Вы тут

Качанава: Наперадзе — лёсавызначальны крок у нашай гісторыі


У Савеце Рэспублікі адкрылася пазачарговая сесія сёмага склікання. На парадку дня — правядзенне сумеснага пасяджэння Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў для заслухвання штогадовага Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, ход абмеркавання праекта зменаў і дапаўненняў Асноўнага Закона ў рэгіёнах і сталіцы, а таксама законапраекты па пытаннях дзейнасці Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і ратыфікацыі дакумента, які супрацьдзейнічае легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам і фінансаванні тэрарызму.


У пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі таксама прынялі ўдзел старшыні абласных Саветаў дэпутатаў і члены Маладзёжнага парламента. 

Як адзначыла напачатку пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, нас чакае ключавая падзея ў жыцці краіны — Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

— Цяперашняе Пасланне адбудзецца ў асаблівы перыяд нашай гісторыі. Наперадзе — канстытуцыйны рэферэндум і сур’ёзныя планы на далейшае развіццё нашай краіны. І ўсё гэта на фоне беспрэцэдэнтных міжнародных падзей, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. 

Яна з жалем канстатавала, што сучасны свет стаў вельмі жорсткім:

— Паўсюдна адбываецца абясцэньванне гуманістычных ідэалаў свету, дабра, справядлівасці, узаемапавагі, сумленнасці і адкрытасці, тады як агрэсіўнасць і варожасць насаджаюцца чалавецтву ў якасці нормы жыцця. Брудная хлусня і няпраўда сталі галоўнай зброяй для захопу розуму і эмоцый людзей.

Наталля Качанава пераканана: усё гэта мае на мэце стварэнне ўсеагульнага хаосу і турбулентнасці, раз’яднанне краін і народаў, разбурэнне дзяржаў, якія дынамічна развіваюцца, з самастойнай унутранай і знешняй палітыкай, такіх як Рэспубліка Беларусь.

Спікер нагадвае: кіраўнік дзяржавы неаднаразова казаў пра тое, што свет імкліва змяняецца і цяпер ідзе яго геапалітычны перадзел. 

— Беларусь, якая размяшчаецца геаграфічна на стыку дзвюх цывілізацый, заўсёды рызыкуе апынуцца ў цэнтры разборак сусветных гігантаў. На працягу апошніх двух гадоў мы назіраем гэта на свае вочы і ў чарговы раз пераконваемся, наколькі заўсёды мае рацыю наш Прэзідэнт, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна адзначае, калі ў 2020 годзе ў кагосьці былі яшчэ сумневы: ці правільна ўсё робіцца, ці не дапускаюцца памылкі, то цяпер усім відавочна — справа не ва ўнутраных прычынах. 

— Усё, што нам давялося перажыць, — гэта не спантанныя атакі на ўладу ці канкрэтна на кіраўніцтва краіны, а выразна спланаваная акцыя па разбурэнні беларускай дзяржаўнасці, — пераканана спікер.

Менавіта таму важна кожнаму жыхару адчуваць сваю адказнасць за лёс і будучае сваёй краіны. Наталля Качанава нагадала, што наперадзе — лёсавызначальны крок у нашай гісторыі — пераўтварэнне грамадска-палітычнай сістэмы. 27 лютага адбудзецца рэспубліканскі рэферэндум па прыняцці змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

— Члены Савета Рэспублікі прымалі актыўны і самы непасрэдны ўдзел у працы па падрыхтоўцы гэтага праекта, — нагадала яна. — Як вы ведаеце, мне прадстаўлены гонар быць намеснікам старшыні Канстытуцыйнай камісіі, члены Савета Рэспублікі Сяргей Сівец, Таццяна Рунец, Алег Румо, Наталля Якубіцкая з’яўляюцца яе членамі. Мы з Міхаілам Русым уваходзім у склад рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Аб тым, як жыхары сталіцы ўдзельнічалі ў абмеркаванні зменаў і дапаўненняў праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь расказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, член Канстытуцыйнай камісіі Таццяна РУНЕЦ. Яна звярнула ўвагу, што статус сталіцы, высокая шчыльнасць насельніцтва і яго электаральная актыўнасць патрабавалі ад усёй вертыкалі ўлады асаблівага падыходу да публічнага абмеркавання змен і дапаўненняў у Канстытуцыю ў Мінску. Любы ахвотны меў магчымасць выказаць свой пункт гледжання і ўнесці прапановы па дапрацоўцы Асноўнага Закона. Сенатар адзначыла, што мінчане актыўна ўключыліся ў гэты працэс. Выкарыстоўваліся розныя формы стасункаў з людзьмі: сустрэчы з калектывамі ў рамках інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, дыялогавыя пляцоўкі, гарадскія стрымы і іншыя. 

