Вы тут

Уцёкі, прыстанак і фантомны боль. Век мастака Міхаіла Савіцкага


Цэнтр Мінска, Верхні горад — шпацыраваць па гэтых вулках можна доўга, асабліва калі ведаць, куды зайсці. Напрыклад, на плошчы Свабоды ёсць прыгожы дом з гісторыяй, тут месціцца галерэя Міхаіла Савіцкага. Гэта адна з тых пляцовак, дзе адметныя, рэзанансныя выставачныя праекты змяняюць адзін аднаго — але яны ў гасцях. А ёсць нязменнае, што заўсёды дома, што замацавана іменем, з якім існуе галерэя. Сам Міхаіл Савіцкі, чалавек простага сялянскага паходжання, прыглядзеў калісьці вось гэты сядзібны будынак XVІІІ стагоддзя, утульны і прасторны: тут цяпер жыве памяць пра яго.


У форме радавога СССР; 1946 г.

Усё пачалося з падарунка. У 2010 годзе Міхаіл Андрэевіч ахвяраваў гораду Мінску 10 жывапісных работ. А ўжо ў 2012 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкай галерэі імя Савіцкага. Цяпер яна з'яўляецца структурным падраздзяленнем Музея гісторыі горада Мінска.

Гэты чалавек і сам быў гісторыяй: ганаровы грамадзянін Мінска, народны мастак СССР, народны мастак БССР, Герой Беларусі, кавалер ордэнаў Францыска Скарыны і Андрэя Першазванага... Музей меў на мэце не толькі папулярызаваць яго спадчыну, але і памнажаць калекцыю: сюды паступалі (і працягваюць паступаць) прадметы, якія складаюць аснову мемарыяльнай калекцыі. Яна разнастайная, прадстаўлена не толькі жывапіснымі творамі, малюнкамі, эскізамі, накідамі, але і асабістымі рэчамі мастака, у тым ліку пэндзлямі, палітрай, фарбамі, — чым ён карыстаўся ў рабоце. Гэта тое, што не ўбачыш больш нідзе. А напярэдадні 100-гадовага юбілею мемарыяльную калекцыю галерэі папоўнілі новыя набыткі.

На працягу пяці гадоў пасля смерці мастака яго рэчы працягвалі перадаваць у музей. Прамым нашчадкам быў сын Андрэй, ён перадаў асабістыя дакументы і фотаздымкі, у тым ліку ваенных гадоў.

У 2015 годзе сям'я перадала на часовае захоўванне з правам экспанавання 72 жывапісныя творы і частку дзяржаўных узнагарод. Паступова сталі перадаваць архіў, бібліятэку, што знаходзілася ў асабняку Савіцкага на Беламорскай. Уражвае вялікая калекцыя кніг і альбомаў, якія ён збіраў на працягу жыцця: 3369 адзінак захоўвання. Вялікая колькасць кніг па мастацтве, часопісы на замежных мовах, запрашальнікі. Персанальныя каталогі — ён цікавіўся іншымі мастакамі. Адсочваў творчасць сваіх вучняў — захоўваў выразкі з газет, рабіў паметкі. Цяпер дзякуючы газетным публікацыям можна больш даведацца пра яго самога — з інтэрв'ю, якія даваў не толькі творца, але і жывы сведка трагічных падзей, удзельнік вайны і вязень канцлагераў. Неяк у адным інтэрв'ю прызнаўся: «...Я даў сабе слова: калі стану мастаком, распавяду пра гэтых мужных людзей...»

У майстэрні. Мінск, 2000-я гг.

У архіве шмат лістоў і тэлеграм. Міхаілу Савіцкаму пісалі людзі, якія шукалі сваіх сыноў ці сваякоў: ці не сустракаў дзе-небудзь?.. Ліставаўся з Рыгорам Іванавічам Карнілавым, з якім рашыўся бегчы з лагера ў Дзюсельдорфе. Такіх спроб было некалькі, адночы іх было трое: «мама», «баця» і «сынок». Рыгор Іванавіч піша ў лісце: «З прыветам, твой «баця». Міхаіл Андрэевіч на ўсе лісты адказваў, чым мог, дапамагаў...

— Для нас вельмі важна, што не спыняюцца кантакты са сваякамі, якія ўступілі ў правы спадчыны пасля смерці Андрэя, сына Міхаіла Савіцкага. Гэта дзве жанчыны: пляменніца Маргарыты Захараўны, жонкі мастака, і Людміла Аляксееўна, стрыечная сястра Андрэя Савіцкага, яна ўжо ва ўзросце, жыве ў Хабараўску, — адзначае Вольга Багамолава, загадчыца аддзела навукова-фондавай работы «Музея гісторыі горада Мінска».

