Вы тут

Людміла Елісеева: Актыўнасць высокая


Раён, дзе знаходзіцца ўчастак для галасавання № 5 горада Магілёва, — заводскі, тут жыве шмат супрацоўнікаў Магілёўскага металургічнага завода. У першы дзень датэрміновага галасавання тут выканалі свой грамадзянскі абавязак каля 70 чалавек.


— Для нашага ўчастка, дзе зарэгістравана 2464 чалавекі, гэта добры паказчык, — кажа старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Людміла Елісеева. — Актыўнасць высокая, і мы задаволены. Шмат хто зайшоў да нас пасля работы. Цяпер эпідабстаноўка неспрыяльная, людзі гэта разумеюць і прыходзяць загадзя, бо непасрэдна ў дзень рэферэндуму можа быць і стоўпатварэнне. Да таго ж, магчыма, у кагосьці іншыя планы на гэтыя выхадныя.

Суразмоўца мае вялікі вопыт работы ў падобных палітычных кампаніях. Дарэчы, старшынствавала падчас рэферэндуму па Канстытуцыі 1994 года. Прызнаецца, што тады быў не менш адказны перыяд у лёсе краіны, і людзі таксама праяўлялі актыўнасць.

Сакратар камісіі Алеся Чумісава таксама з вопытам, кажа, што ў выбарчых кампаніях удзельнічае каля 20 гадоў. Абедзве супрацоўніцы завода. Людміла Елісеева працуе начальнікам адмістрацыйна-гаспадарчага бюро, Алеся — вядучым эканамістам па збыце.

— Мы і ў палітычных кампаніях разам не першы год, — усміхаецца старшыня камісіі. —Добра ведаем гэты працэс, дакументацыю. Наогул, усе 12 чалавек з нашай каманды — людзі вопытныя, шмат гадоў працуем у адной звязцы.

Першы дзень датэрміновага галасавання прайшоў спакойна. Калі не лічыць таго, што двойчы патэлефанаваў нейкі мужчына і спытаўся: «Гэта выбарчы ўчастак? Вы мне тэлефанавалі?». Алеся дыпламатычна адказала, што ніхто з камісіі яго не турбаваў.

— Пасля 2020 года мы гатовы да ўсяго, — каментуе званок Алеся. — Людзі бываюць розныя.

— Нас перад пачаткам кампаніі збіраў губернатар Анатоль Ісачанка, — адзначыла Людміла Елісеева. — Натхніў, каб нічога не баяліся, што мы цалкам абароненыя. Усё пад кантролем, міліцыя напагатове. Паабяцалі, што ўсё будзе спакойна.

Асаблівасць сёлетняй кампаніі — біяметрычныя пашпарты. У мінулую кампанію іх не было.

— Калі прыйдзе чалавек з такім пашпартам з нашага ўчастка, мы яго паглядзім і прапануем прагаласаваць, — кажа Алеся. — А калі яго не будзе ў спісах, але ён скажа, што зарэгістраваны ў нас, звяжамся з міграцыйнай службай, удакладнім.

— А калі прыйдзе, скажам, студэнт, які ўмоўна вучыцца ў Магілёве, а жыве ў Бабруйску? — пытаюся я.

— У нас, дарэчы, у першы дзень такі выпадак быў, — канстатуе Людміла Аркадзеўна. — Хлопец вучыцца ў МДУ імя Куляшова, жыве ў сваякоў. Мы паглядзелі па пашпарце, дзе прапісаны, звязаліся з камісіяй, дзе ён павінен быў галасаваць, узялі адмацаванне, і малады чалавек прагаласаваў у нас.

