Вы тут

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?


Што рабіць, каб грошай хапала? Перастаць марыць і пачаць больш працаваць. Нават, знайшоўшы яшчэ адну работу. Для тых, хто задаўся такой мэтай, — наш матэрыял.


Скачам ад печы

Калі ў вашым жыцці пошукі падпрацоўкі ў дадатак да асноўнага даходу з плоскасці тэарэтычнай перайшлі ў разрад надзённых пытанняў, псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

— Як правіла, шукаць другую работу (ды і першую) часцяком людзі пачынаюць, абыходзячы гэты этап — проста разглядаюць вакансіі, выбіраючы тыя, якія здаюцца ім прымальнымі. Але пры такім падыходзе нешта можа застацца па-за межамі вашай увагі, а выбраныя варыянты ў выніку, цалкам верагодна, пададуцца непадыхдзячымі па якім-небудзь крытэрыі. І тады чалавек кажа, што «варыянты ёсць, але нічога не падыходзіць», — тлумачыць псіхолаг Кацярына Алёхіна. — Прасцей кажучы, каб нешта знайсці, трэба спачатку вызначыцца з тым, што мы шукаем.

Такім чынам, пытанні, якія варта задаць самому сабе, перш чым пачынаць пошукі

  •  Якія варыянты дзейнасці я гатовы разглядаць для выканання ў вольны ад асноўнай работы час? (Тут можна ўспомніць нават свае дзіцячыя і юнацкія хобі — бывалі выпадкі, калі яны праз гады ператвараліся ў крыніцу даходу і нават з часам выцяснялі з жыцця чалавека асноўную работу).
  • Ці гатовы я шукаць падпрацоўку па асноўнай спецыяльнасці або хачу знайсці што-небудзь з іншай сферы? (Вядома, найлепшы адпачынак — гэта змена працоўнай дзейнасці. Так што, магчыма, другая работа з іншай сферы будзе менш стомнай для вас, кажуць псіхолагі. З іншага боку, новая сфера — гэта выхад са звыклай «зоны камфорту»: вам прыйдзецца шмат чаму вучыцца, прычым, хутчэй за ўсё, «без адрыву ад вытворчасці»).
  • За якую зарплату вы гатовыя забыцца на адпачынак?
  • Колькі часу вы можаце прысвячаць другой рабоце і ў які час сутак?
  • Аддадзіце перавагу аддаленай рабоце або той, дзе патрабуецца асабістая прысутнасць?
  • Навошта вам другая работа? Адказ «з мэтай зарабляць больш грошай, таму што сродкаў не хапае на аплату жылля/крэдытаў/адпачынак/іншыя выдаткі» самы распаўсюджаны, але не адзіны. Прычынай можа быць пошук гарантый фінансавага дабрабыту сям'і ў выпадку страты асноўнай работы. Магчымасць атрымаць веды і вопыт. Зарабіць дадатковыя плюсы ў рэзюмэ. Ці проста ўцячы ад асабістых/сямейных праблем і радзей праводзіць час дома — бывае і такое. Ад адказаў на гэтыя пытанні залежыць сфера, у якой вы будзеце шукаць другую работу. А магчыма, гэтыя адказы натхняць вас і яшчэ на нейкія важныя жыццёвыя рашэнні, адзначае суразмоўніца.
  • Ці зменіць другая работа да лепшага якасць вашага жыцця? (Зразумела, што дадатковы даход адназначна зробіць жыццё лепшым, але адсутнасць адпачынку — сур'ёзны аргумент, і трэба ўзважыць усе «за» і «супраць»).

— Беручыся за пошукі другой работы, трэба дакладна ўсведамляць, што яна — толькі дадатак да асноўнай. І значыць, трэба адэкватна ацэньваць свае сілы. А намаганні размяркоўваць так, каб не было шкоды асноўнаму віду прафесійнай дзейнасці. Страта «першай» работы ў выніку безуважнасці да прафесійных абавязацельстваў (з-за стомленасці і недахопу часу) цалкам магчымая. І гэта прывядзе да істотнага зніжэння вашага даходу, — адзначае псіхолаг.

Акрамя імгненных фінансавых пытанняў, значэнне маюць кар'ера, прафесійныя перспектывы і доўгатэрміновыя мэты, падкрэслівае яна. І ўсё гэта ў першую чаргу мае дачыненне да асноўнай занятасці. Часам здаецца, што можна выдаткаваць час і сілы на падпрацоўку, каб зарабіць больш цяпер. Але калі пры гэтым церпіць асноўная работа, значыць, прыярытэты расстаўлены няправільна: гэта можа негатыўна паўплываць на ваша жыццё ў доўгатэрміновай перспектыве.

— Не варта забывацца і на сваю сям'ю, — дадае спецыяліст. — Падумайце, ці застанецца ў вас на яе час. Бо даход не заменіць любімых людзей.

