Вы тут

Уладзімір Пракапцоў: «Місія музея — перш за ўсё адукацыйная»


Нацыянальны мастацкі музей Беларусі заўсёды ветліва, з гасціннасцю сапраўднага гаспадара, запрашае ў свой дом усіх жадаючых на сустрэчу з прыгожым


Гэты будынак у цэнтры Мінска добра вядомы. Ён і знешне адразу нагадвае музей — такі архітэктурны стыль. Канешне ж, і многія мінчане, і шмат хто з гасцей сталіцы тут бывалі. Бо ў Нацыянальным мастацкім музеі заўсёды ёсць што паглядзець на пастаянна дзеючай экспазіцыі альбо на выстаўках, калі экспануюцца узоры творчасці айчынных ці замежных майстроў.

Між тым уласная калекцыя галоўнага музея краіны фарміравалася няпроста. У гады Другой сусветнай вайны яна фактычна была страчаная. І толькі дзякуючы велізарнай падзвіжніцкай працы музей сёння можа ганарыцца сваім зборам каштоўных і цікавых экспанатаў.

Вялікая заслуга фактычна ў пасляваенным адраджэнні музейнай калекцыі належала тагачаснаму дырэктару Алене Аладавай. Аб гэтай жанчыне з цеплынёй успамінаюць не толькі музейныя работнікі. Вось якую гісторыю я пачуў у свой час ад народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва: “Так здарылася, што мая дыпломная інстытуцкая работа “Вяселле” была згублена пры незразумелых абставінах. Але ёсць вышэйшая справядлівасць: я выпадкова знайшоў яе. Яшчэ студэнтам чуў добрыя словы пра Алену Аладаву. У мяне хапіла смеласці пайсці да яе і прасіць парады, як захаваць работу. Памятаю, выслухаўшы мяне, Алена Аладава сказала толькі адно слова: “Нясі…” Я, вядома, здзівіўся, не адразу сцяміў, які шчаслівы выпадак мне выпаў, але калі зразумеў, быў на сёмым небе ад радасці. З тых часоў мая дыпломная работа захоўвацца ў галоўным музеі краіны. Але Алена Аладава ўзяла яе, як гаворыцца, не за прыгожыя вочы. Яна вельмі тонка разбіралася ў выяўленчым мастацтве і гэта дзякуючы ёй у музеі вельмі дастойная калекцыя”.

І нават цяпер, калі час для масавых мерапрыемстваў не самы падыходзячы з нагоды вядомых пандэмічных прычын, Нацыянальны мастацкі музей жыве насычаным выставачным жыццём. Рэалізуецца цэлы шэраг іншых асветніцкіх праектаў у сучасным стылі. І гэта ў многім дзякуючы актыўнасці цяперашняга генеральнага дырэктара музея Уладзіміра Пракапцова. Апошнія дваццаць тры гады менавіта ён кіруе калектывам музея. Асабіста сам — літаральна фантануе ідэі, якія заснаваныя на разуменні высокага статусу культуры і мастацтва ў бурным плыні часу. З Уладзімірам Пракапцовым цікава гутарыць, атрымліваючы шчырыя адказы, у якіх сутнасць асабістых поглядаў на музейную справу і прызнанне ў тым, што ён гэтай справай займаецца па прызванні.

— Цікава пачуць непасрэдна ваша меркаванне з нагоды таго, ці павінен музей нейкім чынам фарміраваць густ у наведвальнікаў?

