Вы тут

Горыч шматкроп’яў


Наколькі праўдзівы пастулат «таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім», сказаць цяжка. Але ў літаратуры нярэдкія выпадкі, калі той, хто пісаў паэзію ці прозу, пераходзіць на «адваротны бок», засвойвае дзіцячыя жанры ці, напрыклад, пачынае займацца публіцыстыкай, і вынік атрымліваецца нічым не горшы.


У выдавецтве «Чатыры чвэрці» ўпершыню выйшаў зборнік празаічных замалёвак Васіля Зуёнка «Паўстанак з літарай “Л”». Большасць тэкстаў напісаны ў 1999—2000 гадах, але ёсць некалькі, датаваных 1957м.

Аснова наратыву — простыя побытавыя сюжэты, гісторыі, што разгортваюцца вакол канкрэтнага месца, канкрэтнага чалавека. Структура гэтых тэкстаў характэрна для кароткай прозы: з самага пачатку чытача ўключаюць у мастацкую рэчаіснасць, аб’яўляючы які-небудзь факт, што ўводзіць асноўнага персанажа адразу, не марнуючы каштоўныя першыя радкі, першае ўражанне, на нудныя апісанні.

Але цэнтр кожнага апавядання не столькі персанаж і падзеі, што з ім адбываюцца, колькі разважанні вакол чалавека і сітуацыі... Аўтар не адпускае аповед далёка, адразу выбудоўваючы межы, абазначаючы наяўнасць свайго погляду, праз які і прапускаецца ўсё, што трапляе на вочы галоўнаму герою. Гэта назіральныя і разважлівыя тэксты. Яны не расказваюць цікавых, захапляльных гісторый, не прыцягваюць увагу таямніцамі. Яны паказваюць, як шмат можа хавацца ў нечым звычайным і звыклым для нас. Васіль Зуёнак — паэт, таму ўважліва прыслухоўвацца да свету, разглядаць лініі жыцця і лёсу ў розных прыродных з’явах для яго — асноўнае. Дарэчы, нешта паэтычнае можна заўважыць і ў структуры яго прозы. Некаторыя сказы ці думкі ён выводзіць у рэфрэн, з кожным разам насычаючы словы ўсё новым і новым падтэкстам. Часам у апісаннях заўважаюцца яскравая градацыя, паступовае згушчэнне і ўзмацненне.

Нельга не адзначыць, што беларуская мова, якой карыстаецца аўтар, — не са стандартнага побытавага ўжытку, вядомая абсалютна кожнаму, хто атрымаў мінімальны слоўнік у школе. Гэта мастацкая, насычаная, канцэнтраваная мова, якая ўключае і незвычайныя дыялектызмы, і лёгкую гульню слоў. На прыкладзе такіх тэкстаў можна павучыцца выказваць свае думкі па-беларуску разнастайна. Цяпер нячаста можна сустрэць кнігу, якая зверне на сябе ўвагу не толькі зместам, гісторыяй, формай твора, але і мовай, якой напісана. Гаворка персанажаў апісвае іх куды больш эфектыўна, чым агульныя абазначэнні знешнасці і прыналежнасці да пэўнага роду заняткаў. Таму другое ў тэкстах асабліва і не сустракаецца. Пісьменнік уводзіць чытача ў тэкст «з сярэдзіны» і тым самым падкрэслівае не наратыўную, а філасофскую прыроду тэкстаў. Людзі і падзеі — толькі нагода для разважання.

Сам аўтар прызнаецца, што доўга шукаў абазначэнне для свайго жанру.

І спыніўся на элегіях. Гэта вельмі ўдалае рашэнне, бо творы сапраўды маюць лёгкі меланхалічны настрой, вызначаюцца наяўнасцю герояў і сюжэта, але ў сюжэце адсутнічае стройная аднароднасць. Тэкст, як натуральная гаворка, перацякае з адной тэмы на іншую, але застаецца ў межах аднаго прадмета размовы. Сюжэты сапраўды часта заканчваюцца сумна або насамрэч трагічна, але на тэксце гэта адбіваецца своеасабліва. Яшчэ адна заўважная дэталь аўтарскага стылю — эмацыянальная аднароднасць. Ніякай славеснай драмы, ніякіх пачуццёвых выбухаў. Стрыманасць толькі падкрэслівае горыч, якая непазбежна адчуваецца ў кожным шматкроп’і, што заканчвае элегію.

Але, здаецца, самым каштоўным у гэтых тэкстах усё адно застаецца не эмацыянальны пласт і не канкрэтны сюжэт, не яскравыя героі і не фігура аўтара, не развагі вакол гісторыі. Тое, што вылучае гэтую кароткую прозу, — цэласнасць уражання. Часцей у кароткай прозе спосабы ўразіць чытача выбіраюцца іншыя: урывістыя дробныя сказы, сюжэт, які руйнуе нашы чаканні на апошніх прыступках да фіналу. Тут выбрана абсалютна іншая стратэгія — ледзь заўважных сувязей паміж асобнымі элементамі і стрыжнявым аўтарскім «я», што фармальна арганізоўвае тэкст. Цяжка сказаць, ці былі гэтыя празаічныя вопыты аўтарскім самадаследаваннем або мэтанакіраваным жаданнем падзяліцца канкрэтнымі думкамі, якія чамусьці не прыдатныя для паэтычнай формы, але немагчыма не заўважыць, што элегіі Васіля Зуёнка гучаць абсалютна гарманічна і пакідаюць шчымлівае адчуванне сумнай гісторыі і надзвычай прыемнага тэксту.

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.