Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Салдатамі не нараджаюцца...

Як пісалі гумарысты, машына не раскоша... А цяпер і пагатоў... На ёй (дакладней, вядома ж, на іх...) хто толькі не ездзіць!

Алена, мая таварышка, здала на правы ў сталым узросце — незадоўга да пенсіі. Яна б, можа, і раней... Муж не дазваляў. Казаў: «Адно і тое ж — што жанчына за рулём, што малпа з гранатай», нават прыклад таму прыводзіў — жонкі свайго дружбака. Тая неяк паруліць захацела. Муж дазволіў: ну чаму б і не, калі просіць — па роўнай грунтоўцы, пад яго наглядам...

Карацей — усё добра было б, калі б на дарогу не выпаўз... вуж: вялізны такі, бліскучы. Кіроўца ўбачыла і...

Дзіцячая рэакцыя (ці дзявочая?): крык, піск, ногі з педаляў, рукі з руля...

Шчасце, што муж яго перахапіў!

...Але ж і яны, тыя мужы, за рулём далёка не анёлы: у іх таксама прыгоды бываюць. Аленін вось неяк расслабіўся пад добры шансон — педаль газу моцна прыдушыў, трапіў у ДТЗ, пазбавіўся правоў. А без іх ды машыны ж, як без рук, да таго ж з непрывычкі...

Так што нідзе не дзеўся бядак: жонцы, што называецца, «ласку зрабіў» — дазволіў пайсці на курсы.

...Лена там самая старэйшая была (астатнія — ва ўзросце ўнукаў), аднак Дзімона, інструктара па ваджэнні, яе ўзрост чамусьці не бянтэжыў (ва ўсякім разе спачатку)... Гэта потым хапіла ўсяго. Іх машына чамусьці глухла часцяком (пераважна на скрыжаваннях), яна ж час ад часу любіла палохаць фуры — выязджаць на сустрэчную паласу альбо «рассякаць» па двайной суцэльнай...

А неяк на павароце Алена не збавіла хуткасць, і машына ледзь не нырнула ў абрыў. Вось тады ўжо Дзімон, які дагэтуль нервова курыў у фортку, сказаў, што яму да пенсіі — не тое, што некаторым, і ён хацеў бы дажыць...

Як бы там ні было — вочы баяцца, а рукі робяць...

І дарогу таксама адольвае той, хто ідзе. Альбо ездзіць.

Экзамены — і па тэорыі, і па ваджэнні — Алена здала паспяхова, атрымала правы, раз'язджае сама, часам падвозіць мужа. І той (па чутках) нават рады ўжо, ганарыцца перад сябрамі, Лену, здараецца, Шумахерам заве.

Не за прыгожыя ж вочкі?

Таццяна Раманава, г. Наваполацк


Эстафета дабрыні, альбо «Міхалыч, будзь чалавекам...»

Сталым чытачам нагадваць не варта: былі часы, калі партыя казала: «Трэба», камсамол адгукаўся: «Ёсць!».

Такім чынам, па яго пуцёўцы наша сяброўка Ліля
ад'язджала на цаліну. Мы з Нінай пайшлі на вакзал, каб яе праводзіць. Прычым не проста там аркестр паслухаць ды рукамі памахаць, — разам з Ліляй зайсці ў вагон, хоць трохі праехаць, а потым вярнуцца назад...

Мы «добра» прыдумалі. І ўсё, можа, так і было б: Ліля з Нінай пайшлі займаць месцы... Мне ж карцела купіць марозіва, для ўсіх. А я куляй, як быццам, панеслася ў буфет, а калі вярнулася, цягніка ўжо і след прастыў.

Шчыра: у мяне тады столькі гора было, столькі слёз... Далібог, не меней, чым у Ніны прыгод!

«Значыць, зайшлі мы ў вагон, паселі, — расказвала потым яна. — Поезд, чуем, крануўся. Мы едзем, ва ўсе вочы глядзім у акно. Бачым, што праехалі Мядзведку і Асінаўку... Там цягнік чамусьці не спыніўся, а прамой наводкай, як той казаў, панёсся далей — аж да самай... Оршы (ад Віцебска гэта 90 км).

Туды мы прыбываем а палове дзясятай раніцы. Я выходжу з вагона, кірую да кас, каб паехаць назад, і бачу, што цягнік у мой Віцебск адпраўляецца толькі... позна ўвечары, што білет каштуе амаль дзесяць рублёў (шчасце, што яны ў кішэні — мама дала), але ж мне цэлы дзень трэба нечым займацца і нешта есці...

Гуляю да помніка Заслонаву і далей... Бачу, што лавачак шмат... А ўжо колькі пахаў... Там піражкі прадаюць, там — булачкі, там — какаву... І ўсё не для мяне!

Але ж голад не цётка — здаюся: за 50 капеек бяру сабе булачку. А білет пасля — толькі да Мядзведкі: ну не з'явяцца ж кантралёры пасля гэтай станцыі, на
пад'ездзе да Віцебска?!

Марна было спадзявацца: не паспела ўзрадавацца, што амаль даехала, як яны, тыя грозныя дзядзькі, зайшлі ў цягнік. Я тут жа сіганула на верхнюю паліцу і прытварылася, што моцна сплю...