— Абавязкова. Музей не можа быць проста так. Місія музея — навукова-адукацыйная або адукацыйна-педагагічная. Гэта, калі хочаце, адукацыйны цэнтр. Музей сёння набывае зусім іншую форму. Нягледзячы ні на што ён абавязаны быць актыўным, калі трэба, павінен выходзіць за свае сцены. Гэта значыць, сёння тая ж выстаўка можа мець у самых розных кірунках свой прыкладны працяг. Для школьнікаў гэта можа быць адно, для дарослых — іншае. У музей укладваюцца вялікія сродкі: залы, абсталяванне, зарплаты... Усё для таго, каб менавіта фарміраваць густы людзей. А таму музей заўсёды павінен быць ініцыятыўным, нават па-добраму агрэсіўным. І быць на тры крокі наперадзе. Асабліва цяпер, у часы глабалізацыі. Калі чалавека прыцягвае музей, то яму павінна быць тут абавязкова цікава. Павінны быць лекцыі, экскурсіі, хай і ў фармаце анлайн, калі таго патрабуе сітуацыя. Місія музея, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, перш за ўсё адукацыйная. І іншага тут не дадзена.

— Мяркуючы па новабудоўлі і рэканструкцыі, робіце стаўку на развіццё інфраструктуры музея?

— Абавязкова. Па-першае, у свой час на самым высокім узроўні была падтрымана ідэя музейнага квартала. Актыўна ішлі інвестыцыі ў рэалізацыю праекта. Спадзяюся, што набліжаны час павінны пабудаваць музейны квартал. 

— Усё ж такі, галоўная функцыя музейнага квартала якой будзе?

— Па-першае, мы раўнамерна размяркоўваем свае фонды, свае калекцыі. Другое: створым неабходную інфраструктуру. Бо сёння ў музеі няма нармальнага кафэ. А яно павінна быць на сто пасадачных месцаў як мінімум, са спецыялізаваным абсталяваннем. І такое кафэ ў праекце забудовы музейнага квартала будзе па вуліцы Карла Маркса. У нас таксама, на жаль, няма музейнай крамы, дзе прадавалася б адпаведная культуралагічная літаратура. Я бываў у многіх еўрапейскіх музеях. Заходзіш — там крама плошчай метраў дзвесце: кнігі, альбомы, розная сувенірная прадукцыя з лагатыпам музея, нейкія ўпрыгажэнні — чаго толькі няма. І ад продажу сувенірнай прадукцыі музей у сярэднім мае да сарака працэнтаў свайго прыбытку. У перспектыве гэта ўсё будзе ў нас. Я б хацеў, каб так было. Каб ні адзін чалавек, выходзячы з музея, не застаўся абыякавым. Каб школьнік набыў нейкі брэндавы магніцік, турыст, які прыехаў з-за мяжы, набыў бы альбом, прысвечаны той ці іншай выстаўцы, каталог работ таго ці іншага беларускага мастака або скульптара. Каталогі, альбомы павінны быць на трох мовах як мінімум: беларускай, рускай і англійскай. Каб прыйшоў турыст і сказаў: дайце мне каталогі, прысвечаныя творчасці вашых вядомых землякоў Пэна, Шагала, абразоў вашых. І такія рэчы заўсёды павінны быць у асартыменце ў музейнай краме. Без гэтага нельга. Асноўная місія і мэта нашага будучага музейнага квартала ў тым, каб чалавек зайшоў у музей, напрыклад, гадзін у адзінаццаць, а выйшаў адтуль ужо пад вечар. Калі стаміўся, пайшоў у кафэ. Або накіраваўся ва ўнутраны дворык, пасядзеў на лаўцы. Адпачыў на свежым паветры і пайшоў зноў у музей — іншую выстаўку глядзець. Вось так павінна быць у ідэале. Будзем старацца гэтаму садзейнічаць. Галоўнае, што ёсць падтрымка.

— Словам, не цураецеся, выкарыстоўваць вопыт іншых?

 — Я, калі прыязджаў у іншую краіну, калі трапляў у музей, то глядзеў не на карціны, а на тое, як карціны мацуюцца. Якое выставачнае абсталяванне ўжываецца, якое асвятленне, які паркет у рэшце рэшт выкладзены ў залах. У першую чаргу я глядзеў вачыма гаспадарніка. Потым ужо разглядаў карціны.

— За тыя гады, што дырэктарствуеце ў Нацыянальным мастацкім музеі, вы пераканаліся, што глядач стаў больш падрыхтаваным, больш пераборлівым?

