Вы тут

Кніжны гасцінец. Зорны крыж для тых, хто верыць


Адзін народ, адзіная радзіма. Мінск, Мастацкая літаратура, 2021


«Любая радзіма! Вельмі шаноўная мая Беларусь! Маці наша родная — усіх нас разам і кожнага паасобку! Нізка схіляюся перад табою ў пашане ўжо толькі за тое, што ты заўсёды была, заўсёды ёсць і заўсёды будзеш», — радкамі эсэ Янкі Сіпакова пачынаецца зборнік, у якім сабраныя творы беларускіх пісьменнікаў пра любоў да роднай зямлі. «Зялёным лістком на планеце Зямля» назваў Янка Сіпакоў родную Беларусь, «мая шыпшына» — казаў пра яе Уладзімір Дубоўка, «на Беларусі Бог жыве» — сцвярджаў Уладзімір Караткевіч.

Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,

Гэты край —Твой дом і сабор.

У нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,

Адзінаццаць тысяч азёр.

Нам ёсць што піць,

З падмосткаў ліць,

Чым палі свае акрапіць.

А як давядзецца, то ёсць нам дзе

І ворага ўтапіць.

«Беларус католік ці беларус праваслаўны павінны тое помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына — Беларусь, адна мова родная — беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне», — заклікаў не слухаць «падшэптаў нянавісці да свайго брата» ў эсэ «Вера і нацыянальнасць» Янка Купала ў 1914 годзе.

Вядома, не абышлося без успамінаў пра 17 верасня 1939-га. Будучага паэта Петруся Макаля тады ўразіла, як ягоныя аднавяскоўцы, «нават тыя, хто да гэтага двух слоў не ўмеў звязаць», выступалі з прамовамі — «здавалася, да нямых вяртаецца дар мовы».

Выхад зборніка прымеркаваны да Года народнага адзінства, у ім ілюстрацыі да розных старонак беларускай гісторыі: ад трагічнай ваеннай тэмы да любавання роднай прыродай. Творы змусяць шмат над чым задумацца і пераацаніць, як вось гэты цудоўны верш Яўгеніі Янішчыц:

Краю блаславёнага дачка,

Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку —

Зорны крыж Мацея Бурачка...

Ты ўва мне прызнаеш беларуску?

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш што свет даўно не вузкі!

...Ды калі ты не бязродны сын —

Гавары са мной па-беларуску».


Ван Гог Вінсэнт. Пісьмы да брата Тэа. Выдавецтва АСТ, Масква, 2021

«Вох, мой хлопчык, як мне горка ўсведамляць, што я стаўся для цябе занадта вялікім цяжарам і, верагодна, злоў- жываю тваім сяброўствам, прымаючы ад цябе грошы на парадпрыемства, якое, можа, ніколі не акупіцца! Усё гэта стала для мяне крыніцай згрызотаў сумлення».

Амаль за кожным геніем можна разгледзець постаць таго, хто бескарысліва яго падтрымліваў, застаўшыся ў цені. У Вінсэнта Ван Гога падобным ахоўнікам і апекуном быў ягоны малодшы брат Тэа. Першыя лісты да Тэа юны Вінсэнт напісаў у 1872-м, калі сям'я ўладкавала яго працаваць у гаагскі мастацкі салон. На працягу пятнаццаці гадоў Вінсэнт напісаў брату больш за восем соцень лістоў. І мала ёсць падобных гісторый пра духоўную еднасць. Тэа верыў у геніяльнасць брата і тады, калі ніхто ў тое не верыў. Падтрымліваў з апошняга... Дзякуючы яму, захаваліся карціны Вінсэнта і, вядома, гэтыя пасланні. Нельга не скарыстацца магчымасцю прасачыць, як разважаў той, каго павярхоўна лічаць гэткім маргіналам-багемшчыкам.

«Чалавек адчувае патрэбу ў немалым — у бясконцасці і цудзе — і правільна робіць, калі не задавальняецца меншым і не адчувае сябе ў свеце як дома, пакуль гэтая патрэба не задаволеная».

Вінсэнт менавіта гэтага і жадаў: бясконцасці і цуду... Ацэньвае сябе сурова: «Я — чалавек апантаны, здольны і асуджаны на больш ці менш неразважлівыя ўчынкі...»

Чытаем пра тое, чым ён гатовы быў ахвяраваць дзеля сваёй мэты: «Калі мае дзесяць франкаў скончыліся, мне давялося правесці апошнія ночы пад адкрытым небам: адзін раз — у пакінутым возе, што да раніцы зусім пабялеў ад шэрані, — даволі кепскае сховішча; другі раз — на кучы галля; і трэці раз — гэта ўжо было трохі лепей — у пачатым стозе сена... І ўсё-ткі менавіта ў гэтым гранічным жабрацтве я адчуў, як вяртаецца да мяне былая энергія, і сказаў сабе: «Што б ні было, я яшчэ паднімуся, я зноў вазьмуся за аловак, які кінуў у хвіліну глыбокага адчаю, і зноў пачну маляваць!»

Менавіта ў гэтых лістах можна знайсці ключы да разумення карцін Вінсэнта: «Калі малюеш лазу так, быццам яна — жывая істота, — а ў рэшце рэшт так яно і ёсць, — усё атачэнне атрымліваецца само сабой; трэба толькі засяродзіць усю ўвагу на гэтым дрэве і не адступаць, пакуль яно не пачне жыць».

І побач — кранальнае, побытавае:

«Я быў бы вельмі рады, каб у тваім гардэробе выпадкова знайшліся пінжак і пара штаноў, што падыходзяць для мяне».

«Што я такое ў вачах большасці? Нуль, дзівак, непрыемны чалавек, нехта, у каго няма і ніколі не будзе становішча ў грамадстве, — словам, нікчымнасць з нікчымнасцяў. Ну што ж, дапусцім, што ўсё гэта так. Дык вось, я хацеў бы сваёй працай паказаць, што хаваецца ў сэрцы гэтага дзівака, гэтай нікчымнасці... Як бы часта і глыбока я ні быў няшчасны, унутры мяне заўсёды жыве ціхая, чыстая гармонія і музыка».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўлены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.