Вы тут

Менш аўтамабіляў — чысцейшае паветра. У сераду ў грамадскім транспарце замест праязнога можна прад'явіць тэхпашпарт на машыну


Еўрапейскі тыдзень мабільнасці праводзіцца з 2002 года. Яго мэта — абраць спосабы перамяшчэння, альтэрнатыўныя асабістаму аўтамабілю, што дазваляе знізіць колькасць забруджвальных рэчываў, якія выкідвае транспарт у атмасферу. Наша краіна таксама далучылася да Еўрапейскага тыдня мабільнасці, у Мінску ён праводзіцца ўжо сёмы год.


Дзень без аўтамабіля, які адбудзецца 22 верасня, — гэта кульмінацыя Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Беларусі. Дарэчы, у Мінску ў гэты дзень аўтаўладальнікі могуць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам, замест праязнога прад'явіўшы тэхпашпарт на машыну.

А наогул на працягу тыдня ў кожным горадзе прайшло шмат розных мерапрыемстваў. У Мінску 16 верасня адбыўся плогінг-забег у раёне вуліцы Ясеніна. Актывісты сумясцілі прабежку са зборам смецця, якое рассартавалі і здалі на перапрацоўку.

У суботу ў парку 60-годдзя Вялікага Кастрычніка адбылося адкрыццё клуба аматараў экатранспарту і фестываль «ВелаЗ'езд». Тут прайшлі інтэрактыўныя гульні, велаквэст, гульня «Што? Дзе? Калі?» па Мэтах устойлівага развіцця, віктарына па Правілах дарожнага руху.

А 22 верасня ў 8 раніцы чакаецца масавы велапрабег, у якім прымуць удзел кіраўнікі і спецыялісты Мінгарвыканкама, раённых адміністрацый сталіцы, арганізацый і ведамстваў. Велапрабег стартуе на вуліцы Усіхсвяцкай, 2, а фінішуе на плошчы Незалежнасці.

Чаму так важна хоць бы на адзін дзень у годзе адмовіцца ад асабістага аўто? Справа ў тым, што ад спальвання адной тоны дызельнага паліва ў залежнасці ад экалагічнага класа аўтамабіля ў атмасфернае паветра паступае 25—125 кг аксіду вугляроду; 20—55 кг вуглевадародаў; 7—35 кг дыяксіду азоту; да 15 кг сажы і іншых забруджвальных рэчываў. Па даных за 2020 год, на душу насельніцтва прыпадае 77 кілаграмаў забруджвальных рэчываў, якія выкідвае транспарт. Няцяжка зразумець, што, чым менш транспарту на вуліцы, тым чысцейшае паветра.

Як паведамілі ў прэс-службе Мінпрыроды, сумарны выкід забруджвальных рэчываў ад мабільных крыніц у 2020 годзе склаў 721 тысячу тон, што на 54,8 тысячы тон, або на 7 %, менш за ўзровень 2019 года і на 79,6 тысячы тон, або 9,9 %, — за ўзровень 2015 года.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.