Для большасці людзей час перад Калядамі асацыіруецца з цудамі. У некаторых краінах, напрыклад, менавіта гэтымі днямі не толькі дораць падарункі блізкім, але і робяць добрыя справы — дапамагаюць дабрачынным арганізацыям і тым, хто мае патрэбу. Мая знаёмая з Мінска таксама некалькі гадоў запар пякла пірагі перад зімовымі святамі. Прыносіла іх на работу і падчас абедзеннага перапынку прадавала па кавалачку сваім калегам — усе грошы ішлі на навагоднія падарункі анкахворым дзецям. Героі, пра якіх я сёння хачу распавесці, таксама не чакаюць цуды, а ствараюць іх сваімі рукамі. Прычым робяць гэта не толькі перад святамі, а круглы год.
У вёсцы Хваенск, што ў Жыткавіцкім раёне на Гомельшчыне, 50 жыхароў.
— Летам у іх ёсць занятак — агароды, унукі, — распавядае Настасся Цяслюк, гаспадыня этнааграсядзібы «Прыродазнаўства». — А зімой тут сумнавата. Таму мясцовыя бабулі любяць прыходзіць да мяне на сядзібу — проста папіць гарбаты, паразмаўляць, абмеркаваць навіны, згадаць былое.
Летась Настасся ладзіла ў вёсцы свята для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Хацелася падарыць ім штосьці душэўнае, акрамя цукерак і канцтавараў.
— Вось мае бабулі і прапанавалі: «Настуся, а давай мы шкарпэтак навяжам?» І, што вы думаеце, навязалі. Я тады зрабіла пра гэта пост у «Інстаграм». І людзі пачалі адгукацца: «І я з радасцю насіла б шкарпэткі ад бабуль. Ці маглі б яны і мне звязаць?»
Было столькі заявак, што дзве хваенскія бабулі не спраўляліся. І Настасся пачала падключаць майстрыц з суседніх Азяранаў. Так з'явіўся сацыяльны праект «Бабуля».
— У нас на Палессі спакон вякоў гадавалі авечак і вязалі ваўняныя шкарпэткі — колкія, шчыльныя і вельмі тоўстыя, — распавядае Настасся. — Таму, каб захаваць мясцовыя традыцыі, набываю ніткі са стапрацэнтнай авечай воўны. Менавіта з іх і вяжуць шкарпэткі мае бабулі. Самай старэйшай вязальшчыцы — бабулі Серафіне — за 80. Яна вяжа толькі для нованароджаных дзетак.
Звязаныя шкарпэткі Настасся адпраўляе па пошце. Прычым не толькі па Беларусі, але і ў Германію, Расію, Італію, Амерыку...
— Самае важнае, што цяпер бабулі ўзімку не сумуюць, бо заўсёды пры справе. Яны па-ранейшаму заходзяць да мяне на сядзібу. Размаўляюць і адначасова вяжуць шкарпэткі. Гэта для іх у першую чаргу спосаб баўлення часу. Плюс, што прыемна, за сваю працу яшчэ і грошы атрымліваюць.
Дзіцячыя шкарпэткі, дарэчы, бабулі вяжуць бясплатна. І дзеці ў знак падзякі дасылаюць майстрыцам паштоўкі, малюнкі. Для бабулек гэта вельмі каштоўна. Усе лісты — на самае бачнае месца — у сервант.
— Я заўсёды завочна знаёмлю заказчыкаў з бабулямі: «Сябра, твае шкарпэткі будзе вязаць баба Тома (ці баба Таня, Галя, Марына)». І апраўляю яе фотаздымак. Летась дасылала ў Германію шкарпэткі для дваіх брацікаў. Ім так спадабалася наша баба Тома: былі ўражаны, што ў яе ажно 17 унукаў. Дык вось хлопчыкі, нягледзячы на тое, што не размаўляюць па-руску, вырашылі самі падпісаць ёй паштоўку. Не ўсе літары былі павернуты ў патрэбны бок. Але гэта вельмі кранальна, бо дзеці вучыліся пісаць па-руску, каб зрабіць бабулі прыемна.