Знакі Міжнароднай прэміі Фонда Андрэя Першазваннага.

На сённяшні дзень мемарыяльная калекцыя налічвае 1214 адзінак захоўвання. Гэта салідны, якасны фонд. Усё вывучаецца і праходзіць атрыбуцыю. Напрыклад, на некаторых фотаздымках ёсць асобы, імёны якіх невядомыя. Але калі побач з імі выяўлены Міхаіл Андрэевіч, то трэба высвятляць, хто гэтыя людзі, каб лепш разумець яго.

— Аднойчы пляменніца Маргарыты Захараўны прынесла шмат матэрыялаў. Быў позні вечар, усе сышлі, а я пачала разбіраць стос — музейшчыкі ж прагавітыя, за ўсё хапаюцца. Напрыклад, там быў эскізны накід адной работы. А калі я ўзяла ў рукі фотаздымак, зроблены падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, то постаць адной жанчыны мне падалася вельмі знаёмай — ці не Раіса Максімаўна Гарбачова? Тут мы ставім пакуль шматкроп'е — пастараемся здзіўляць далей...

Фота — асобная катэгорыя памятных рэчаў. Ёсць фота Савіцкага, якія былі растыражаваныя. Але ёсць здымкі, вядомыя хіба што сваякам ды супрацоўнікам музея, фотаздымкі ваенных гадоў, дзе ён зусім малады. На некаторых з адваротнага боку яго подпіс. Цяжка пазнаць юнака, які пайшоў на фронт у 20 гадоў. Здымак з подпісам: «Дарагім бацькам» — гэта ўжо 1946 год, калі ён толькі вярнуўся пасля канцлагера. Можна параўнаць з фотаздымкамі мастака ў сталым узросце — ён любіў прыроду, з задавальненнем фатаграфаваўся ў розныя поры года. Але шмат курыў — нездарма такіх фота мноства, яны пазнавальныя. Чорна-белыя фотаздымкі на сённяшні дзень унікальныя. Таму што шмат каляровых — з музея Вялікай Айчыннай вайны, з Траццякоўскай галерэі. Магчыма, былі паездкі ў Германію, Францыю: сведчанні супярэчлівыя. Калі прадстаўлялі серыю «Лічбы на сэрцы», ён шмат размаўляў з наведвальнікамі, наогул быў вельмі актыўным чалавекам, са сваёй пазіцыяй і асабістымі поглядамі на жыццё.

Гэта было адзначана на дзяржаўным узроўні. Усе урадавыя ўзнагароды мастака знаходзяцца ў Музеі Мінска. А сёлета былі падпісаныя дамоўленасці з нашчадкамі аб перадачы галерэі Савіцкага камплекта ўзнагарод «Ордэн Святога Усехвальнага апостала Андрэя Першазваннага», якім мастака адзначылі ў 2010 годзе. У юбілейнай экспазіцыі прадстаўленыя гэтыя ўзнагароды, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі. Міхаіл Андрэевіч адзіны ўраджэнец Беларусі, які быў удастоены гэтай узнагароды — шыкоўны набытак музея! Таксама можна ўбачыць медаль «Народны мастак СССР». І кішэнны гадзіннік (падарунак КДБ Беларусі). Гэтыя знакі сведчаць пра тое, чым жыў чалавек, асабісты век якога быў знітаваны з векам краіны, якая перамагла фашызм, і далейшы шлях разглядала як барацьбу за лепшую будучыню. Рэчаіснасць выхоўвала рэалістаў — Савіцкі ўвабраў усю сутнасць эпохі, адлюстраваўшы яе ў сваіх творах. У Музеі гісторыі горда Мінска цяпер захоўваюцца 100 работ Міхаіла Савіцкага.

Расповед пра мастака цяпер ідзе ў некалькіх музеях адначасова, дзе ў калекцыях знаходзяцца яго творы. Да юбілею беларускія музеі аб'ядналі намаганні. Некаторыя творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея прыехалі ў галерэю Савіцкага і наадварот. У Полацк са сталічнай галерэі паехала работа «Пахаванне Еўфрасінні Полацкай». У той жа час Брэсцкі абласны краязнаўчы музей прадаставіў галерэі работу «Ураджай»: на ёй тыпажы, знаёмыя мастаку з дзяцінства, калі ён рос у вёсцы Звянячы Талачынскага раёна. Спакойныя працавітыя людзі, шырокае поле, светлыя колеры — свет дыхае жыццём...

