Вы тут

Выгоды новага механізму назапашвання грошай на жыццё ў старасці


На днях Прэзідэнт падпісаў Указ № 367 «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі». Новы від пенсійнага страхавання — добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы — запрацуе з 1 кастрычніка 2022-га.


Фота: pixabay.com

Салідарная + накапляльная

Удзельнічаць у пенсійнай праграме могуць працоўныя грамадзяне, за якіх іх работадаўцы выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак існуе абмежаванне для тых, каму да агульнаўстаноўленага ў Беларусі пенсійнага ўзросту засталося менш за тры гады. Пра тое, як будзе працаваць новы механізм, расказала Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны:

— Работнік павінен пісьмова, асабіста ці анлайн звярнуцца да страхаўшчыка, якім, згодна з указам, вызначана прадпрыемства «Стравіта», і пацвердзіць сваё жаданне ўзяць удзел у праграме. Пасля гэтага работнік будзе штомесяц плаціць са свайго заробку пэўны тарыф накапляльнага ўзносу (ад 1 % да 10 %). Работадавец пры гэтым будзе абавязаны штомесяц выплачваць у «Стравіту» страхавы ўзнос на накапляльную пенсію свайго работніка суразмерна з тарыфам узносу, які той абраў для сябе, аднак не больш за 3 %. Важны момант для наймальніка: яго абавязковыя выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) за работніка (28-працэнтны ўзнос на пенсійнае страхаванне. — «Зв.») паменшацца роўна на тую суму, якую ён пералічвае за работніка ў страхавую кампанію, так што нагрузка на работадаўца не павялічыцца. Аб'ём сродкаў, якія ён пералічваў за работніка ў ФСАН, застанецца на існуючым узроўні — ён проста падзеліцца паміж «Стравітай» і Фондам сацабароны.

Між тым, каб існуючая ў краіне салідарная сістэма (гэта калі пенсіянеру плацяць грошы, якія збіраюцца ў выглядзе пенсійных узносаў з тых, хто працуе зараз) не пацярпела, а фонд напаўняўся і ў яго бюджэце былі рэсурсы для фінансавання ўсіх расходаў (пенсій і розных дапамог), выпадаючыя такім чынам з фонду сродкі будуць кампенсавацца з рэспубліканскага бюджэту, падкрэсліла яна.

Суфінансаванне дзяржавы і змена працэнта

Выгада новай сістэмы ў тым, што добраахвотна выплачаныя грошы будуць назапашвацца, капіталізавацца і нават перадавацца ў спадчыну. Акрамя таго, у сувязі з выплатай узносаў на дадатковую назапашвальную пенсію работніку даецца льгота па падаходным падатку. А раз на год работнік пры жаданні зможа змяніць свой страхавы тарыф: павялічыць ці паменшыць працэнт выплат. Удзел у сістэме страхавання можна таксама перапыніць, напісаўшы заяву ў «Стравіту».

Назапашаныя да выхаду на пенсію сродкі чалавек зможа атрымліваць штомесяц як дадатак да існуючай цяпер у краіне пенсіі па ўзросце. Патраціць зберажэнні за пяць ці дзесяць гадоў пасля выхаду на пенсію — таксама права чалавека.

— Дзяржава гарантуе, што заробленая чалавекам працоўная пенсія па ўзросце захаваецца, незалежна ад таго, удзельнічаў ён у новай сістэме ці не. Добраахвотнае страхаванне — гэта прыступка ў развіцці пенсійнай сістэмы краіны. Перш чым сфарміраваць падыходы і прапановы да ўказа, мы вывучылі міжнародны вопыт і ўзялі найбольш паспяховыя практыкі. Сёння найбольш паспяховым механізмам лічыцца той, калі адбываецца суфінансаванне дзяржавы. Чалавек зацікаўлены тады, калі дзяржава падстаўляе яму плячо і фактычна нароўні з ім удзельнічае ў яго дадатковай накапляльнай пенсіі, — запэўніла Наталля Паўлючэнка. — Уклад чалавека памнажаецца ўдвая, калі ён добраахвотна выплачвае да 3 % у будучую пенсію, а з улікам капіталізацыі назапашаная дадатковая сума пенсіі ў выніку становіцца больш важкай.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Пенсія, расці!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.