Вы тут

У Слаўгарадскім раёне на Блакітнай крыніцы спявалі, спрабавалі мёд і лячыліся гаючай вадой


Рэгіянальнае свята «Макавей» на Блакітнай крыніцы супадае з пачаткам Успенскага посту і святкаваннем Паходжання дрэў Жыватворнага Крыжа Гасподняга. У народзе гэты дзень называюць яшчэ і Мядовым Спасам. Таму на «Макавея» збіраюцца пчаляры з розных абласцей Беларусі. Апошнім часам на Блакітнай крыніцы наогул рэдка бывае бязлюдна. Гледзячы па аўтамабільных нумарах, часцей за ўсё тут гасцююць турысты і паломнікі з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Але 13 і 14 жніўня наплыў людзей быў такі вялікі, што немаленькія па памерах аўтапляцоўкі трашчалі па швах. У суботу чарга з машын у напрамку да крыніцы расцягнулася на некалькі кіламетраў. У звычайны дзень гэты шлях можна пераадолець за 10 хвілін, але на «Макавея» тут утварыўся такі затор, што ахвотныя стаялі з паўгадзіны і больш. Потым яшчэ трэба было выстаяць чаргу па ваду. Нездарма старыя людзі казалі, што, каб атрымаць ласку Боскую, яе трэба заслужыць.


Уладзіслаў Сямёнавіч, Ніна Афанасьеўна, Наталля Уладзіміраўна — разам прадалі звыш 60 кілаграмаў сырных прысмакаў.

Самыя вынаходлівыя прыехалі на крыніцу ў пятніцу вечарам. Якраз была магчымасць далучыцца да богаслужэння і паўдзельнічаць у агульнай малітве.

— Мне падабаецца быць тут вечарам, калі богаслужэнне заканчваецца, свечкі гараць, ціха, як на Вялікдзень, — расказвае айцец АФАНАСІЙ. — І нават тыя, хто прыйшлі не на богаслужэнне, а проста адпачыць, прыціхлі. Тутэйшая капліца асвячоная ў гонар святых пакутнікаў Макавеяў. Памяць пакутнікаў — гэта дзень хрышчэння шматлікіх славянскіх плямёнаў, у тым ліку радзімічаў. Яны тут хрысціліся, таму і нас таксама сюды цягне. І не толькі радзімічаў.

Раніцай вакол капліцы яблыку не было дзе ўпасці. Тут маліліся на Боскай літургіі, асвячалі мёд, пакланяліся Жыватворнаму Крыжу, славілі Бога ў Хрэсным ходзе. А потым з пачуццём выкананага абавязку далучаліся да шумнага кірмашу і падпявалі калектывам мастацкай самадзейнасці. На тутэйшай сцэне пад адкрытым небам адбыўся восьмы па ліку абласны конкурс «Спас — усяму час».

— Традыцыя выканання народных песнапенняў заўсёды была, — заўважыў айцец Афанасій. — Але раней, акрамя народных песень, спявалі псалмы. Гэта духоўныя вершы, своеасаблівая малітва, але на простым, вясковым узроўні. Простыя словы, але вельмі кранаюць душу. І хочацца, каб у рэпертуары мастацкіх калектываў таксама было іх паболей.

На Магілёўшчыне шмат сапраўдных самародкаў. У складзе калектыву «Спадчына» Забялышанскага Дома культуры, што на Хоцімшчыне, прыехаў Ігар Абушкевіч, якога калісьці запрашаў да сябе ў калектыў сам Уладзімір Мулявін.

— Мы тады выступалі на граніцы Беларусі з Расіяй, каля помніка кавалерыстам, а калі канцэрт скончыўся, да мяне падышоў мужчына і сказаў, што ён з «Песняроў», — згадвае суразмоўнік той выпадак. — Прапанаваў праспяваць некалькі куплетаў з «Песняроў». Паслухаў і сказаў, што я ім падыходжу. Я тады вялікай увагі гэтаму не надаў і паехаў дадому. А на наступны дзень землякі, якія вечарам былі ў Хоцімску на канцэрце «Песняроў», перадалі, што Уладзімір Мулявін цікавіўся, ці ёсць я ў зале. А потым папрасіў перадаць, каб я звязаўся з імі, маўляў, яны мяне бяруць. Але ў мяне ўжо былі сям’я і дзеці, я будаваў сабе дом, таму не рызыкнуў ехаць у Мінск.

У конкурсе бралі ўдзел 12 калектываў з Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Тату ад Дзіяны Дарошчанкі — ноу-хау раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

— Калі фестываль толькі нараджаўся як мерапрыемства, мы ўсё думалі, што б такое турыстам пра нас расказаць, — падзялілася старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў Святлана ЯЗЕРСКАЯ. — Да абеду ідзе богаслужэнне, а потым наступае час для спеваў. Цяпер фестываль стаў рэгіянальным і пазіцыянуе сябе як свята народнай творчасці рэгіёна. Сюды прыязджаюць не толькі артысты, але і вядомыя майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Наша крыніца аб’ядноўвае вакол сябе ўсіх.

Напрыклад, Слаўгарадская цэнтральная раённая бібліятэка арганізавала тэматычную выстаўку «Блакітны скарб Пасожскага краю», на якой прадставіла больш за дзесяць розных крыніц, вадаёмаў і рачулак Слаўгарадскага раёна.

— Агульная тэрыторыя, якую займаюць гэтыя водныя багацці, складае 1113 гектараў, — падзялілася бібліёграф Алена ДРАЗДОВА. — Самае вялікае возера — Кульшацкае, самае папулярнае штучнае — Маладзёжнае ў Слаўгарадзе. Мы сабралі паданні і гісторыі пра паходжанне вадаёмаў. І, натуральна, пра Блакітную крыніцу, якую паломнікі ведаюць як цудатворную.

На свяце працавалі тэматычныя пляцоўкі, было шмат самаробнага сыру і мёду. Свойскі сыр прывезлі з Крычава і Антон з Вікторыяй Студневы. Іх сялянска-фермерская гаспадарка спецыялізуецца непасрэдна на сырнай дзейнасці. Сям’я трымае пяць кароў, а вопыт пераймала ў слаўгарадскіх сыравараў. Апошнія, дарэчы, па іх жа словах, прадалі на фэсце не менш за 100 кілаграмаў сыру. Заўважылі, што сярод пакупнікоў былі госці з Эстоніі і Латвіі.

Шмат было і мёду — ліпавага, з акацыі, кветкавага, з пяргой, у сотах — адным словам, на любы густ. Сяргей і Святлана Канатавы — пчаляры з Мсціслава.

— Заўсёды лічылася, што пасля Мядовага Спасу мёд набывае сілу і становіцца спелы, — паведаміў Сяргей. — Гэта не значыць, што дасюль ён быў дрэнны, проста ён цяпер яшчэ і асвячоны. Бацюшка яго асвяціў і цяпер ён па-сапраўднаму лячэбны.

Мёд у гэты дзень ішоў «на ўра». Алена з Юрыем і дачкой Янінай прыехалі з Мінска ўпершыню, бо шмат што чулі пра гэта свята ад родных з Быхава.

— Тройчы, як трэба па легендзе, перайшлі асвячоную крыніцу, — адразу ж далі справаздачу сужэнцы. — Вада такая халодная, што сэрца заходзіцца. Але потым так цёпла стала і хораша на душы. Калі шчыра, не чакалі, што тут будзе такое вялікае свята. Ужо паўдня тут, а ўсе рады яшчэ не абышлі. І мёд вельмі смачны. Павязём яго да сябе ў Мінск, будзем частаваць знаёмых.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Спас — усяму час

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.