— У нас можна ўбачыць не такія маштабныя творы, якія звычайна асацыіруюцца з яго іменем, — гаворыць Галіна Ладзісава, дырэктар Музея гісторыі горада Мінска, падраздзяленнем якога з'яўляецца галерэя М. Савіцкага. — Ёсць малюнкі, калі ён вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, вучэбныя работы з Маскоўскага мастацкага інстытута імя Сурыкава, эцюды, зробленыя ў розных кутках Беларусі падчас канікулаў — ён прыязджаў дадому, падарожнічаў па розных кутках Беларусі і шмат маляваў для душы. У гэтыя дні мы ў мемарыяльнай экспазіцыі стараліся прадставіць малавядомыя старонкі жыцця і творчасці мастака.

Ларыса ЦІМОШЫК


Да юбілея мастака ўстановы культуры падрыхтавалі адмысловыя выставы

  • Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Выставачны праект «Міхаіл Савіцкі. Да 100-годдзя з дня нараджэння»

Рэтраспектыўная выстаўка з акцэнтам на асобныя творы, якія раскрываюць асноўныя этапы і тэмы творчасці аўтара: ад работ 1950-х гадоў, напісаных выпускніком «Сурыкаўкі», твораў ваеннай тэматыкі, якая стала для яго галоўнай, да работ, якія засталіся няскончаныя. Тут і ўспаміны пра будні і радасці даваеннага вясковага жыцця. «Партызанская мадонна Мінская» з пастаяннай экспазіцыі музея, атрыманая адмыслова для выстаўкі работа «Галгофа» з цыкла «Лічбы на сэрцы», праз які аўтар хацеў паказаць сусветную катастрофу і моц чалавечага духу. Тут і боль за радзіму, якая пацярпела ад Чарнобыля…

  • Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Часовая экспазіцыя «Лічбы на сэрцы».

Выстаўка складзена з жывапісных палотнаў цыкла «Лічбы на сэрцы», над якім М. Савіцкі працаваў у 70-х гадах мінулага стагоддзя. Але для музея Савіцкі не толькі мастак, патрыёт, але яшчэ і сведка, удзельнік вайны, які быў вязнем Бухенвальда пад нумарам 32815, вызваленне яго заспела ў лагеры Дахау. Разам з творамі ідзе расповед пра гісторыю стварэння цыкла, пра шлях мастака і жахі, якія ён перажыў. Наведвальнікі змогуць убачыць гістарычныя кадры, як прынялі цыкл першыя гледачы на выстаўках у Мінску і Маскве.

  • Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Выстаўка «Міхаіл Савіцкі. Спадчына»

Абноўленая мемарыяльная экспазіцыя мастака. Асаблівы акцэнт зроблены на яго педагагічнай дзейнасці, якой М. Савіцкі прысвяціў больш за 30 гадоў. Дзякуючы яго аўтарытэту ў 1981 годзе ў Беларусі былі заснаваныя Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры. Пра той перыяд нагадаюць работы вядомых беларускіх творцаў, сярод якіх Віктар Альшэўскі, Ігар Бархаткоў, Аляксандр Грышкевіч, Аляксандр Суша, Аляксандр Ксяндзоў, Уладзімір Ганчарук, Фелікс і Валяр'ян Янушкевічы, Сяргей Гумілеўскі, Юрый Крупянкоў, Дзмітрый і Сяргей Аганавы ды іншыя.

«Ураджай», 1966 г.

  • Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Выстаўка «Майстэрні часу: Міхаіл Савіцкі і яго вучні»

Раней тут, на вуліцы Някрасава, месціліся Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры. Ініцыятарам іх стварэння быў Міхаіл Андрэевіч Савіцкі, які прысвяціў важную частку свайго жыцця педагагічнай дзейнасці. За час існавання майстэрняў навучанне ў іх прайшло больш за 70 маладых мастакоў. Творы 9 вучняў Савіцкага дэманструюцца на выстаўцы: Аляксандра Сушы, Рамана Заслонава, Аляксандра Ксяндзова, Віктара Альшэўскага, Ігара Бархаткова, Сяргея Шэмета, Уладзіміра Кожуха, Уладзіміра Ганчарука, Аляксандра Фралянкова. Таксама прадстаўлена карціна Міхаіла Савіцкага «Зніклыя без вестак» (1990).

  • Саюз мастакоў Беларусі задумаў шэраг праектаў, прысвечаных М. Савіцкаму, у тым ліку паездкі яго вучняў па мастацкіх школах.
  • Праект «Мастак і горад» сёлета будзе прысвечаны Міхаілу Савіцкаму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.