Дзядзькі пабудзілі — папрасілі паказаць білет. Я праціраю «заспаныя» вочы, корпаюся ў сумачцы, дастаю:

— Дык у вас жа толькі да Мядзведкі, — кажа адзін з кантралёраў. — А яна ўжо ззаду... Ты, дзеванька, што — праспала?

— Як?! — «панікую». — Што ж мне рабіць? Ні капейкі грошай...

— Добра, — уздыхае старэйшы з дзядзькоў, — едзь да Віцебска. Адтуль да тваёй Мядзведкі таварняк хутка пойдзе. Я свайму чалавечку запіску напішу.

Кантралёр і праўда дастае якісьці лісток, выводзіць на ім: «Міхалыч, будзь чалавекам, пасадзі гэтае дзяўчо на таварняк да Мядзведкі. Мікола».

Ну і далей тлумачыць, куды з гэтай запіскай пайсці, каму аддаць... А мне ж ужо не трэба было...»

Такім вось чынам Ніна дабралася да Віцебска, дзе яе зачакаліся знерваваная мама, радня, сяброўкі...

Але ж кропку ў гэтай гісторыі ставіць рана, бо праз нейкі час і на тым жа вакзале ў адказ на дзіцячае «Хачу булачку... Дзеда, купі...» Ніна пачула старэчае «Не, дзіцятка... У нас грошай няма», і тут жа ўспомніла сябе: падбегла да прадавачкі, набрала вафель, булачак, кексаў, напітку, аддала той унучцы з дзедам...

А потым дома выцягнула з кніжкі пажоўклы лісток, яшчэ раз прачытала: «Міхалыч, будзь чалавекам...» і падумала, што гэта ж зусім нескладана, няцяжка — быць...

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


Адклад не ідзе ў лад

pixabay.com

...Супрацоўніца расказала, як некалі яе маці зварыла варэнне, дала ім з братам пакаштаваць, а ўсё астатняе, у трохлітровым слоіку, схавала на зіму.

Дзеці «знайшлі» раней (нават на гарышчы), адкрылі слоік, наеліся самі, паклікалі сяброў, а каб «схаваць канцы», налілі ў слоік вады.

Варэнне, вядома ж, забрадзіла. Маці падумала, што сама вінаватая (мала цукру дадала) і пусціла прадукт на гарэлку...

Трохі падобная гісторыя была і ў нас.

...Тады, у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, за працу ў калгасе ўжо сталі нешта плаціць, і калі бацькі трымалі гаспадарку ды ўдваіх працавалі, а дзяцей было не сямёра, то нядрэнна і жылі.

Нас мама гадавала адна, і мы з сястрой толькі потым, у сталым узросце, змаглі ўявіць, як жа яна гаравала! Часта недаядаючы і недасыпаючы, мама ўвесь час клапацілася, думала пра нас: каб хоць адзеліся і абуліся, каб мелі ўсё для вучобы, каб у нас, як у іншых дзяцей, і па ровары было, і па лыжах... Ну і на стале — каб мяса, каб масла, каб свая гародніна-садавіна... Добра, што тата (ён рана памёр) вялікі сад нам пакінуў — з яблынямі, грушамі, вішнямі...

У той год на дзіва ўрадзілі слівы! Гэта падзея першая. Другая — у госці да нас прыехала маміна сястра, наша любімая цётачка Таня. А трэцяя — яна сказала, што будзе «ставіць кампот»: шмат, у трохлітровых слоіках.
А мы потым — увосень, зіму ці вясну — будзем адкрываць і піць...

Такога цуду ў нашай вёсцы яшчэ не было! Мы з сястрой, глытаючы слінкі (салодкага, цукру хацелі заўжды), досыць доўга адсочвалі працэс прыгатавання, а потым, калі госця паехала, упрасілі матулю адкрыць хоць адзін трохлітровік...

Якая ж там была смаката! Проста зроду такой не елі! Ад слоіка адарвацца не маглі!

Але ж мама прывучала нас да ашчаднасці, таму я, старэйшая, сказала, што кампот трэба расцягнуць на некалькі дзён, а на разе, каб спакусы не было, засунуць яго... пад ложак. Такім чынам, свята жывата атрымалася ў нас і назаўтра.

На трэці дзень кампот не здаваўся ўжо такой смакатой. А на чацвёрты мы і зусім адвярнулі насы... Праўда, маме прызнацца ў гэтым ну ніяк не маглі...

Выкінуць слівы курам ці свінням — таксама не выпадала, бо раптам застануцца костачкі і па іх мама ўсё зразумее.

Факт, што слоік з рэшткамі кампоту і сліў мы з жалем занеслі пад дзедаву ігрушу і вылілі.

Потым дзён колькі яшчэ бегалі глядзець, што з яго засталося.

...Не паверыце: горка прыгожых слівавых костачак аж да сёння ў мяне ў вачах — разам з сорамам перад мамай і цётачкай Таняй, разам са шкадобай, што такі прадукт аддалі мурашам, не змаглі з'есці самі, не хапіла розуму.

Таццяна Новік, г. Клецк

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.