Вы тут

Камісія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі разгледзела праект далейшай рэстаўрацыі і рамонту Брэсцкай крэпасці


У Брэсце працавала камісія Парламенцкага сходу па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях. Адбылося таксама пасяджэнне маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Разглядаліся розныя пытанні. 


Напрыклад, брастаўчан заклікалі больш актыўна ўдзельнічаць у саюзных праектах. Скажам, у Анапе штогод праходзіць фестываль «Творчасць юных», дзе таленты праяўляюць дзеці да 14 гадоў. А падлеткі, старэйшыя за ўказаны ўзрост, могуць праявіць сябе ў праекце «Моладзь — за Саюзную дзяржаву». 

Старшыня камісіі Алена АФАНАСЬЕВА запрасіла да размовы пра супрацоўніцтва ў медыцынскай сферы. Зараз, ва ўмовах пандэміі, гэтае кола пытанняў набывае асаблівую актуальнасць. Напрыклад, у Расіі распрацоўваецца шэраг эфектыўных праграм па рэабілітацыі людзей, якія перахварэлі на каранавірус. А ў такой рэабілітацыі, як вядома, маюць патрэбу не менш за 70 працэнтаў былых пацыентаў. І тут адкрываецца шмат магчымасцяў для сумеснай работы. Скажам, можа быць задзейнічаны патэнцыял санаторыяў абедзвюх дзяржаў. Абмен студэнтамі медыцынскіх ВНУ і каледжаў пойдзе на карысць будучым спецыялістам. 

Адзначалася, што пэўныя вынікі дасягнутыя ў прасоўванні праекта «Работа без межаў», а таксама праграмы аздараўлення ветэранаў і інвалідаў вайны. 

Саюзныя дэпутаты разам з членамі Маладзёжнай палаты пабывалі ў Брэсцкай крэпасці і азнаёміліся з вынікамі рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы па капітальным рамонце рэстаўрацыі і музеефікацыі збудаванняў мемарыяльнага комплексу. Работа праведзена ў 2018-2020 гадах, з саюзнага бюджэту патрачана больш за 300 мільёнаў расійскіх рублёў. 

Праграма далейшай рэстаўрацыі і рамонце аб’ектаў Брэсцкай крэпасці стала галоўным пытаннем работы другога дня Камісіі Парламенцкага сходу. У абмеркаванні прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі Міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі, якія падключыліся па відэасувязі. Адзначалася, што праект 2018-2020 гадоў выкананы ў поўным аб’ёме. На разгляд камісіі быў прапанаваны новы праект на наступны перыяд.

Пра кожны з аб’ектаў, які беларускі бок прапануе ўнесці ў праграму, падрабязна расказаў дырэктара мемарыяльнага комплексу Рыгор БЫСЮК. Капітальнага рамонту патрабуюць цэнтральны манумент «Мужнасць», плошча якога складае 7200 квадратных метраў, галоўны ўваход у мемарыял «Зорка» і памяшканні побач з ім, Паўночныя вароты з прымыкаючымі да аркі казематамі, паўднёва-заходняя казарма, руіны 44-га стралковага палка. У пераліку таксама — 104 казематы двухпавярховай паўднёвай казармы. Тут бачыцца стварэнне мультыкультурнай прасторы з музейна-асветніцкім цэнтрам, гістарычнай бібліятэкай, канферэнц-залай. Працягу рэканструкцыі патрабуе і форт № 5. У руінах 44-га стралковага палка ёсць задума стварыць мемарыяльную зону «Смутак» — скульптурную кампазіцыю з вобразам жанчыны, якая не дачакалася з вайны сына, мужа, брата, бацькі. 

Камісія прыняла рашэнне, у якім рэкамендавала Міністэрствам культуры абедзвюх дзяржаў узгадніць з фінансавымі ведамствамі краін бюджэтныя заяўкі на наступныя гады. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.