца па іх будучыя беларускія ўрачы?

— Да пандэміі ездзілі больш актыўна, але летась многія краіны закрылі граніцы. У нас ёсць дамова з Японіяй: сумесна з універсітэтам г. Нагасакі, медыцынскім універсітэтам г. Фукусімы і Паўночна-Заходнім дзяржаўным медуніверсітэтам імя І. І. Мечнікава рэалізоўваецца адукацыйны праект «Падрыхтоўка кадраў у галіне медыцыны катастроф і радыяцыйнай медыцыны». Таксама супрацоўнічаем з універсітэтам г. Акіта (Японія) і ўніверсітэтам Заходняга Антарыа (Канада). Многія рэгіёны Расіі — Масква, Санкт-Пецярбург, Самара, Кіраў, Стаўрапаль, Краснадар — таксама працуюць з намі.

У межах абмену студэнтамі, як правіла, падчас вытворчай практыкі, супрацоўнічалі да пандэміі з Польшчай, Украінай і іншымі суседзямі. Цяпер дамовіліся з Ізраілем: з іх студэнтамі, якія вучацца ў нас і едуць на практыку ў ізраільскія клінікі, паедуць і беларускія студэнты. Спадзяёмся, што хутка граніцы адкрыюцца, і наша супрацоўніцтва цалкам адновіцца.

— Сяргей Пятровіч, сёлета ўніверсітэту споўніцца 100 гадоў. Чым ганарыцца БДМУ на сваім шляху даўжынёй у стагоддзе? За што за мяжой, у той жа Еўропе, цэняць нашу медыцынскую адукацыю?

— Нашых выпускнікоў адрозніваюць шырокі кругагляд і ўзровень мыслення. Калі многія заходнія школы арыентаваны на рэгламентаваныя пратаколы, гэта значыць, паставіць дыягназ і дакладна трымацца іх, то ў нашых спецыялістаў больш шырокае мысленне. Перавагу дае і практыка-арыентаваная падрыхтоўка, калі студэнты з першых курсаў атрымліваюць досвед на нашых клінічных базах. І бачаць, як кантактуюць з пацыентам, як ставяць дыягназ, лечаць нашы выкладчыкі і найлепшыя ўрачы. Ніякіх складанасцяў нашы спецыялісты, якія скончылі ўніверсітэт і атрымалі практыку ў лячэбных установах, у іншых краінах не адчуваюць.

А ганарымся мы найперш нашымі выпускнікамі, якія сёння ўзначальваюць і РНПЦ, і вялікія клінікі. Гэта і кіраўнік Мінскага НПЦ хірургіі і транспланталогіі, выбітны трансплантолаг Алег Румо, і дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Міхаіл Герасіменка, дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Наталля Міцькоўская, дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргей Палякоў, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, вядомы інфекцыяніст, народны ўрач Ігар Карпаў. Гэты спіс можна працягваць бясконца. Мы падтрымліваем сувязь з выпускнікамі, а яны ў сваю чаргу дапамагаюць нашым студэнтам развівацца ў прафесіі.

Алена КРАВЕЦ,

Фота з архіва дадзена прэс-службай БДМУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.