Пачынаем пошукі

Пераходзім да практычных крокаў. Сёння шукаюць работу ў інтэрнэце — дзе ж яшчэ? Але не варта забываць аб старым добрым «сарафанным радыё». І, мабыць, пачаць варта з яго. Сябры, сваякі і знаёмыя, як вядома, рэальна могуць дапамагчы ў справе пошуку работы — як першай, так і другой. І, сама меней, ад іх вы даведаецеся рэальную інфармацыю аб рабоце і работадаўцу. Яны могуць даць вам рэкамендацыю на новым рабочым месцы, што немалаважна.

— Калі вы нешта шукаеце, не трымайце гэта ў таямніцы. Калі ў мяне пытаюцца, як адзінокаму чалавеку знайсці сабе пару, мая першая парада: раскажыце аб тым, што знаходзіцеся ў пошуку, свайму атачэнню — сябрам, знаёмым, сваякам, — кажа суразмоўніца. — І тое ж самае датычыцца пошуку работы (падпрацоўкі). Людзі, якія добра да вас ставяцца, часам сапраўды могуць — і будуць рады — вам дапамагчы як з першым, так і з другім няпростым пытаннем.

Цяпер, вызначыўшы параметры пошуку, складзем рэзюмэ. Часта пры пошуку падпрацоўкі рэзюмэ не патрабуецца — калі, напрыклад, гаворка ідзе аб «рабоце без вопыту». Але часта рэзюмэ ўсё ж просяць даслаць. Верагодна, вам спатрэбіцца іншае рэзюмэ — не тое, якое вы складалі па асноўнай дзейнасці: у залежнасці ад вакансіі нярэдка патрабуецца ўносіць у рэзюмэ пэўныя карэктывы.

— Перш за ўсё, трэба ўсвядоміць: пошук работы, як першай, так і другой — гэта таксама работа, да якой патрэбны сістэмны ўдумлівы падыход, — адзначае псіхолаг. — Але важна, каб яна выконвалася да выніку, а не ператваралася ў асобную мэту. Ведаю людзей, якія шукаюць падпрацоўку (а часам і першую работу) па некалькі гадоў і ніяк не могуць знайсці. Таму што не ставяць перад сабой такой мэты, хоць ніколі з гэтым не пагодзяцца. Напрыклад, чалавек рэгулярна праглядае сайты вакансій, рассылае рэзюмэ і нават часам бывае на суразмоўях. Але ні адна работа з тых ці іншых (часам смехатворных) прычын яму не падыходзіць. Справа ў тым, што пошук дадатковага заробку (або асноўнай работы) — выдатная псіхалагічная заслона ад папрокаў з боку блізкіх.

Гісторыі поспеху і няўдачы

Падпрацоўку сёння шукаць нескладана: на спецыялізаваных сайтах гэтыя вакансіі, як правіла, размяшчаюцца асобна, альбо можна набраць у пошукавіку «падпрацоўка», «начная работа», «свабодны графік» ці «няпоўны рабочы дзень». Не варта акрыляцца вялікай колькасцю вакансій — вельмі часта варыянты падпрацоўкі працаёмкія і малааплатныя, некаторыя разлічаны толькі на сезонную занятасць.

— Асабліва ў тым, што датычыцца «работы без вопыту» — кур'ерам, фасоўшчыкам (стыкероўшчыкам) на складзе і г. д. — варта захоўваць асцярожнасць, — раіць суразмоўніца. — Інфармацыя работадаўца можа быць няпоўнай або не цалкам дакладнай, за выкананую работу вам могуць заплаціць менш, чым абяцалі, умовы могуць не адпавядаць тым, якія былі заяўлены ў аб'яве. Таму лепш звяртаць увагу на вакансіі з вялікай колькасцю інфармацыі ад работадаўца, а таксама на буйныя кампаніі з добрай рэпутацыяй. І, вядома, не ленавацца шукаць водгукі аб работадаўцу. Зразумела, што водгук работнік часцей за ўсё піша, калі чымсьці незадаволены. І што ўсё вельмі індывідуальна: калі з дадзенай работай або кампаніяй не склалася ў кагосьці, не факт, што не складзецца ў вас. І ўсё ж лепш сабраць інфармацыю і пастарацца ацаніць яе максімальна аб'ектыўна.

Калі вы шукаеце дадатковую падпрацоўку па сваёй асноўнай спецыяльнасці — гэта прасцей: вы знаходзіцеся ўнутры прафесійнай супольнасці, у вас ёсць калегі, «цяперашнія» і былыя (якім можна патэлефанаваць), «цяперашняе» і былое кіраўніцтва, ды і, цалкам верагодна, ўражальнае рэзюмэ. Больш складана, калі вы з тых ці іншых прычын знаходзіцеся ў пошуках дадатковага заробку ў не звязанай з асноўнай работай сферы. У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, вы пойдзеце па двух асноўных шляхах: работа з дому (капірайтынг-рырайтынг, камп'ютарны набор, напісанне курсавых і дыпломных работ, тэціраванне, кол-цэнтр і г. д.) альбо будзеце шукаць вакансію кур'ера, упакоўшчыка, мерчандайзера і г. д. Калі ў мінулыя гады самай папулярнай падпрацоўкай быў мерчандайзінг (правільнае размяшчэнне тавару на паліцах крам), то сёння — бум на кур'ераў па дастаўцы ежы.