У памяшканні, дзе праводзіцца галасаванне, абсталяваны дзве кабіны, плюс больш прасторная для калясачнікаў. Шторак няма, члены камісіі кажуць, што гэта звязана з пандэміяй. Людзі, маўляў, розныя, стан здароўя — таксама, а ўсе бяруцца рукамі за шторку. У наяўнасці празрыстыя урны, ручкі, дэзсродкі, маскі. Урна, якая стаіць пасярод залы, як і трэба, апячатаная. Там пазначаны прозвішчы членаў камісіі. На ноч яе пераносяць у суседні пакой, які знаходзіцца пад аховай.

Усё гатова і для работы з выбаршчыкамі дома. Гэта ў асноўным інваліды, людзі сталага ўзросту і ўсе тыя, у каго ўзніклі непрадугледжаныя абставіны і яны не могуць пакінуць памяшканне. Выключэнне — хворыя на ковід. Да іх будуць выязджаць спецыяльна падрыхтаваныя медыкі. Канкрэтна вядома, што дома будзе галасаваць 80 чалавек, але лічба можа і памяняцца.

— Нам ужо ў першы дзень тэлефанавалі тыя, хто не зможа прыйсці самастойна, прасілі пра іх не забыцца, — удакладняе Людміла Аркадзеўна.

Для выезду на дом на ўчастку падрыхтаваны тры брыгады. Скрыні, з якімі яны завітаюць да выбаршчыка, празрыстыя. Пакуль яны стаяць убаку, чакаючы свайго часу. У кабінеце старшыні ляжаць аднаразовыя халаты, шчыткі, пальчаткі, дэзсродкі для тых, хто паедзе абслугоўваць выбаршчыкаў. У нядзелю выбарчы ўчастак працуе з васьмі раніцы да васьмі вечара. До 18.00 будуць прымацца заяўкі ад тых, хто пажадае прагаласаваць дома.

Для тых, хто будзе ўдзельнічаць у важнай палітычнай кампаніі ўпершыню, а гэта моладзь 2003—2004 гадоў нараджэння, БРСМ падрыхтаваў паштоўкі. Хай застаецца памяць аб першай у жыцці важнай палітычнай падзеі. Усё ж такі не кожны дзень выпадае гонар выказвацца за будучыню сваёй краіны.

За легітымнасцю працэсу на ўчастку сочаць 12 назіральнікаў — прадстаўнікі ад працоўных калектываў, ветэранаў, БРСМ. Наталля Іскрова ўпершыню выступае ў якасці назіральніка ад маладзёжнай суполкі. Прызнаецца, што ў мінулую выбарчую кампанію ўдзельнічала ў экзітполе.

— І якія вашы прамыя абавязкі гэтым разам? — пытаюся ў маладой дзяўчыны.

— Назіраць за камісіяй, каб быць перакананай, што яна выконвае ўсе свае функцыі, — кажа яна. — Напрыклад, убачу, што даюць бюлетэнь без пашпарта, зраблю заўвагу. Хачу, каб усё ў нас прайшло законна.

Наталля расказала, што заўсёды ўдзельнічае ў патрыятычных акцыях, летась разам з сябрамі рабіла відэаролік да 9 мая пра герояў вайны.

— Мой дзядуля Леанід Іскроў — дзіця вайны, — кажа яна. — Ён шмат пра вайну ведае, некалькі кніг напісаў на гэтую тэму, нядаўна выпусціў яшчэ адну. Для яго вельмі важна расказаць нашчадкам праўду.

— Гэты рэферэндум вельмі важны, — лічыць яшчэ адзін назіральнік, прадстаўнік ветэранскай арганізацыі завода Мікалай Казачэнка. — Канстытуцыя — менавіта той Закон, па якім будуць жыць нашы дзеці, унукі, праўнукі. А мы жадаем, каб яны былі шчаслівыя.

Дарэчы, не абыдзецца і без буфета. Ён размешчаны ў суседнім будынку побач з заводскай сталовай. Гандлёвы пункт працуе пастаянна, але, як там паабяцалі, у сувязі са святам падвязуць пабольш кулінарных прысмакаў. Так што шашлыкі і музыка будуць забяспечаны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.