Вы тут

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў


Ці паўплываюць новаўвядзенні на тарыфы? Намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Дубіна падчас прэс-канферэнцыі падрабязна расказаў аб праекце новага ўказа Прэзідэнта «Аб пытаннях аўтамабільных перавозак пасажыраў».


Як вядома, праект указа быў вынесены на грамадскае абмеркаванне ў апошняй дэкадзе ліпеня. «Мэта гэтага дакумента — забеспячэнне бяспекі перавозак пасажыраў, стварэнне ўмоў для добрасумленнай канкурэнцыі і павышэнне якасці паслуг, якія аказваюцца насельніцтву», — сказаў Сяргей Дубіна.

Паводле звестак Транспартнай інспекцыі, за мінулы год з удзелам перавозчыкаў таксі адбылося 76 дарожна-транспартных здарэнняў, пацярпелі 92 чалавекі. І, што найбольш сумна, загінулі 16 чалавек. Акрамя таго, цяпер асобныя нядобрасумленныя перавозчыкі з мэтай атрымання канкурэнтных пераваг выкарыстоўваюць незаконныя схемы па арганізацыі і выкананні перавозак.

Таксама негатыўны ўклад у дадзены працэс уносяць асобныя дыспетчары таксі, якія фактычна прымушаюць перавозчыкаў не выконваць заканадаўства.

У праекце ўказа ўтрымліваюцца палажэнні, якія маюць на ўвазе распрацоўку механізма допуску да рынку аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, у тым ліку аўтамабілямі таксі, шляхам увядзення рэгістрацыйных картак транспартнага сродку, картак допуску кіроўцы аўтамашыны, дыспетчара аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах і дыспетчара таксі (у электронным выглядзе).

Сяргей Дубіна таксама расказаў пра тое, што ва ўказе замацоўваецца наступная норма: дзейнасць без атрымання названых картак допуску з'яўляецца незаконнай і забараняецца.

У выпадку невыканання новага заканадаўства кіроўцы не змогуць перавозіць пасажыраў мінімум на працягу месяца

Паводле слоў намесніка міністра, рэалізаваць «шэрыя» схемы будзе немагчыма, таму што ў нядобрасумленных перавозчыкаў будуць адсутнічаць канкурэнтныя перавагі.

У выпадку невыканання заканадаўства будуць прымацца абмежавальныя меры: прыпыненне дзеяння карты допуску кіроўцы будзе прадугледжана на тэрмін да аднаго месяца, рэгістрацыйнай карткі транспартнага сродку і карткі допуску дыспетчара — на тэрмін да трох месяцаў. У выпадку паўторных парушэнняў дзеянне названых картак будзе спынена. Наступнае атрыманне картак допуску пасля спынення іх дзеяння будзе магчымае толькі праз шэсць месяцаў.

Атрыманне названых картак будзе арганізавана праз транспартную інспекцыю і яе філіялы па ўсёй краіне. «Гэтаму будзе папярэднічаць падрыхтоўчы перыяд. Мы разумеем, што за адзін раз зарэгістраваць усіх будзе складана. Парадак рэгістрацыі і прыпынення дзеяння картак допуску будзе вызначаны ўрадам. На дадзены момант гэты дакумент распрацоўваецца», — дадаў спецыяліст.

Дакументам прадугледжваецца абавязковае заключэнне аўтамабільнымі перавозчыкамі — юрыдычнымі асобамі або індывідуальнымі прадпрымальнікамі (акрамя ІП, якія ажыццяўляюць дзейнасць самастойна без прыцягнення іншых асоб)
з кіроўцамі працоўных дагавораў.

«Для добрасумленных перавозчыкаў фактычна нічога не мяняецца. Будзе афармляцца ў электронным выглядзе адпаведны допуск. Гэта будзе разавае дзеянне. Пасля паспяховага атрымання карткі допуску трэба будзе толькі выконваць заканадаўства», — падкрэсліў Сяргей Дубіна.

Аб арэндзе машыны з экіпажам

«Уводзіцца норма аб тым, што арэнда транспартнага сродку з экіпажам будзе дазволена толькі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам. Для фізічных асоб дадзеная норма будзе недаступная, каб гэтай нормай не злоўжывалі асобныя суб'екты, калі фактычна арэнда транспартнага сродку з экіпажам падпадае пад дзеянне грамадзянска-прававых і арэндных адносін і не адносіцца да перавозкі пасажыраў. Выключыўшы гэтую магчымасць, мы будзем казаць аб тым, што любая перавозка пасажыраў па дагаворы будзе падпадаць пад дзеянне Правілаў перавозак пасажыраў і закона аб аўтамабільным транспарце», — сказаў намеснік міністра.

