Вы тут

9 рэчаў, ад якіх абавязкова трэба пазбавіцца да Новага года. Парады псiхолага


Апошнія дні 2021-га года імкліва набліжаюцца да канца, а гэта значыць, што надышоў час падвесці вынікі. Для вас гэты Год, напэўна, быў насычаным падзеямі. Раім вам успомніць усе пазітыўныя моманты, якія вас натхнялі і прымушалі ўсміхацца часцей. Несумненна, вам сапраўды ёсць за што сябе пахваліць. Вядома, як і любы іншы, 2021 год не заўсёды нас цешыў, у кожнага былі не толькі перамогі, але і паразы. Але не варта лаяць сябе за няўдачы і падзенні. Важна зразумець — для чаго гэтыя сiтуацыi адбываліся ў жыцці і што новага і карыснага яны прынеслі. Вядома ж, не хацелася б гэты досвед атрымліваць, але менавіта ён робіць нас тымі, хто мы ёсць сёння. Галоўнае — не зацыклівацца на негатыве. Бо менавіта перашкоды робяць нас мацнейшымi і мудрэйшымi. Усё, што вам трэба — зрабіць правільныя высновы і ісці далей. Таму адпусціце ўсё тое, што перашкаджае вам дамагацца сваіх мэт і быць шчаслівым чалавекам. А менавіта:


«Пазбаўляцца ад старога трэба рэгулярна — каб чысціць месца для новага!»

Адпускайце крыўды. Па сутнасці — гэта вашыя неапраўданыя чаканні. Усе невымоўныя словы, нявыяўленыя пачуцці і ўтоеныя эмоцыі, якія раз’ядаюць знутры, трэба выказваць і забывацца на iх. Варта ведаць, крыўда прыносіць больш шкоды пакрыўджанаму, чым крыўдзіцелю. Але ўжо калі няма магчымасці высветліць сітуацыю і пагаварыць са сваiм крыўдзіцелем, можна выказаць пісьмова ўсе свае адчуванні. Затым шчыра прабачыць і забыцца.Успомнiце: а вы сапраўды ніколі і нікога не крыўдзілі?

«Мінулае — гэта дэпрэсія. Будучыня — гэта трывога. Не думайце і аб ёй. Жывіце сённяшнім днём. Бо гэта і ёсць рэальнае жыццё».

Пазбаўляйцеся ад шкадаванняў — гэта пачуццё віны, смутку ці гневу за рашэнні, прынятыя ў мінулым пра нязробленае, невымоўнае, нявыбранае, недасягнутае. Адкуль жа ўзнікае гэтае пачуццё? Таму што мы азіраемся назад, жывем мінулымі адносінамі, як кажуць, учарашнім днём. Але бясконцая рэфлексія аб мінулым не дае магчымасці цешыцца сёння і глядзець упэўнена ў заўтра. Таму не вяртайцеся ў думках у мінулае — там усё без змен. Не забірайце самі ў сябе энергію. Думаючы аб сітуацыях, у якіх вам было балюча, вы самі сябе цягніце ўніз. Таму што энергетычна вы затрымлiваецеся ў мінулым. Такім чынам, мацней пражываючы свае крыўды. Тое, што адбылося, ужо ніколі не зменіцца.

Важна: Жаль можа мець негатыўныя эмацыйныя і фізічныя наступствы для псіхічнага здароўя, — правакаваць дэпрэсію і трывогу, што прыводзіць да гарманальнага дысбалансу і паслабляе імунную сістэму.