— Безумоўна. Бо ёсць інтэрнэт, і прыхільнік мастацтва можа, напрыклад, лёгка, хай і віртуальна, пахадзіць па Траццякоўцы. Ці можа анлайн паглядзець шэдэўры ў іншых знакамітых галерэях і музеях свету. Сёння гледача нічым не здзівіш. Ён стаў гурманам, больш патрабавальным. І да гэтага нам трэба быць гатовымі. Каб мы не адставалі: у тэхналогіях, у методыцы. У кадрах. З’яўляецца новае пакаленне — гэта пытанне глабальнае. І дырэктар музея не можа сядзець склаўшы рукі. Я пастаянна трымаю ў напружанні (у здаровым сэнсе) калектыў. Можа камусьці гэта не падабаецца. У 60—70-я гады музей быў ціхай гаванню. А цяпер ён павінен зарабляць грошы. Зразумела, павінен падтрымліваць імідж сваёй краіны. І абавязкова быць здольным рабіць міжнародныя праекты. Чаго просіць і патрабуе наведвальнік? Давай яму выстаўку Марка Шагала або іншых знакамітых майстроў — выхадцаў з Беларусі, давай выстаўку з Траццякоўскай галерэі. Сёння супрацоўнікі абавязкова павінны быць з веданнем замежных моў. Адным словам, трэба пастаянна пашыраць фармат музея.

Значыць, нават у цяперашні час, калі існуюць пэўныя абмежаванні ў сувязі з пандэміяй, тэрмін “барацьба за гледача” не састарэў і па-ранейшаму актуальны?

 — Больш за тое, цяпер мы павінны змагацца за кожнага наведвальніка. Толькі цікавымі праектамі, змястоўнымі праграмамі мы зможам прыцягнуць гледача да сябе. Музей у ідэале — гэта вялікая культурная індустрыя. Як Галівуд. 

Напэўна складана кіраваць такім механізмам?

— Няпроста. Гэта вялікая адказнасць, бо музей — візітная картка краіны. Я кажу супрацоўнікам, што з часам нас усіх заменяць. Музей не павінен стаяць да ўпора як дом састарэлых. Музей павінен працаваць. І таму, вядома, вялікая адказнасць непасрэдна на кіраўніку. Я гэта адчуваю, я гэта разумею. Таму так рана і пасівеў (усміхаецца).

Дырэктар музея — гэта больш менеджар ці навуковец?

— Усё разам. Я не ўяўляю, што дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея — не мастак, не мастацтвазнаўца, а толькі эканаміст-менеджар. Вы можаце сабе ўявіць на чале Эрмітажа эканаміста? Або на чале Траццякоўскай галерэі? Я не. Так, у іх ёсць менеджары, але ўсё ж такі на чале павінен быць спецыяліст па мастацтве. Менеджар можа быць старшынёй агракамбіната. Вось калі б я пайшоў па сельскагаспадарчым шляху, стаў бы аграномам, а потым магчыма і кіраўніком агракамбіната. Але я пайшоў па іншым шляху, таму я дырэктар музея. Сёння постаць дырэктара музея — універсальная. Ён павінен быць і менеджарам, і эканамістам, і мастацтвазнаўцам. Тым больш, музея такога маштаба як нацыянальны. Па-першае, да дырэктара прыходзяць мастакі: па пытаннях арганізацыі сваёй персанальнай выстаўкі, па іншых нейкіх момантах. І як я, усяго толькі эканаміст, буду сядзець са знакамітым творцам. Аб чым з ім буду размаўляць? Мы не зразумеем адзін аднаго. Вось чаму я не саромеюся ўсяму вучыцца.

— А па якіх крытэрыях вызначаецца каштоўнасць той ці іншай работы, якую набывае музей?

