Вы тут

Дэмаграфічны патэнцыял і інстытут сям’і збіраюцца умацаваць ў найбліжэйшую пяцігодку


Умацаваць дэмаграфічны патэнцыял і інстытут сям’і ў найбліжэйшую пяцігодку збіраюцца ў Беларусі ў межах праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021–2025 гг. Для гэтага мяркуюць стымуляваць нараджальнасць у сем’ях, дзе няма дзяцей. Уводзіць дадатковыя дыферэнцыраваныя стымулы для нараджэння другіх і наступных малых, а таксама пашырыць праграму сямейнага капіталу.


Прэферэнцыі для шматдзетных і сямей з інвалідамі

За апошняе дзесяцігоддзе колькасць шматдзетных сямей у краіне вырасла амаль удвая. Лідары ў гэтым кірунку — Брэсцкая вобласць, Міншчына і сталічны раён (штогод ён прырастае на шэсць-восем тысяч чалавек), расказала Валянціна КУРСЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— Урад забяспечвае стабільнае функцыянаванне сацыяльнай сферы, практычна ўсе дапамогі і выплаты адбываюцца своечасова. У такі няпросты перыяд нельга дапусціць зніжэння росту дабрабыту насельніцтва. Важным пытаннем з’яўляецца забеспячэнне жыллём шматдзетных — апошнім часам з дзяржпадтрымкай жыллёвыя ўмовы палепшылі каля 34 тысяч такіх сямей.

Надалей дзяржава збіраецца ўдасканальваць дзяржпадтрымку шматдзетных. Прынамсі, бясплатна выдзяляць сем’ям з траімі і больш малымі ўчасткі для будаўніцтва дома. Прадугледжваецца і павелічэнне будаўніцтва арэнднага жылля.

— Наша камісія працавала над законапраектам аб дзяржпадтрымках сямей, якія выхоўваюць дзяцей, дзе прадугледжвалася падтрымка найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва і сямей, дзе бацькі ці дзеці — інваліды. Уведзены прэферэнцыі для сямей з малым-інвалідам, каб той з бацькоў, хто даглядае дзіця, мог працаваць на 0,5 стаўкі, — падзялілася дэпутат.

Двухтыднёвы адпачынак, які летась сталі даваць нашым татам для догляду нованароджанага (у першае паўгоддзе жыцця), пакуль не карыстаецца высокай папулярнасцю. Спецыялісты мяркуюць, што жаданне бацькоў стрымліваецца тым, што такі водпуск па законе не аплачваецца, а яго поўная ці частковая аплата або больш падоўжаны тэрмін можа забяспечыць толькі работадавец, што адбываецца рэдка.

Бясплатнае ЭКА і дынамічнае назіранне

Дэмаграфічнае пытанне вырашаецца праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады», дзе шмат увагі ўдзяляецца абароне сямей, якія выхоўваюць дзяцей. Жыццёвыя пытанні важна адлюстраваць і ўмацаваць заканадаўча, каб забяспечвалася рэпрадуктыўнае здароўе сям’і, яе эканамічны стан, выхаваўчая роля, упэўнена Святлана АДЗІНЦОВА, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— Важна, каб маці і бацька нарадзілі здаровае дзіця. А калі ўзнікаюць праблемы ў гэтым плане, трэба, каб сям’я магла атрымаць дапамогу, незалежна ад таго, дзе яна жыве. Абазначаная праграма аб’ядноўвае ўсе міністэрствы для вырашэння дэмаграфічнага пытання, а яе падпраграма — «Сям’я і дзяцінства» — падкрэслівае важнасць сям’і для дзяржавы. Асноўныя кірункі падпраграмы скіраваны на паляпшэнне і ўдасканальванне інстытута планавання сям’і, умацаванне здароўя маці і дзіцяці, аказанне падтрымкі сям’і.

Прынамсі, гэта экстракарпаральнае апладненне, якое цяпер можна адзін раз зрабіць бясплатна. А таксама ўзроўневая сістэма аказання дапамогі жанчынам, якія плануюць сям’ю, у прыватнасці перынатальная дыягностыка захворванняў і прафілактыка абортаў.