— На сённяшні дзень у Мінску праведзена 851 дыялогавая пляцоўка з агульнай колькасцю ўдзельнікаў каля 50 тысяч чалавек, унесена 1307 прапаноў, — расказала Таццяна Рунец. — Прычым дыялог быў арганізаваны як у класічнай вочнай, так і фармаце анлайн.

Яна расказала, што адбыліся 32 гарадскіх стрымы. Асаблівую цікавасць выклікалі два стрымы старшыні Мінскага гарвыканкама са студэнтамі ВНУ. Удзел у такім абмеркаванні адначасова прымалі па 9 сталічных ВНУ, а таксама практычна ўсе ўстановы прафесійнай адукацыі. Усяго ўдзел у стрымах прынялі каля тысячы студэнтаў, якімі ўнесена больш 50 прапаноў.

— Гэта лішні раз пацвярджае, што трэба смялей выкарыстоўваць новыя формы камунікацыі, асабліва ў рабоце з моладдзю, якая заўсёды ўспрымальна да навацый, — падкрэсліла сенатар. 

Старшыня профільнай камісіі адзначыла, што для такога маштабнага абмеркавання характэрны розныя меркаванні, але пры гэтым абсалютная большасць мінчан падтрымала палажэнні аб абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцей і захаванні гістарычнай памяці. 

— Гэта дастаткова важны сацыяльны маркер, — адзначыла Таццяна Рунец. 

Паводле яе слоў, падтрымалі мінчане навелу з артыкула 21, якая замацоўвае сацыяльную адказнасць і доўг кожнага ўносіць пасільны ўнёсак у развіццё грамадства і дзяржавы. Таксама жывое абмеркаванне выклікаў артыкул 32 пра абавязак бацькоў рыхтаваць дзяцей да грамадскай карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі. 

Акрамя таго, кажа сенатар, вялікую цікавасць у мінчан выклікаў артыкул 45 праекта Канстытуцыі, які ў тым ліку абавязваў грамадзян да захавання і ўмацавання свайго здароўя. Далёка не ўсё лаяльна ўспрынялі такую навацыю, у выніку гэтая прапанова выключана.

Член Канстытуцыйнай камісіі кажа, што амаль на кожнай дыялогавай пляцоўцы прасілі захаваць існуючую рэдакцыю артыкула 81, то бок не замацоўваць абмежаванні па колькасці тэрмінаў знаходжання на пасадзе Прэзідэнта.

— Я лічу, што гэта важны індыкатар даверу існуючаму Кіраўніку дзяржавы і меркаванне на карысць стабільнасці палітычнай сістэмы, — падкрэсліла Таццяна Рунец. 

Акрамя таго, у топ-лісце пытанняў для канстытуцыйнага дыскурсу быў і асаблівы статус Усебеларускага народнага сходу. У прыватнасці, грамадзяне выказвалі занепакоенасць, ці зможа УНС фарміравацца з дэлегатаў з усіх рэгіёнаў, аператыўна прымаць рашэнні. 

— У цэлым, у жыхароў сталіцы ёсць разуменне, што гэты орган будзе выконваць тры базавыя функцыі: стабілізуючую, кансалідуючую і развіваючую, — падсумавала Таццяна Рунец. 

У сваю чаргу, член Канстытуцыйнай камісіі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ расказала, што ў Мінскай вобласці было праведзена больш за тры тысячы сустрэч толькі ў калектывах, больш за 360 дыялогавых пляцовак рознага фармату, рознага ўзроўню, з рознымі катэгорыямі грамадзян, дзейнічалі грамадскія прыёмныя. 

— Людзі маглі прыходзіць, выказваць сваё меркаванне, свае пажаданні. Работа працягваецца, дзейнасць разгорнутая — і мы бачым, што людзі неабыякавыя, таму што разумеюць, наколькі важна быць адзінымі, згуртаванымі, — падкрэсліла яна ў размове з журналістамі. — Разумеюць, што трэба прыйсці на рэферэндум і прагаласаваць, праявіць грамадзянскую пазіцыю. Яны разумеюць, што за намі стабільнасць, суверэнітэт і незалежнасць нашай Беларусі.

У тэму

У фае Савета Рэспублікі была прадстаўлена выстаўка Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: гісторыя і сучаснасць».

Канцэпцыяй выставы з’яўляецца адлюстраванне гістарычнага развіцця канстытуцыйнага права Беларусі, пачынаючы ад Вялікага Княства Літоўскага і да цяперашняга часу.

Вольга АНУФРЫЕВА 

Фота БелТА


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.