Вы тут

Майстар «залатога сячэння» ў беларускім літаратуразнаўстве


За пакаленнем, да якога адносіцца Васіль Жураўлёў, у беларускім культурным асяроддзі замацавалася некалькі трывалых назваў: «пакаленне шасцідзясятнікаў», «філалагічнае пакаленне», «пакаленне дзяцей вайны». Апошняя назва нясе драматычнае адценне складанага і пакутлівага маленства падчас нямецка-фашысцкай акупацыі. Але гэтае пакаленне разам з тым было і гадаванцамі вялікай Перамогі. Менавіта аптымістычны пафас пераможцаў актуалізаваў у многім іх пасіянарную энергію на мірную стваральную працу на карысць роднай зямлі.


Вядомаму і аўтарытэтнаму беларускаму літаратуразнаўцу і крытыку, доктару філалагічных навук, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа ў галіне прозы, лаўрэату прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васілю Пракопавічу Жураўлёву сёлета спаўняецца 90 гадоў.

Васіль Жураўлёў нарадзіўся 27 мая 1931 года ў вёсцы Раздзел-2 Мсціслаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Маленства было азмрочана тым, што ў 1938 го-
дзе памёр бацька. Клопат па выкананні цягавітай вясковай працы рана стаў яго надзённым абавязкам. Яшчэ больш жорсткім выпрабаваннем для падлеткавай псіхалогіі была нямецкая акупацыя.

Можа, па гэтай прычыне ў паводзінах Васіля Пракопавіча выразна заўважаецца ўменне даражыць кожнай хвілінай, унутраная сабранасць, абавязковасць, адказнасць за свае дзеянні, учынкі і словы.

У 1950 годзе юнак выпусціўся з Курманаўскай сярэдняй школы і паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, які бліс-куча закончыў у 1954 годзе. У 1957-м стаў аспірантам, быў запрошаны ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, дзе працаваў амаль 60 гадоў, да выхаду на пенсію ў 2014 годзе.

За гэты час літаратуразнаўца стаў аўтарам і суаўтарам 14 манаграфій, сярод якіх «Праблемы сучаснай беларускай прозы», «Пытанні паэтыкі», «Ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу», «На шляху духоўнага самасцвярджэння», «У пошуку духоўных ідэалаў», «Актуальныя традыцыі: Якуб Колас у пісьменніцкім асяродку», «Класіка і літаратурная сучаснасць: духоўны патэнцыял чалавека».

Васіль Жураўлёў — адзін з аўтараў трох акадэмічных «Гісторый беларускай літаратуры». У зборніках змешчаны яго артыкулы па творчасці Э. Самуйлёнка,
Я. Маўра, І. Мележа, даследаванне творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча. Для «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» Васіль Пракопавіч зрабіў раздзелы аб жыцці і творчасці пісьменнікаў Аляксея Кулакоўскага і Анатоля Кудраўца, а таксама быў рэдактарам трэцяга тома.

У 1950-я працэс адраджэння беларускай навукі і культуры няўмольна і паступова ўзрастаў. Яркі прыклад гэтага — уздым у рабоце акадэмічнага «Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы», які стаў самастойнай навуковай установай менавіта ў 1957 годзе.

Прыход-размеркаванне маладога і таленавітага вучонага ў Інстытут літаратуры з аспірантуры педагагічнага інстытута імя Горкага прыпаў на час, калі рыхтаваліся да напісання «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» — патрабаваліся крэатыўныя даследчыкі. Дзякуючы стратэгічнаму мысленню кіраўніцтва Інстытута літаратуры ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў, у літаратуразнаўчую навуку ўлілася цэлая кагорта таленавітых навукоўцаў, якія затым пакінулі яркі след у даследаванні беларускай літаратуры.

Сярод тых, хто быў пакліканы ў навуку ў гэты перыяд, і Васіль Жураўлёў. У аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры педінстытута ён напісаў кандыдацкую дысертацыю «Трылогія Якуба Коласа “На ростанях”» Праблема інтэлігенцыі і народа». Абарона дысертацыі адбылася ўжо ў сценах літаратуразнаўчага інстытута ў 1958 годзе.

