Вы тут

Свята нашага адзінства


У Беларусі – новае свята. 17 верасня мы ўпершыню адзначалі Дзень народнага адзінства.


Выступаючы 17 верасня ў “Мінск-Арэне” на форуме патрыятычных сіл, прысвечаным Дню народнага адзінства, Прэзідэнт Беларусі адзначыў: у Год народнага адзінства была агучаная і падтрыманая большасцю беларусаў прапанова зрабіць дзень 17 верасня новым дзяржаўным святам. “Таму што для нас ён даўно з’яўляецца сімвалам беларускай дзяржаўнасці, запаветам будучым пакаленням. Запаветам берагчы суверэнітэт краіны, нацыянальнае адзінства і мір на роднай зямлі", – прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

У часе выступлення Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў: “У дачыненнях з усімі мы імкнемся да міру і сяброўства. Мы ніколі не квапіліся на чужы каравай або кавалачак зямлі. Нам свайго хапае. Мы нават не нагадваем сёння ім пра тое, што Беласток і Беласточчына – гэта беларускія землі, што Вільня – гэта таксама беларускі горад, і землі вакол. Мы ж пра гэта не гаворым! Унутрыканфесійная раўнавага і міжнацыянальнае адзінства – непарушная аснова нашага грамадства”.

Аб’яднанне БССР і Заходняй Беларусі ў межах адной рэспублікі – гэта ж параўнальна нядаўна было, калі глянуць на гістарычныя падзеі вачыма нашых землякоў з Заходняй Беларусі. Да свята гісторыкі беларускія дасталі, паказалі шмат вельмі цікавых дакументаў, што сведчаць, як усё тое адбывалася, без прыўкрас ды сарамлівага “прысядання”: а раптам нас недзе там не так зразумеюць. У прыватнасці, яшчэ ўлетку грунтоўная размова з навукоўцамі прайшла ў рэдакцыі газеты “Звязда” (гл. “Дзень, які нам варта адзначаць. Што значыць для беларусаў дата 17 верасня і чаму пра гэта трэба памятаць і ведаць” – Звязда, 21.06.2021.) У часе яе кандыдат гістарычных навук, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, у прыватнасці, адзначаў: “Калі прымалася рашэнне аб прапанове даты Дня народнага адзінства, гаварылі пра 17 верасня або 14 лістапада, і сярод экспертаў гучала думка: маўляў, мы кагосьці пакрыўдзім. Але мы не павінны аглядвацца на кагосьці, мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы і падаваць гісторыю з пункту гледжання беларусаў, а не кагосьці з суседзяў”. А для аргументацыі, прадоўжыў навкукоўца, напрацаваны велізарны матэрыял: “Сёлета Інстытут гісторыі ды Акадэмія кіравання правялі канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю Рыжскага міру, прычым не толькі на сваіх пляцоўках, але і ў іншых ВНУ. У 2019-м ладзілі навуковую канферэнцыю, прымеркаваную да 80-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР, вынікам якой стаў падрыхтаваны зборнік матэрыялаў “Назаўжды разам”...

Ды не толькі архівы могуць прыадкрыць нам праўду пра падзеі верасня 1939-га. Яшчэ й цяпер людзі паважанага веку згадваюць мінулае, што адбілася ў іхняй, тады маладой памяці назаўсёды. Некаторыя й “за польскім часам” у школы хадзілі. Тата мой, 1930 года нараджэння, згадваў не раз убіты яму ў галаву (відаць з 37 па 39-ы…) просценькі вершык-агітку: “Кто ты естэш? – Поляк малы. Які знак твуй? – Ожэл бялы”. Ну але які ж ён, аднак, быў паляк? Бедная сялянская сям’я з-пад Клецка, прычым праваслаўнага веравызнання… Апынулася, як і сотні тысяч іншых, ва ўладзе Польшчы ў выніку сумна вядомага Рыжскага міру з 1921 года. Што яшчэ цікава: і ў нашай невялічкай вёсцы Яцкаўшчыне жыў, старэйшы за майго тату, Аляксей Ждановіч. Казалі ў нас, што ўваходзіў у суполку ці то камсамольскую, ці то партыйную: Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Што падарвалі ягонае здароўе каты з польскай дэфензівы ў сумна вядомай Бярозе-Картузскай. Хварэў чалавек, “бо на допытах і газу ў нос лілі, голкі пад ногці заганялі”, ды й памёр дачасна.

Што да слова дэфензіва, то яго цяпер не ва ўсіх слоўніках знойдзеш. Састарэлае, засталося ў тым часе, калі, як гнеўна пісаў Янка Купала “нашу Айчыну Без нашае волі, Як тую аўчыну Ў шматкі папаролі”. Але нам варта ўсё ж памятаць: такая дзяржарганізацыя была ў Польшчы ў пару між Першай і Другой сусветнымі войнамі, яе службоўцы займаліся контрразведкай, да таго ж выконвала ролю палітычнай паліцыі. Таксама не забудзем, што дэфензіва катавала нашых продкаў за само жаданне “беларусамі звацца” ў  згаданым канцлагеры польскім, створаным у 1934 годзе. Цяпер мы згадваем: быў перыяд, калі ў пасляваенны час, з 1949-га, у сілу палітычных прычын – каб не ўгнявіць, не засмуціць “таварышаў” з сацыялістычнай Польшчы – беларусы згарнулі сваё Свята ўз’яднання. А дарма. Сваю гісторыю варта памятаць. Рабіць з яе высновы.

Новае дзяржаўнае свята мы адзначалі ўпершыню. Па ўсёй краіне, ва ўсіх рэгіёнах прайшлі разнастайныя імпрэзы, яму прысвечаныя. І гэта – заканамерна, бо дзень 17 верасня для беларусаў – гэта дзень нашай гістарычнай памяці. А яна, калектыўная наша памяць, паядноўвае людзей ды эпохі, перадае каштоўны досвед папярэднікаў і засцерагае ад фатальных памылак.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Свята нашага адзінства

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.