Вы тут

На Дзень адзінства – да сваіх


Дэлегацыя Саюза беларусаў Латвіі з 16 па 19 верасня гасцявала ў Беларусі па запрашэнні Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. І падобныя праекты прадоўжацца!


Здымак актывістаў Саюза беларусаў Латвіі на памяць з землякамі ў Глыбокім. Верасень 2021

Шмат беларусаў жыве ў Латвіі: так склаліся нашыя жыццёвыя абставіны. Але ж, як кажуць, і за марамі-акіянамі можна – і трэба! – памятаць пра свае родавыя карані. Яшчэ важна для нас, маю на ўвазе сяброў Саюза беларусаў Латвіі, каб зберагаліся сувязі з этнічнай Радзімай. І мы бачым сёння СБЛ як своеасаблівую платформу для наладжвання стасункаў між людзьмі з нашых краін, для пашырэння супрацы між Латвіяй і Беларуссю ў розных сферах. Мы любім Латвію, але ж адчуваем сябе і часткай беларускага народа – нягледзячы на тое, што жывём за мяжой. Таму і ўзнікла ідэя: прыехаць – дэлегацыяй ад Саюза беларусаў Латвіі – на гістарычную Бацькаўшчыну ў знакавую пару.

І мара збылася! Год 2021-ы ў Беларусі, як вядома, гэта Год народнага адзінства, і Дзень народнага адзінства – 17 верасня – адзначаўся ўпершыню! На сучасным этапе развіцця Бацькаўшчыны, нашага народа ён вельмі важны. Можа, не менш, чым раней, калі адзначалася паяднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. (Сапраўды, прыезд беларусаў Латвіі на Дзень народнага адзінства меў сімвалічнае значэнне. Бо менавіта ў Рызе “разварвалі” 100 гадоў таму беларускія землі прадстаўнікі дзяржаў, што ваявалі. Там падпісвалі Рыжскі мірны дагавор 1921 года: пагадненне пра спыненне савецка-польскай вайны 1919-21 гадоў і нармалізацыю адносін. Заключаны ён быў 18 сакавіка, прычым без прадстаўнікоў нашага народа: паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога. Тады падзялілі Беларусь на дзве часткі. З тае нагоды Якуб Колас напісаў верш “Беларускаму люду”, там ёсць радкі: “Хіба забудзем мы тыя межы,/ Што правадзілі без нас?/ Раны глыбокі, ох, яшчэ свежы!/ Помсты агонь не пагас./ Нас падзялілі – хто? Чужаніцы,/ Цёмных дарог махляры./ К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!../ Нашы тут гоні, бары!”. – Рэд.)

Паездка наша была насычаная падзеямі. Незабыўныя эмоцыі перажылі ў Глыбокім: там пасля мяжы чакалі нас першыя сустрэчы на Бацькаўшчыне. Слёзы радасці невымоўнай выступалі, калі вітальную песню “Калі ласка!” спявалі артысты з народнага тэатральна-фальклорнага калектыву “Цярэшка”, ды яшчэ й Глыбоцкі каравай паднеслі. Вось мы й на Радзіме! Многія ж сябры з нашай дэлегацыі родам з Віцебшчыны. Сустракалі нас як родных старшыня Глыбоцкага райсавета дэпутатаў Вера Цяліца, іншыя прадстаўнікі мясцовай улады й дырэктар мясцовага фонду “Цэнтр устойлівага развіцця тэрыторыі “Азёрны край”” Міхаіл Арэхаў. Пасля смачнага абеду зладзілі для нас экскурсію – на Плошчы 17 верасня! – з паглыбленнем у мінулае, з аповедам пра славутых землякоў. Для Святланы Сцяпанавай, кіраўніцы двух творчых гуртоў з горада Прэйлі, то была сустрэча з дзяцінствам і юнацтвам. З-за кавідных абмежаванняў два гады не магла прыехаць у родны горад, таму эмоцыі яе перапаўнялі.

Святочны дзень 17 верасня пачаўся ў нас з сустрэчы на факультэце эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка. Як хораша вітаў нас народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Ярыца”! Крануў да глыбіні душы твор Ігара Лучанка “Успаміны” (граў народны ансамбль цымбалістаў “Вярба”). З першай хвіліны акунуліся мы ў атмасферу цеплыні й гасціннасці.

