У Таліне стартуе чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. Беларусы на кантынентальным першынстве выступяць ва ўсіх відах праграмы. Расказваем, хто будзе прадстаўляць краіну на прыгожым і захапляльным турніры.
У мужчынскім адзіночным катанні пад беларускім сцягам на лёд выйдзе Канстанцін Мілюкоў, які праз месяц будзе выступаць на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Чэмпіянат Еўропы стане генеральнай рэпетыцыяй перад галоўным стартам чатырохгоддзя і для Вікторыі Сафонавай, якая спецыялізуецца на жаночым адзіночным катанні. У танцах на лёдзе свае таленты будуць паказваць Вікторыя Семенюк і Ілья Юхімук. Адметна, што на кантынентальнае першынство адправіліся і фігурысты, якія выступаюць у парным катанні. Гэтая дысцыпліна раней не было моцным бокам беларускага фігурнага катання. Тут краіну будуць прадстаўляць Багдана Лукашэвіч і Аляксандр Сцяпанаў.
Мінулагодні чэмпіянат Еўропы быў адменены праз пандэмію каранавіруса. Таму сёлета спаборніцтвы ў эстонскай сталіцы будуць больш захапляльнымі. За медалі будуць змагацца 171 спартсмен з 37 краін. У мужчынскім адзіночным катанні на лёд выйдуць 34 спартсмены, у жаночым — 37. Свае праграмы прадставяць 21 спартыўная пара і 29 танцавальных дуэтаў. Нагадаем, асноўнае правіла фігурнага катання. Спачатку спарстмены выступаюць з кароткай праграмай, за якую ім неабходна набраць тэхнічны мінімум (у кожнай дысцыпліны ён свой). Тыя, хто з гэтым справіўся, праз дзень прадстаўляюць адвольную праграму. Пераможцы і прызёры вызначаюцца па суме балаў за дзве праграмы.
У эстонскай сталіцы ў сераду, 12 студзеня, адкрыюць турнір кароткія праграмы ў мужчын і спартыўных пар. У чацвер 13 студзеня з кароткай праграмай выступяць жанчыны, а спартыўныя пары прадставяць адвольную праграму. 14 студзеня ў пятніцу аматары ўбачаць рытмічны танец дуэтаў і мужчынскія адвольныя праграмы. А ў суботу 15 студзеня будуць прадстаўлены адвольныя танцы і адвольныя праграмы жанчын. Скончыцца чэмпіянат Еўропы паказальным выступленнем у нядзелю 16 студзеня.
Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні ў Таліне стане 114-м у гісторыі. А турнір з прыгожым нумарам 111 прайшоў у 2019 годзе ў Мінску. Тады сапраўдны фурор стварыла расіянка Соф’я Самадурава, якая перамагла алімпійскую чэмпіёнку Аліну Загітаву. На мінскім лёдзе са спортам развітаўся сяміразовы чэмпіён Еўропы іспанец Хав’ер Фернандэс. А танцоры з Францыі Габрыэла Пападакіс і Гіём Сізерон у пяты раз сталі чэмпіёнамі кантыненту.
Можна не сумнявацца, што чэмпіянат Еўропы ў Таліне будзе не менш цікавым. Інакш у фігурным катанні немагчыма.
Валерыя СЦЯЦКО
Сам будынак уражвае архітэктурай.
«Вышывала, калі за лямпы былі толькі керасінкі».