Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Тэхніка кінусайга, або пэчварк без іголкі

Выдатны спосаб выкарыстаць абрэзкі тканіны з карысцю дае тэхніка кінусайга, якая зарадзілася ў Японіі. Асвоіць яе можа нават дзіця.

З дапамогай кінусайга ствараюць карціны, дэкарыруюць скрынкі і шкатулкі, вырабляюць навагоднія цацкі і велікодныя яйкі. Такім спосабам афармляюць мэблю, абажуры і іншыя прадметы інтэр'еру.

Для вырабу карціны ў тэхніцы кінусайга спатрэбяцца: пенапласт таўшчынёй не менш за 1-2 см (японцы ў якасці асновы выкарыстоўваюць драўляныя дошкі); эскіз; кавалачкі тканін: прасцей за ўсё працаваць з досыць тонкімі нясыпкімі тканінамі, якія добра трымаюць форму (японцы ў асноўным выкарыстоўваюць шоўк); пілачкі для пазногцяў з тонкім вострым краем, прылада для ўспорвання, шыла ці іншы падобны інструмент; канцылярскі ці макетны нож; клей — хтосьці аддае перавагу клею-алоўку, хтосьці — ПВА, дасведчаныя майстрыхі працуюць наогул без клею.

Работу пачынаюць са стварэння эскіза. Спачатку лепш выбіраць малюнкі без дробных дэталяў.

З дапамогай капіравальнай паперы пераводзяць малюнак на пенапласт. Макетным або канцылярскім нажом неабходна прайсціся па ўсіх лініях малюнка. Мэта — прарэзаць неглыбокія — 2-3 мм (калі пенапласт тоўсты, то можна да 5 мм) — баразёнкі.

Далей пачынаецца непасрэднае стварэнне карціны. Аднак для малявання выкарыстоўваюцца не фарбы, а тканіны. Выразаюць кавалачак тканіны патрэбнага колеру і памеру (ён павінен на некалькі міліметраў перавышаць рэальныя контуры фрагмента) і прыкладаюць яго да патрэбнага месца. Каб тканіна не слізгала і з ёй прасцей было працаваць, паверхню пенапласту намазваюць клеем-алоўкам. Устаўляюць краі тканіны ў баразёнкі.

Так робяць з кожным кавалачкам — пакуль не «напішацца» ўся карціна. На сподні бок карціны прыклейваюць ліст кардону і афармляюць работу ў рамку.


Зборная салянка з бульбай

Спатрэбіцца: 400 г мясных прадуктаў (вэнджаная каўбаса, сасіскі, грудзінка, кумпяк), 1 цыбуліна, 4 бульбіны, 2 морквіны, 3-4 салёных агуркі, 3 ст. л. маслін, 2 ст. л. таматнай пасты, 1 лаўровы ліст, лімон, зяленіва, алей, соль і чорны перац гарошкам на смак.

Бульбу нарэзаць кубікамі, моркву надзерці на буйной тарцы, цыбулю здрабніць. У рондалі закіпяціць 3 л вады і пакласці туды бульбу, затым дадаць лаўровы ліст і перац. Цыбулю і моркву абсмажыць на разагрэтым алеі. На іншай патэльні абсмажыць парэзаныя саломкай мясныя прадукты, дадаць цыбулю з морквай, таматную пасту, трохі воды і патушыць пару хвілін. Затым пакласці парэзаныя кубікамі агуркі, патушыць яшчэ крыху і пералажыць усё ў рондаль з бульбай. Давесці да кіпення і зняць з агню. Дадаць парэзаны лустачкамі лімон, здробненае зяленіва, пры неабходнасці пасаліць, паперчыць і даць настаяцца перад падачай 10-15 хвілін.


Запяканка са спагеці

Спатрэбіцца: спагеці — 450 г, мясны фарш — 500 г, 1 цыбуліна, 3 зубчыкі часнаку, таматны соус — 400 г, цвёрды сыр — 300 г, масла — 1 ст. л., алей — 1 ст. л., сушаны базілік, чорны молаты перац, соль на смак.

Спагеці адварыць да паўгатоўнасці і зліць ваду.

У патэльні разагрэць алей і масла і абсмажыць здробненыя цыбулю і часнок. Дадаць фарш і патушыць, памешваючы і разбіваючы камячкі, 20 хвілін. Дадаць таматны соус, змяшаць і патушыць яшчэ 15 хвілін. Пасаліць, паперчыць на смак, дадаць 100 г надзёртага сыру і сушаны базілік і добра змяшаць.

Вылажыць у мясны соус спагеці і добра перамяшаць. Форму для запякання прамазаць алеем і пералажыць у яе спагеці з соусам, разраўнаваць, пасыпаць надзёртым сырам і запячы ў разагрэтай да 180 °C духоўцы на працягу 20-30 хвілін.


Курыная грудзінка ў смятанным соусе

Спатрэбіцца: курыныя грудзінкі — 2 шт., цыбуля — 1 шт., часнок — 2 зубкі, масла — 2 ст. л., мука — 3 ст. л., смятана — 1 шклянка, курыны булён — 1 шклянка, алей — 2 ст. л., чорны молаты перац і соль на смак.

У глыбокай патэльні нагрэць масла і алей і абсмажыць парэзаныя кубікамі грудзінкі. Вылажыць мяса на талерку.

У гэтую ж патэльню пакласці здробненую цыбулю і часнок і абсмажыць да мяккасці. Пасаліць і паперчыць на смак, уліць булён і палажыць абсмажанае курынае мяса. Патушыць на слабым агні, накрыўшы патэльню вечкам, на працягу 25 хвілін. Смятану змяшаць з мукой і дадаць у патэльню з курыцай, пасаліць, паперчыць, змяшаць і патушыць да густаты.

Падаваць з любімым гарнірам.


Шакаладны торт без выпечкі

Спатрэбіцца: масла — 200 г, цукар — 100 г, какава-парашок — 50 г, вада — 50 мл, цёмны шакалад — 200 г, вяршкі 20 % — 250 мл, цукровая пудра — 125 г, крэкеры — 800 г.

У рондаль уліць ваду, дадаць цукар і какаву, змяшаць і гатаваць, пакуль цукар не растворыцца. Дадаць масла і старанна перамяшаць. Крэкеры разламаць на дробныя кавалачкі і пакласці ў міску. Уліць шакаладны сіроп і добра змяшаць.

Вылажыць масу з печыва ў форму са здымнымі бартамі, разраўнаваць і ўтрамбаваць. Змясціць форму ў халадзільнік.

Вяршкі змяшаць з кавалачкамі шакаладу і падагрэць у мікрахвалеўцы, каб ён расплавіўся. Дадаць цукровую пудру і зноў добра перамяшаць.

Паліць шакаладнай масай пласт з печыва, разраўнаваць і паставіць у халадзільнік застываць мінімум на 2 гадзіны.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.