З педуніверсітэтам Саюз беларусаў Латвіі ў супрацы даўно. Святлану Кабачэўскую, дэкана згаданага факультэта, я ведаю як таленавітую, творчую кіраўніцу. Яна заўсёды ў руху. Святлана Міхайлаўна ўмее зарадзіць сваёй пазітыўнай энергіяй людзей вакол сябе. Наш візіт на факультэт заканамерны, бо традыцыі беларусаў, народныя промыслы, творчыя майстэрні – гэта ўсё цікава для нас. Прарэктар БДПУ па вучэбнай рабоце Аляксандр Макоўчык адзначыў: ва ўніверсітэце ёсць выдатныя магчымасці, каб зберагаць культурныя традыцыі, да таго ж супрацу з беларусамі замежжа пашыраць! Сустрэча была творчай, вельмі насычанай і душэўнай. Мы пабачылі, дзе праходзяць заняткі па рамёствах – а гэта саломапляценне, ткацтва, вышыванне ды іншыя, пабывалі ў ганчарнай майстэрні. Дарэчы, і рэканструкцыя гістарычных нацыянальных касцюмаў – адзін з кірункаў, калі студэнты вызначаюцца з тэмамі дыпломных работ. Мы паўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе лялек-абярэгаў і сувеніра “Валошка”, знаёміліся з досведам працы Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі. На будучыню, мяркую, зможам пашырыць супрацу ў галіне анлайн-адукацыі (сфера народнай творчасці), ладзіць анлайн-сустрэчы са спецыялістамі, праводзіць майстар-класы, семінары, адукацыйныя курсы для кіраўнікоў беларускіх творчых калектываў з Латвіі, для салістаў ды ўдзельнікаў ансамбляў беларускай песні. Да таго ж Ірына Шэсцітка, дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі ды перападрыхтоўкі, адзначыла, што ёсць ужо рэальныя вынікі ад нашай супрацы: група педагогаў з Латвіі праходзіла стажыроўку ў БДПУ, вучацца ва ўніверсітэце студэнты з Латвіі.

Святлана Кабачэўская распавяла нам пра кірункі дзейнасці факультэта, прапанавала паўдзельнічаць у праекце “Зімовая майстэрня. Беларускія ўзоры”: пройдзе 6 майстар-класаў па народных рамёствах, будуць ладзіцца пазнавальныя экскурсіі ды шмат чаго яшчэ.

У той жа дзень у Храме-помніку ў гонар Усіх Святых прайшоў Круглы стол, прысвечаны пытанням узаемадзеяння дзяржорганаў і суполак беларускай дыяспары. Цікавыя паведамленні, сяброўскія парады пачулі мы ад дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгі Антоненкі, прадстаўніц Мінкультуры Вікторыі Ратабыльскай, МЗС Наталлі Счасновіч, апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алены Бязручкі. Падзяліліся сваім досведам працы з дыяспарай выкладчык, дацэнт Беларускага дзяржуніверсітэта Андрэй Прохараў, студэнт-магістрант Раман Зубачоў, галоўны рэдактар газеты “Голас Радзімы” Іван Ждановіч. Вельмі ўдзячныя мы спецыялістам РЦНК за супрацу – а гэта ж і беларускія касцюмы, кнігі, курсы павышэння кваліфікацыі, творчыя сустрэчы, інфападтрымка ды многа што іншае. І з апаратам Упаўнаважанага мы ў цеснай супрацы. Штогод з радасцю чакаем творчую паездку на выставу “СМІ ў Беларусі”. На сустрэчы гаварылі й пра магчымасць узаемных паездак творчых беларускіх гуртоў з Латвіі ў Беларусь (і наадварот), пра ўдзел народных калектываў Беларусі ў імпрэзах беларускіх суполак у Латвіі. Для нас усіх важная, карысная й супраца з газетай “Голас Радзімы”, якая дасылаецца нам па пошце. Праўда, хацелася б, каб значна больш было экзэмпляраў газеты: можа й на кожнага з актывістаў. І мы ўжо робім захады, каб такую нашу просьбу пачулі ў Беларусі.

Напрыканцы сустрэчы мы абмяняліся падарункамі. Храму падарылі ад СБЛ абраз свяшчэннамучаніка Іаана Помера, архіепіскапа Рыжскага й Латвійскага. Гэты праваслаўны святы, латыш па нацыянальнасці, у 1903-м па парадзе протаіерэя Іаана Кранштацкага прыняў манаства, быў з лютага 1912-га епіскапам Слуцкім, вікарыем Мінскай епархіі. (У ноч з 11 на 12 кастрычніка 1934 года архіепіскап быў па-зверску забіты. Мяркуецца, карнікі былі з бязбожнага “чырвонага інтэрнацыянала”. – Рэд.) У 2001-м архіепіскап Іаан унесены ў спісы святых латвійскай і беларускай праваслаўнай царквы. Вельмі ўразіла нас экскурсія па храме, у якім зберагаецца гістарычная памяць беларусаў, дзе створаны “Музей Памяці”.

