Вы тут

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў


Ва ўнівермагах сталіцы стартаваў пашыраны продаж тавараў школьнага асартыменту — адзення, абутку, вучнёўскай галантарэі, канцылярскіх і папярова-белавых тавараў — з выстаўленнем пакупнікам скідак на тавары, правядзеннем дэманстрацый мадэляў, конкурсаў, розыгрышам прызоў і падарункаў.


Pixabay.com

Ва ўнівермагу «Беларусь», напрыклад, такія тавары шырока прадстаўлены ў асноўных секцыях «Тавары для дзяцей» і «Канцтавары, цацкі» на 3-м і 4-м паверхах. Дадаткова на 1-м паверсе адкрылася секцыя «Тавары для школы», дзе ў шырокім асартыменце маюцца школьна-пісьмовыя і канцылярскія тавары, вучнёўская галантарэя, абутак і панчошна-шкарпэтачныя вырабы. У секцыі «Тавары для мужчын» можна знайсці вялікі выбар швейных вырабаў і кашуль для хлопчыкаў, а ў павільёне на вул. Сяліцкага, 105, — вучнёўскай галантарэі, панчошна-шкарпэтачных вырабаў, школьна-пісьмовых і канцылярскіх тавараў. З надыходам новага навучальнага года ў асобных секцыях універмага будуць выдзелены гандлёвыя плошчы для продажу канцылярскіх і папярова-белавых тавараў.

Гандлёвы дом «На Нямізе» прапануе адзенне дзелавога стылю для хлопчыкаў і дзяўчынак, трыкатажныя вырабы, абутак, канцылярскія тавары ў секцыях на 2-м паверсе ўнівермага. Дадаткова ў комплексе «Тавары для мужчын» на 2-м паверсе арганізаваны продаж школьнага адзення для хлопчыкаў і вучнёўскай галантарэі.

У ДУМе тэматычная секцыя «Тавары для дзяцей» размясцілася на 2-м паверсе, асобна пазначана зона тавараў для першакласніка. Павялічана дэманстрацыйная плошча выкладкі кашуль для хлопчыкаў, абутку, устаноўлена дадатковае абсталяванне для пашыранага продажу ранцаў і заплечнікаў. З сярэдзіны жніўня каля цэнтральнай лесвіцы на 2-м паверсе ўнівермага з’явіцца дадатковае гандлёвае месца для рэалізацыі канцылярскіх і школьна-пісьмовых тавараў.

Ва ўнівермагу «ЦУМ Мінск» на 3-м паверсе ў секцыі «Дзіцячы свет» прадстаўлены ўвесь асартымент тавараў да школы. Акрамя таго, рэалізацыя канцылярскіх і папярова-бяловых тавараў, школьна-пісьмовых прылад і вучнёўскай галантарэі дадаткова арганізавана ў гандлёвым павільёне з боку метро, у крамах «Камароўскі» па вул. В. Харужай, 10, і «Тавары для жанчын» па вул. Куйбышава, 75.

«Вытворцы краіны сёння актыўна пастаўляюць асартымент тавараў для школьнікаў па дагаворах, створаны запасы тавараў для школьнікаў, у тым ліку вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў канцэрна „Беллегпрам“, — сказалі мне ў дзяржаб’яднанн „Сталічны гандаль і паслугі“. — Ужо сёння ўнівермагі прапануюць пакупнікам разнастайнае па колеравай гаме і фасонах адзенне для дзяўчынак усіх узроставых груп: сарафаны, блузкі, штаны і спадніцы, пінжакі і камізэлькі — усяго больш за 220 мадэляў; вырабы для хлопчыкаў: касцюмы і камплекты розных груп, пінжакі і камізэлькі, штаны з рэгулятарам таліі, кашулі — каля 200 мадэляў. Дадаткова прапануюцца трыкатажныя вырабы: джэмперы, камізэлькі, жакеты для хлопчыкаў і дзяўчынак — у цэлым звыш 70 мадэляў».

Да школьнага сезона ва ўнівермагах прадстаўлены шырокі асартымент дзіцячага абутку: каля 70 мадэляў для хлопчыкаў і дзяўчынак школьнага ўзросту.

З улікам вялікага выбару мадэляў і камбінацый арыенціровачны кошт аптымальнай экіпіроўкі школьнікаў малодшых класаў складае ад 266 да 804 беларускіх рублёў, старшакласнікаў — ад 349 да 978 беларускіх рублёў. У такі камплект да навучальнага года ўваходзяць адзенне, абутак, галантарэйныя тавары і школьныя прылады. Для параўнаня: у рэгіёнах, на Міншчыне, у прыватнасці, кошт набору неабходных для вучобы прадметаў для вучняў 1-4-х класаў складае ад Br62 да Br314, для 5-9-х класаў — ад Br63 да Br356, для 10-11-х класаў — ад Br79 да Br384.

Пры гэтым бацькам даступныя праграмы растэрміноўкі плацяжу, выкарыстанне карт растэрміноўкі. Шматдзетным сем’ям і грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, ва ўнівермагах пастаянна даюцца 10%-ныя зніжкі. Акрамя таго, рэгулярна праводзяцца дні зніжак са зніжэннем коштаў на ўсе нехарчовыя тавары на 20-35 %.

Тавары школьнага асартыменту беларускай вытворчасці адпавядаюць патрабаванням бяспекі. Абласныя інспекцыі Дзяржстандарта праверылі за апошнія некалькі месяцаў 2300 найменняў прадукцыі для дзяцей і падлеткаў школьнага асартыменту — не толькі айчыннай вытворчасці, але і вытворцаў з Расіі, Кітая, Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Турцыі, Польшчы і В’етнама. Гаворка ідзе пра абутак, адзенне, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, заплечнікі і ранцы, канцылярскія тавары. Патрабаванні да такой катэгорыі прадукцыі ўстаноўлены ў тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў». Парушэнні выяўлены практычна ва ўсіх найменнях прадукцыі. А вось у вырабах айчыннай вытворчасці неадпаведнасці выяўляюцца значна радзей«, — адзначыла намеснік начальніка інспекцыі.

Асноўныя парушэнні звязаныя з такімі паказчыкамі бяспекі, як перавышэнне дапушчальнага значэння вышыні абцаса ў абутку, прызначаным для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, прымяненне ў закрытым абутку недапушчальнай падэшвы, вусцілкі са штучных і сінтэтычных скур, неадпаведнасць устаноўленым нормам паказчыкаў «паветрапранікальнасць», «гіграскапічнасць» у адзенні для школьнікаў, адсутнасць дэталяў і фурнітуры са святлоадбівальнымі элементамі на вучнёўскіх ранцах і іншыя. Парушэннямі, якімі б дробнымі і нязначнымі яны ні здаваліся б на першы погляд, нельга грэбаваць. У рэшце рэшт гэта — здароўе нашых дзяцей.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Загаловак у газеце: Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.