Вы тут

Папяровы і пластыкавы. Біяметрычныя дакументы і электроннае ўзаемадзеянне


Восем відаў дакументаў новага пакалення, якія сведчаць асобу, пачалі выдавацца летась восенню ў Беларусі. З таго часу выдадзена ўжо звыш 45 тысяч ІD-картак і ІD-відаў на жыхарства, а таксама больш як 21 тысяча біяметрычных пашпартоў выключна для выезду за мяжу. З дапамогай ІD-карткі летась беларусы атрымалі больш як 17,5 мільёна электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур. Найбольш запатрабаванымі ў людзей сталі дазволы на наведванне памежнай зоны, удакладненне інфармацыі аб ільготах і пенсійным забеспячэнні, падача дэкларацый.


Кругласутачныя і праактыўныя

Кожны, хто атрымлівае ІD-картку, аўтаматычна набывае і крыптаграфічнае прыкладанне электронны лічбавы подпіс (ЭЛП), прыдатны для выкарыстання дзесяць гадоў. Ён знаходзіцца на гэтым дакуменце і дае чалавеку ўваход у лічбавы свет, заўважыў Раман ГРАДУСАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП):

— Да выдачы ІD-картак ЭЛП быў больш запатрабаваны юрыдычнымі асобамі. Цяпер жа пры атрыманні пасведчання асобы грамадзяне атрымліваюць і электронны лічбавы подпіс. Адзінай крыніцай уваходу для атрымання электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур цяпер з'яўляецца Адзіны партал электронных паслуг Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг. Тут размешчана каля 250 электронных сэрвісаў і адмінпрацэдур. Штодня беларусам аказваецца да 35 тысяч электронных паслуг і 200 адміністрацыйных працэдур. Людзі зразумелі зручнасць узаемадзеяння праз партал, калі для атрымання выпісак, даведак ці дакументаў неабавязкова ісці ў адпаведны орган, а атрымаць усё у анлайн-рэжыме і кругласутачна.

Тым не менш, нягледзячы на зручнасць, пакуль у асобных рэгіёнах новымі дакументамі карыстаецца толькі чвэрць жыхароў. Астатнія атрымліваюць папяровыя пашпарты, падзяліўся Аляксей БЯГУН, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС:

— Пры гэтым амаль 500 беларусаў маюць два біяметрычныя пашпарты для выезду за мяжу. Гэта своеасаблівае ноу-хау, калі чалавек, які мае ІD-картку, можа зрабіць два дакументы для замежных паездак і карыстацца імі адначасова для сведчання сваёй асобы. Гэта новая вяха ў канцэпцыі выдачы дакументаў, якія сведчаць асобу. А таксама сур'ёзная падмога для грамадзян у якасці сродкаў ідэнтыфікацыі ў інтэрнэце.

Спецыялісты працуюць над павелічэнне колькасці паслуг на партале, каб зрабіць атрыманне сэрвісаў для грамадзян зручным, эфектыўным, хуткім і з мінімальнымі камунікацыямі. Яны спадзяюцца, што неўзабаве з'явяцца і праактыўныя паслугі, то-бок, калі за грамадзяніна будзе думаць дзяржава, падкрэсліў дырэктар НЦЭП:

— Паслугі будуць прывязаныя да дакладнай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, пры нараджэнні дзіцяці чалавеку не трэба будзе думаць, калі пайсці ў ЗАГС, каб атрымаць пасведчанне аб нараджэнні, або стаць на чаргу ў дзіцячы садок ці зарэзерваваць месца ў школе. Усё гэта будзе адбывацца ў аўтаматычным рэжыме, і чалавеку проста паведамяць, калі і куды яму падысці, каб атрымаць пэўны сэрвіс.

Права на нераспаўсюджванне і нескажэнне

ІD-картка мае надзейную ахову ад сцірання і механічных пашкоджанняў, а персанальныя даныя (ПД) беларусаў цалкам абаронены, запэўнілі эксперты.