— Мы набываем не самі, у нас ёсць савет, калі гаворка ідзе аб сучасным мастацтве. Калі рэч закупляецца за мяжой, напрыклад Слуцкі пояс, мы пераконваем Міністэрства культуры, што гэта абавязкова трэба набыць для нацыянальнай экспазіцыі. Але рашэнне прымаецца калегіяльна. Калі гэта асабліва каштоўны прадмет, то праходзіць конкурс. А так, вядома, усю палітыку фарміруе музейная супольнасць на чале з дырэктарам. Вось чаму сёння дырэктар абавязаны ва ўсім разбірацца: і ў тэндэрах, і ў карцінах.

— А ў вас выпадкова няма раздвойвання асобы — паміж дырэктарам Пракапцовым і мастаком Пракапцовым?

— Наадварот, існуе поўная гармонія. Адзін дапаўняе другога. У мяне было раздваенне асобы, калі я працаваў у апараце Савета Міністраў і мала ўдзельнічаў у выстаўках. Тады не заахвочвалася чыноўнікам выстаўляцца разам з мастакамі. Гэта не віталася, мякка кажучы, у 80—90-я гады. А цяпер мне вельмі камфортна.

— У вашу бытнасць дырэктарам адбылося шмат выставак з замежных музеяў. А што датычыцца прадстаўлення работ менавіта з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея за мяжой, ці плануеце вы такога роду акцыі: каб паказаць наша музейнае багацце?

— Безумоўна, ёсць такія планы. Між іншым, у свой час мы ўжо паказвалі карціны Хруцкага ў Вільнюсе — у рамках двухсотгоддзя з дня нараджэння мастака. Паспяхова рэалізавалі праект з Ватыканам — паказалі там беларускія абразы: праваслаўныя і каталіцкія. Вядома, гэта ўсё вельмі клопатная справа, хоць бы па той прычыне, што звязана са страхоўкамі.

А што Нацыянальны мастацкі музей мог бы дазволіць сабе набыць у пастаянны фонд?

— Набыць нешта істотнае вельмі складана.

Па-першае, шэдэўры вялікіх грошай каштуюць. Калі б былі сродкі, я б не гнаўся за Рэмбрантам ці Пікасо. Я б набыў для музея што-небудзь з творчасці Шагала. Набыў бы творы мастакоў Парыжскай школы — выхадцаў з Беларусі. Але тое, што ў нас ёсць дзве работы Шагала, дзве работы Геніна — гэта ўжо крок наперад. У вядучых музеях свету гэтыя імёны шырока прадстаўлены. А ў нас, на іх радзіме, пакуль слаба... Вось гэты прабел я б ліквідаваў у першую чаргу.

—Як бы вы маглі б прадоўжыць фразу: “Цяперашняе выяўленчае мастацтва — гэта...”

— ...Гэта жыццё. Выяўленчае мастацтва робіць чалавека багацейшым у духоўным плане. Яно робіць яго дабрэйшым, больш гарманічным. Ёсць агульны набор культурных каштоўнасцяў, якія абавязковыя як правілы паводзін у грамадстве: саступаць месца старэйшым, прапускаць наперад жанчын... А ў цэлым мастацтва, паўтаруся, — гэта жыццё. Без мастацтва не будзе развіцця цывілізацыі. Чаму ў пячорах пачалі маляваць, рабіць роспісы? Людзі ўжо тады глядзелі на зоркі і хацелі зрабіць нешта адлюстраванае іх бачаннем на сцяне. Зоркі раніцай знікалі. А на сцяне з’яўляўся прыгожы паляўнічы, нейкая сцэна з жыцця першабытнага чалавека. І гэтыя малюнкі таксама вартыя захаплення. Многія з іх — наша спадчына. Свайго роду, музейная каштоўнасць.

Калі коратка, чым для вас цікавая цяперашняя дырэктарская праца?

— У ёй я, як кіраўнік, самадастатковы. Я атрымаў мастацтвазнаўчую адукацыю і магу гаварыць на роўных з любым мастаком, зрэшты, як і з дырэктарам Луўра. Я адчуваю сябе на сваім месцы. Мне падабаецца праца ў музеі: я задаволены ёй, адчуваю сябе вельмі камфортна.

Веніямін Міхееў.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.