Вы тут

Алег Дзьячэнка: Экстрэмізм набывае ўсё новыя формы і праявы


Працягваем знаёміць грамадства з меркаваннямі экспертаў і палітычных дзеячаў аб нядаўна падпісаных кіраўніком дзяржавы законах, якія датычацца недапушчэння рэабілітацыі нацызму, а таксама процідзеяння экстрэмізму. Сваімі думкамі дзеліцца сенатар ад Магілёўскай вобласці Алег ДЗЬЯЧЭНКА, член абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму:


— Праблема экстрэмізму актуальная для многіх цывілізаваных краін свету. У Беларусі гэтае пытанне набыло асаблівую вастрыню ў сярэдзіне 2000-х гадоў, калі праз вулічны гвалт палітычныя радыкалы спрабавалі неканстытуцыйным шляхам набыць дзяржаўную ўладу. Зваротнай рэакцыяй на іх дзеянні стала прыняцце ў 2007 годзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму». У наступныя гады ў закон уносіліся змяненні. Напрыклад, у 2019 годзе ён дапоўніўся паняццямі «нацызм», «нацысцкая сімволіка і атрыбутыка», «рэабілітацыя нацызму».

Летась быў кінуты новы гістарычны выклік. Экстрэмісты чарговы раз паспрабавалі дэстабілізаваць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. Абапіраючыся на палітычна несвядомых грамадзян, якія былі незадаволены вынікамі электаральнай кампаніі, яны ўступілі на шлях адкрытага супрацьстаяння з грамадствам і дзяржавай. У глабальнай інфармацыйна-тэлекамунікацыйнай сетцы Інтэрнэт, сацыяльных сетках «УКантакце», Facebook, інфармацыйных каналах месенджараў Telegram, Vіber адкрыта распальвалася сацыяльная варожасць, распаўсюджваліся fake news на прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, патрыётаў Беларусі, ажыццяўлялася прапаганда нацысцкай ідэалогіі, рэабілітацыя фашызму, планаваліся, арганізоўваліся і каардынаваліся з-за мяжы несанкцыянаваныя масавыя грамадска-палітычныя мерапрыемствы, накіраваныя на разбурэнне нармальнага жыцця грамадства.

Экстрэмізм у Беларусі эвалюцыянаваў і набыў новыя формы і праявы. Таму своечасовым крокам стала ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства, якія дазволяць эфектыўна процідзейнічаць распаўсюджванню гэтай негатыўнай сацыяльнай з'явы.

Напрыклад, закон дапоўнены новымі прыкметамі экстрэмізму, і цяпер экстрэмісцкай дзейнасцю лічацца «распаўсюджанне заведама лжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь», а таксама «публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення незаконных сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, альбо ўключэння асоб ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах шляхам гвалту, пагрозы прымянення гвалту, падману або выплаты ўзнагароды, альбо іншай арганізацыі ці правядзення такіх масавых мерапрыемстваў, калі іх правядзенне пацягнула па неасцярожнасці гібель людзей, прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання адной або некалькім асобам або прычыненне шкоды ў буйным памеры».

У законе з'явіліся і іншыя істотныя дапаўненні, якія ўлічваюць усе магчымыя праявы экстрэмізму ў беларускім грамадстве.

З пункту гледжання практыка адзначу, што ў спецыялістаў па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі з'явілася больш юрыдычных падстаў для выяўлення прыкмет экстрэмізму і падрыхтоўкі адпаведных заключэнняў. У сучасных умовах гэта прынцыпова важна, бо дзеля захавання грамадзянскай згоды, бяспекі грамадзян і сацыяльных інстытутаў трэба ўжо ў «нулявой кропцы» спыняць любыя формы праявы экстрэмізму. На вырашэнне гэтых задач і накіравана новая рэдакцыя закона.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.