Вы тут

Персанальная выстаўка карцін Тамары Турбінскай


Паяднаць тэрапеўтычны эфект і мастацкае светабачанне — адна з галоўных задач мастачкі-аматара, урача-рэфлексатэрапеўта і псіхатэрапеўта Тамары Турбінскай. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа экспануецца персанальная выстаўка яе карцін. На палотнах у асноўным кветкі і гарадскія пейзажы, якія ствараюць адчуванне лёгкасці, хуткацечнасці і зменлівасці жыцця, вучаць заўважаць дробязі і радавацца кожнаму імгненню.


«Белы чамадан», 2023 г.

Адметным быў шлях, які прывёў аматарку за мальберт, да пэндзляў і фарбаў. Малявала яна з дзяцінства, часта дапамагала маці, якая працавала педагогам, афармляць метадычныя дапаможнікі і газеты. Вельмі любіла маляваць алоўкам. Ужо ў сталым узросце Тамара апынулася ў кампаніі людзей, якія збіраліся разам для заняткаў па агульных інтарэсах: хтосьці пісаў фарбамі, іншыя вязалі шыдэлкам. Нехта займаўся валяннем. Тамара паспрабавала намаляваць алоўкам нацюрморт. Ёй настолькі спадабалася, што спачатку яна нават хацела сысці з асноўнай прафесіі, каб прысвяціць жыццё свайму хобі.

Але медыцына не адпусціла. «Яна — частка майго жыцця, не дапамагаць людзям я не магу!» — зразумела мастачка і працягвала маляваць на ўзроўні аматара. Першай карцінай жывапісу стала выява кветак у вазе, сюжэт другой знайшла на фотаздымку найпрыгажэйшага куточка Іспаніі. Трэцяя карціна, па прызнанні аўтаркі, стала для яе містычнай. «Горад у дажджы» быў напісаны за тры гады да таго, як… від з акна яе новай кватэры, нібы дзве кроплі вады, аказаўся падобным на карціну!

Сюжэты знаходзяцца ў самых нечаканых месцах: гэта можа быць фота ў тэлефоне альбо кадр, які мільгануў на экране тэлевізара. Але яна не капіруе ўбачанае: пэўныя дэталі гучаць больш акцэнтна, чым у «арыгінале», некаторыя элементы з’яўляюцца большымі, чым у сапраўднасці.

Першая выстаўка адбылася два гады таму ў бібліятэцы Янкі Купалы. Ідэю яе арганізаваць падказалі сябры і шматлікія пацыенты. «Тады я зразумела: мая творчасць рана ці позна знаходзіць водгук у душах людзей, якім гэта блізка», — падзялілася мастачка.

— Вельмі хачу, каб тое, што я раблю як доктар, адлюстравалася ў тым, што пішу, — распавядала мастачка. — На­ступная мая выстаўка будзе называцца «Мастацкая рэфлексатэрапія». Рэфлекс — гэта адлюстраванне. Значыць, лячэнне тым, што можна адлюстраваць на палатне, — прафесія і майстэрства мастака. Мару, каб яны супалі… Гэта зусім іншы ўзровень ацалення…

Увогуле, тэрапеўтычным можа стаць усё, пераканана Т. Турбінская: ад позірку на пэўны прадмет да карціны, якая ўздзейнічае магічна. Кожны чалавек у карціне знаходзіць уласную казку: жыццё, гісторыю сваёй хваробы ці свайго шляху. Мастачка-доктар, па яе словах, у кожную карціну ўкладае эмацыянальную сутнасць, пэўны выклік і жаданне абмяняцца думкамі.

Да таго ж карціны маюць уласцівасць назапашваць эмацыянальную інфармацыю людзей, якія на яе глядзяць, — прыйшла да высновы Т. Турбінская. Такім чынам, з часам выява можа стаць магутным люстэркам, і людзі гэта адчуваюць. Гэта і ёсць тэрапеўтычны эфект.

«Сон з дзяцінства», 2023 г.

— Апошнім часам люблю эксперыментаваць з памерамі палатна. Чым ён меншае, тым складаней пісаць. Трэба быць ювелірам, каб стварыць маленькую карціну, якая б адгукнулася. Падабаецца маляваць нядоўга — гэта як лаканічнасць фразы, як рубаі Хаяма: калі можаш сказаць, то не кажы лішняе, — падзялілася Т. Турбінская.

Імпрэсіянізм, вечны пошук — тое, што найлепш характарызуе работы мастачкі. Адна з найбольш цікавых карцін на выстаўцы — «Файны ліс». Асноўнае месца на палатне займае ваза з кветкамі, і толькі ў невялікім люстэрку побач (якое мае падабенства з партрэтам) — загадкавая мордачка жывёлы. Гэтая сімволіка звязана, па словах аўтаркі, з упадабаным месцам.

Прыцягвае ўвагу сярод краявідаў і кветак работа «Кот у чамадане». Сюжэт нарадзіўся імгненна, з жыцця. Спачатку гэта была выява белага чамадана, які належаў бацьку мастачкі. Але хацелася, каб ён не пуставаў. І тут сваякі даслалі фота хатняга гадаванца — і, нібы адчуўшы вандроўны дух, ён арганічна ўпісаўся ў раскрыты чамадан…

Гэта шчасце — падзяліцца з іншымі тым, што ёсць у табе, сваімі эмоцыямі і перажываннямі. Найлепшымі адзнакамі для мастачкі з’яўляюцца выказванні пра яе работы накшталт: «Яны чапляюць, яны жывыя».

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.