Кульмінацыяй Дня народнага адзінства ў Мінску стаў “Форум патрыятычных сіл – сімвал адзінства” і грандыёзны канцэрт у комплексе "Мінск-Арэна". Былі прадстаўнікі з усіх абласцей краіны: больш за 10000 удзельнікаў! Прэзідэнт Беларусі, вітаючы грамаду, падкрэсліў галоўнае, папрасіў усіх: “Беражыце прыгожае, падоранае Богам месца, дзе мы жывём! Яно належыць нашым дзецям!” Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нямала драматычных падзей было на шляху беларусаў да сваёй дзяржаўнасці. А гістарычная падзея 17 верасня 1939 года – паяднання Усходняй і Заходняй Беларусі – злучыла родных людзей, дазволіла ім зберагаць беларускую ідэнтычнасць, развіваць сваю культуру й мову ды ўсведамляць сябе адзінай нацыяй. І ўсведамляць тую велізарную сілу, якую дае адзінства.

У наступны дзень была ў мяне сустрэча з Вячаславам Даніловічам, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Нягледзячы на занятасць, Вячаслаў Віктаравіч знайшоў час для сустрэчы. У 2019-м ён узначальваў Інстытут гісторыі НАН Беларусі, прыязджаў у Рыгу на Дні беларускай культуры – а яны прысвечаныя былі 100-годдзю беларускай дзяржаўнасці. Вечарам таго ж 18 верасня мы наведалі Вялікі тэатр Беларусі: слухалі оперу Шарля Гуно “Фауст” у пастаноўцы рэжысёра Ганны Маторнай. 19 верасня дэлегацыя пабывала ў Музейным комплексе старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”. Трохі пазней, па дарозе дадому, наведалі таксама й Мемарыяльны комплекс “Хатынь” – аддалі даніну памяці бязвінным ахвярам Другой сусветнай вайны.

Кожны прыезд у Беларусь, на Радзіму для нас – крыніца натхнення. Мы заўсёды зберагаем у сэрцах часцінкі дабрыні, цяпла, паразумення ад сустрэч з землякамі. Яшчэ мацней адчуваем сваё адзінства з беларускім народам, з зямлёй нашых продкаў. Тое адзінства, якое ёсць неабходная ўмова развіцця нацыі, супольнага руху наперад. Толькі разам, згуртавана беларусам можна пераадольваць цяжкасці, адэкватна рэагаваць на сённяшнія выклікі часу. І тое, што кожны з нас робіць, разам складваецца ў станоўчы вынік. Мы, беларусы, будзем трымацца ўсе разам, і для нашага духоўнага адзінства ніякіх межаў не існуе! Важна, каб нашы суседнія дзяржавы, народы, маючы вялікі досвед жыцця ў згодзе й міры, сябравалі, пашыралі супрацу ў культурнай сферы, развівалі ўзаемавыгадныя супольныя эканамічныя праекты.

Алёна Лазарава, ініцыятар і арганізатар паездкі, старшыня Саюза беларусаў Латвіі

Ад рэдакцыі. Сапраўды, падобныя паездкі на Бацькаўшчыну для актывістаў дыяспары – цудоўная магчымасць умацоўваць наш духоўны Беларускі Мацярык, які не мае дзяржаўных межаў. І да таго ж такія сустрэчы адладжваюць жывую супрацу між народамі, сродкамі народнай дыпламатыі сшываюць-злучаюць “тонкія матэрыі” ў дзяржаўных стасунках, калі, здаецца, увесь свет неспакойны, “трашчыць па швах”.

Пакуль рыхтуецца да выхаду ў свет гэты тэкст, у Мінску з 18 па 21 лістапада гасцявала й дэлегацыя з Ліепаі. Кіраўніца РЦНК Вольга Антоненка паведаміла нам, што падобныя сустрэчы з беларусамі замежжа плануецца зрабіць рэгулярнымі. На гэты ж раз ініцыявала прыезд у Беларусь Жанна Буйніцкая, кіраўніца гурта “Паўлінка” з Ліепаі.

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: На Дзень адзінства – да сваіх

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.