Вы тут

Ствараць сапраўднае — з любоўю! Валянціне Гаявой — 85


Свой 85-ы год ад нараджэння 22 ліпеня адсвяткавала харэограф, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. Вядомая яна і як нязменны мастацкі кіраўнік і галоўны балейтмайстар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», дзе творыць вось ужо амаль паўстагоддзя. Калектыў гэты яна некалі стварала разам з Мікалаем Дудчанкам, і за гады свайго існавання ён стаў сапраўдным брэндам айчыннай культуры.


Фота: БелТА.

Цяга да мастацтва ў будучай артысткі праяўлялася з дзяцінства. А потым лёс склаўся так, што пасля заканчэння балетмайстарскага аддзялення па спецыялізацыі «народны танец» у Вышэйшай школе прафсаюзнага руху ў Ленінградзе Валянціну Іванаўну запрасілі ў знакаміты хор імя Пятніцкага. Гэта было ў 1965 годзе, аднак праз два гады па волі лёсу яна апынулася ў Беларусі і пачала працаваць спачатку на пасадзе мастацкага кіраўніка дзіцячай харэаграфічнай студыі Дома культуры Магілёўскага аўтазавода, а з 1973 года — галоўным балейтмайстрам Белдзяржфілармоніі. Там праз год Валянціне Гаявой і запрапануюць стварыць «Харошкі». Варта адзначыць, што прыезд артысткі ў Беларусь — гэта своеасаблівае вяртанне на зямлю продкаў, бо яе дзед па матчынай лініі быў беларус. Пра свайго дзеда Алеся Валянціна Іванаўна даведалася ад бабулі, калі ўжо была студэнткай.

Але вернемся да калектыву, якому, можна сказаць, Валянціна Іванаўна прысвяціла жыццё... Назва будучага ансамбля ўзнікла ад старадаўняй беларускай вёскі Харошкі Магілёўскай вобласці. Спачатку да калектыву ў Беларусі ставіліся скептычна, але калі артысты ў 1977 годзе ўзялі ўдзел ва Усесаюзным аглядзе-конкурсе ў Маскве і сталі лаўрэатамі першай прэміі, то на ансамбль паглядзелі па-новаму. Між тым, за мяжой калектыў заўсёды любілі і іх выступленні карысталіся папулярнасцю. Як распавядаў у адным з інтэрв'ю заслужаны артыст Беларусі Фёдар Балабайка, які з'яўляецца ўдзельнікам калектыву з моманту яго ўзнікнення, пачатак быў адным з самых складаных перыядаў «Калі мы ствараліся, быў вельмі маленькі састаў — усяго 8 пар. Але дзякуючы Валянціне Іванаўне, а таксама вялікай працы, энтузіязму і цікавасці артыстаў калектыў выстаяў і існуе і сёння».

У творчым рэпертуары «Харошак» шмат матэрыялу, пастаўленага Валянцінай Гаявой. Яна стварыла для ансамбля больш за дзясятак тэатралізаваных праграм, у аснову якіх пакладзены беларускі фальклор («Полацкі сшытак», «Беларусы», «Добры вечар, госці!», «Тураўская легенда», «Бывай, ХХ стагоддзе!» і іншыя). Увогуле ж залаты фонд калектыву сёння налічвае ўжо каля 70 харэаграфічных пастановак разнастайнай тэматыкі. За адданую працу Валянціна Іванаўна была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за пастаноўкі «Па старонках Полацкага сшытка», «Бывай, ХХ стагоддзе!» (1996 год) і ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны ў тым жа годзе.

«Цяпер спрабую выхоўваць прадаўжальнікаў маёй справы. Якія разумелі б да самых глыбінь, наколькі гэта важна — памятаць пра родную мінуўшчыну, захоўваць духоўнасць. Хтосьці ў царкву пойдзе, а хтосьці — і да нас на канцэрт. ...У нас не ўбачыш нічога непатрэбнага, за што было б сорамна. Ідзе прапаганда самага лепшага: традыцый, гісторыі, на якую забывацца нельга, характараў, абрадаў, фальклору», — распавядала Валянціна Іванаўна ў адным з інтэрв'ю «Звяздзе» некалькі гадоў таму. — ...Калі мяне не стане, ансамбль абавязаны жыць, нязменна адраджацца, нібы птушка Фенікс. Цяпер для мяне гэта галоўная задача».

А мы жадаем Валянціне Іванаўне доўгіх гадоў жыцця і натхнення, каб гісторыя яе творчасці працягвалася!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.