Абарона кіроўцаў і пасажыраў

«Фактычна кіроўцы — гэта наёмныя асобы, якія працуюць у перавозчыка. І калі казаць аб прафесіі і аб перавозцы аўтамабілямі таксі, то гэта не разавая функцыя, якую мы прыраўноўваем да дагавора падраду. Дагавор падраду па Грамадзянскім кодэксе — гэта разавая паслуга, якая аказваецца па дамоўленасці, і па завяршэнні гэтай паслугі выплачваецца ўзнагароджанне. Тут жа пытанне ставіцца так, што працоўныя ўзаемаадносіны перавозчыка і кіроўцы будуць гарантаваць абарону ў тым ліку і правоў самога кіроўцы. Таму што кожны кіроўца мае права на аплачваемы водпуск, гэтак жа як і на «бальнічны». У дагаворы падраду нічога гэтага няма. Вадзіцелі на сённяшні дзень неабароненыя: калі ты не прыйшоў — табе не заплацілі. І ў гэтай частцы будуць стварацца дадатковыя ўмовы для абароны як саміх кіроўцаў, так і пасажыраў», — лічыць Сяргей Дубіна.

Аб кантролі грашовых патокаў і рэальных тарыфах

Прадстаўнік міністэрства запэўніў, што няма неабходнасці кантраляваць перавозчыкаў непасрэдна на дарозе. На сёння дастаткова кантролю за базай даных. «Цяпер дастаткова інструментаў для таго, каб, маючы базу даных аб транспартных сродках, аб іх перамяшчэнні, аб руху грашовых патокаў праз адпаведныя справаздачы, якія будуць прадстаўляцца ў Міністэрства па падатках і зборах
(і цяпер прадстаўляюцца), сказаць, ці ажыццяўлялася перавозка ў канкрэтны момант часу, ці выконваліся патрабаванні заканадаўства. Задача — сысці з дарогі і не кантраляваць перавозкі непасрэдна на вуліцы», — кажа намеснік міністра.

Ёсць меркаванне, што новаўвядзенні зменяць тарыфную палітыку па гэтых паслугах. Магчыма, але, хутчэй за ўсё, яе зробяць разумнай для ўсіх. «Тарыфы ж не кантралююцца дзяржавай, яны фарміруюцца самімі перавозчыкамі. Але пытанне ў тым, з чаго складаецца кошт аднаго кіламетра ў канкрэтнага суб'екта прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі вы не плаціце падаткі, вы не плаціце ў фонды сацыяльнай абароны, у вас няма па дагаворы найму кіроўцаў, у вас у арэндзе транспартныя сродкі, ніякіх адлічэнняў вы не робіце — тады, натуральна, у вас тарыфы могуць быць настолькі малыя, што прадпрыемства, якое добрасумленна выконвае ўсе ўмовы, папросту не можа працаваць на гэтым рынку побач з вамі. Тут пытанне не ў тым, павялічацца тарыфы ці не павялічацца. Калі ўсе перавозчыкі будуць у роўных умовах, то і кіроўцам не трэба будзе працаваць па 12—16 гадзін, каб зарабіць тую зарплату, якую сёння мы маем у сярэднім па горадзе ці краіне. Але ў цэлым на тарыфы гэта ніякім чынам не ўплывае», — заявіў Сяргей Дубіна.

Начальнік упраўлення транспарту, сувязі і інфармацыйных тэхналогій Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аліна Казачонак лічыць, што іх ведамства праводзіць палітыку развіцця канкурэнцыі, абмежавання манапалізму, кантролю за цэнаўтварэннем, захавання прынцыпаў абароны правоў спажыўцоў ва ўсіх сферах, у тым ліку ў сферы паслуг таксі і аказання паслуг перавозак.

«Мы разглядалі праект гэтага ўказа, ацэньваючы яго з пункту гледжання наяўнасці нормаў, якія нейкім чынам уводзяць абмежаванні, няроўныя ўмовы доступу для ўдзельнікаў рынку, з пункту гледжання ўплыву на змяненне цэн, на прынцыпы абароны правоў спажыўцоў. З улікам аналізу ўсіх наступстваў, на цяперашні момант глабальных пытанняў па дадзеным указе ў міністэрства не маецца», — заявіла Аліна Казачонак.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.