Біягазавае паліва — узнаўляльная крыніца энергіі. Пры яго вытворчасці таксама вырашаецца праблема ўтылізацыі арганічных адходаў. Біягаз з’яўляецца найбольш чыстым і недарагім відам паліва, таму ён папулярны ў Кітаі, Індыі і краінах Еўрасаюза. У апошнія гады і ў Беларусі атрымаў развіццё гэты кірунак узнаўляльнай энергетыкі.
«Біягазавыя тэхналогіі ў нашай краіне пачалі развівацца ў 2009 годзе. Менавіта з гэтага часу былі пабудаваны першыя тры біягазавыя комплексы ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Іх паспяховая эксплуатацыя заклала будучыню кірунку, — кажа Леанід Паляшчук, намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта. — З улікам экалагічнага і эканамічнага фактараў на першае месца смела можна паставіць біягазавыя комплексы». І вось чаму. Біягазавая тэхналогія ў выніку біяперапрацоўкі адходаў фермаў буйнай рагатай жывёлы, свінакомплексаў і птушкафабрык, адходаў харчовых вытворчасцяў забяспечвае:
Жывёлагадоўчыя аб’екты сельскагаспадарчых арганізацый, ачышчальныя збудаванні гарадоў, палігоны камунальных адходаў, прадпрыемствы малочнай і харчовай прамысловасці — вось патэнцыйныя пляцоўкі для будавання біягазавых усталёвак. У аграпрамысловым комплексе апроч адходаў гадоўлі жывёлы для сінтэзавання біягазу можна таксама скарыстаць арганічныя адходы: кукурузны ці травяны сілас, салому збожжавых, бульбяную мязгу, адкіды бураку ў цукровай вытворчасці. На думку навукоўцаў і спецыялістаў, будаванне біягазавых усталёвак тэхнічна магчыма на комплексах па гадоўлі буйнай рагатай жывёлы з пагалоўем звыш 720 галоў, свінакомплексах з пагалоўем 6 тысяч галоў і птушкафабрыках на 90 тысяч галоў. У АПК штогод патрабуецца ачысціць і перапрацаваць каля 70 млн тон адходаў, у тым ліку на свінагадоўчых комплексах — каля 5 млн тон. Біягаз здабываецца не толькі з арганічных, у тым ліку раслінных адходаў, але і на палігонах ЦКА. А ў нашай краіне іх дзейнічае больш за 150. Патэнцыйная энергія, якая змяшчаецца ў адходах, што захоўваюцца на палігонах, раўнацэнная 470 тысячам тон умоўнага паліва. Пры іх біяперапрацоўцы з мэтай атрымання звалачнага газу эфектыўнасць складзе 20-25 %, што эквівалентнае 100-120 тысячам тон умоўнага паліва.
Паводле даных Дзяржаўнага кадастра ўзнаўляльных крыніц энергіі, у нашай краіне дзейнічаюць 38 усталёвак па вытворчасці біягазу агульнай электрычнай магутнасцю 47,88 МВт.
Вобласць Колькасць Усталяваная магутнасць
Брэсцкая 9 10,75
Віцебская 3 1,96
Гомельская 2 1,06
Гродзенская 4 3,24
Мінская 17 23,14
Магілёўская 3 7,73
Сярод іх такія аб’екты, як пяць біягазавых электрастанцый у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях коштам каля 25 млн долараў, пабудаваных кампаніяй Modus Energy (Літва). Фінансавалі гэты праект Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і «Банк Дабрабыт». Гэтыя пяць станцый дастаўляюць у сетку каля 40 млн кВт⋅ч чыстай электраэнергіі для спажывання ў краіне.
Варта адзначыць, што рэалізацыя такіх праектаў займае невялікі прамежак часу. У 2017 годзе кампанія Modus Energy перамагла на публічных аўкцыёнах па размеркаванні квот на вытворчасць электраэнергіі з узнаўляльных крыніц. Праз год біягазавыя электрастанцыі ўжо былі ўведзены ў эксплуатацыю.
Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта ўпэўнены ў неабходнасці працягу працы з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі па прыцягненні інвестыцый і крэдытных сродкаў для ўкаранення біягазавых тэхналогій і выпрацавання электрычнай і цеплавой энергіі для ўласных патрэб прадпрыемстваў нашай краіны. З гэтай мэтай таксама трэба захаваць павышаныя каэфіцыенты для продажу электрычнай энергіі.