Выпрабавана на сабе

Андрэй, 44 гады

— Кур'ерам па дастаўцы ежы пачаў працаваць у кастрычніку мінулага года. Мэта, як ва ўсіх, напэўна, — павышэнне даходу сям'і. Па прафесіі я выкладчык, і, у прынцыпе, у мяне былі іншыя варыянты падпрацоўкі, але тут я вырашыў сумясціць карыснае з прыемным: з аднаго боку, скінуць лішнюю вагу (дарэчы, гэта ўдалося), з другога — зарабіць. Таму не разглядаў вакансію кур'ера на аўто, хоць правы ў мяне ёсць, хаджу пешшу. Работа цяжкая, але яна мне падыходзіць. Па-першае, ты можаш адарвацца ад камп'ютара і рухацца, па-другое, колькі зарабіў, столькі і атрымаў. Што датычыцца заробку, за дастаўлены заказ плацяць 4 рублі. Працую тры-чатыры дні на тыдзень з шасці да дзесяці вечара. Ёсць і начныя змены (да трох гадзін ночы), але я іх не бяру. У добры дзень (дакладней, вечар) можна зарабіць 30-40 рублёў. Праўда, калі няма заказаў, няма і аплаты (у многіх службах дастаўкі кур'ерам плацяць за час «прастою», але ў нас гэта не практыкуецца). Кур'еры часам скардзяцца, што заказчыкі бываюць з імі няветлівыя. Са мной такога не здаралася — можа быць, з-за маёй камплекцыі.

Аляксандр, 32 гады

— Спрабаваў падпрацоўваць укладчыкам-упакоўшчыкам у начную змену ў службе дастаўкі адной з буйных прадуктовых гандлёвых сетак. Работа не спадабалася — прапрацаваў месяц і сышоў. Аказалася, што працаваць па начах вельмі цяжка. Графік у мяне быў дзве ночы праз дзве, але адпачыць і аднавіцца я не паспяваў. Бо днём у мяне была асноўная работа, а дома — нованароджаны сын. Работа упакоўшчыка патрабуе ўвагі. А я літаральна засынаў на хаду. Калі заказ збіраецца няправільна, прадугледжаны штрафы. Мы збіралі вялікія заказы для кафэ і рэстаранаў, і я пастаянна нешта блытаў. У выніку некалькі начэй за месяц працаваў у мінус. Рэкордам было — мінус 150 рублёў за змену. Заробак па выніках месяца атрымаўся мізэрным, хоць іншым удавалася зарабляць нармальна. І я вырашыў пашукаць падпрацоўку па спецыяльнасці — аддаленую, з дому.

Юлія, 38 гадоў

— Падпрацоўваю рэдактарам тэкстаў для партала, дзе маладыя аўтары выкладваюць свае творы. Зарабляю ў сярэднім 70 рублёў за рэдагаванне аднаго твора (як правіла, гэта 150-200 тысяч камп'ютарных знакаў і больш: маладыя аўтары любяць буйныя жанры). На рэдагаванне твора такога аб'ёму звычайна патрабуецца 5-7 дзён. У асноўным маладыя аўтары (як правіла, на нашым партале гэта дзяўчаты) пішуць альбо фэнтэзі, альбо любоўныя раманы. Фэнтэзі забрала сабе мая начальніца, а мне пакінула любоўную тэматыку. Дадатковы заробак атрымліваецца нядрэнны (каля 300 рублёў у месяц), і працаваць можна ў зручны час. Але, шчыра кажучы, падумваю пакінуць гэтую падпрацоўку — вельмі шмат часу даводзіцца праводзіць перад маніторам. Акрамя таго, стамляешся ад адных і тых жа сюжэтаў: у 90 % выпадкаў гэта гісторыя Папялушкі ў разнастайных варыянтах і дэкарацыях.

І яшчэ некалькі парад

Не варта выбіраць у якасці падпрацоўкі варыянт, які вам ну зусім не даспадобы, нават калі па астатніх параметрах (графік, узровень аплаты, патрабаванні на рабочым месцы і г. д.) работа падыходзіць. Інакш ваша жыццё ператворыцца ў бясконцы бег з бар'ерамі і вы хутка стоміцеся. Хоць бы адна з вашых работ павінна, акрамя грошай, прыносіць вам яшчэ і маральнае задавальненне, кажуць псіхолагі.

Пастаянна працаваць на дзвюх работах — верны шлях да нервовага зрыву і іншых праблем са здароўем. У любой марафонскай дыстанцыі павінен быць фініш. Устанавіце яго: пэўная сума, тэрмін або падзея (напрыклад, аддаць крэдыт). Дасягнуўшы, дайце сабе адпачыць.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Знайсці другую

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.