Вы тут

Аперацыя па перасадцы свінога сэрца чалавеку дала надзею сотням тысяч людзей па ўсім свеце


Прызнайцеся, ці пагадзіліся б вы на перасадку вам свінога сэрца? А вось Дэвід Бенет пагадзіўся: 57-гадовы амерыканец стаў першым у свеце чалавекам, якому перасадзілі сэрца геннамадыфікаванай свінні. Спецыялісты з медыцынскага цэнтра Універсітэта Мерыленда атрымалі ад уладаў спецыяльны дазвол на аперацыю, растлумачыўшы, што без яе іх пацыент не выжыве. З-за некантралюемай арытміі ён таксама не мог разлічваць і на часовую меру — механічны імплант, які часткова выконвае функцыю сэрца. «Для мяне выбар быў паміж смерцю і гэтай перасадкай, — сказаў 57-гадовы Бенет напярэдадні аперацыі. — Я разумею, што далейшы мой лёс абсалютна невядомы, але для мяне гэта апошні шанц».


У лісце чакання

Для хірургаў аперацыя стала вынікам шматгадовых даследаванняў. Яны спадзяюцца, што іх поспех дапаможа выратаванню жыццяў мноства людзей па ўсім свеце. У сваёй заяве Універсітэт Мерыленда цытуе хірурга Бартлі Грыфіта, па словах якога аперацыя заклікана «наблізіць вырашэнне крызісу з недахопам донарскіх органаў». Эксперты прадказваюць, што ўжо ў найбліжэйшыя гадоў 20-30 ксенатрансплантацыя ўвойдзе ў штодзённую ўрачэбную практыку. І вопыт Дэвіда Бенета наблізіў чалавецтва да новай эпохі міжвідавога донарства. Наколькі хутка яна наступіць, залежыць ад таго, наколькі доўга будзе біцца яго новае сэрца.

Між іншым, прарыў у сферы транспланталогіі і перасадка сэрца свінні чалавеку ўзнімае адразу некалькі важных аспектаў — гэта і прадузятасць у адносінах да ксенатрансплантацыі, і права жывых істот не быць ахвярамі навукі на карысць чалавецтва. Для многіх перасадка органаў ад жывёлін да чалавека выглядае абсурдна, амаральна і ўступае ў супярэчнасць з рэлігійнымі перакананнямі. Гэтыя і іншыя праблемы аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў дыскусіі, арганізаванай Рэспубліканскім цэнтрам біяэтыкі. Найважнейшая задача, якая ставіцца перад біяэтыкай, — спрыяць выяўленню розных пазіцый па найскладанейшых маральных праблемах, якія лавінападобна цягне за сабой прагрэс біямедыцынскай навукі і практыкі.

— Свет, вядома, не ляціць у бездань, але падобныя навуковыя эксперыменты патрабуюць пільнай увагі і сур'ёзнага абмеркавання з удзелам спецыялістаў з розных галін, — канстатуе кіраўнік цэнтра, дацэнт кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА Валерыя САКОЛЬЧЫК. — Ксенатрансплантацыя ставіць фундаментальную этычную праблему: ці з'яўляецца чалавек найвышэйшай каштоўнасцю, у імя якой можна прычыняць пакуты і быць прычынай смерці іншых жывых істот?

— Перасадка чалавеку сэрца генетычна мадыфікаванай свінні — гэта наватарская працэдура, якая не проста дае надзею сотням тысяч пацыентаў ва ўсім свеце на працяг жыцця, але і чарговая спроба зрабіць крок наперад у сферах транспланталогіі, імуналогіі, кардыялогіі і іншых сумежных сферах, якія адна без адной існаваць не могуць — разважае ўрач-хірург Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Яўген КОТАЎ. — Калі звярнуцца да гісторыі, то першую трансплантацыю сэрца ад жывёліны чалавеку зрабіў у 1964 годзе Джэймс Хардзі. Рэцэпіент пражыў з сэрцам шымпанзэ ўсяго паўтары гадзіны. А першую ўдалую перасадку чалавечага сэрца здзейсніў у 1967 годзе Крысціян Барнард. Пасля трансплантацыі пацыент пражыў толькі 18 дзён і памёр ад двухбаковай пнеўманіі.

