Вы тут

Што варта паглядзець на Гомельшчыне


Сёння Гомельшчына становіцца запатрабаванай не толькі ў айчынных турыстаў, але і ў расіян. Напрыклад, у масквічоў і піцерцаў карыстаюцца попытам туры выхаднога дня. У мінулым годзе нават былі адкрыты рэгулярныя прамыя авіярэйсы з Гомеля ў міжнародны аэрапорт Унукава. 


Безумоўна адной з галоўных візітных картак Гомельшчыны з’яўляецца палац Румянцавых-Паскевічаў. Гэты помнік архітэктуры канца ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў стаў месцам прыцяжэння турыстаў, якія цікавяцца гісторыяй знакамітых родаў. У музее, які тут створаны, можна паглядзець унікальную калекцыю рэчаў, што належылі былым уладальнікаў, даведацца, якія знакамітыя людзі пабывалі ў гэтых мясцінах (сярод іх, дарэчы, былі і расійскія імператары). Размяшчаецца комплекс ў гістарычным цэнтры, адкуль пачынаў забудоўвацца Гомель, дзе раней стаяў драўляны замак. Таму музей — гэта адно з лепшых месцаў, дзе можна даведацца пра жыццё і развіцццё паўднёвага рэгіёна Беларусі. У ім прадстаўлена і археалогія, абразы, мастацкія творы. Да таго ж палац знаходзіцца ў шыкоўным парку, дзе таксама пабудаваны Сабор Святых Пятра і Паўла, княская часоўня-усыпальніца, аглядная вежа і аранжырэя з зімовым садам. Ёсць у музеі і атэставаныя экскурсаводы, якія могуць правесці вандроўку па гораду і Гомельскай вобласці. 

Наогул на Гомельшчыне працуе 26 музейных устаноў.

Як паведаміў загадчык сектара турызму ўпраўлення спорта і турызму Гомельскага аблвыканкама Ігар Назарчук, сёння ў вобласці актыўна развіваюца розныя віды адпачынку. Па-ранейшаму запатрабаванымі застаюцца аграсядзібы, куды варта паехаць па мясцовы каларыт. Гаспадары могуць навучыць гасцей пячы хлеб на натуральнай заквасцы, падзеляцца ўласнымі рэцэптамі розных страў, стылізуюць пакоі, напрыклад, пад жытло млынара, сталяра, ці нават сядзібу народнага гумару.

Аматарам зялёнага адпачынку варта звярнуць ўвагу на Прыпяцкі нацыянальны парк, дзе зноў пасяліўся міфічны персанаж Зюзя, створаны шыкоўны сафары-парк і прапануецца вялікая колькасць разнастайных экскурсій. 

У мінулым годзе падчас конкурсу «Пазнай Беларусь» адным з лепшых аб’ектаў экалагічнага турызму быў названы заказнік рэспубліканскага значэння «Выдрыца», які размясціўся на левым беразе ракі Беразіна. Ужо сёння тут працуе турыстычная база з вялікім візіт-цэнтрам, на базе якога можна праводзіць нават канферэнцыі і ўрачыстасці, а на бягучы год запланавана будоўля новага корпусу, у якім турысты змогуць размяшчацца і ў зімовы час. 

У заказніку праводзяцця сплавы па Беразіне. Працягласць маршрута — 40 кіламетраў! Ён нават разбіты на этапы. Ёсць тут экалагічныя экскурсіі, якія турысты ўжо ахрэсцілі як паходы ў «месцы сілы». Напрыклад, з дубам-веліканам, да якога водзяць гасцей, звязана легенда: людзі вераць, што гэты 400-гадовы волат здольны выконваць жаданні, асабліва ў вырашэнні сямейных спраў, нараджэнні дзяцей. Незвычайная энергетыка і ў мёртвага возера, якое перажывае апошнюю стадыю, пасля якой ператворыцца ў балота. Усе маршруты тут водна-пешыя, частка шляху пераадольваецца на маторнай лодцы ці байдарках. Адзін з іх называецца «Дзікі калейдаскоп», таму што на працягу дзевяці кіламетраў, якія ён займае, праз кожныя 500 метраў мяняюцца біятопы, ланшафты. Так за дубовай рошчай можа ісці цёмны, змрочны грабавы лес. 