У кастрычніку ў Мінску праходзіў Беларускі энергетычны і экалагічны форум. На навукова-практычнай канферэнцыі «Развіццё „зялёнай“ эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь», арганізаванай Мінпрыроды, адбылася прэзентацыя «Біягазавыя ўсталёўкі як прыклад цыркулярнай эканомікі». ТАА «БГ-17» пабудавала і паспяхова эксплуатуе восем біягазавых комплексаў у некалькіх рэгіёнах нашай краіны. У Брэсцкай вобласці гэта такія аб’екты, як ЗАТ «Белавежы Біягаз», ЗАТ «Свет Біягаз» і ЗАТ «Парахонскае Біягаз», у Гродзенскай — ЗАТ «Кабылаўка Біягаз», ЗАТ «Паўночны біягаз» і ЗАТ «Задняпроўскі біягаз», у Мінскай — ТАА «БГ-17». Як растлумачыла Марыя Крукава, інжынер па ахове навакольнага асяроддзя ТАА «БГ-17», агульная магутнасць гэтых усталёвак — 10 МВт, якіх досыць для забеспячэння на працягу года энергіяй горада з насельніцтвам 78 тысяч чалавек.
У якасці сыравіны «БГ-17» выкарыстоўвае на біягазавых усталёўках арганічныя адкіды, што падпадаюць працэсу ферментацыі, то-бок анаэробнаму браджэнню. Гэта натуральны ўстойлівы працэс без кіслароду, падчас якога мікраарганізмы расшчапляюць арганічныя рэчывы на ўзнаўляльную энергію (біягаз) і высакаякасныя ўгнаенні.
«Біягаз выкарыстоўваецца для выпрацоўкі электраэнергіі і цяпла. Ён таксама можа быць мадэрнізаваны да ўстойлівага газу (біяметану) для запампоўкі ў газавую сетку, — растлумачыла Марыя Крукава. — На нашых усталёўках можна скарыстаць і арганічныя прадукты пасля заканчэння іх тэрміну прыдатнасці. І мы хацелі б у гэтым кірунку працаваць з гіпермаркетамі, аднак праблема ў тым, што прадукты там знаходзяцца ва ўпакоўцы».
Удзельнікі канферэнцыі цікавіліся, як уплывае на навакольнае асяроддзе праца біягазавых усталёвак. Як растлумачыла Марыя Крукава, дзякуючы ўжыванню ў вытворчасці зачыненай цыркуляцыі, мінімізуюцца любыя пахі. «БГ-17» выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі, выконвае стандарты ISO. «Біягазавыя ўсталёўкі не аказваюць негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе, — рэзюмавала яна. — Наадварот, яны дапамагаюць скараціць выкіды парніковых газаў і атрымаць высакаякасныя ўгнаенні. Такім чынам, вытворчасць біягазу з’яўляецца яркім прыкладам цыркулярнай эканомікі».
Пытанне ўтылізацыі арганічных адкідаў, у тым ліку гною, вельмі востра стаіць на шмат якіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Асабліва там, дзе яшчэ захаваліся старыя фермы. Таму біягазавыя ўсталёўкі апроч вытворчасці энергіі развязваюць праблему ўтылізацыі адкідаў. Да таго ж угнаенні, атрыманыя пасля перапрацоўкі ў біягазавай усталёўцы, па сваім хімічным складзе значна перасягаюць звычайныя, што спрыяе павелічэнню ўраджайнасці. Яны вырабляюцца са знезаражанай арганікі і пасля іх занясення не патрабуецца хімпаліву пасеваў.
Звалачны газ — адна з адменнікаў біягазу. Ён выпрацоўваецца на палігонах цвёрдых камунальных адкідаў. Паводле даных Мінпрыроды, усталёўкі па атрыманні біягазу працуюць на сямі палігонах краіны.
На звалках утвараюцца метан і вуглякіслы газ, а таксама ёсць невялікая колькасць іншых газаў, якія знікаюць у атмасферы і з’яўляюцца адной з прычын змены клімату. Аднак звалачны газ можна скарыстаць выгадна, калі абсталяваць палігоны комплексамі па вытворчасці біягазу. У 2013 годзе ў нашай краіне толькі на трох палігонах функцыявалі такія комплексы.
Цяпер самая магутная біягазавая ўсталёўка, якая працуе на звалачным газе, ёсць на мінскім палігоне «Паўночны», а кіруе ім ПНЗАА «ТДФ Экатэх-Паўночны».
Важна адзначыць, што біягаз можна атрымліваць і на закансерваваным палігоне. Паводле даных эколагаў, першыя 25 гадоў пасля кансервацыі найболей эфектыўныя з пункту гледжання аб’ёму выпрацавання газу. У невялікіх аб’ёмах яго можна здабываць на працягу 70 гадоў з моманту закрыцця палігона.
Выдача квот прыпынена, але… У наш час усталяванне і выдача квот на будаванне комплексаў УКЭ прыпынены да 1 студзеня 2024 года з прычыны прынятай пастановы Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 03.11.2021 г. № 626, распрацаванага Мінэнерга.
«Пры гэтым права і магчымасць для будавання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымльнікамі ўсталёвак па выкарыстанні ўзнаўляльных крыніц энергіі з мэтай энергетычнага забеспячэння сваёй гаспадарчай дзейнасці па-ранейшаму застаюцца актуальнымі і павінны быць захаваны ў новых падыходах да развіцця выкарыстання УКЭ ў нашай краіне», — рэзюмуе Леанід Паляшчук.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.