Вы тут

Восенню ў Церабяжове


На радзіме вядомага даследчыка фальклору Васіля Ліцьвінкі шануюць яго памяць.


Не зарастаюць сцежкі памяці, пакуль мы ходзім па іх. І песні родныя жывуць, пакуль іх спяваюць. У тым быў перакананы кандыдат філалагічных навук, нястомны даследчык і папулярызатар беларускай фальклорнай спадчыны Васіль Ліцьвінка (07.12.1941–12.07.2007). Ён кіраваў адпаведнай навукова-даследчай лабараторыяй Беларускага дзяржуніверсітэта. Працуючы малодшым навуковым супрацоўнікам там па ягоным запрашэнні некаторы час, бачыў я рупліўца зблізку. Мы з ім равеснікі, аднаго “ваеннага” года родам, палешукі абодва, і таму заўсёды знаходзілі паразуменне. Васіль Дзмітравіч вельмі любіў народныя абрады, традыцыі, песні, танцы. Любіў працавітых і таленавітых людзей “з народа”, якія з добрым гумарам, з мудрай разважлівасцю ішлі па жыцці. Да таго ж, разумеючы моц і прыгажосць народнай культуры, мой малодшы, на некалькі месяцаў, сябар усяляк імкнуўся ўсё лепшае з яе неяк зафіксаваць ды перадаць у спадчыну моладзі, дзецям. Для таго, дарэчы, і была створана лабараторыя — пра тое я крыху пісаў летась (“Прыйшоў з Церабяжова. І туды вярнуўся” — ГР, 13.11.2020). Помніцца яшчэ, якой папулярнасцю карысталася перадача “Запрашаем на вячоркі” на Беларускім тэлебачанні — а Васіль Ліцьвінка якраз і быў доўгі час яе “маторам”, вядучым: у 1987-2003 гадах.

Сёлета — юбілейны для Васіля Ліцвінкі год, і сэрца зноў паклікала мяне на радзіму сябра: на Палессе, у Столінскі раён. Не склалася, на жаль, каб і мінскі Тэатр фальклору “Матуліна хата” паехаў туды, таму спачатку завітаў я ў Давыд-Гарадок. І мае сябры, прафесійныя артысты Міхаіл Шыкунец, Ніна Комік, Аксана Цывіс без лішніх размоў пагадзіліся паехаць разам правесці творчую сустрэчу ў Церабяжоўскай школе, дзе вучыўся Васіль.

Мікола Котаў (з бубнам) і яго сябры-­артысты з Давыд-­Гарадка (ФОТА З АРХІВА МІХАІЛА ШЫКУНЦА)

На ганку школы душэўна сустракалі нас малады дырэктар Васіль Мікалаевіч Шпакевіч, іншыя настаўнікі, вучні. Нам расказалі, як вучыўся Васіль Ліцьвінка, у грамадскіх справах удзельнічаў. І, стаўшы навукоўцам, вёску родную не забываў: да мамы наведваўся. У школьным музеі ёсць ягоныя кнігі, публікацыі. Ёсць на стэндзе фотаздымак былога вучня (у кашулі-вышыванцы ды саламяным брылі), а імя Васіля Ліцвінкі ўнеслі ў Кнігу памяці землякоў.

І артысты, з якімі мы прыехалі ў Церабяжоў, з Васілём былі ў знаёмстве. Так што была гэтая сустрэча-ўспамін у коле сяброў. Душэўную атмасферу адразу ж стварылі ў зале песні ў выкананні трыа з Давыд-Гарадка. І лёгкая туга ўсіх ахінула, калі дзівосны голас Ніны Комік павёў нас у мінулае: “Калі каліна не цвіла, То не ламай каліну…” То была любімая песня Васіля Ліцвінкі, яе ж любіла спяваць яго маці. Чым далей — тым усё больш адкрываліся нам юныя церабяжоўцы. І бачылі б вы, як ззялі вочы школьнікаў! Значыць, родныя песні знаходзяць жывы водгук у іх сэрцах. Да таго ж і невялічкі “самадзейны аркестр” мы па ходзе сустрэчы зладзілі, раздаўшы вучням розныя прадметы, трашчоткі-бразготкі. Пад гармонік Міхаіла Шыкунца ўсе трымалі рытм, нават імправізавалі. А на развітанне ўжо і вучні-настаўнікі разам з намі пайшлі ў адзін сяброўскі карагод.

Потым і на ганку школы шчыра дзякавалі нам землякі Васіля Ліцвінкі — за сустрэчу, за памяць. То дзякуем і мы вам, церабяжоўцы! З павагі да роднай культуры, з паглыблення ў духоўную спадчыну продкаў, шанавання традыцый пачынаецца для кожнага з нас “шлях да Беларусі”, да ўсведамлення нашага адзінства, у якім — і прыгажосць, і сіла нашай Бацькаўшчыны.

Удзельнікі сустрэчы, у тым ліку настаўнікі й вучні Церабяжоўская школы, удзячныя за падтрымку творчага праекта з боку мецэната, пісьменніка Валерыя Сарокі ды Беларускага фонда культуры (старшыня праўлення — Тадэуш Стружэцкі).

Мікола Котаў, удзельнік сустрэчы, былы супрацоўнік навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ

СВЕЖЫ НУМАР

Загаловак у газеце: Восенню ў Церабяжове

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.