— Сёння, нават калі выяўлена ўнутрыўтробная паталогія, можна скарэкціраваць здароўе. Цэнтр «Маці і дзіця», дзе жанчынам аказваецца дапамога і дынамічны нагляд, стаў больш даступным. Меддапамога для жанчын і дзяцей бясплатная, — дадала Святлана Адзінцова. — А цэнтры, сяброўскія да падлеткаў, адкрыты для тых, хто не можа падзяліцца сваёй праблемай з бацькамі. Спецыялісты тут здольны выраўняць многія фізіялагічныя і псіхалагічныя моманты. Такі чынам, дзяржава стварыла асноўныя кірункі для ўмацавання здароўя.

Даплаты дзецям-інвалідам, на тройню і выпускнікам інтэрнатаў

У Мінску пражывае больш за 16 тысяч шматдзетных сямей, і сталічны бюджэт знайшоў магчымасць для выплаты асобных відаў сацыяльнай падтрымкі найбольш уразлівым катэгорыям. Гэта сем’і, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, і шматдзетныя, падкрэсліла Вольга ВАСІЛЕЎСКАЯ, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама:

— У прыватнасці, штомесяц да сацыяльных пенсій дзяцей-івалідаў ва ўзросце да 18 гадоў выплачваецца даплата ў 150 % мінімальнай пенсіі па ўзросце (106 рублёў 31 капейка). Выплатамі падтрымліваюцца і сем’і, дзе адначасова нарадзіліся трое і больш дзетак — адна базавая велічыня на кожнага малога да трох гадоў. Цяпер такія даплаты атрымліваюць 45 сталічных сямей. Штогод даплачваюць і выпускнікам інтэрнатаў з ліку дзяцей-сірот і малых, якія засталіся без папячыцельства бацькоў.

Дзейнічаюць у Мінску і паслугі спецыяльнага аўтатранспарту, якімі могуць бясплатна скарыстацца тыя, хто выхоўвае дзяцей-інвалідаў. Для асобных катэгорый прадугледжана даплата да поўнага кошту пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры, а таксама даплата да харчавання (або бясплатнае харчаванне) у школах.

Здароўе мам, татаў і немаўлят

Беларусь займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу найбольш камфортных для мацярынства краін свету, і медыцына прыкладае максімум намаганняў, каб сям’я была здаровай, запэўніла Алена УЛЕЗКА, намеснік дырэктара па педыятрыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця»:

— За апошнія 20 гадоў у дзесяць разоў зменшылася мацярынская смяротнасць. Смяротнасць немаўлят — 2,6 на тысячу народжаных. Абсалютна ўсім жанчынам даступны дародавае і пасляродавае медабслугоўванне. Ультрагукавое даследаванне (УГД) праводзіцца ў 97–98 %.

Наладжана работа па захаванні рэпрадуктыўнага здароўя не толькі жанчыны, але і мужчыны, што таксама паспрыяе нараджэнню больш здаровых дзетак. Удзел бацькі ў выходжванні неданошанага немаўляці, у тым ліку з экстрэмальна нізкай масай цела, вельмі важны, падкрэсліла медык.

Мяркуецца, дарэчы, што ў перадабортнае кансультаванне будуць уключацца і таты, што, як спадзяюцца спецыялісты, дазволіць захаваць больш цяжарнасцяў. А яшчэ сёлета ў РНПЦ, дзе цяпер выжывальнасць неданошаных 88,6 %, увядуць у строй корпус для рэанімацыі немаўлят з экстрэмальна нізкай масай цела.


Класічныя каштоўнасці

Грамадскія арганізацыі, якія таксама аказваюць у нашай краіне дапамогу жанчынам, асабліва тым, хто апынуўся ў сітуацыі хатняга гвалту, падтрымліваюць класічныя сямейныя каштоўнасці, заўважыла Вераніка СЯРДЗЮК, кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля», і агучыла, што, на яе погляд, варта было б удасканаліць заканадаўча:

— У паслугах сацыяльнай нянькі маюць патрэбу не толькі шматдзетныя, але і маладыя мамы, якія нараджаюць першынца. Прычым гэта асабліва актуальна ў раёнах, бо спрадвечны прынцып дапамогі з гадаваннем бабуль больш не актуальны. Сучасныя бабулі, як правіла, працуюць, ім няма калі дапамагаць.

А яшчэ ў ВНУ варта было б увесці абавязковую дысцыпліну па вядзенні сям’і. Студэнцкіх сямей усё менш, цяпер іх набярэцца хіба 200, а дысцыпліна дапамагла б большай інфармаванасці студэнтаў і, магчыма, нараджальнасці першынца, на што беларускі рашаюцца ўсё пазней, арыентуючыся на заходнюю мадэль сям’і, дадала Вераніка Сярдзюк.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.