Вы тут

Развіццё тэрыторыі холдынгу «Гарызонт» абмеркавалі на нарадзе ў Савеце Рэспублікі


Яна адбылася пад старшынствам спікера верхняй палаты парламента, упаўнаважанай Кіраўніка дзяржавы па горадзе Мінску Наталлі Качанавай.


— Мы ў чарговы раз сабраліся, каб абмеркаваць даручэнне Прэзідэнта нашай краіны аб комплексным выкарыстанні плошчаў «Гарызонта», эфектыўным выкарыстанні будынкаў, якія ёсць, адкрыцці новых вытворчасцяў, — нагадала ўдзельнікам нарады Старшыня Савета Рэспублікі. — Мы дамовіліся і распрацавалі адпаведны план-графік па комплексным выкарыстанні гэтых тэрыторый. Таму сёння я хацела б пачуць, як прасоўваецца рэалізацыя гэтага вельмі важнага для нашай краіны праекта.

Аб тым, як ідзе рэалізацыя ўхваленай Кіраўніком дзяржавы канцэпцыі стварэння інавацыйнай вытворчасці на тэрыторыі холдынгу «Гарызонт» у межах вуліцы Куйбышава — праспекта Машэрава — вуліц Чырвоная і Кісялёва, удзельнікам нарады расказаў генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гарызонт» Юрый ПРАДКО. 

Паводле яго слоў, функцыянальнае напаўненне канцэпцыі грунтуецца на перспектыўных і інавацыйных напрамках з ужываннем комплексных рашэнняў на аснове штучнага інтэлекту, высакахуткасных тэлекамунікацыйных сістэмах і энергаэфектыўных LED-тэхналогіях.

— Рэалізацыя канцэпцыі дазволіць стварыць унікальную для краіны тэрыторыю перадавых тэхналогій і вытворчых інавацый, сучасны навукова-тэхналагічны інавацыйны комплекс па распрацоўцы і камерцыялізацыі новых тэхналогій, стварыць новыя працоўныя месцы і акумуляваць інтэлектуальны патэнцыял краіны і стварыць на пляцоўцы прадпрыемства тэрыторыю вытворчых інавацый («інавацыйна-вытворчы «NeoПарк»), — патлумачыў ён. 

Паводле яго слоў, усе мерапрыемствы плануецца ажыццявіць у бягучай пяцігодцы.

— Два гады таму мы адкрылі інавацыйны цэнтр, дзе размясцілі адпаведную групу распрацоўшчыкаў, але зараз наспеў час па размяшчэнні інавацыйнай вытворчасці. То-бок любая распрацоўка мае месца тады, калі яна ўкараняецца ў вытворчасць, — расказаў больш падрабязна журналістам Юрый Прадко. 

У прыватнасці, гаворка ідзе аб стварэнні інавацыйнай вытворчасці ў «NeoПарку»:

— На сённяшні дзень першая распрацоўка, якую мы робім, — гэта разумнае кіраванне электрычнасцю, калі прасцей — інавацыйная разумная разетка, — тлумачыць суразмоўнік.

— Яна будзе складацца з комплексу функцый, якія, як LEGO, можна набіраць: раздаваць, кіраваць электрычнасцю, карыстацца магчымасцямі акустыкі (дынамікаў).

Ён адзначыў, што распрацоўка дастаткова запатрабаваная: холдынг ужо атрымаў заказ адной буйной кампаніі на выраб мільёну такіх хатніх памочнікаў у год. 

— Гэта адзін з першых прадуктаў. Далей усё звязана з «разумным домам», «разумным горадам», «сістэмамі кіравання», у тым ліку і ў тэлевізійнай вытворчасці, — дзеліцца планамі генеральны дырэктар холдынгу. — Тэлевізары сёння — гэта разумныя вырабы, якія кіруюцца голасам і падхопліваюць бесправадныя сігналы. Паводле яго слоў, холдынг сёння выпускае каля 300 мадэляў прадукцыі, прычым штогод яе лінейка абнаўляецца, а працэнт інавацыйнасці дасягае 70 %. Такія падыходы дазваляюць заставацца запатрабаванымі на сусветным рынку, аб чым сведчаць лічбы экспарту: за 9 сёлетніх месяцаў ён склаў 160 % да аналагічнага перыяду мінулага года. 

Дырэктар ЗАТ «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер» Іна Кавалёва пераканана: з рэалізацыяй інавацыйнага праекта «Гарызонт» будзе лепшым, чым быў раней і ёсць зараз: 

— Мы вельмі хутка развіваемся і працуем з сусветнымі лідарамі ў сферы электронікі і вытворчасці тэлевізараў. «NeoПарк» — наш пілотны праект, да якога мы хочам прыцягнуць жыхароў краіны, моладзь, каб наша краіна развівалася разам з намі. Гэта будзе прарыў для краіны і «Гарызонта», — выказала ўпэўненасць яна ў размове з журналістамі. 

Іна Кавалёва расказала, што на прадпрыемстве ўжо прыступілі да практычнай рэалізацыі праекта:

— Пачалі з першай чаргі: гэта два корпусы, з якіх і будзе пачынацца наш вытворчы «NeoПарк». Ужо распачаты будаўніча-мантажныя работы (унутраныя і знешнія), у бліжэйшы час вы зможаце ўсё ўбачыць самі, — паабяцала яна напрыканцы. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.