Вы тут

Чаму гараджане выбіраюць вёску? Самы вялікі попыт — на купалаўскія мясціны


У апошнія гады сярод нават карэнных гараджан стала папулярна абзаводзіцца загараднай нерухомасцю. І не ў новым катэджным пасёлку, а далей ад горада, у сапраўднай вёсцы. Ці хапае ўсім ахвотным участкаў, якія ёсць падводныя камяні пры набыцці на другасным рынку дома ў вёсцы — пра гэта і многае іншае расказаў Уладзімір ВАСІЛЬКОЎ, старшыня Радашковіцкага сельскага выканаўчага камітэта.


На вясковых вуліцах.

— Перад візітам да вас зазірнула на сайт сельвыканкама і не ўбачыла там рэестра пустых дамоў. Усё раскуплена?

— Так, і старыя дамы, і новыя ўчасткі, якія мы фарміруем для продажу з аўкцыёну, хутка раскупляюцца. У нас ёсць два пустыя дамы, але яны пакуль у добрым стане, і мы ведаем, што ёсць спадчыннікі не першай чаргі. Зараз адшукваем іх. Як правіла, нашчадкі хутка арыентуюцца, як распарадзіцца маёмасцю. Самы вялікі попыт у нас на купалаўскія мясціны — Вязынку, але і ў любой вёсцы з 31, якая знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета, абавязкова жыве некалькі гараджан. Сярод іх ёсць спадчыннікі, якія рэканструявалі стары дом або пабудавалі новы. І шмат людзей, якія, як гаворыцца, выраслі на асфальце, але з узростам, прычым далёкім ад пенсіённага, пацягнуліся да зямлі. Яны хочуць мець большую жыццёвую прастору, чым дае гарадская кватэра ці нават садовае таварыства, дзе, па сутнасці, той жа чалавечы мурашнік.

— Існуе тры варыянты, каб пасяліцца ў адным з самых прыгожых куткоў Беларусі: атрымаць спадчыну, купіць участак з аўкцыёну або на другасным рынку. Які з іх самы надзейны?

— Лепш за ўсё набыць участак з аўкцыёну. Чаму? Часам бывае нават так, што чалавек ездзіць, выбірае месца, потым прыходзіць у сельвыканкам і просіць: прадайце мне вось той участак. Мы глядзім, ці можам там яго сфарміраваць, таму што ён павінен адпавядаць мінімальным сацыяльным стандартам: наяўнасць дарогі, вады, электрычнасці. І толькі потым праводзіцца адкрыты аўкцыён, то-бок, на гэты ўчастак можа і пяць чалавек прэтэндаваць. Продаж з аўкцыёну, як кажуць рыэлтары, гарантуе чысціню здзелкі.

Уладзімір Васількоў.

— Якія праблемы даводзіцца пераадольваць пры набыцці дамоў у вёсцы на другасным рынку або пры атрыманні спадчыны?

— Вылучыў бы дзве праблемы: праваўстанаўлівальныя дакументы і парушэнне межаў участкаў. Сустракаюцца сітуацыі, калі людзі жылі ў доме паўстагоддзя, але ніякіх дакументаў не аформілі. У прынцыпе, некалі так і было: пабудаваў дом, запісаўся ў пагаспадарчай кнізе сельсавета, і на гэтым усё. Калі ж з'явіліся сучасныя патрабаванні да дакументавання жылля і зямлі, некаторыя людзі вырашылі, што іх гэта не датычыцца, бо даўно тут жывуць. І вось якраз такія моманты выяўляюцца пры ўступленні ў спадчыну альбо продажу дома на другасным рынку. Што мяне здзіўляе? Пакупнікі — законапаслухмяныя людзі, як правіла, з вышэйшай адукацыяй, а то і не з адной, але вось трапляюць у няёмкае становішча. Ім кажуць: «Будуйся, фармальнасці вырашым пасля». Чалавек заплаціў грошы і будуе новы дом або рэканструюе стары. Потым прадаецца суседні ўчастак, і высвятляецца, што межы парушаныя. Пачынаецца разгляд, і ўсплываюць іншыя нюансы. Была сітуацыя, калі чалавеку прыйшлося літаральна знесці частку новага дома, каб увайсці ў межы свайго ўчастка.

— Як пазбегнуць такой сітуацыі?

— Працую тут амаль два гады, і за гэты час быў толькі адзін званок: «Мы купілі дом, можа, трэба нейкія звесткі падаць». А лепш за ўсё, перш чым купіць дом, прыйсці ў сельвыканкам і ўдакладніць усе нюансы.

Сядзіба сям'і Падрэз.

— Ці ёсць магчымасць аднавіць дакументы на стары дом?

— Вядома, для гэтага трэба звярнуцца ў агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Там спецыялісты даюць літаральна пакрокавую інструкцыю — якія дакументы патрэбныя і дзе іх атрымаць. Зноў жа, усе дарогі вядуць да нас: падымаем пагаспадарчыя кнігі, архівы.

