Вы тут

Мікалай Чаргінец: Місія пісьменніка: адчуваць подых гісторыі


Дзень беларускага пісьменства стаў адным з улюбёных святаў айчынных літаратараў. Пра гісторыю і традыцыі святкавання, пісьменніцкую місію і адказнасць творцы за тое, што адбываецца навокал, разважае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.


Фота: sb.by

Калісьці і цяпер

Штогод я бываў удзельнікам свят, звязаных з Днём пісьменства. Магу ўпэўнена канстатаваць, што з кожным годам гэтае мерапрыемства арганізоўваецца ўсё лепей, таму хачу выказаць словы падзякі Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь, асабіста намесніку міністра Ігару Бузоўскаму, які ўвесь час штосьці імкнецца палепшыць, удасканаліць і прымушае тое ж рабіць іншых…

Асабіста мне імпануе, што ў арганізацыі ўрачыстасці сышлі ад стэрэатыпаў: раней гледачы вымушаны былі назіраць на сцэне доўгія дзеі, прадстаўленыя з аглядкай на гісторыю свята. Цяпер жа гэтую частку скарацілі і запоўнілі тым, што сёння найбольш актуальна.

Свята пачалося!

Сёлета адбудзецца трохдзённая ўрачыстасць.

Так, сёння ўпершыню ў Палацы Рэспублікі мае адбыцца круглы стол «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора», у тым ліку ў рэжыме анлайн. Удзел бяруць прадстаўнікі іншых краін. Да абмеркавання прапануюцца тэмы, якія датычаць дзейнасці пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў і палітыкаў, але літаратура будзе як стрыжань дзеля таго, каб можна было паразважаць аб праблемах у свеце, пагутарыць пра складанасці, з якімі сутыкаецца чалавецтва: напрыклад, голад у Афрыцы, сітуацыя ў Афганістане...

Літаратар і грамадства

Пісьменніцкія дэлегацыі (па дзесяць чалавек з кожнай вобласці, а з Мінска — трыццаць) збіраюцца ў Капылі і будуць ладзіць сустрэчы. Усё распісана па гадзінах. Абласныя арганізацыі на сцэне распавядуць аб тым, што зроблена ў літаратуры. Да таго ж сярод літаратараў ёсць нямала музыкантаў, спевакоў: яны выканаюць творы на словы нашых пісьменнікаў, каб паказаць іх творчасць у музычным ракурсе. Кожная арганізацыя пакажа найлепшае.

Акрамя таго, да ўрачыстасці будзе арганізавана кніжная выстаўка, дзе мы пакажам творы, што пабачылі свет на працягу года — своеасаблівая справаздача перад насельніцтвам…

У нядзелю мае адбыцца і сустрэча кіраўнікоў абласных пісьменніцкіх арганізацый з жыхарамі горада — і гэта мы арганізоўваем упершыню. Мяркую, будзе станоўчы досвед, калі пісьменнікі возьмуць за правіла рэгулярна сустракацца з насельніцтвам і гутарыць на любыя тэмы. Галоўнай стане — літаратура, але яе сёння нельга разглядаць толькі як напісанне кніг: пісьменнік павінен ведаць і пра сітуацыю ў свеце, палітыку, эканоміку — але не як эканаміст, а бачыць нейкія моманты: пралікі і недахопы, напрыклад, ва ўборцы ўраджаю альбо ў выпуску пэўнай тэхнікі, і ўмець патлумачыць, чаму так адбываецца. Вельмі важна, каб пісьменнік мог адказаць на пытанні, якія хвалююць людзей. Адных трэба супакоіць, іншым правесці аналогіі ці паралелі з падобнымі з’явамі ў іншых краінах ці гісторыі…

Напрыклад, часта можна пачуць ад суразмоўцаў, што, маўляў, хацелася б мець лепшы ўзровень жыцця. Але калі параўнаць з часамі Савецкага Саюза, то цяпер на кожную сям’ю прыходзіцца больш аўтамабіляў, чым было калісьці, дый амаль усе — іншамаркі…

Праўда, гэта стварае новыя праблемы. Так, калі я быў у Кітаі, то кінулася ў вочы: ні ў Пекіне, ні ў Шанхаі на вуліцах і ў дварах няма машын. Як аказалася, пры праектаванні дамоў прадугледжваюць альбо шматузроўневую стаянку, альбо падземныя гаражы. Мы ж толькі набліжаемся да гэтага. Але пісьменнік, ведаючы гэта, павінен расказаць тым, ад каго залежыць вырашэнне такіх пытанняў. Так, са Злучаных Штатаў я прывёз праект часовага шматпавярховага гаража, які збіраецца з металу, а потым, пры патрэбе, яго можна разабраць і перанесці ў іншае месца. Пісьменнік таксама павінен займацца такімі праблемамі…

Мы павінны праводзіць тлумачальную работу: распавядаць пра складанасці, адказваць на пытанні людзей, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, і ў той жа час паказваць тое добрае, што ў нас ёсць, нашы дасягненні. Чаму б не расказаць пра тое, што кожны дзясяты трактар у свеце — «Беларус»? Гэта выклікае пачуццё гонару. Апошнім часам у нашай краіне маем якасную лінейку тэхнікі для ўсіх відаў сельгасработ. Гэта таксама падстава для гонару за свой народ.