З тых часоў транспланталогія прасунулася далёка наперад. Толькі ў Беларусі выканана ўжо больш як 450 аперацый па трансплантацыі донарскага сэрца. Трансплантацыя сэрца — гэта фінальная стадыя лячэння хранічнай сардэчнай недастатковасці, калі медыкаментозным ці хірургічным метадам пацыенту ўжо не дапамагчы.

Для многіх хворых з сардэчнай паталогіяй трансплантацыя застаецца адзіным шанцам на выратаванне. Відавочна, што патрэба ў донарскіх органах намнога большая, чым колькасць здзейсненых перасадак. Востры дэфіцыт донарскіх сэрцаў прыводзіць да таго, што колькасць рэцыпіентаў у лісце чакання на такую аперацыю расце. І з кожным годам праблема абвастраецца. Толькі ў ЗША, дзе дзейнічае развітая праграма па трансплантацыі сэрца, у лісце чакання знаходзіцца больш за 100 тысяч пацыентаў, і кожны дзень паміраюць у сярэднім 16-17 чалавек, якія так і не дачакаліся аперацыі. А новае сэрца атрымліваюць за год 4 тысячы чалавек.

Цуды геннай біяінжынерыі

Па словах Яўгена Котава, сур'ёзную праблему пры трансплантацыі складае рызыка вострага і хранічнага непрымання донарскага органа, нават нягледзячы на наяўнасць усё больш сучасных схем імунасупрэсіўнай тэрапіі. Гэта лячэнне накіравана на падаўленне імунітэту рэцыпіента і прафілактыку непрымання донарскага органа. А пры ксенатрансплантацыі праблема стаіць яшчэ больш востра. Над пераадоленнем ксенаімуналагічнай несумяшальнасці працуюць вядучыя трансплантолагі свету. Тут вялікую ролю іграе фенагенетыка і філагенетычная блізкасць паміж донарам і рэцыпіентам. І бліжэй за ўсіх да нас стаяць вышэйшыя прыматы. А вось трансплантацыя ад свінні з'яўляецца філагенетычна далёкай і характарызуецца надзвычай высокімі рызыкамі звышвострага і вострага непрымання донарскага органа, нават нягледзячы на самыя сучасныя метады імунасупрэсіі. Як жа ўдалося вырашыць дадзеную праблему падчас аперацыі Дэвіду Бенету?

— Дзякуючы геннай біяінжынерыі ў спалучэнні з сучаснымі схемамі імунасупрэсіі, — тлумачыць Яўген Котаў. — Парсюк, які стаў донарам, меў 10 генетычных мадыфікацый. У яго былі інактываваныя («выключаныя») чатыры гены, у тым ліку ген, які адказвае за звышхуткую рэакцыю непрымання свінога трансплантата арганізмам чалавека, а таксама быў інактываваны ген росту кардыяміяцытаў, каб сэрца свінні не працягвала расці ў грудзі рэцыпіента пасля праведзенай яму трансплантацыі. Акрамя таго, у геном свінні-донара былі ўкаранёныя шэсць генаў чалавека для дасягнення большай талерантнасці (падобнасці) з імуннай сістэмай чалавека. І ў дадатак да генных мадыфікацый быў выкарыстаны эксперыментальны імунасупрэсіўны прэпарат для пераадолення ксенанепрымання.

«Мы думаем, што нам удалося пераадолець першыя стадыі непрымання органа, якіх мы баяліся больш за ўсё. Гэта магло адбыцца проста на аперацыйным стале або ў першыя дні пасля аперацыі. Так званае звышвострае непрыманне. У пацыента падобнага не назіралася. Ён працягвае адчуваць сябе добра. Эхакардыяграфія пацвярджае, што сэрца функцыянуе нармальна», — заявіў кіраўнік праграмы ксенатрансплантацыі медыцынскага цэнтра Універсітэта Мерыленда Мухамад Махідзін.

Выбар — на карысць чалавека?

Дык чаму ўсё ж такі выбар спыніўся на свіннях? У 2019 годзе іх пагалоўе на планеце складала 1,5 мільярда асобін. Свіней лёгка вырошчваць, адносна танна ўтрымліваць. Многія людзі прымаюць факт вымання донарскіх органаў у свіней больш спакойна, паколькі апошніх усё роўна вырошчваюць як крыніцу харчавання для чалавека, а свіння вырастае да дарослай асобіны ўсяго за шэсць месяцаў.

