Вы тут

«Хатынь» чакае рэканструкцыя


Пра гэта было заяўлена падчас пасяджэння Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, якое адбылося ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Парламентарыі абмеркавалі пытанні патрыятычнага выхавання моладзі. Перад пачаткам пасяджэння для іх правялі экскурсію па комплексе. Пасля ўдзельнікі сустрэчы ўсклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.


Фота: БелТА

— На працягу двух дзён Камісія Парламенцкага сходу па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях праводзіла семінар па гісторыка-патрыятычным выхаванні моладзі Саюзнай дзяржавы, — расказала намеснік старшыні камісіі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Людміла МАКАРЫНА-КІБАК. — Вялікая работа вядзецца сёння. Але мы павінны яе мацаваць, каб падрастаючае пакаленне разумела, што любая жорсткасць прыводзіць да смерці дзяцей, дарослых, да заканчэння жыцця. Пра гэта трэба казаць на ўроках патрыятычнага выхавання. Многае залежыць і ад сям'і. Бацькам варта прывозіць у Хатынь дзяцей, расказваць ім пра тое, што тут адбылося. Інфармацыі, якую атрымліваеш тут, не знойдзеш у школьнай праграме.

Старшыня Экспертнага савета Маладзёжнай палаты пра Парламенцкім сходзе Аляксандр Лук'янаў расказаў аб праекце «Лічбавая зорка», які стартаваў год назад.

«Мы алічбавалі паўтары тысячы памятных мясцін, з якіх ужо 1091 унесены ў базу даных. Карта геалакацый, адзначаных у праекце, распасціраецца ад Камчаткі да Калінінграда. Больш чым 60 % алічбаваных помнікаў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Гэта абумоўлена не толькі актыўнасцю маладых людзей, якія прыцягнуты ў працэс, але і гістарычнымі аспектамі нашай шматпакутнай краіны», — адзначыў Аляксандр Лук'янаў.

Рэалізацыя праекта дазваляе ўцягваць моладзь у падрабязнае вывучэнне аспектаў Вялікай Айчыннай вайны з дапамогай мабільных тэлефонаў. Праект быў добра ўспрыняты не толькі ў Беларусі і Расіі, але і краінамі былога Савецкага Саюза. Алічбаваныя некалькі помнікаў у Еўропе.

«Мы мяркуем, што маштаб праекта не трэба замыкаць на Саюзнай дзяржаве, яго варта развіваць на пляцоўках СНД, Еўрапейскіх краін, — лічыць старшыня Экспертнага савета. — Мэта праекта — загрузіць у сеціва інфармацыю пра помнік праз канкрэтных маладых людзей, якія пражываюць не толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах, але і ў невялікіх вёсках. Кожны старшакласнік ведае, што ў яго мясцовасці жылі, пахаваны, здзейснілі подзвіг героі. «Лічбавая зорка» дазваляе весці рэйтынг актыўнасці маладых людзей. Зараз самы актыўны Гомельскі рэгіён. Мяркуем з дапамогай дэпутатаў заахвоціць больш удзельнікаў».

Старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, расійскі сенатар Алена Афанасьева лічыць, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне патрабуе асаблівай увагі.

«Нашы замежныя апаненты хочуць забыць пра тое, што зрабілі іх дзяды і прадзеды на нашай зямлі, — сказала Алена Афанасьева. — Яны хацелі б, каб пра гэта не ведалі нашы дзеці. Кожны настаўнік, кожны бацька павінен разумець: у нас спрабуюць выкрасліць частку памяці. Мы абавязаны зрабіць усё, каб маладое пакаленне ведала сапраўдную гісторыю, не выдуманую, не падчышчаную».

Алена Афанасьева расказала аб планах рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Пакуль канкрэтныя тэрміны не вызначаны і фінансавы бок не пралічыны, ёсць толькі праекты студэнтаў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў, якія ўдзельнічалі ў адпаведным конкурсе.

«Мы са свайго боку абавязкова звернемся ў Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, якія будуць прымаць канчатковае рашэнне па рэканструкцыі. Неабходна павялічыць плошчу для музея, правесці добраўпарадкаванне тэрыторыі з улікам сучасных умоў, уладкаваць інтэрактыўныя інфармацыйныя пляцоўкі», — сказала парламентарый.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,

Лагойскі раён.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.