Менавіта ранні прафесійны зварот да вывучэння творчасці Якуба Коласа стаў першай карпатлівай засяроджанай працай маладога вучонага над алхіміяй мастацкага слова. Удумлівы і цікаўны даследчык быў зачараваны творчай стыхіяй, талентам Якуба Коласа і больш чым паўстагоддзя не выпускаў з поля ўвагі эталонны эстэтычны густ і ўзровень пісьменніцкага майстэрства Я. Коласа і іншых класікаў беларускай літаратуры.

Філіграннае ўменне праніклівага літаратуразнаўцы ўбачыць незвычайнае ў звыклым, здольнасць знайсці ў дэталі, адзіночным вобразе ці простым сюжэце глыбінную ўзаемасувязь тэксту і падтэксту — усё гэта дазваляла даследчыку ўсебакова раскрыць праблематыку і ідэйную цэласнасць твора, садзейнічала выяўленню самых нечаканых і шматзначных граняў мастацкага таленту таго ці іншага празаіка.

Важным паказчыкам плённай навуковай дзейнасці Васіля Жураўлёва стала яго фундаментальная манаграфія «У пошуках духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ—ХХ стст.» (2000). Тут ужо прызнаны мэтр літаратуразнаўчай навукі змог напоўніцу раскрыць свой шматгранны талент аналітычнай апрацоўкі мастацкага тэксту. Выявілася яго ўменне гарманічна спалучыць вывучэнне мастацкай творчасці з гуманістычным, філасофскім пафасам чалавеказнаўства і народазнаўства.

Як вядома, дылема «інтэлігенцыя і народ», «чалавек і народ», «асоба і грамадства» заўсёды была пад пільным наглядам літаратуразнаўца. Галоўная ідэя гэтых разваг — кожны індывід вызначае сваю ідэнтычнасць праз паняцце народа. Але народ — катэгорыя не колькасная, а якасная. Маса, натоўп не ўтвараюць народ, і, наадварот, адзінкавы чалавек можа быць народам, калі ў ім жыве быццё яго народа, яго дух. Народ складаецца з людзей, якія захоўваюць сваё права на аўтаномнасць, тых, хто можа прымаць рашэнне, хто здатны рэалізоўваць у сабе сутнасць чалавечага. Пра гэта разважае літаратуразнаўца ў сваёй манаграфіі «Актуальнасць традыцый. Якуб Колас у пісьменніцкім асяродку» (2002).

Як прызнаны тэарэтык айчыннай літаратуры Васіль Пракопавіч плённа распрацоўваў праблематыку структуры айчыннага мастацкага твора, яго сюжэтна-кампазіцыйную будову. Так, у сваёй манаграфіі «Структура твора. Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм» ён слушна даводзіць наступную паэтычна-жанравую прапазіцыю: «Перад апавядальнікам, як і перад раманістам, стаяць блізкія і дзесьці зусім аднолькавыя ў агульным іх вызначэнні чалавеказнаўчыя праблемы, але ў мастацкім даследаванні такіх праблем раман і апавяданне на працягу шматгадовага літаратурнага жыцця выпрацоўвалі свой адметны падыход да асэнсавання рэчаіснасці, сваю спецыфічную сістэму паэтыкі. І калі гэтыя жанры з максімальнай паўнатой улічвалі свае адлюстравальныя магчымасці ў адпаведнасці з максімальнымі ўнутранымі магчымасцямі і патрабаваннямі аб’екта адлюстравання, тады яны звычайна і раскрывалі сябе ў вышэйшых формах эстэтычнай гармоніі».

Індывідуальная манера даследавання класіка айчыннага літаратуразнаўства Васіля Жураўлёва вызначаецца тэарэтычнай сур’ёзнасцю, глыбінёй пастаноўкі важных навуковых праблем, уменнем весці шырокую праблемную гаворку. Кнігі-манаграфіі напісаны звычайна ў напружанай форме аналізу і вылучаюцца выразным палемічным запалам, прынцыповасцю ў абароне сапраўднай вартасці высокамастацкай класічнай літаратуры.