— Што можна сказаць пра заняткі гараджан, якія пераехалі сюды?

— Хтосьці выкарыстоўвае дом як лецішча, некаторыя жывуць пастаянна. Раніцай, калі еду на работу, заўважаю, што машыну з пяцёркай на нумарным знаку трэба яшчэ пашукаць, а вось «сямёркі» актыўна едуць у сталіцу. Некаторыя людзі тут адкрываюць свой бізнес. Многія могуць дыстанцыйна працаваць, і ўжо больш за год гэта вельмі актуальная тэма.

— Як ідзе справа з рэгістрацыяй, бо ад гэтага залежыць кошт многіх паслуг?

— У сельскіх дамах людзі могуць мець пастаянную або часовую рэгістрацыю. Апошні варыянт зручны для тых, хто жыве тут як дачнік.

— Ці вызначаны стандартны памер участка, які людзі могуць набыць на аўкцыёне?

— Для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома прадугледжаны ўчастак 15 сотак. Да гектара зямлі можна набыць для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, але прэтэндаваць на гэта могуць толькі тыя, хто пастаянна зарэгістраваны на тэрыторыі сельсавета. На такім участку можна займацца земляробствам або гадаваць сельскагаспадарчых жывёл, але нельга, напрыклад, пабудаваць лазню або СТА. Пры куплі старых дамоў, як правіла, захоўваецца і ўчастак, ён можа быць і 25 сотак.

— Ці ладзяць гараджане з мясцовымі жыхарамі?

— Канфліктаў на глебе «мы — мясцовыя, а вы — прыезджыя», на шчасце, не згадаю. Зараз прыязджаюць не нуварышы, якія будавалі трохпавярховыя асабнякі і не віталіся з суседзямі. Цяпер будуюць дамы без празмернасцяў, людзі ўжо не хочуць выкідваць грошы на вецер, ацяпляючы пустыя пакоі. З мясцовымі гараджане знаходзяць агульную мову. Усе разам падтрымліваюць парадак на зямлі. У вёсцы ж як? Сусед зрабіў прыгожую клумбу — ну дык і я прыдумаю нешта цікавае. На сёння ў нас няма вёскі, якую было б сорамна паказаць.


 У тэму

Прыязджаюць як госці, а з'язджаюць сябрамі

Такім пунктам на карце аказалася вёска Валадзькі. Прыгожае месца, якому ўжо 427-ы год!

Некалькі незвычайны для Беларусі ўзгорысты ландшафт. А калі на пагорках растуць дрэвы, здаецца, што вёска стаіць у асяроддзі гор. Тут суседнічаюць дамы аўтэнтычныя і новыя, што стварае вельмі цікавую атмасферу — такі мікс гарада і вёскі. Усе ўчасткі дагледжаныя, многія гаспадары нават за плотам пасадзілі кветкі. Мабыць, у кожным другім доме жывуць мінчане. Маю ўвагу прыцягнуў цікавы плот на ўскраіне вёскі. Аказалася, што гэта аграсядзіба. Яшчэ ў 1988 годзе сям'я мінскіх лінгвістаў Святланы і Генадзя Падрэз купіла стары драўляны дом пад лецішча. Гадоў дзесяць таму сюды пераехаў жыць іх сын Алесь. Спачатку ён разам з жонкай Марынай рэканструяваў і добраўпарадкоўваў дом для сябе. У госці часта прыязджалі сябры, і было вырашана гаспадарчыя пабудовы ператварыць у жылыя пакоі з усімі гарадскімі выгодамі. Сябры і ў гэтым дапамагалі.

Калі ўсталяваўся бязвізавы парадак уезду замежных грамадзян у Беларусь, вырашылі паспрабаваць прымаць гасцей. Турыстаў заўсёды прыцягвае фраза «тут размаўляюць на вашай мове». А ў сям'і Падрэз тры сертыфікаваныя гіды-перакладчыкі: Святлана, Генадзь і Алесь.

«Пандэмія ўнесла свае карэктывы, у мінулым годзе ў нас адпачывалі суайчыннікі, і яны зусім па-новаму адкрылі для сябе сваю ж краіну, — кажа Алесь. — Для нас няма розніцы, хто адпачывае: беларусы ці замежнікі — галоўнае, што прыязджаюць як госці, а з'язджаюць сябрамі».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.

Грамадства

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Янка Купала дакладна чуў беларускія калыханкі ад сваёй маці, Бянігны Іванаўны, лежачы ў калысцы ў Вязынцы.

Грамадства

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Банда рабаўнікоў «трапілася» дзякуючы адбіткам спецыяльнай прылады.

Грамадства

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Экспедыцыю ў Малінаўку арганізаваў навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва ветэран пошукавага руху Пётр Хаванскі.