Вы тут

Восеньская апрацоўка саду ад шкоднікаў і хвароб


Заканчэнне. Пачатак у публікацыі за 11 верасня.


Як апырскваць

Апрацоўку трэба праводзіць у пагодлівы дзень (у сухое і зацішнае надвор’е), прычым апырскваць трэба раніцай, каб лісце і кара да вечара ўжо высахлі. Калі дождж усё хутка змые, то апырскванне будзе бескарыснае. Вельмі добра, калі раствор пратрымаецца на дрэве хоць бы 2-3 дні.

Медны і жалезны купарвас вельмі дрэнна раствараюцца ў вадзе (хоць жалезны — лепш). Таму спачатку купарвас варта развесці ў невялікай колькасці цёплай вады (40 градусаў), а затым ужо праз фільтр заліць у апырсквальнік і далей разбавіць да патрэбнай канцэнтрацыі халоднай вадой.

Важна! Разводзіць або раствараць жалезны і медны купарвас варта толькі ў шкляной або пластмасавай тары, але ніяк не ў металічнай. Не забывайце фільтраваць раствор пры заліванні ў апырсквальнік (асабліва калі сродак цяжкарастваральны). Як правіла, у вас павінна быць адмысловая сетачка. Калі такой сетачкі няма, то працадзіць можна, скажам, праз калготкі або марлю.

Восеньскае апырскванне павінна быць максімальна шчодрае, прычым апрацоўцы падлягаюць не толькі крона і ўсе галіны дрэва (асабліва гэта датычыцца старых дрэў з патрэсканай карой), але і глеба ў прыствольным крузе. Аднак не варта апрацоўваць газонную траву, якая расце побач з дрэвам (як варыянт, можна накінуць плёнку на зямлю пад дрэвам перад апрацоўкай). Калі вы вырашылі апрацаваць расліны да лістападу, то, натуральна, лісце трэба апырскаць з абодвух бакоў.

Ідэальна, калі падчас апырсквання вы створыце цэлае воблака раствору, падобнае на туман. Калі ў вас побач з пладовымі дрэвамі растуць іглічныя, апрацоўку трэба праводзіць вельмі асцярожна, імкнучыся не трапляць на іх, тым больш калі сад хварэў і вы выкарыстоўваеце моцны раствор, які можа апячы вечназялёныя расліны.

Чым апырскваць

Жалезны купарвас. Ён дапаможа ў прафілактыцы і засцерагае ад многіх грыбковых захворванняў і інфекцый, такіх як парша, мучністая раса, розныя гнілі, у тым ліку пладовая гніль. Таксама дапаможа пазбавіцца ад імхоў і лішайнікаў.

Канцэнтрацыя наступная: калі расліны не хварэлі або практычна не хварэлі — 200–300 грамаў на 10 літраў вады; калі дрэвы і кусты хварэлі — 400–500 грамаў на 10 літраў вады.

Костачкавыя культуры лепш апрацоўваць не больш чым 3 %-ым растворам, а вось семечкавыя — 5 %-ным.

Мачавіна (карбамід). Пры высокай канцэнтрацыі гэты сродак (у дадзеных умовах ніякая не азотная падкормка) фактычна выпальвае ўсе інфекцыі (інакш кажучы, ён дазваляе знішчыць найбольш устойлівыя і цяжкавынішчальныя крыніцы хвароб), а таксама рэальна змагаецца з многімі шкоднікамі, якія вырашылі перазімаваць на галінах (у кары) і ў прыствольным крузе (напрыклад, з кляшчамі, шчытоўкай і нават шклянніцай). Такім чынам, карбамід мае ролю адначасова і фунгіцыду, і інсектыцыду. Аднак мачавіну, як правіла, выкарыстоўваюць у спалучэнні з жалезным купарвасам.

Канцэнтрацыя: калі дрэвы і кусты не хварэлі — 300 грамаў на 10 літраў вады; калі хварэлі — 500–700 грамаў на 10 літраў вады. Ад узросту расліны канцэнтрацыя не залежыць.

Звярніце ўвагу! Насамрэч мачавіна (карбамід) — гэта азотнае ўгнаенне, якое ў восеньскі перыяд можа справакаваць рост парасткаў, але з прычыны таго, што апрацоўка праводзіцца незадоўга да першых замаразкаў, ніякага эфекту, акрамя «выкараняльнага» (фунгіцыднага і інсектыцыднага), мачавіна не выкліча.

Ідэальнае спалучэнне: жалезны купарвас + мачавіна. Растварыце ў вадзе 20-30 грамаў лімоннай кіслаты (для захавання жалезнага купарвасу ў неакісленым стане, так ён будзе больш эфектыўны), затым дадайце 300–500 г жалезнага купарвасу, 500–700 г мачавіны (карбаміду) і 3-4 ст. лыжкі (50 мл) вадкага мыла або сродку для мыцця посуду (для лепшага прыліпання на лістах і галінах) і даліце неабходную колькасць вады (да 10 літраў).

Увосень праводзяць толькі адно знішчальнае апырскванне. Гэта значыць, напрыклад, дастаткова апрацаваць толькі мачавінай і жалезным купарвасам. Не трэба апрацоўваць расліны адразу ўсімі прэпаратамі і па некалькі разоў.

 

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.