— Кожны грамадзянін павінен быць упэўнены, што інфармацыя, якую ён дазваляе перадаваць у інфармацыйную сістэму і апрацоўваць, заўжды будзе надзейна абароненая, — абазначыў Аляксандр ГОРБАЧ, дырэктар Навукова-даследчага інстытута тэхнічнай абароны інфармацыі. — Сама ІD-картка выканана ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі па абароне даных, якія яна ўтрымлівае. А ўся інфармацыйная сістэма (ад прад'яўлення ІD-карткі да атрымання пэўнай даведкі з інфармацыйных сістэм або ўнясення дадатковых звестак) выканана з патрабаваннямі па абароне інфармацыі. Яна мае атэстат адпаведнасці па бяспецы інфармацыі, якая апрацоўваецца ў гэтай сістэме.

Прыйшоўшы ў абаненцкі пункт (пошту, банк ці іншую ўстанову, дзе грамадзянін мусіць прад'явіць дакумент для атрымання пэўнай паслугі), чалавек павінен быць упэўнены, што звесткі, якія ён прадставіць аб сабе, не будуць несанкцыянавана распаўсюджаны ці скажоны, падкрэсліў спецыяліст:

— Сістэма створана такім чынам, што ўся інфармацыя, якая перадаецца, шыфруецца, а камп'ютар, на якім вы працуеце з дапамогай счытвальніка ІD-карткі, не захоўваецца на ім, а адразу перадаецца ў інфармацыйную сістэму для апрацоўкі. Для гэтага ў Беларусі была створана Адзіная сістэма ідэнтыфікацыі юрыдычных і фізічных асоб (АС ІЮФА), якая дазваляе апрацоўваць даныя ў абароненым рэжыме.

Магчымасць працаваць з ІD-карткамі дагэтуль маюць не ўсе ўстановы, хаця задоўга да з'яўлення новых дакументаў усе дзяржорганы і арганізацыі апавясцілі, што ім неабходна набыць адпаведнае абсталяванне — счытвальнікі і кліенцкі дадатак АС ІЮФА (апошні — бясплатна). Магчымасць наладзіць работу з новымі дакументамі залежыць ад адказнасці людзей, якія працуюць на месцах, пракаментаваў Раман Градусаў:

— «Белпошта», прынамсі, з першага дня пачатку выдачы ІD-картак была гатовая да работы з імі. На асобных прадпрыемствах проста не выканалі патрабаванні па закупцы счытвальнікаў у неабходнай колькасці.

Ён дадаў, што пры стварэнні новых айчынных дакументаў спецыялісты карысталіся вопытам замежных краін, а ІD-картка мае пэўны патэнцыял для развіцця:

— Акрамя ЭЛП, на чыпе, які зашыты ў ІD-картку, ёсць таксама біяметрычны дадатак у адпаведнасці са стандартамі ІКАО, якое ў далейшым (пры заключэнні пэўных міжнародных пагадненняў) дазволіць нашым грамадзянам выкарыстоўваць дакумент у тым ліку і як замежны пашпарт. Праўда, у тых выпадках, калі не патрабуецца адзнака аб візе ці перасячэнні мяжы.

Эксперты ўпэўнены, што паступова дзяржава ідзе да лічбавізацыі, пра што сведчыць статыстыка. Прынамсі, толькі інфармацыйнымі рэсурсамі МУС за студзень сёлета было аказана больш як 115 тысяч паслуг па прадастаўленні персанальных даных з адзінага рэгістра насельніцтва, а таксама прадстаўлена звыш за 60 тысяч даных аб фізічных асобах, у тым ліку аб месцы іх жыхарства. А з 3 студзеня ў прамысловую эксплуатацыю запушчана новая версія адзінага партала электронных паслуг — АПК «Платформа» (platform.gov.by).

Тут ужо рэалізаваны механізм, каб чалавек, які заказвае адмінпрацэдуру, мог падаць заяву і адпаведныя дакументы, аплаціць паслугу і атрымаць вынік. Пры гэтым ён у любы час візуальна на партале можа даведацца, на якім этапе знаходзіцца разгляд яго паслугі.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.