Адмоўцеся ад непатрэбных адносінаў. Гэта тыя, якія вы працягваеце па звычцы, магчыма з пачуцця ветлівасці. Як іх распазнаць? Па-першае, яны не прыносяць карысці, хутчэй, наадварот, забіраюць настрой, забiраюць натхненне. Прасцей кажучы, цягнуць уніз. У гэтых адносінах вы часцей адчуваеце востры дыскамфорт і перажыванні, чым прыемныя моманты. Такія адносіны не прывядуць вас да добрага, бо не нясуць ніякай перспектывы на будучыню. Задайце сабе пытанне: Ці мае сэнс працягваць узаемадзейнічаць са старымі знаёмымі з ветлівасці? Памятайце, час — самы каштоўны рэсурс. У чалавека няма нічога даражэй, бо яго нельга купіць або пазычыць. Не варта яго дарыць толькi таму, што нязручна з кімсьці развітацца. Вызваляючыся ад непатрэбных сувязяў, вы расчышчаеце месца для новых знаёмстваў і кантактаў. Прыйшоў час рухацца далей і пісаць сваю новую гісторыю.

Калі вы не можаце сысці з адносін, якія абцяжарваюць вас, то гэта сведчыць аб тым, што вы сябе шануеце менш, чым сваё асяроддзе. Гэта гаворыць аб тым, што ў вас мала свайго ўласнага жыцця, сваіх інтарэсаў і планаў.

Адпусціце негатыў. Сцярыце з памяці дрэнныя ўспаміны, якія псуюць настрой і забіраюць энергію. Адпусціце пачуццё віны, якое перашкаджае вам рабіць тое, што сапраўды хочацца. Выдаліце злосць на былых партнёраў, знаёмых і сям’ю. Усе мы заслугоўваем шчасця і кахання. Калі каханне скончылася, гэта не значыць, што яго не было. Памятайце, што ў кожнага свой уласны шлях, — не трэба нікога змяняць і падладжваць пад сябе. Дазвольце людзям быць сабой. Гэта іх выбар. Вам альбо чалавек падыходзіць такі, які ён ёсць, альбо не.

І забудзьце нарэшце пра абвінавачанні i папрокi. Самі нясіце адказнасць за сваё жыццё. Калі вам нешта не падабаецца, у вас ёсць два варыянты: прыняць гэта — ці змяніць. Лепшае, што вы можаце зрабіць, — працаваць над сабой і перастаць звяртаць сваю ўвагу на навакольных.

Адпусціце страх і неспакой перад невядомым. Проста дзейнічайце, і ўбачыце, як новыя магчымасці адразу ж з’явяцца на гарызонце. Вядома ж, сусвет будзе правяраць вас на трываласць, ствараючы перашкоды. Галоўнае — не пасуйце. Гэта ўсяго толькі праверка вашых асабістых якасцяў. У выніку, усё атрымаецца, праявiце толькі настойлівасць і цярпенне.

Не сумнявайцеся ў сабе. Лепш падумайце, што прымушае вас параўноўваць сябе з іншымі. Не кажыце так «вось бы ў мяне таксама гэта было» або «вось бы я таксама так зрабіў». Лепш сфармулюйце такім чынам: «А чаму б і мне так не зрабіць?» Магчыма вам здаецца, што навакольныя больш шчаслівейшыя, больш паспяховыя, чым вы. Але вы зараз там, дзе павінны быць. Жадаеце большага? Працуйце над сабой!

Факт: Чым больш вы непакоiцеся, тым менш прадуктыўным становіцеся! Бо трывога забірае энергію. Няма сэнсу сябе абкрадваць.

Прабачайце сабе і навакольным. Трэба ўмець дараваць не толькі іншым людзям, але і сабе: свае памылкі, дрэнныя думкі, намеры. Калi вы памыляецеся, значыць, з вамі ўсё нармальна, вы рухаецеся ў правільным напрамку. Ідэальных людзей не існуе. Завышаныя патрабаванні ў адносінах да сябе з’яўляюцца ідэальнай платформай для комплексаў у будучыні. Нас з дзяцінства навучылі вешаць цэтлікі «што такое добра, што такое дрэнна». Але ў рэальным жыцці гэта нам перашкаджае. Мы перастаем ацэньваць сітуацыі самастойна і робім гэта з дапамогай ацэначных меркаванняў. Насамрэч любая падзея, якая здарылася ў нашым жыцці абсалютна нейтральна. І толькі вы самі ставіце насупраць адзнаку «+» або «-». І ўсё, што трэба зрабіць — змяніць сваё ўспрыманне. Любая памылка — гэта вопыт. У аснове ж усякага непрабачэння ляжыць звычайная чалавечая ганарыстасць, якая падсілкоўваецца ілжывым уяўленнем аб сваёй чалавечай праведнасці. Увогуле шануйце сябе.