Але дацэнт кафедры судовай медыцыны БДМУ, супрацоўнік Рэспубліканскага цэнтра біяэтыкі Ганна КЛІМОВІЧ такую пазіцыю не падзяляе: «Для мяне мае значэнне жыццё любой жывой істоты. І я стаю на пазіцыях біяцэнтрызму. Доўгі час чалавек супрацьпастаўляўся ўсім астатнім істотам на зямлі, і лічылася абсалютна натуральным, што толькі яго інтарэсы і патрэбы важныя, а ўсе астатнія істоты не маюць самастойнай каштоўнасці. Калі мы кажам аб экалагічнай парадыгме, то павінны жыць у міры з усім навакольным светам. А калі навучымся цаніць жыццё іншых істот, магчыма, мы больш даведаемся і пра сябе. Я асабіста да ксенатрансплантацыі не гатовая».

— Мы з вамі разважаем пра гуманнасць са сваёй пазіцыі. А паспрабуйце паставіць сябе на месца пацыента, які ведае, што без донарскага органа яму засталося жыць лічаныя месяцы, — прапанаваў Яўген Котаў. — Сёння распрацаваны алгарытмы падліку прагназаванай працягласці жыцця, якія дазваляюць вельмі дакладна пралічыць, колькі засталося жыць такім пацыентам. І калі кантактуеш з імі, узнікае вострае жаданне дапамагчы ўсімі даступнымі на сённяшні дзень спосабамі. Вядома, пры ксенатрансплантацыі трэба ўзважваць усе «за» і «супраць», але гэта ўсё ж такі важны крок у будучыню да развіцця новых тэхналогій. Трэба шукаць і іншыя спосабы вырашэння праблемы. Пакуль што нажніцы паміж колькасцю донараў і людзей, якія чакаюць трансплантацыю, растуць. Хворыя працягваюць паміраць, знаходзячыся ў лісце чакання. Ёсць віды трансплантацый, якія паляпшаюць якасць жыцця пацыента, напрыклад, трансплантацыя ныркі, таму што можна жыць з прымяненнем нейкіх замяшчальных тэхналогій. Але трансплантацыя сэрца, лёгкага і печані — зусім іншая гісторыя. У Беларусі ліст чакання таксама вялікі, а колькасць донараў абмежаваная.

— Калі мы кажам пра донараў-людзей, то ў нашай краіне дзейнічае прэзумпцыя згоды, і калі ты не хочаш аддаваць свае органы пасля смерці, можаш выказаць сваё жаданне пры жыцці, — кажа Ганна Клімовіч. — Жывёлы такой магчымасці пазбаўленыя. Дык чаму яны павінны служыць падаўжэнню жыцця чалавека? Вось у чым для мяне заключаецца галоўная этычная праблема. Я не разумею, чаму з-за таго, што я захварэла, павінна пацярпець нейкая жывая істота? У рэшце рэшт, усе мы смяротныя.

Між іншым, Яўген Котаў падкінуў удзельнікам біяэтычнай дыскусіі дадатковую інфармацыю для асэнсавання: «Пры шэрагу сардэчных захворванняў пацыентам патрабуецца замена клапанаў сэрца. І ёсць такі від клапанаў як біялагічныя пратэзы, якія робяцца са свіных клапанаў. Таксама можна прыгадаць трансплантацыю хворым на цукровы дыябет першага тыпу свіных клетак падстраўнікавай залозы, якія прадуцыруюць інсулін. Цікава, як вы ставіцеся да такой ксенатрансплантацыі?»

«А ці не замахваецца ксенатрансплантацыя на ідэнтычнасць асобы і ўспрыманне чалавекам уласнага цела? Гэта наогул нявывучаная тэма, немагчыма прадбачыць, што будзе адчуваць чалавек, якому будзе перасаджаны орган істоты іншага біялагічнага віду, — разважае Валерыя Сакольчык. — І ўвогуле, наколькі этычныя ў адносінах да пацыента такія навуковыя эксперыменты, калі прагназуемыя вынікі аперацыі існуюць толькі на паперы і невядома, наколькі можна прадоўжыць жыццё чалавека такім чынам?»