Саша Зянько жыве ў Мінску разам з мамай. Яму 36 гадоў. Яшчэ ў дзяцінстве хлопцу паставілі дыягназ ДЦП. Саша перасоўваецца на інваліднай калясцы і не размаўляе. Але дзякуючы сваёй энергіі і ўважлівасці мамы ён засвоіў камп'ютар. Водзіць падбародкам па мышцы і такім чынам кіруе ёй. Яшчэ ён можа трымаць у зубах палачку і дакранацца ёй да літарак на клавіятуры. Дзякуючы гэтаму ён «пагрукаў у свет» пры дапамозе «Фэйсбука». Сам, ніхто яму не дапамагаў, стварыў праект, які так і называецца #ПагуляйзСашам #ДцпНеПерашкода. Расказаў, што сядзіць у чатырох сценах. Мама не можа выводзіць яго на вуліцу, бо ў яе баліць спіна. І папрасіў добрых людзей гуляць з ім час ад часу.
І аказалася, што чулых людзей дастаткова шмат. Дзякуючы ім Саша ўжо пабыў на Мінскім моры, у «Дрымлэндзе», папугайні, музеі авіяцыйнай тэхнікі, у Нацыянальнай бібліятэцы, заапарку, тэатры, галерэі сучаснага мастацтва, Батанічным садзе, у некалькіх рэстаранах, кавярнях і гандлёвых цэнтрах, удзельнічаў у інклюзіўных паўмарафонах…
Стас Сініца — адзін з тых, хто ўбачыў пост Сашы ў інтэрнэце. З таго часу, як толькі з'яўляецца магчымасць, забірае хлопца з кватэры і паказвае яму нейкае цікавае месца.
— Я стараюся загадзя планаваць нашы паходы ў тэатр ці кавярню, — кажа Стас. — Калі ж часу не вельмі шмат, гуляем у скверыку, што побач з домам. Саша вельмі любіць усё нюхаць: можна проста ездзіць па лесе і падносіць яму да носу шышкі, прэлае лісце, снег. У нас ёсць любімы рытуал: абавязкова заязджаем у краму і п'ём малочны кактэйль.
Пасля кожнай прагулкі на старонцы Сашы ў «Фэйсбуку» з'яўляецца допіс з фотаздымкамі. Рабіць пасты пра тое, як правёў дзень, яму прапанаваў Стас.
— Сашу першы час было складана нават запомніць, што з ім адбывалася, — распавядае Стас Сініца. — Проста не было такога навыку, ён не быў запатрабаваны. Таму пастаянна прасіў мяне запісаць яму на тэлефоне, як называецца месца, дзе мы гуляем. Зараз — гляджу па яго пастах — ён піша ўсё лепш і лепш, ужо нават жартаваць спрабуе. Саша наогул вельмі пазітыўны чалавек. Калі казаць пра цуды, то ён сам па сабе цудоўны.
Аднойчы нехта аддаў Сашу зімовы камбінезон. Праўда, апранаць яго было адно мучэнне. Стас ведаў пра гэту праблему, таму звярнуўся да сваёй знаёмай — мадэльера Алы Грынкевіч.
— У Алы ёсць сваё атэлье. І я папрасіў яе перарабіць той камбінезон для Сашкі, — працягвае Стас. — Яна спецыяльна прыязджала да яго дадому. Хлопец пісьмова патлумачыў, што яму патрэбна. У прыватнасці, у Сашы вельмі моцна націраюцца ногі ў каленях, у выніку ледзь не крывавыя мазалі ўзнікаюць. Таму Ала раздзяліла камбінезон на дзве часткі і на штанах зрабіла мяккія накладкі. Рукавы ж курткі разрэзала і ўшыла туды маланкі. А яшчэ зрабіла ў ёй спецыяльныя вентыляцыйныя ўстаўкі.
У Стаса ёсць любімае хобі. Ён не толькі сам танцуе танга, але і вучыць гэтаму іншых. З нядаўняга часу на яго занятках з'явіліся людзі ў інвалідных калясках.
— Усё дзякуючы Сашку, — смяецца Стас. — Аднойчы я быў у яго ў гасцях і ўключыў музыку на тэлефоне. І мы з ім разам танцавалі танга. Гэта быў экспромт. Потым я выклаў гэтае відэа ў сацыяльныя сеткі. Мамы, у якіх таксама дзеці на інвалідных калясках, пабачылі той запіс. Напісалі, што яны з задавальненнем прыходзілі б на мае заняткі разам са сваімі дзецьмі. Я пагаварыў з дырэктарам студыі танца Balance Ірынай Баслык. Яна была не супраць.