Раім навесці вам парадак не толькі ў галаве i душы, але і ў кватэры. Так вызваліцца месца для актыўнай энергіі, якая прыцягне і сродкі, і сілы, і рэсурсы для новых, сапраўды неабходных рэчаў. Бо чапляючыся за старое, мы мімаволі чапляемся за ідэі і прынцыпы, якія больш не актуальныя і перашкаджаюць руху наперад.

Для гэтага:

Выдаліце старыя акаўнты на форумах, незнаёмых людзей з асабістых акаўнтаў і сацсетак; праграмы і тэчкі, якія не выкарыстоўваюцца, на камп’ютары і смартфоне; фота, на якіх вы сабе не падабаецеся; прачытаныя паведамленні.

Ёсць 2 прынцыпы збаўлення ад лішняга: трэба задаць сабе пытанне «Ці радуе мяне гэтая рэч?». І прыслухайцеся да сваіх унутраных адчуванняў. З’явіўся дыскамфорт ці адчуваеце абыякавасць, тады смела пазбаўляйцеся ад яе. Яна вам сапраўды не патрэбна. I калі рэч не выкарыстоўвалася на працягу года-двух — значыць, яна вам не спатрэбіцца і ў будучыні.

Важная парада: Надайце ўвагу зламаным і сапсаваным рэчам, — або адрамантуйце, або выкіньце. Па-першае, яны займаюць месца, а па-другое, назапашваюць негатыўную энергію, тым самым парушаючы гармонію ў вашым доме.

Жыццё — гэта тое, што ёсць цяпер. Мы заўсёды чакаем неверагодных рэчаў, якія будуць адбывацца ў будучыні, але забываемся пра тое, што жыццё ідзе сёння. Навучыцеся жыць сапраўдным момантам, радавацца дробязям, заўважаць простыя рэчы. Паназірайце за дзецьмі, — гэта ў iх лёгка атрымліваецца.

Няхай вашы дні ў 2022 годзе будуць прадуктыўнымі і напоўненымі радасцю. Крыштальнай вам чысціні — у доме, шафе, галаве, душы і сэрцы! 

А якія абяцанні вы далі сабе з надыходам Новага 2022-га года?

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: рexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Тэатральная інтрыга. Што будуць абмяркоўваць на з’ездзе дзеячы тэатра – у размове са старшынёй БСТД Аляксеям Дударавым

Тэатральная інтрыга. Што будуць абмяркоўваць на з’ездзе дзеячы тэатра – у размове са старшынёй БСТД Аляксеям Дударавым

Сіла мастацтва — гэта як сіла жыцця: пра яе можна наогул не думаць, але калі яе аднойчы адчуў, то будзеш клапаціцца, каб не страціць.

Эканоміка

У сталіцы актыўна скупляюць кватэры. Ці надоўга гэта?

У сталіцы актыўна скупляюць кватэры. Ці надоўга гэта?

Пасля значнага вясновага «хапуна», на майскія святы рынак злёгку астыў.

Грамадства

«Як ты можаш такое казаць, мама?!» Спрачацца з пажылымі сваякамі трэба правільна

«Як ты можаш такое казаць, мама?!» Спрачацца з пажылымі сваякамі трэба правільна

Псіхіка пажылых людзей часцей за ўсё не здольная да «апгрэйду».