Вы тут

На беларуска-польскай граніцы знойдзены збіты іншаземец без прытомнасці


Чарговы выпадак здарыўся ўвечары 21 верасня, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. У Свіслацкім раёне пагранічны нарад заставы «Тушэмля» Гродзенскай пагранічнай групы непасрэдна на лініі беларуска-польскай граніцы знайшоў іншаземца ў непрытомным стане з прыкметамі фізічнага гвалту. У гэты ж час на сумежным баку польскія сілавікі спакойна назіралі за тым, што адбываецца.


З улікам цяжкага стану бежанца ён быў дастаўлены на пагранзаставу, выклікана брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Пасля першаснага агляду медыкамі высветлілася, што мужчына знаходзіцца ў коме і мае яўныя прыкметы пераахаладжэння. Пры сабе ў іншаземца знойдзены пашпарт грамадзяніна Ірака і адмоўны ПЛР-тэст польскай медустановы.

Згодна з запісамі, зробленымі ў польскай карце неадкладнай меддапамогі, 20 верасня польскія пагранічнікі знайшлі маладога чалавека ў дачным доме і на месцы паказалі медыкам. Падчас агляду ўрачы зафіксавалі шокавы стан, ваніты, скаргі на боль у назе, крывацечныя пашкоджанні ад калючага дроту. Нягледзячы на цяжкі стан іншаземца, які працягваў ускладняцца, уся дапамога польскіх урачоў абмежавалася выдачай абязбольвальнага прэпарату. Мужчыну пакінулі на месцы знаходжання з прадстаўнікамі пагранічнай варты без далейшай шпіталізацыі. Акрамя таго, польскія сілавікі не далі дакументы пацярпелага медыкам для афіцыйнай фіксацыі стану асабістых звестак. Пазней сілавікі сумежнага боку проста выкінулі чалавека ў такім стане на лініі граніцы з Беларуссю.

Маладога чалавека даставілі ў Свіслацкую ЦРБ, дзе беларускія медыкі аказалі яму неабходную дапамогу. Першапачаткова ён знаходзіўся ў рэанімацыі, цяпер жа пераведзены ў хірургічнае аддзяленне, паведаміла БелТА. Пацярпелым аказаўся 20-гадовы грамадзянін Ірака Алі Салах Адан. Паводле яго слоў, у Польшчы правёў чатыры дні. Трапіў туды разам з сябрам. «Апынуліся ў лесе, без ежы і вады. Быў разгублены, спалоханы. Польскія сілавікі пачалі выштурхваць у Беларусь. Пагражалі сабакамі, зброяй, выкарыстоўвалі шокер. Казалі, каб больш не вяртаўся, інакш яны мяне заб'юць», — распавёў малады чалавек. Ён адзначыў, што не ведае, дзе цяпер яго сябар. Алі Салах Адан адзначыў беларускую клініку са станоўчага боку. «Добрае стаўленне медыкаў і харчаванне», — падкрэсліў ён.

«Пацярпелы быў дастаўлены брыгадай хуткай дапамогі ў стане зблытанай свядомасці і з элементамі пераахаладжэння. Яго адразу ж агледзелі профільныя спецыялісты. Праведзены неабходныя дыягнастычныя даследаванні, аказана неабходная медыцынская дапамога», — адзначыла выконваючая абавязкі галоўнага ўрача Свіслацкай ЦРБ Ларыса Клімчук. Здароўю маладога чалавека, звярнула ўвагу яна, нічога не пагражае.

«Сілавікі сумежных краін прымяняюць новую тактыку незаконнага выдварэння бежанцаў: для запалохвання мігрантаў, якія імкнуцца атрымаць прыстанак у краінах Еўрасаюза, праваахоўнікі дастаўляюць да граніцы збітых, вельмі знясіленых іншаземцаў і выкідваюць на тэрыторыю Беларусі», — адзначылі ў ДПК.

Тым часам Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) і Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) заклікалі расследаваць выпадкі смерці бежанцаў і мігрантаў у раёне граніцы паміж Польшчай і Беларуссю. У распаўсюджанай у Жэневе сумеснай заяве яны таксама выказаліся за забеспячэнне неадкладнага доступу да ўсіх пацярпелых, каб аказаць ім медыцынскую і іншую дапамогу, паведаміла ТАСС. «УВКБ і МАМ усхваляваны і абураны выпадкамі смерці каля беларуска-польскай граніцы», — гаворыцца ў дакуменце. Дзве арганізацыі «выказваюць свае спачуванні сем'ям памерлых і заклікаюць да неадкладнага расследавання гэтай трагедыі». Падкрэсліваецца, што, згодна з наяўнымі звесткамі, «ад пераахаладжэння памерлі два іракскія грамадзяніны».

УВКБ і МАМ заклікалі таксама забяспечыць «неадкладны доступ да тых, хто пацярпеў, каб аказаць неабходную для выратавання жыцця медыцынскую дапамогу, харчаванне, ваду і дах над галавой, асабліва з улікам надыходу зімы». Як адзначылі аўтары заявы, апошнія месяцы «групы людзей, якія шукаюць прыстанак, і мігрантаў праходзілі транзітам праз Беларусь у пошуку прыстанку ў суседніх дзяржавах ЕС — Літве, Латвіі і Польшчы». У сувязі з гэтым УВКБ і МАМ «з усё большай заклапочанасцю сочаць за паведамленнямі аб адмове ва ўездзе людзям на гэтых граніцах», паколькі «групы людзей на працягу тыдняў знаходзяцца ў цяжкім становішчы, не маюць доступу да якой-небудзь дапамогі, атрымання прыстанку або да базавых паслуг». Пры гэтым «многія былі пакінуты ў цяжкай сітуацыі» і церпяць ад гіпатэрміі. Некаторыя былі выратаваны з балот. Ва УВКБ і МАМ лічаць, што ў такіх умовах неабходна дзейнічаць у адпаведнасці з міжнароднымі прававымі абавязацельствамі. Дзяржавы павінны супрацоўнічаць у вырашэнні цяперашняй сітуацыі, аддаючы прыярытэт правам чалавека. Дзве арганізацыі нагадалі, што выдварэнне асоб, якія шукаюць прыстанішча, ставіць пад пагрозу іх жыццё і з'яўляецца незаконным згодна з міжнародным правам.

УВКБ і МАМ падтрымліваюць кантакт з уладамі адпаведных краін у вывучэнні «розных варыянтаў для людзей, якія заселі на граніцах». Размова ідзе, у прыватнасці, аб забеспячэнні доступу да працэдур атрымання прыстанку і з'яднання сем'яў, а таксама аб магчымым добраахвотным вяртанні для тых, хто не мае патрэбы ў міжнароднай абароне. Як падкрэслілі аўтары дакумента, «мігранты і прасіцелі прыстанішча ніколі не павінны выкарыстоўвацца дзяржавамі для дасягнення палітычных мэт». Пры гэтым «палітычныя рознагалоссі па пытанні аб адказнасці ніколі не павінны прыводзіць да страты жыццяў».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.