Усё гэта ў поўнай меры мы можам убачыць і адчуць не толькі ў літаратуразнаўчых працах Васіля Пракопавіча, але і ў абліччы і партрэце самога юбіляра. Пры сустрэчах з настаўнікам, а таксама на яго фотаздымках я часта заўважаў іскрынкі засяроджанай усмешкі, якія, быццам светлячкі тонкай энергіі, праціналі навакольны свет.

Мне прыгадаліся таксама шматлікія рандэву з маім настаўнікам падчас напісання кандыдацкай дысертацыі. Пры сустрэчы з кіраўніком як, напэўна, кожны вучань-неафіт, я з пэўнай трывогай і перажываннем чакаў разбору работы. Вельмі часта на маё пытанне перад аналізам: «Васіль Пракопавіч, ну як мой опус?» Васіль Пракопавіч з затоенай усмешкай адказваў: “Геніяльна!”».

Ну, а затым пачынаўся «разбор палётаў», дзе мне прыходзілася добра ўзмакрэць, каб хоць неяк прасачыць заўвагі і развагі мэтра. Заўсёды з гонарам кажу: я — вучань В. Жураўлёва.

З вышыні сённяшняга досведу мне думаецца, што і назву для маёй кандыдацкай дысертацыі «Беларускае апавяданне 20-х гадоў аб рэвалюцыі і грамадзянскай вайне. Праблема маральна-духоўных пошукаў» кіраўнік прапаноўваў у пэўнай ступені па законе «залатога сячэння», эстэтычнай і этычнай гармоніі.

Шматлікія навуковыя манаграфіі Васіля Жураўлёва і цяпер шмат у чым вызначаюць і прагназуюць перспектывы і задачы беларускай школы літаратуразнаўства, служаць надзейным арыенцірам для будучых пакаленняў вучоных.

Варта адзначыць і велізарны ўклад В. П. Жураўлёва ў фарміраванне навукова-літаратуразнаўчых кадраў краіны. На працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў масціты навуковец з’яўляўся намеснікам старшыні спецыялізаванага навуковага Савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый у галіне літаратуразнаўства. Яго добразычлівы дарадчы клопат пра лёс будучых прафесійных літаратуразнаўцаў вядомы не аднаму пакаленню айчынных даследчыкаў мастацтва слова.

Доўгі час Васіль Пракопавіч узначальваў адзін з ключавых аддзелаў у Інстытуце літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі, стварыўшы ў ім надзвычай спрыяльную атмасферу крэатыўнасці, таварыскасці і ўзаемападтрымкі. Супрацоўнікі аддзела да сённяшняга дня лічаць той час адным з самых плённых і памятных перыядаў у іх творчым сталенні. Пад непасрэдным кіраўніцтвам Васіля Жураўлёва была абаронена адна доктарская і шэсць кандыдацкіх дысертацый.

Васіль Пракопавіч і цяпер трымае руку на пульсе часу. Так, у апошнім сваім артыкуле, апублікаваным сёлета ў кнізе «Застаецца святло. Успаміны пра Міхася Мушынскага», вельмі аргументавана і заклапочана выказвае параду сённяшнім навукоўцам: «А не зашкодзіла б убачыць, паўней і глыбей зразумець: як жа ўсё-такі з аднаго славянскага кораня (ці нават карэньчыка), з адной радаслоўнай у межах моўна-стылёвай сферы пачынала адпачкоўвацца, аддзяляцца і няспешна (хай напачатку ў праявах нейкіх пробліскаў-іскрынак) набіраць свае індывідуальныя прыкметы наша беларускасць — наша ментальнасць і аўтэнтычнасць. Тое, што мае працяг, мае і пачатак, без трывалай сувязі аднаго з адным зразумець сутнасць самой з’явы проста немагчыма».

Ігар ШАЛАДОНАЎ

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.