Тут можна згадаць і словы Дэвіда Бенета, якому сказалі, што не могуць даць яму чалавечае сэрца і прапанавалі выкарыстаць у якасці донарскага свіны орган. Той пажартаваў, запытаўшыся ва ўрача: «Доктар, скажыце, а я не буду рохкаць?»

Прынцыпы адбору

Трэба дадаць, што праз некалькі дзён пасля сенсацыйнага паведамлення пра трансплантацыю чалавеку сэрца свінні, грамадскасці сталі вядомыя некаторыя факты з мінулага Дэвіда Бенета, якія той, несумненна, не жадаў бы рабіць прадметам для абмеркавання. Высветлілася, што ўчарашні пацыент быў асуджаны ў 1988 годзе за сем нажавых раненняў, якія нанёс Эдварду Шумейкеру. Той быў паралізаваны і наступныя 19 гадоў правеў у інваліднай калясцы. У 2005 годзе ў яго здарыўся інсульт і праз два гады мужчына памёр, не дажыўшы да 41 года. Затое ў Бенета, які выйшаў з турмы, жыццё наладзілася, а сёння ён увогуле стаў медыйнай «зоркай». У сувязі з гэтым сям'я Эдварда Шумейкера задалася пытаннем, чаму шанц на новае сэрца атрымаў менавіта гэты чалавек? З улікам праблемы дэфіцыту донарскіх органаў не ўсе пагаджаюцца з тым, што асуджаным за гвалтоўныя злачынствы забяспечваецца працэдура выратавання жыцця, у якой маюць вострую патрэбу людзі без крымінальнага мінулага. Але большасць урачоў такую пазіцыю не падзяляе, таму што ключавы прынцып у медыцыне — лячыць усіх, хто хворы, незалежна ад таго, хто яны.

— Я ўпэўненая, што калі чалавек ужо быў пакараны за свой учынак, ярлык злачынцы не можа суправаджаць яго ўсё жыццё, — падкрэслівае кандыдат юрыдычных навук Алена БАСАЛАЙ. — І нават калі ён яшчэ адбывае пакаранне за здзейсненае злачынства, то таксама мае права на атрыманне медыцынскай дапамогі. Адмова ў аказанні медыцынскіх паслуг не можа быць складнікам пакарання.

У медыцынскім цэнтры Універсітэта Мерыленда адмовіліся паведаміць, ці ведалі яны аб крымінальным мінулым Бенета. У пісьмовай заяве афіцыйныя асобы запэўнілі, што шпіталь аказвае «жыццявыратавальную дапамогу кожнаму пацыенту, які ўваходзіць у іх дзверы, зыходзячы з іх медыцынскіх патрэб, а не іх паходжання або жыццёвых абставін». «Гэты пацыент звярнуўся да нас у крайняй патрэбе, — дадалі афіцыйныя асобы, — і рашэнне аб яго праве на трансплантацыю было прынята выключна на падставе медыцынскіх звестак».

— У кожным цэнтры транспланталогіі дзейнічаюць лакальныя біяэтычныя камітэты. Прынцыпы адбору рэцыпіентаў, якія могуць атрымаць донарскі орган, улічваюць многія параметры, а не толькі антрапаметрычныя даныя і імуналагічныя крытэрыі, — падкрэслівае Яўген Котаў. — Усе лісты чакання пастаянна ўдасканальваюцца, і з пункту погляду біяэтыкі ў тым ліку. Прынцып адбору спрабуюць зрабіць максімальна эфектыўным і справядлівым. Што датычыцца містара Бенета, то не сумняваюся, што ён быў цалкам праінфармаваны пра ўсе магчымыя рызыкі, таму што раней такія аперацыі ў свеце не рабіліся. Ці думаў Дэвід Бенет, што прынясе карысць чалавецтву, пагадзіўшыся на гэту найскладанейшую аперацыю, мы не ведаем. Мяркую, што ён дакладна разумеў, што калі не возьме гэту выратавальную саломінку, то больш шанцаў у яго не будзе.

— Мы ўсе разважаем тэарэтычна, з улікам нашага цяперашняга статусу, — дадала Алена Басалай, — а вось калі б аналагічная праблема са здароўем датычылася нас ці нашых блізкіх, то, напэўна, на ксенатрансплантацыю мы паглядзелі б зусім з іншага пункту гледжання...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота usatoday.com

Загаловак у газеце: Сенсацыя з біяэтычнай калізіяй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.