З валанцёркай Вольгай Харытановіч мы стэлефанаваліся суботняй раніцай. У выхадны марозны дзень захавальніца Палесся «Аховы птушак Бацькаўшчыны» прачынаецца з пеўнямі і едзе на возера Чырвонае, што ў Жыткавіцкім раёне. Разам з арнітолагамі ды аднадумцамі-валанцёрамі (у рамках праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў») нацягвае арніталагічныя сеткі і кальцуе птушак. Гэтым разам у цэнтры ўвагі чырванакніжная белая сініца (іншая назва — князёк). Птушка 2022 года па выніках галасавання «Аховы птушак Бацькаўшчыны». У Беларусі яе можна пабачыць толькі на Палессі. Селіцца прыгажуня нябесна-блакітнага колеру ў пойме ракі Прыпяці. Узімку белыя сініцы сноўдаюць у пошуках ежы ў густых зарасніках трыснягу на берагах вадаёмаў. Пакуль пра палескага князька вядома няшмат. Менавіта кальцаванне дапаможа дазнацца больш.
Вольга па адукацыі ветурач. 30 гадоў пражыла ў Мінску. Аднойчы пабывала на Палессі — і палюбіла гэтае месца ўсёй душой. Таму, не раздумваючы, пераехала жыць у вёску Запясочча, што непадалёку ад Турава.
— Калі тут жывеш і штодзень бачыш гэту прыгажосць, разнастайнасць жывёл і птушак, хочацца штосьці рабіць, каб усё гэта захаваць, — кажа валанцёрка. — Асноўная пагроза для белай сініцы — веснавыя палы ў поймах, меліярацыя, вырубка старых дрэў. У выніку ў птушкі з'яўляюцца праблемы з месцамі для гнездавання. Князёк адкладае яйкі ў дуплах старых дубоў і вербаў на заліўных берагах Прыпяці. Пойменныя пажары знішчаюць дрэвы, у якіх птушка магла б гнездавацца. Часта бывае, што бездапаможныя птушаняты проста згараюць. Яшчэ адна пагроза — драпежнікі. Белая сініца часта селіцца паблізу людзей. Шмат птушанят гіне ў гнёздах, якія недастаткова абаронены ад вясковых катоў.
У Нацыянальным парку «Прыпяцкі», дзе Вольга тры месяцы працуе спецыялістам па экалагічным турызме, таксама занепакоены лёсам белай сініцы. Каб дапамагчы гэтай рэдкай птушцы (у 2015 годзе ў Беларусі налічвалася ўсяго толькі 500—800 пар), зрабілі 250 дамкоў-дуплянак.
— Князёк з задавальненнем займае штучныя дуплянкі. Развесім іх да красавіка ў пойме Прыпяці. Вельмі спадзяёмся, што сінічнікі дапамогуць князьку вырашыць кватэрнае пытанне і яго колькасць будзе павялічвацца. Вясной адправімся правяраць, колькі белых сініц засялілася ў новыя домікі, колькі яек адклалі самкі. Калі вылупяцца птушаняты, будзем іх кальцаваць. Яркія каляровыя кольцы на лапках белых сінічак дазволяць прасачыць, як яны перамяшчаюцца і дзе жывуць у розныя поры года.
Дапамагчы зрабіць рэдкую птушку больш вядомай можа і кожны з нас. Для гэтага дастаткова паўдзельнічаць у творчым конкурсе «Аперацыя Князёк», які аб'явіў Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Зрабіце выраб, звязаны з белай сініцай. Гэта можа быць малюнак, вышыўка, вырабы з дрэва, паперы, нітак, бісеру. На што хопіць фантазіі... Апублікуйце фота гатовай работы да 27 лютага ў пасце «Інстаграм» з хэштэгам #конкурсаперацыякнязёк.
— Творчасцю таксама можна дапамагаць, — пераканана Вольга Харытановіч. — Кожная работа будзе прыцягваць увагу да праблем палескага князька, неабходнасці захавання месцаў, дзе яны жывуць. Мы выберам тры самыя цікавыя і крэатыўныя работы. Пераможцы змогуць паўдзельнічаць у навуковых экспедыцыях па назіранні за гэтай унікальнай птушкай і кальцаванні птушанят. Дарэчы, замежныя турысты гатовы плаціць вялікія грошы, каб прыехаць на Палессе і палюбавацца менавіта на белую сініцу.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».