Такім чынам, выступаючы перад насельніцтвам, пісьменнік павінен падкрэсліць тое добрае, што ў нас ёсць, адказваць на пытанні, распавядаць пра свае творы… А паказваючы праблему, творца мусіць і падказаць шляхі яе вырашэння.

Іншая задача, да вырашэння якой літаратары павінны мець дачыненне, — выхаванне моладзі. Так, мы змагаемся за тое, каб удзельнічаць у стварэнні падручнікаў. Нядаўна адбыўся сход настаўнікаў — пісьменнікаў, на жаль, туды не запрасілі, у той час як мы маем даручэнне кіраўніка дзяржавы рыхтаваць падручнікі па мовах і літаратурах сумесна з Міністэрствам адукацыі… Пісьменніцкае слова, лічу, было б вельмі карысным!

Пра стасункі

Мы рады, што на святкаванне прыязджае шмат вядомых людзей. Саюз пісьменнікаў Беларусі заключыў шэраг дагавораў з пісьменніцкімі арганізацыямі трыццаці дзевяці краін. Гэта не значыць, што прыедуць усе, на жаль, сітуацыя з пандэміяй таго не дазваляе. Але тым, хто прыехаў, будзе дадзена магчымасць паўдзельнічаць у круглым стале, паразмаўляць з калегамі і абмяняцца досведам.

Будзем разважаць з гасцямі і пра тое, як яны жывуць і вырашаюць пытанні, у тым ліку дзяржаўнай важнасці, як яны пішуць, як забяспечаны матэрыяльна і якое атрымліваюць маральнае задавальненне ад сваёй дзейнасці. Чакаем, што нашы пісьменнікі атрымаюць зарад аптымізму для творчасці.

Заслугі і ўзнагароды

Мы ганарымся, што ў нас штогод дзесяць — дванаццаць пісьменнікаў высока ацэньваюцца дзяржавай — па тых заслугах, якія яны маюць, і той працы, якую ўклалі ў творы, па выніках іх работы з насельніцтвам, асабліва з моладдзю. Але і пісьменнікі павінны гэта разумець і цаніць…

Так, 5 верасня, падчас правядзення галоўных нашых сустрэч у Капылі, будуць аб’яўлены пераможцы літаратурнага конкурсу, які мы праводзілі — пісьменнікам уручаць граматы і прызы.

Мы ўдзячныя кіраўніку і кіраўніцтву дзяржавы, Міністэрству інфармацыі за тое, што былі знойдзены магчымасці, каб пераможцы не толькі атрымалі дыплом, але і матэрыяльную ўзнагароду. Бо ў пісьменніка ёсць праблемы, якія нельга вынесці на шырокае абмеркаванне. Так, сыходзячы на пенсію, літаратары апынаюцца ў незайздросным становішчы… Дарэчы, цяпер працуем над тым, каб унесці пэўныя змены ў закон аб пенсіях. Добра было б, каб да гэтай невялікай сумы пісьменнікі атрымлівалі надбаўкі.

Надзеі і чаканні

Спадзяюся, што сябры пісьменніцкай арганізацыі атрымаюць маральнае задавальненне, адчуюць, што народ прыняў іх дасягненні, але ў той жа час трэба, каб пісьменнікі паглядзелі на сябе крытычна, параўналі тое, што яны робяць, з дасягненнямі іншых калег па пяры — трэба ўмець суадносіць свае магчымасці і вынікі з магчымасцямі і вынікамі іншых… А яшчэ жадаю, каб пісьменнікі нашы проста добра адпачылі: пабавілі час у кампаніі з іншымі творцамі, паспявалі і патанцавалі — гэта ж свята літаратуры і тых, хто яе стварае!

На перспектыву

Вынікі ўдзелу ў свяце дазваляюць спланаваць работу на далейшае з мэтай паляпшэння якасці літаратуры. У гэтым плане чакаем, што з’явяцца новыя творы. Нацэльваем нашых пісьменнікаў на новае, чаго яшчэ не рабілі. Напрыклад, бракуе кніг па Першай сусветнай вайне. У той жа час у нашай зямлі ляжыць да мільёна салдат і афіцэраў, якія нават не былі пахаваныя. Так, пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка прысвяціў свае творы менавіта гэтай тэме — і некалькі яго кніг перавыдалі нават у Расіі.

Мы правялі даследчыцкую працу: цяпер вядомы каля дзвюх тысяч прозвішчаў людзей, якія праславілі Беларусь за яе межамі. Пра многіх з іх ніхто не ведаў. Напрыклад, Уладзіслаў Старэвіч, стваральнік мультфільмаў, атрымліваў перамогу на ўсіх мастацкіх конкурсах — да 1970 года ўсе ўзнагароды былі яго, а ён — ураджэнец Беларусі, з беднай шляхецкай сям’і. У Парыжы ў 1968 годзе на чарговым конкурсе, дзе ён узяў найвышэйшую ўзнагароду, журналісты спыталі: «Як вы навучылі вашых жучкоў апранацца і надзяваць капялюш?» То-бок, яны нават не зразумелі, што мульцікі былі намаляваныя. А як Сувораў і Кутузаў бралі Ісмаіл? Толькі дзякуючы Полацкаму палку, на сто працэнтаў камплектаванаму з беларусаў… Вось і задача для літаратараў: трэба напісаць пра выбітных суайчыннікаў, данесці іх подзвігі і дасягненні да шырокай аўдыторыі!

Матэрыял падрыхтавала Марыя ЯРАШЭВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.