У заказніку быў створаны і першы ў нашай краіне патрыятычна-экалагічны маршрут «Сцежка да Алы». Ён вядзе да вёскі, спаленай ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пракладзены па старой ваенна-тапаграфічнай карце, якая паказвала адзіную дарогу, што існавала ў той час. 

А яшчэ заказнік запрашае турыстаў на «Ноч ваўкоў». Калі гэты праект упершыню быў прызентаваны турыстам, кажуць, мясцовыя рыбакі, якія пра яго тады яшчэ нічога не ведалі, нацярпеліся жахаў. У прэзентацыі праекту былі задзейнічаны паляўнічыя, якія зладзілі для турыстаў паляванне без зброі, калі лясное жыццё госці пазнавалі праз гукі. Тады паляўнічыя пры дапамозе прыстасаванняў-прыманак імітавалі вой гаспадароў лесу.

З 2022 года ў сямі кіламетрах ад Гомеля адкрыўся новы ваенна-гістарычны комплекс «Партызанская крынічка». Ён створаны ў тым месцы, з якім звязана партызанская легенда. У вайну людзі верылі, што калі, перад тым як ісці на заданне, яны пап’юць з яе вады, застануцца жывымі. Адноўлены партызанскі лагер, зямлянкі дазваляюць убачыць, якім было жыццё лясных воінаў. Тут праводзяцца экскурсіі, квэсты, а ў памятныя даты — ваенна-гістарычныя рэканструкцыі. У летні час працуе палатачны лагер «Юны партызан». Паспяхова прайшоў і фестываль «Салдацкая каша», сёлета яго плануецца паўтарыць.

Таксама Гомельшчына развівае рэлігійны турызм. Госці адзначаюць не толькі прыгажосць старажытных храмаў, але і моц святых месцаў, дзе на іх вачах могуць адбывацца цуды. 

У санаторна-курортных установах Гомельшчыны сёння аказваецца больш за 200 медыцынскіх паслуг, таксама праводзяцца СПА-працэдуры. Гэтыя ўстановы запатрабаваныя на працягу ўсяго года, прычым туды можна ехаць не толькі, каб прайсці поўны курс лячэння, але і на выхадныя. На базе такіх устаноў, напрыклад, як у санаторыі «Залатыя пяскі» могуць праводзіцца турзлёты, спартыўныя мерапрыемствы, канферэнцыі., семінары. Дарэчы, усе санаторыі знаходзяцца ў прыгожых мясцінах. Той жа санаторый «Залатыя пяскі» рамешчаны ў змешаным хваёва-лісцевым лесе, на беразе ракі Сож, да якой вядуць падвясныя мосцікі даўжынёй ў 400 метраў. Турагенствы працуюць і з медыцынскімі цэнтрамі. Пры чым самі пацыенты садзейнічаюць рэкламе медыцынскага турызму, распавядаючы пра свой адпачынак знаёмым, сваякам, калегам. Гасцей, якія прыязджаюць, напрыклад, на лячэнне ў Гомельскі абласны кардыялагічны цэнтр, уражвае і якасць паслуг, і атмасфера, створаная работнікамі ўстановы. 

Развіваецца актыўны турызм, спартыўныя аб’екты, якія могуць аказаць гасцям разнастайныя паслугі, створаны як у самім Гомелі, так і ва ўсіх раённых цэнтрах. 

А яшчэ гасцей уражвае прамысловы турызм. У іх ёсць магчымасць наведаць шакаладную фабрыку «Спартак», паглядзець, як ставараюцца ювелірныя вырабы на вытворчым аб’яднанні «Крышталь», альбо як збіраецца магутная тэхніка на «Гомсельмашы» .

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.