Вы тут

У вядучай медыцынкай ВНУ краіны растлумачылі асаблівасці ўступнай кампаніі-2024


Уступная кампанія не за гарамі. Пакуль школьнікі штудзіруюць падручнікі і рыхтуюцца да здачы ЦЭ і ЦТ, ВНУ праводзяць прафарыентацыйную работу. Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, напрыклад, 17 лютага запрашае на Дзень адчыненых дзвярэй. Напярэдадні гэтай сустрэчы з патэнцыяльнымі абітурыентамі адказны сакратар прыёмнай камісіі Андрэй Гіндзюк расказаў аб асаблівасцях маючай адбыцца ўступнай кампаніі, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА

У цэлым у бягучым годзе, паводле яго слоў, захоўваецца сістэма ўступных іспытаў, сфарміраваная ў 2023 годзе. Найбольш значныя змены закранулі мэтавага набору. Падчас маючай адбыцца ўступнай кампаніі паступаць па мэтавых напрамках змогуць абітурыенты з сярэднім балам атэстата не менш як 7. Зрэшты, ахвочых паступіць у БДМУ гэта не моцна спалохае: у вядучую медыцынскую ВНУ і раней ішлі матываваныя абітурыенты з моцнымі ведамі.

Разам з тым некаторыя абітурыенты і іх бацькі ўсё ж задаюцца пытаннем, ці можна падаваць дакументы на навучанне па мэтавых напрамках, калі ў атэстаце адна або некалькі шасцёрак. На гэта Андрэй Гіндзюк адказвае сцвярджальна. У абноўленых правілах прыёму асоб для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі размова ідзе толькі аб сярэднім бале атэстата — не ніжэй за сем.

Жадаючым навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі трэба будзе здаць адзін вусны ўнутраны іспыт. Для тых, хто паступае на спецыяльнасці «лячэбная справа», «педыятрыя», «стаматалогія», «медыка-прафілактычная справа», першым профільным прадметам будзе біялогія, па спецыяльнасці «фармацыя» — хімія. Пытанні да вуснага іспыту ўжо размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі. У бягучым годзе гэта 100 пытанняў па хіміі і біялогіі. Плануецца, што ў кожным білеце будзе па два вусныя пытанні.

Для патэнцыйных мэтавікоў у БДМУ распрацавалі бясплатны анлайн-курс падрыхтоўкі да вуснага іспыту. Як удакладніў адказны сакратар прыёмнай камісіі, падрыхтоўку да здачы вуснага ўнутранага іспыту вядуць выкладчыкі, якія тут працуюць.

Андрэй Гіндзюк лічыць, што паступленне на мэтавую форму падрыхтоўкі — найбольш рэальны шанц стаць студэнтам вядучага медыцынскага ўніверсітэта краіны. На мэтавыя месцы прыпадае ад 70 працэнтаў да 80 працэнтаў бюджэтных месц. «У мінулым годзе прахадны бал на бюджэт на некаторыя спецыяльнасці быў 395, і гэта толькі пацвярджае, што паступленне на мэтавую форму падрыхтоўкі сёння найбольш рэальная магчымасць стаць студэнтам БДМУ», — адзначыў ён.

Зрэшты, на мэтавае навучанне возьмуць не кожнага ахвочага. Конкурс адбудзецца па спецыяльнасці і сярод асобных арганізацый-заказчыкаў.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі агітуе абітурыентаў ужо зараз вызначацца з заказчыкам кадраў, з якім хацелася б заключыць дагавор. «Сёння няма абмежаванняў ні па ўстановах аховы здароўя, куды выпускнік можа размяркоўвацца, ні па населеных пунктах, дзе размешчана канкрэтная ўстанова аховы здароўя. Нашы мэтавікі размяркоўваюцца і ў буйныя абласныя бальніцы, і рэспубліканскія ўстановы аховы здароўя, і цэнтры гігіены і эпідэміялогіі — усё залежыць ад іх і жадання працаваць», — растлумачыў Андрэй Гіндзюк.

Ён падкрэсліў, што не мае значэння і месца рэгістрацыі абітурыента. Мінчанін можа заключыць мэтавую дамову з заказчыкам кадраў у любым рэгіёне, як, зрэшты, і абітурыент з рэгіёна звярнуцца да заказчыка кадраў у Мінску.

«Колькасць мэтавых дагавораў не абмежавана. Іх можна заключаць аж да апошняга дня падачы дакументаў у ВНУ», — заўважыў адказны сакратар прыёмнай камісіі. І расказаў, што ў БДМУ ёсць практыка, згодна з якой падчас уступнай кампаніі ў апошнія дні падачы дакументаў на мэтавую форму падрыхтоўкі ў ВНУ знаходзяцца заказчыкі кадраў, з якімі можна заключыць мэтавыя дагаворы прама на тэрыторыі ўніверсітэта. Аднак, канешне, лепш гэта зрабіць загадзя.

У мінулым годзе заказчыкі кадраў выдавалі мэтавыя дагаворы ў асноўным у маі — чэрвені. У бягучым годзе гэта будзе залежаць ад таго, калі з’явяцца лічбы мэтавага набору.

Некаторыя змены ва ўступнай кампаніі датычацца і выпускнікоў каледжаў. Выпускнікі, якія скончылі ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, змогуць атрымаць максімальны бал (100 балаў) па першым профільным прадмеце ўступных іспытаў, і гэтае правіла распаўсюджваецца на мэтавую форму падрыхтоўкі. «Гэта значыць выпускнік каледжа з дыпломам з адзнакай пры паступленні па мэтавым накіраванні можа, не здаючы вусны іспыт, атрымаць аўтаматам 100 балаў па вусным іспыту. Калі ён плануе паступаць на агульны бюджэт або платнае, яму ЦТ па першым профільным іспыты можна не здаваць: ён атрымае 100 балаў аўтаматам», — растлумачыў Андрэй Гіндзюк.

Паводле яго слоў, такая траекторыя паступлення (школа — каледж — профільная ВНУ) апраўдала сябе. Тым больш, што сёння вельмі шмат каледжаў арыентавана на тое, каб набіраць навучэнцаў пасля 9-га класа. Для матываваных, зацікаўленых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вучацца ў каледжах выдатна, адкрываюцца вялікія шанцы на паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Цяпер у БДМУ рыхтуюцца да шырокай прафарыентацыйнай кампаніі з улікам скарэкціраваных правіл прыёму. Мяркуецца, што менавіта ў гэтым медыцынскім універсітэце будзе самая вялікая колькасць мэтавых месцаў сярод усіх ВНУ краіны. У мінулым годзе такіх тут было больш за 500, а сёлета папярэдне — больш за 600 бюджэтных мэтавых месцаў. «Таму плануецца даволі вялікі комплекс прафарыентацыйных мерапрыемстваў. У першую чаргу гэта дні адчыненых дзвярэй, бліжэйшае такое мерапрыемства адбудзецца 17 лютага. Акрамя таго, у час студэнцкіх канікул праводзіліся сустрэчы і ў школах», — расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.