Вы тут

Чакаць ужо нядоўга — хутка будзе ёлка


Да навагодніх свят Мінск упрыгожаць каляднымі вянкамі, тэматычным пано адзінаццаціпавярховы будынак, кампазіцыямі пернікавых домікаў, светлавымі фігурамі ў выглядзе птушак і звяроў.


Мінск па-асабліваму рыхтуецца да сустрэчы Новага года. Гараджане любяць гэтае свята. На вуліцах развешваюць упрыгажэнні, у крамах — навагоднія прысмакі, плошчы заліваюцца агнямі. Ярка выглядаюць і старыя цэнтральныя раёны, і сучасныя кварталы. Прыгожа ззяе зімой будынак Нацыянальнай бібліятэкі.

Як паведамілі карэспандэнту «Звязды» ў дзяржаўным прадпрыемстве «Мінскрэклама», сёлета да навагодніх і калядных свят, як і ў папярэднія гады, распрацавана канцэпцыя ўнікальнага афармлення Мінска. У кожнай лакацыі будзе свая прасторава-мастацкая кампазіцыя, з'явіцца шмат новых аб'ёмных светлавых канструкцый і тэматычных фотазон. Прыгожым элементам таксама стане ўпрыгожванне мачтаў асвятлення на цэнтральных праспектах — на іх размесцяць калядныя вянкі. У некаторых раёнах сталіцы ўжо пачалі ўстанаўліваць навагоднія ёлкі, фотазоны і святочную ілюмінацыю. Асноўныя работы па ўпрыгожванні Мінска плануюць завяршыць да 15 снежня.

Стала вядома, што ўпрыгожваць сталіцу будуць 33 ёлкі. Традыцыйна асноўным месцам сустрэчы свята ў Мінску стане Кастрычніцкая плошча. У цэнтры ўстановяць 20-метровую ёлку, падсветленую мільёнамі агнёў, скульптуры казачных персанажаў і гіганцкія шары, на фоне якіх зможа сфатаграфавацца любы ахвотны. Ёлка будзе дэкарыраваная россыпам рознакаляровых шароў, фрэзераванымі сняжынкамі, званочкамі і эфектнай піксельнай сеткай, якая стварае дзясяткі разнастайных малюнкаў.

Па-новаму аформяць тэрыторыю. Гэтым разам на пляцоўцы побач з ёлкай усталююць аб'ёмныя светлавыя канструкцыі з 28 ажурных фантанаў, кожны з якіх вышынёй тры метры. Дзякуючы дынамічнай падсветцы будзе стварацца ілюзія струменістай вады. У ноч на 1 студзеня гасцей і жыхароў сталіцы будзе чакаць забаўляльная праграма, якая ўключае дыскатэку, працяглы салют, выступленне мясцовых артыстаў, конкурсы ад шоуменаў, Дзеда Мароза і Снягуркі, навагодняе віншаванне Прэзідэнта.

Уваход на мерапрыемства абсалютна бясплатны, аднак не варта забываць, што ў Мінску публічнае распіццё спіртных напояў забаронена. У выпадку парушэння грамадскага парадку міліцыя выведзе з плошчы грамадзян, якія перабралі сваю норму, і наўрад ці яны абыдуцца вусным папярэджаннем.

Ужо некалькіх гадоў на Кастрычніцкай плошчы залівалі каток, непадалёк ад якога размяшчаўся пункт пракату канькоў. Апошнім часам зімы ў Беларусі выдаюцца цёплыя, а сярэдняя тэмпература ў пачатку студзеня знаходзіцца на адзнацы 0 °С. Як вынік, лёд з'яўляецца на плошчы толькі ў лютым, калі навагоднія святы ўжо мінулі. Аматарам пракаціцца на каньках напярэдадні 1 студзеня можна схадзіць у Палац спорту на Нямізе, «Мінск-Арэну» або «Чыжоўка-Арэну».

Ёлку на плошчы Незалежнасці ўпрыгожаць вялікай колькасцю цацак у бардова-залатых колерах. Яе вышыня — 18 метраў. Побач установяць дэкаратыўныя лічбы 2022 вышынёй 2,5 метра. Кампазіцыя будзе гарманічна перагукацца з бардова-зялёным пано з ажурным малюнкам зімовай намаразі, якое размесцяць на фасадзе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Яго вышыня — 40 метраў, што адпавядае адзінаццаціпавярховаму будынку. Асаблівасці мантажу пано дазваляюць тэматычнаму малюнку выглядаць рухома.

Вакол шклянога купала ГЦ «Сталіца» ўстановяць светлавую кампазіцыю ў выглядзе кароны. Яе ўпрыгожаць яловымі галінкамі і яркімі навагоднімі шарамі. З боку гасцініцы «Мінск» размесціцца аб'ёмная стылізаваная канструкцыя мяшка Дзеда Мароза, аздобленая мяккім матэрыялам і мехам. Яе вышыня — 4 метры.

Каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў разам з ёлкай, упрыгожанай у сярэбрана-фіялетавых тонах, з'явіцца кампазіцыя з трохметровых пернікавых домікаў. Тут таксама ўстановяць ажурную чатырнаццаціметровую свечку, на яе тросах будуць замацаваныя бліскучыя фрэзераваныя сняжынкі. Іх святочны і казачны выгляд забяспечыць падсвятленне. Уздоўж набярэжнай Свіслачы з'явяцца светлавыя фігуры задыякальных жывёл.

На плошчы Дзяржаўнага сцяга размесціцца ёлка ў нацыянальных колерах. Яе ўпрыгожаць чырвонымі, зялёнымі і сярэбранымі цацкамі, побач паставяць светлавыя кампазіцыі ў навагодняй тэматыцы.

Паблізу Ратушы з'явіцца кампазіцыя з фрэзераваных вытанчаных ёлак вышынёй 10, 12 і 14 метраў, якія будуць падсвечаны рознымі кветкамі. Да калон аб'екта прымацуюць светлавыя лічбы надыходзячага года 2022. Побач з Беларускім дзяржаўным цыркам акрамя ёлкі ўсталююць два аб'ёмныя мульцяшныя тыграняты ў асяроддзі навагодніх цацак і падарункаў. А каля Камароўскага рынку з'явіцца светлавая аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя з прыбранымі снегірамі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Беларусы расчараваліся ў доларах

Беларусы расчараваліся ў доларах

Па выніках года наша насельніцтва не толькі значна астыла да гэтай валюты, але і працягвае пазбаўляцца ад яе рэкорднымі тэмпамі.

Грамадства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі.

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.